22:00 04.05.2010 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

СЦЭНАРЫІ ПРЭЗЫДЭНЦКІХ ВЫБАРАЎ

У Беларусі дэ-факта пачалася прэзыдэнцкая выбарчая кампанія. На якую дату могуць быць прызначаныя выбары? У чым спэцыфіка цяперашняй выбарчай кампаніі? Ці зможа хтосьці рэальна кінуць выклік Аляксандру Лукашэнку?

Удзельнікі праграмы «Экспэртыза Свабоды»: кіраўнік аналітычных праектаў кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі і галоўны рэдактар інтэрнэт-газэты «Мы» Кірыла Пазьняк.

                     На якую дату могуць быць прызначаны выбары?

Валер Карбалевіч: «Дасюль старшыня Цэнтравыбаркаму ўвесь час казала, што прэзыдэнцкія выбары адбудуцца ў студзені-лютым 2011 году. Але вось нядаўна яна сказала, што, магчыма, яны пройдуць да Новага году. Чым кіруюцца ўлады, вызначаючы дату выбараў? Станам эканомікі, якая павінна забясьпечыць сярэдні заробак у 500 даляраў, ці чым іншым? У 2006 годзе ўлады прызначылі выбары на чатыры месяцы раней, каб ня даць магчымасьці набраць палітычную вагу апазыцыйным прэтэндэнтам, найперш — адзінаму кандыдату ад дэмакратычных сілаў. Цяпер у апазыцыі раскол, таму, здаецца, з гэтага боку можна не асьцерагацца непрыемнасьцяў?»

Аляксандар Класкоўскі: «Сапраўды, экспэрты пачынаюць абмяркоўваць перанос выбараў на больш раньнія тэрміны. І гэты сцэнар цалкам імаверны. Думаю, наверсе яшчэ ня вырашылі і ўзважваюць усе плюсы і мінусы кожнага варыянту. Аднак ёсьць шэраг сымптомаў, якія дазваляюць казаць пра тое, што выбары адбудуцца яшчэ сёлета. Пра гэта заявілі старшыня ЦВК Ярмошына і сакратар ЦВК Лазавік.
На карысьць больш раньняга правядзеньня выбараў існуюць наступныя чыньнікі. Найперш, як бы ні была слабая апазыцыя, лепей падстрахавацца і дадаткова зблытаць ім карты, тым болей — каб не раскруціліся імаверныя супернікі Лукашэнкі.
Далей, калі праводзіць выбары ў кастрычніку-лістападзе, то можна неяк выкруціцца з праблематычнымі абяцаньнямі сярэдняга заробку ў 500 даляраў. Можна сказаць, што наперадзе яшчэ два месяцы, таму, калі пашанцуе, пад канец году мы выйдзем на гэтую лічбу.

                     Верагодны ціск з Усходу

Класкоўскі: «Але самы галоўны чыньнік — міжнародны. Тут усё болей гусьцеюць хмары. З аднаго боку, з Захадам робяцца стасункі халаднейшымі. І, што найбольш непрыемна, Расея бярэ ўсё больш жорсткі курс у дачыненьні да Беларусі. Посьпехі на ўкраінскім кірунку дадаюць Маскве імпэту. Уявіце сытуацыю, — а такі намёк з вуснаў Мядзьведзева прагучаў, — Расея ўвядзе цану на газ з 2011 году 300 даляраў за 1 тысячу кубамэтраў. І настрой электарату адразу зьменіцца. Таму лепей правесьці выбары да 1 студзеня».

Кірыла Пазьняк: «На прызначэньне выбараў у канцы гэтага году могуць паўплываць два асноўныя чыньнікі. Па-першае, падвышэньне коштаў на камунальныя плацяжы. Але ня думаю, што энэргарэсурсы падаражэюць катастрафічна.
Другі чыньнік псыхалягічны. Лукашэнку можа карцець правесьці выбары, каб як мага хутчэй пайшоў ягоны новы тэрмін. Але зь іншага боку, калі цяпер наганяюцца жарсьці, што Масква можа тут зладзіць кіргіскі варыянт, то Лукашэнка, можа, наадварот — ня будзе прысьпешваць выбары, каб паказаць, што ён не баіцца.
А ўвогуле, падаецца, гэтыя заявы пра раньнія выбары зьявіліся дзеля таго, каб празандаваць глебу, паглядзець на рэакцыю і апазыцыі, і замежных суб’ектаў, найперш з усходу».

Карбалевіч: «У 2006 годзе выбары былі праведзены на чатыры месяцы раней. Цяпер яны наблізяцца яшчэ на 3-4 месяцы. У суме, атрымоўваецца, Лукашэнка ўкраў ад свайго прэзыдэнцкага тэрміну паўгода. Неяк не падобна гэта да Аляксандра Рыгоравіча. Ён увесь час імкнецца прыбавіць, а ня ўбавіць».

                           У чым спэцыфіка цяперашняй выбарчай кампаніі?

Карбалевіч: «Чым цяперашнія выбары адрозьніваюцца ад папярэдніх? У чым іх спэцыфіка? Ці зьмяніліся ўнутраныя і вонкавыя ўмовы?»

Класкоўскі: «Днямі на Петрыкаўшчыне Лукашэнка адкінуў сваю звычайную браваду і прызнаўся, што гэтыя выбары будуць вельмі цяжкімі. Для ўлады зьбегся цэлы комплекс неспрыяльных чыньнікаў. Па-першае, эканамічны крызіс, зь якога краіна так і ня выкараскалася. А трэба ж нешта падкінуць электарату. Калі зьвярнуцца да МВФ па крэдыт, то фонд запатрабуе не павышаць заробкі.
Неспрыяльны фон зьвязаны з ахаладжэньнем стасункаў з ЭЗ. І, канечне, кепскія дачыненьні з Расеяй. Але ці гатовая Масква моцна гуляць на беларускім полі? У любым выпадку, гэты чыньнік напружвае Лукашэнку.
Апазыцыя знаходзіцца ў разабраным стане, не відаць пэрспэктываў выхаду на адзінага кандыдата і адзіную стратэгію. У выніку апазыцыйны электарат будзе расьцярушаны».

Пазьняк: «Ілюзіяў наконт адзінага кандыдата цяпер няма. Зьяўляецца, як ніколі раней, расейскі чыньнік. Расея цяпер знаходзіцца на такой рэваншысцкай, імпэрскай хвалі пасьля посьпеху ў Кіргізстане, Украіне.
Але ўплыў Масквы ня варта перабольшваць. Прысутнасьць расейскіх мэдыяў у Беларусі мінімізаваная. Калі Расея ўвядзе эканамічную блякаду, то Захад дапаможа крэдытамі. А антырасейская рыторыка, намёкі на беларусізацыю могуць быць інструмэнтамі ціску на Расею. А калі гэтая тэндэнцыя працягнецца, то гэтая выбарчая кампанія ўмацуе ў Беларусі незалежніцкія настроі, што няблага».

                            Ці зьявіцца супернік у Аляксандра Лукашэнкі?

Карбалевіч: «Калі глядзець па тым, што адбываецца цяпер, то здаецца, што выбары пойдуць паводле звыклага сцэнарыю. Пераможцу ўсе ведаюць загадзя, астатнія ўдзельнікі імкнуцца не дагнаць, а сагрэцца. А ці можа гэты сцэнар нечакана паламацца? Ці зможа хтосьці рэальна кінуць выклік Аляксандру Лукашэнку альбо з апазыцыі, альбо з намэнклятуры? Можа, зьявіцца новы Казулін?»

Класкоўскі: «На сёньня такой фігуры ня бачна. З тых, хто заявіў пра свае намеры, найбольшы рэйтынг у Мілінкевіча — каля 5%. Але галоўная праблема, што ў краіне няма выбараў як такіх.
Мілінкевіча раскрытыкавалі, што ён сваю праграму прэзэнтаваў занадта акадэмічна. Такі акадэмічны прэтэндэнт добра глядзеўся б у Літве, Польшчы. А ў Беларусі сёньня патрэбны нестандартны, асымэтрычны, яркі, сьвежы, выразны, крэатыўны кандыдат. Што тычыцца намэнклятуры, то яна запалоханая. І там няма людзей, якія б маглі вылучыцца і нестандартна пабудаваць гэтую кампанію.
Што тычыцца Расеі, то ў яе няма моцнага кандыдата, каб перавярнуць сытуацыю. Калі яны паспрабуюць некага ўкінуць, то ўлада яго сатрэ ў парашок, будзе „мачыць“ больш бязьлітасна, чым празаходняга кандыдата.
Зь іншага боку, мяркую, у маскоўскіх стратэгаў ёсьць і такая думка: ня варта будзіць ліха. Таму што яны ня могуць цалкам кіраваць працэсам. Калі Расея выпусьціць джына з пляшкі, то можа выскачыць такі, што яна будзе ўспамінаць Лукашэнку з настальгіяй. Але ўсё больш сымптомаў, што Масква нейкага валета ў рукаве яўна трымае. І можа кінуць нейкую фігуру нават на зьяданьне, каб правесьці экспэрымэнт і праверыць, наколькі Расея можа паставіць на вушы дзейную ўладу».

                                 Ці зьявіцца новы Казулін?

Карбалевіч: «Вось якраз на мінулых прэзыдэнцкіх выбарах зьявіўся нестандартны, асымэтрычны, яркі, сьвежы, выразны, крэатыўны Казулін. І атрымаў толькі 5% — гэта разы ў чатыры менш, чым акадэмічны Мілінкевіч».

Класкоўскі: «Гэта адбылося таму, што, па-першае расьцярушаны быў апазыцыйны электарат. Па-другое, кампанія была спрынтэрскай, Казулін не пасьпеў раскруціцца».

Пазьняк: «Малаверагодна зьяўленьне сур’ёзнага канкурэнта Лукашэнку. Калі казаць пра апазыцыю, то можна разважаць, хто самы моцны са слабых.
Вось вы пыталіся: ці можа зьявіцца новы Казулін. А мне здаецца, што можа зьявіцца стары Казулін, калі зь яго здымуць судзімасьць і ён зможа балятавацца кандыдатам у прэзыдэнты. Вось кажуць, што за кампаніяй „Гавары праўду“ стаіць якраз ён. Казулін можа і зь нязьнятай судзімасьцю стаць гульцом на гэтых выбарах, скажам, пайсьці ў тандэме з кімсьці як патэнцыйны прэм’ер.
Натуральна, самыя моцныя стартавыя пазыцыі ў Мілінкевіча. У яго неблагое пасланьне: Беларусь у ЭЗ, але ня ў НАТО. Але ў яго вобраз дэжа-вю. Вось ён кажа, што калі ўлада ня будзе лічыць галасы, то будзе вулічны пратэст. Але гэта дысануе з усёй ягонай лагоднай рыторыкай.
Калі казаць пра намэнклятурнага кандыдата, за якім можа стаяць Расея, то тут трэба глядзець, хто апошнім часам пайшоў у адстаўку з харызматычных асобаў. Адразу ўзгадваецца былы міністар унутраных спраў Навумаў. І тут узьнікае пытаньне, у каго большы кампрамат: у Навумава на Лукашэнку ці ў Лукашэнкі на Навумава?»

Валер Карбалевіч

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме