19:02 19.11.2009 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

САНКЦЫІ ГЛЫБОКАЙ ЗАМАРОЗКІ. ВЭРСІЯ ЗША

Міністэрства фінансаў ЗША чарговы раз падоўжыла дзеяньне пастановы аб зьмякчэньні санкцыяў да двух прадпрыемстваў канцэрну “Белнафтахім” – ААТ "Лакафарба" і "Полацк-Шкловалакно".

Як паведамляе афіцыйны сайт Мінфіну, рашэньне падоўжанае да 31 траўня 2010 году. У гэты пэрыяд амэрыканскім грамадзянам дазволена супрацоўніцтва з гэтымі беларускімі мпрадпрыемствамі.

Разам з тым уласнасьць “Лакафарбы" і "Полацк-Шкловалакна" застаецца заблякаваная ў адпаведнасьці з урадавым распараджэньнем. Грамадзянам ЗША забаронена праз або пры пасярэдніцтве гэтых прадпрыемстваў купляць прадукцыю, паслугі і тэхналёгіі ў іншых суб'ектаў гаспадараньня, унесеных у сьпіс (маецца на ўвазе сьпіс прадпрыемстваў “Белнафтахіму”, у дачыненьні да якіх цяпер дзейнічаюць санкцыі).

Нагадаем, што ў лістападзе 2007 году ЗША ўвялі эканамічныя санкцыі ў дачыненьні да канцэрну “Белнафтахім” у сувязі з парушэньнем правоў чалавека ў Беларусі.

У сакавіку 2008 году, пасьля таго, як улады Беларусі адмовіліся вызваліць былога кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Казуліна (на той момант – апошняга з шасьці прызнаных міжнароднай супольнасьцю палітзьняволеных), ЗША ўвялі санкцыі ў дачыненьні да ўсіх прадпрыемстваў, якія ўваходзяць у склад “Белнафтахіму”.

5 верасьня 2008 Мінфін ЗША на паўгода зьмякчыў эканамічныя санкцыі ў дачыненьні да двух ААТ - “Лакафарба" і "Полацк-Шкловалакно". У лютым 2009 году дзеяньне гэтага рашэньня было падоўжанае да 1 чэрвеня, пасьля – да 30 лістапада 2009 году.
аўтар  БелаПАН

             КАМЭНТАРЫ ПАЛІТЫКАЎ І ПРАДСТАЎНІКОЎ ПРАДПРЫЕМСТВАЎ

         “ПОЛАЦК-ШКЛОВАЛАКНО”: АБ’ЁМ ПРОДАЖАЎ У ЗША СКЛАДАЕ КАЛЯ 5%.

Паводле начальніка ўпраўленьня маркетынгу “Полацк-Шкловалакна” Аляксандра Краско, гэтага рашэньня ЗША на прадпрыемстве чакалі.

“Гэта вельмі важнае рашэньне. Бо аб’ём продажаў на рынак ЗША ў нас складае каля 5%. Гэта вялікі аб’ём. Вось на паўгода працягнулі — і лічыце, што гэта 2,5% ад гадавога аб’ёму нашых продажаў у ЗША.

Таму заплянаваныя адгрузкі чарговых кантэйнэраў пачынаем выконваць. Вось ужо каля трох кантэйнэраў адгружана на адрас нашых пакупнікоў і на склад у ЗША. Таму праца вядзецца.

Я спадзяюся, што гэтыя санкцыі ў далейшым будуць зусім адмененыя. Мы ўжо загружаем вытворчасьць на сьнежань, будзем плянаваць студзень пад патрэбы рынку ЗША. Таму гэта ня толькі скарачэньне астатку на складах, але і разьвіцьцё вытворчасьці.

Аб’ём прадукцыі, якую мы вырабляем і плянуем для адгрузкі на ЗША, на іншых рынках у поўным аб’ёме мы разьмясьціць ня можам. Бо гэта спэцыфічная прадукцыя, якая прызначана на гэты момант толькі для гэтага рынку. Таму для нас гэта важнае рашэньне, і мы з энтузіязмам да гэтага ставімся.

Мы гэтага чакалі, да гэтага ўсё і ішло, каб эканоміку з палітыкай не мяшаць”.

                 ЗАІКА: ЗША ВЫКАНАЛІ ЎСЕ СВАЕ НАМЕРЫ

Кіраўнік цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка камэнтуючы гэтае рашэньне адзначыў, што яно адпавядае агульнаму пацяпленьню стасункаў Беларусі з Захадам. Аднак параўнальна з Эўропай, ЗША, мяркуючы па эканамічных сувязях, ставіліся больш жорстка да сытуацыі ў Беларусі.

“ЗША практычна адмовіліся ад пакупкі беларускіх нафтапрадуктаў. Былі вельмі невялікія закупы калійных угнаеньняў. Параўнальна зь іншымі краінамі, дагэтуль Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША настолькі выразна інструктаваў і паставіў справу сярод бізнэсоўцаў, што выканаў усе свае намеры. Я параўноўваю з тымі мерамі, якія маглі прымаць эўрапейцы. Яны не прымалі эканамічна жорсткіх мераў, не абмежавалі гандаль зь Беларусьсю. А ЗША гэта рабілі яўна, выразна, і зусім зразумела”.

        ВЯЧОРКА: ГЭТА НЕ АЗНАЧАЕ ЗЬМЕНЫ ПАЛІТЫКІ ЗША АДНОСНА БЕЛАРУСІ

Паводле сябра Партыі БНФ Вінцука Вячоркі, тое, што гэта зроблена ўсьлед за рашэньнем ЭЗ адносна візавых санкцый, не азначае зьменаў палітыкі ЗША адносна Беларусі.

“Санкцыі былі зьмякчаныя ў сувязі з канкрэтнай сытуацыяй, выкананьнем канкрэтнага патрабаваньня вызваленьня Казуліна, Кіма, Парсюкевіча. І таксама пазьнейшага патрабаваньня вызваліць адваката Зэльцэра. Разам з тым усе тыя пункты, як палітычныя так і практычныя, “Акту аб дэмакратыі ў Беларусі” захоўваюць сваю моц. І зьмякчэньне не азначае адмену. У гэтым мы з Лявонам Баршчэўскім пераканаліся, калі тыдзень таму наведвалі ЗША. У прынцыпе, усе людзі адказныя за Эўропу ў Дзяржаўным дэпартамэнце і ў Нацыянальнай радзе бясьпекі, і тыя, якія фармулююць замежную палітыку ў кангрэсе – усе ў адзін голас цьвердзілі, што нягледзячы на зьмену адміністрацыі ў Белым доме, “Акт аб дэмакратыі” – гэта двухпартыйны дакумэнт і лінія будзе працягвацца. І гэтая лінія адрозьніваецца ад эўрапейскай лініі, хаця было б пажадана, каб яны былі паяднаныя зноў. Але ЗША будуць весьці сваю лінію. Гэта лінія абумоўленая адрозна ад цяперашняй эўрапейскай. Гэта значыць, што Менску ставяцца ўмовы”.

         “ЛЯКАФАРБА”: 2 ТЫСЯЧЫ ДАЛЯРАЎ ЗАСТАЮЦЦА Ў ЗША

Паводле выканаўцы абавязкаў намесьніка дырэктара па камэрцыйных пытаньнях “Лякафарбы” Сяргея Дзікага, рашэньне пра санкцыі было прынятае сумніўна, і тое, што ЗША ідуць цяпер насустрач, азначае, што іх грызе пачуцьцё віны. Ён адзначыў, што на рынак ЗША прадпрыемства сваю прадукцыю не пастаўляе.

“Некалькі гадоў таму ў нас была адна пастаўка пробная, свотавая, на Сан-Францыска, ня больш за тое. Таму на нас гэтыя захады практычна не ўплываюць”.

Паводле спадара Дзікага, частка ўласнасьці прадпрыемства заблякаваная ў ЗША.

“Дзьве тысячы даляраў яны нам вінныя. Проста заблякаваны адзін плацёж, гэта пробная пастаўка. Памер — 2 тысячы даляраў, калі Амэрыцы ад гэтага будзе лепш, то калі ласка.

Таму гэта настолькі неістотны факт, што аддаваць яму ўвагу няма ніякага сэнсу”.

Тым часам дырэктар прадпрыемства Іван Сідараў сказаў карэспандэнту “Свабоды”:

“Добра. Не перашкодзіць. Гэта нармальна. Гэта адзінае правільнае меркаваньне. Іншага ня будзе”.
Алесь Дашчынскі

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме