23:45 07.09.2009 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
САМАГУБСТВЫ СЯРОД МІЛІЦЫЯНТАЎ: ВЫКЛЮЧЭНЬНІ СТАНОВЯЦЦА НОРМАЙ?
Цёплы жнівеньскі вечар на ўскрайку Менску. У лесапарку па яшчэ гуляюць парачкі закаханых, але ўсё болей кампаній, якія расьпіваюць ня толькі піва. Нарад патрульнай міліцыі выходзіць на сувязь з пунктам аховы правапарадку. “Што там у вас зноў?”- чуюць міліцыянты-першагодкі. “Таварыш капітан. Тут чалавек павесіўся. Наш… міліцыянт”.
Пазьней мэдыі падлічаць: ад пачатку году гэта ўжо чацьверты выпадак самагубства міліцыянтаў у Беларусі. У красавіку застрэліўся ўчастковы, таксама ў Менску. У чэрвені ў Рэчыцы наклаў на сябе рукі амапавец. На пачатку году ў сваім кабінэце застрэліўся начальнік аддзелу адной раённай управы. Што адбываецца зь міліцыянтамі? Чаму не вытрымліваюць нэрвы ў людзей, якія прайшлі адмысловы адбор на прыдатнасьць да працы ў міліцыі?
У прэсавай службе сталічнай міліцыі сытуацыю камэнтаваць адмовіліся. У Міністэрстве ўнутраных спраў таксама не сказалі нічога адносна павелічэньня колькасьці суіцыдаў, але паабяцалі пазьней распавесьці пра сыстэму маральна-псыхалягічнай падрыхтоўкі асабовага складу. Пакуль зьбіраліся гэтыя зьвесткі, званю да былога маёра міліцыі . Ён перакананы, што сытуацыя ў міліцыі мала чым адрозьніваецца ад сытуацыі ў краіне ў цэлым.
“Агульны стан спраў уплывае, мяркую. Куды ні паглядзі, асобна ўзяты чалавек — ніхто. У міліцыі гэта яшчэ больш выяўляецца. Прычым і афіцэры ў такім жа стане, як усе астатнія. Проста такая праца — ня вельмі добрая, і чым далей, тым горш. Нагрузкі вялікія, дый не аднойчы даводзіцца ісьці насуперак свайму сумленьню. Цяпер гэта часьцей выяўляецца. Таму, магчыма, растуць і суіцыды”.
Сяргей Парсюкевіч згадаў з часоў сваёй службы, як скончыў жыцьцё самагубствам знаёмы міліцыянт. Прычыны, якія, магчыма, падштурхнулі чалавека да магілы, Сяргею дагэтуль невядомыя — ніхто нічога асабоваму складу проста не паведаміў. Што да службовых праблем, якія могуць накласьціся на побытавыя нелады, меней іх не становіцца, кажа Сяргей Парсюкевіч:
“Ніхто ж не зьбіраецца вырашаць гэтыя праблемы. Вырашаюць праблему людзей: не падабаецца — сыходзь „на гражданку“. У выніку дайшло да таго, што па ўсіх гарадах вісяць аб’явы аб прыёме ў міліцыю. Пра што гэта кажа?”
Генэрал-лейтэнант міліцыі ў адстаўцы ня дзівіцца, што ў некаторых міліцыянтаў не вытрымліваюць нэрвы. Згадвае 1970-я гады, калі служыў у Віцебскай вобласьці. “У нас малады апэратыўнік застрэліў жонку, не дараваўшы здрады. А характарам быў быццам такі спакойны”, — кажа спадар Грыб. Паводле Мечыслава Іванавіча, міліцэйская служба небясьпечная для асабістага жыцьця яшчэ й тым, што дае болей адпаведных магчымасьцяў.
“Звычайнаму чалавеку яшчэ трэба купіць вяроўку, кусок мыла, каб намыліць, крук знайсьці. А тут, калі зброя ў руках, гэта ж прасьцей.
Але зьдзіўляюся: яны ж цяпер усіх, каму даюць зброю, правяраюць на дэтэктары ілжы. Там сто розных паказьнікаў, што чалавек можа быць схільны да таго ці іншага. Каб атрымаць чалавеку зброю, ён жа тысячу камісій мусіць прайсьці. Ну, канечне, “тысячу” — гэта ўмоўна, але шмат”.
З чатырох сёлетніх суіцыдаў міліцыянтаў прынамсі два выпадкі адбыліся пасьля таго, як адносна міліцыянтаў узьніклі падазрэньні ў карупцыі. Мечыслаў Грыб тлумачыць, чаму такія сытуацыі асабліва хваравіта ўспрымаюць людзі ў пагонах.
“Хто папаўся, яны вельмі ня хочуць ісьці адбываць пакараньне ў месцы зьняволеньня. Таму што да іх там вельмі дрэннае стаўленьне. Яны гэта разумеюць, і таму часта паміж двух агнёў робяць такі выбар — суіцыд”.
У Міністэрстве ўнутраных спраў распавялі: самагубства ўвогуле — прычына для дэталёвай праверкі абставінаў здарэньня, адносна любога чалавека, ня толькі міліцыянта. Што да сьмерці супрацоўніка міліцыі — гэта яшчэ падстава праверыць ягоныя справы па службе і ўвогуле стан справаў у падразьдзяленьні.
Наагул, псыхалягічным станам супрацоўнікаў міліцыі займаецца цэлая сыстэма, запэўнілі ў прэсавай службе міністэрства:
“У нас фактычна існуе „псыхалягічная вэртыкаль“: служба маральна-псыхалягічнай падрыхтоўкі ў райаддзеле, у гарадзкой і абласной управе, у міністэрстве — на розных этапах”.
Штогод кожны супрацоўнік міліцыі абавязаны праходзіць дыспансэрызацыю — яна дапамагае выявіць людзей, у якіх не ў парадку нэрвы, кажуць у Міністэрстве ўнутраных спраў. Для тых, хто адчувае сябе дрэнна, створаныя ўмовы, каб падлячыцца ў санаторыі. У адным з найлепшых — “Белай Русі” пад Мядзелем — лечацца за год 7 тысяч чалавек. Праўда, ня толькі міліцыянты і ня толькі зь Беларусі. Пытаюся ў рэгістратуры: колькі каштуе “падлячыць нэрвачкі” на Нарачы?
“Сёньня пуцёўка на 12 дзён каштуе 780 тысяч беларускіх рублёў”.
Маёр міліцыі ў адстаўцы згадвае: у 1990-х гадох пуцёўка ў санаторый “Белая Русь” яму ўвогуле нічога не каштавала, а платнай была толькі для сям’і. Праўда, “выбіць” месца туды было дастаткова складана — яму асабіста дапамагло тое, што працаваў у апараце міністэрства. Уладзімер Казулін прыгадаў два выпадкі, калі скончылі жыцьцё самагубствам ягоныя калегі. “Суцэльны стрэс” — кажа спадар Казулін пра сваю былую працу. Пытаюся, якімі мэтадамі звычайна “змагаліся са стрэсам” міліцыянты з МУСу?
“Мэтады якія? Тэлевізар не глядзіце? На 60-70% мэтад адзін — глушаць гарэлку”.
Паводле псыхоляга , адна з прычынаў суіцыдаў сярод службовых людзей — расчараваньні ў кар’ерных марах. Парада ад псыхоляга Сарокіна, як ратавацца ад прафэсійнага стрэсу:
“Характар працы ня зьменіш, фактар расчараваньня ў кар’еры — таксама, застаецца адно: меней піць, шукаць іншыя шляхі зьняцьця эмацыйнага напружаньня”.
Алег Грузьдзіловіч 07.09.2009 20:16
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме