02:15 12.12.2011 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
САЮЗ ЛЕВЫХ ДЭМАКРАТАЎ: СТАРЫ НОВЫ СТАРШЫНЯ
Як вядома, падчас выбараў у Сойм і Сенат Рэспублікі Польшча, што адбыліся 9 кастрычніка сёлета, Саюз левых дэмакратаў атрымаў нечуваную паразу (гл.: на сайце bsdp.org за 16/11/2011). Партыя набрала 8,24 працэнта галасоў і атрымала 27 пасольскіх мандатаў. (Праўда, адзін пасол да адкрыцця першага пасяджэння Сойму паспеў запісацца ў іншую фракцыю, і цяпер партыя мае 26 мандатаў з 460.) У Сенат жа не выбраны ніводзін партыйны кандыдат. Партыя трапіла ў чарговую паласу перманентнага крызісу. Стала відавочна, што СЛД павінен шукаць выйсце з крытычнай сітуацыі. Непазбежныя былі таксама і кадравыя змяненні. 29 кастрычніка на пасяджэнні Нацыянальнай Рады (Rada Krajowa) СЛД было вырашана правесці 10 снежня партыйны Канвент (орган, які можна назваць партыйнай канферэнцыяй).
МАЛАДЫЯ НЕ АПРАЎДАЛІ ДАВЕР
Галоўнае пытанне, вакол якога амаль паўтара месяца вялася ўнутрыпартыйная дыскусія, было: хто стане старшынёй Сюза левых дэмакратаў?
Змена пакаленняў, рэзкае амаладжэнне кіраўніцтва партыі, калі на чале СЛД стаў 31-гадовы Войцех Алейнічак (2005), а потым яго равеснік Гжэгаж Наперальскі (2008), не дало жаданых вынікаў. Мала таго, падчас старўшынёўства Гжэгажа Наперальскага выявіліся аўтарытарныя тэндэнцыі.
29 кастрычніка Гжэгаж Наперальскі заявіў, што ён прэтэндаваць на пасаду старшыні не збіраецца. Тое ж сказалі ветэран СЛД, былы старшыня партыі і прэм’ер-міністр Польшчы Лешак Мілер, які сёлета ўзначаліў партыйную фракцыю ў Сойме, а таксама намеснік старшыні фракцыі СЛД у Сойме Рышард Каліш.
Некаторыя аглядальнікі патэнцыйным кандыдатам на пасаду старшыні СЛД лічылі Катажыну Пякарскую, якая апошнім часам працавала намесніцай старшыні партыі. Меркавалі, што кандыдатам па вышэйшую партыйную пасаду можа стаць яшчэ адзін былы прэм’ер-міністр – сенатар Уладзімеж Цімашэвіч, якога жыхары Падляшша (у тым ліку беларусы) выбралі як незалежнага. Не выключалі, што на пасаду старшыні партыі можа паспрабаваць вярнуцца Войцех Алейнічак. Разглядалі таксама і мажлівасць абрання на пасаду старшыні еўрадэпутаткі Яаны Сэнышын.
КАНВЕНТ
Незадоўга да Канвенту СДЛ ў часопісе “Polityka” з’явілася вялікае інтэрв’ю з Лешакам Мілерам. Гаворачы пра магчымых кандыдатаў на пасаду старшыні партыі, ён паведаміў, што спрабуе пераканаць Рышарда Каліша выставіць сваю кандыдатуру. Як паказалі пазнейшыя падзеі, былому прэм’еру гэта не ўдалося. Затое неўзабаве аб сваім жаданні стаць на чале СЛД заявіў намеснік старшыні партыі пры Войцеху Алейнічаку, 38-гадовы сябар гарадской рады ў Зялёнай Гуры Артур Гэбда (Hebda). Асобныя журналісты расцанілі жаданне Артура Гэбды стаць на чале СЛД як хэпэнінг. У яго спыталіся, ці не баіцца ён паразы. Артур Гэбда адказаў: не баюся, параза будзе тады, калі праз чатыры гады СЛД не ўвойдзе ў парламент.
10 снежня удзельнікам Канвенту Саюзу левых дэмакратаў належала выбіраць паміж чатырма кандыдатамі.
Катажына Пякарская не адважылася выставіць сваю кандыдатуру. Таму, апрача кандыдатуры Артура Гэбды, у бюлетэнь для таемнага галасавання былі ўнесеныя кандыдатуры 38-гадовага старшыні гарадской рады ў Чэнстахове, пасла на Сойм Марэка Бальта (Balt), еўрадэпутаткі Яаны Сэнышын і... Лешака Мілера.
З вялікай перавагай (320 галасоў з 426) перамог Лешак Мілер, Марэк Бальт набраў 50 галасоў, Яана Сэнышын – 28, а Артур Гэбда – 17.
ВОДГУКІ НА ВЫБРАННЕ ЛЕШАКА МІЛЕРА
Польшча можа быць лепшай краінай, лепей кіраванай, лепей арганізаванай. Польская дзяржава можа быць больш справядліваю да сваіх грамадзян, – заявіў стары новы старшыня СЛД. – Мы маем намер узяць удзел у гэтай вялікай вялікай справе і праз чатыры гады сустрэцца зноў, каб цешыцца вялікім выбарчым поспехам.
Некаторыя аглядальнікі і палітыкі паставіліся да выбрання Лешака Мілера на пасаду шэфа партыі скептычна, бо, нагадваюць яны, гэта за часамі яго прэм’ерства пачаўся заняпад папулярнасці СЛД
З другога боку, у “Gazecie Wyborczej” аглядальніца Агнешка Кублік расшыфроўвае абрэвіятуру СЛД як Саюз людзей дасведчаных. Не шкадуючы вострых слоў для нядаўніх маладых кіраўнікоў Саюзу левых дэмакратаў, яна адзначае, што ўдзельнікі Канвенту, выбраўшы пажылага Мілера, зрабілі стаўку на досвед і кампетэнтнасць. Яна мяркуе, што Лешак Мілер здолее ўдыхнуць у партыю дух, калі зробіць высновы з уласных памылак.
Было таксама зададзена пытанне: ці не стане Лешак Мілер намеснікам прэм’ер-міністра Польшчы Дональда Туска? Такое пытанне паўстала пасля заявы старшыні СЛД, што ён будзе канструктыўна супрацоўнічаць з урадам, гатовы падтрымліваць урадавыя рашэнні, калі яны будуць адпавядаць лініі партыі.
Гэта дзіўная, дэкларацыя ў вуснах лідэра апазіцыйнай партыі, адзначае аглядальнік “Gazety Wyborczej” Марцін Вайцяхоўскі. Ён дапускае, што Мілер разлічвае, на распад урадавай кааліцыі Грамадзянскай платформы і Польскай сялянскай партыі. Гэта, адзначае аглядальнік, адзіны рэальны сцэнар на вяртанне СЛД да ўлады ў блізкай перспектыве, бо перамога на выбарах партыі не пагражае – ні на самых блізкіх муніцыпальных, ні на еўрапейскіх, не кажучы пра прэзідэнцкія і парламенцкія праз чатыры гады.
ЦІ МАГЧЫМЫ Ў ПОЛЬШЧЫ САЮЗ ЛЕВЫХ СІЛАЎ?
“Дапамагаю” – гэта найважнейшае сёння слова” – сказаў журналістам пасля абрання Лешака Мілера былы старшыня СЛД Гжэгаж Наперальскі.
Праўдападобна, галасаванне на Канвенце паказала, што вострага канфлікту ў партыі няма і не будзе.
Цяпер многія задаюць пытанне: ці магчымы ў Польшчы саюз левых сілаў – у першую чаргу з левымі партыямі, якія апынуліся за сценамі парламенту? Што датычыць Уніі працы і Сацыял-дэмакратыі польскай, якая ў свой час адкалося ад СЛД, дык такі саюз магчымы. Не выключана, што да саюзу далучацца і некаторыя драбнейшыя партыі.
Былы прэзідэнт Аляксандр Кваснеўскі заклікаў СЛД супрацоўніць з Рухам Палікота – партыяй, заснаванай летам 2011 года і якая здолела заняць 40 пасольскіх крэслаў. Гэтая партыя, заснаваная былым дзеячам Грамадзянскай плафтормы Янушам Палікотам, стаіць на пазіцыях сацыял-лібералізму. Аднак Лешак Мілер выключыў саюз з Рухам Палікота. Мусіць, не ў апошнюю чаргу таму, што партыя дасягнула маланкавага поспеху амаль выключна дзякуючы харызме свайго лідэра, які чымсьці нагадвае сумнавядомага папуліста Анджэя Лепэра. Да таго ж пэўныя пастулаты Руху Палікота ўтрымліваюцца ў праграме Сацыял-дэмакратыі польскай і Уніі працы. Наперадзе таксама абнаўленне праграмы самога Саюзу левых дэмакратаў.
Анатоль Сідарэвіч
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме
25 декабря 2024
« | Декабрь 2024 |
Пн | Вт | Ср | Чт | Пт | Сб | Вс |
1 | ||||||
2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 |
9 | 10 | 11 | 12 | 13 | 14 | 15 |
16 | 17 | 18 | 19 | 20 | 21 | 22 |
23 | 24 | 25 | 26 | 27 | 28 | 29 |
30 | 31 |