09:31 06.07.2011 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
САЦЫЯЛЬНЫЯ НАСТУПСТВЫ КРЫЗІСУ – АХОВА ЗДАРОЎЯ І МЕДЫЦЫНА
Між тым, айчынная сістэма аховы здароўя, разам з усёй “унікальнай беларускай мадэллю” вызнае пэўныя выклікі і пагрозы за ўвесь, магчыма наймацнейшыя за ўвесь перыяд свайго суверэннага існавання.
Перестраивая здравоохранение, мы превзойдем Германию уже через два года.
Интервью Президента Республики Беларусь
А.Г.Лукашенко западноевропейским СМИ 18.09.2008[1]
Цяперашні фінансава-эканамічны крызіс гучыць у публічнай прасторы ў асноўным праз таварна-банкаўскія складнікі – пустыя паліцы, цукрова-алейныя бітвы і чэргі ля абменнікаў. Змены ў сацыяльнай сферы і ў прыватнасці ў ахове здароўя не так відавочныя – унутранае напружанне пакуль не выходзіць за межы сістэмы ды і пагаршэнне матэрыяльна-побытавых умоваў адбіваецца на чалавечым і грамадскім арганізме паступова. Але гэта ня значыць, што паталагічны працэс і падобна што аслаблены арганізм не можа гэтаму перашкодзіць.
Як слушна зазначыў Андрэй Фаменка – адзін з айчынных экспертаў у пытаннях грамадскага здароўя -- "Сістэма аховы здароўя Беларусі з'яўляецца прадметам гонару кіраўніка дзяржавы - згадкі пра яе амаль заўсёды вытрыманыя ў пазітыўным рэчышчы і ўтрымліваюць найвышэйшую ступень параўнання: "на ўзбраенні беларускіх спецыялістаў самыя сучасныя метады і тэхналогіі лячэння","медустановы абсталяваныя высокатэхналагічным абсталяваннем", "узровень кваліфікацыі медыцынскіх работнікаў у цэлым не саступае замежным краінам"[2] У апошнія два крытычныя месяцы рыторыка прынцыпова не змянілася – усё тыя ж рэляцыі пра "значныя поспехі ў распрацоўцы перспектыўных метадаў прафілактыкі, дыягностыкі і лячэння", і «асаблівую ўвагу дзяржавы сістэме аховы здароўя, умацаванню яе матэрыяльна-тэхнічнай базы"[3].
А між тым, айчынная сістэма аховы здароўя, разам з усёй “унікальнай беларускай мадэллю” вызнае пэўныя выклікі і пагрозы за ўвесь, магчыма наймацнейшыя за ўвесь перыяд свайго суверэннага існавання. Іх умоўна можна падзяліць на 2 групы – звязаныя з пагаршэннем здароўя насельніцтва і звязаныя са зменай умоваў функцыянавання самой сістэмы аховы здароўя.
Да першай групы фактараў варта аднесці
1.Павышэнне спажывання алкаголю
Па дадзеных Белстату за першыя 4 месяцы бягучага году толькі гарэлкі было прададзена на 2,7% болей, чым за аналагічны перыяд мінулага году, а спажыванне лікёра-гарэлачных вырабаў вырасла на 40,3%[4]. З пачатку 2011 года Беларусь уваходзіць у лік 10 краінаў свету з найбольшым спажываннем алкаголю[5].
2. Пагаршэнне рацыёну харчавання
Па дадзеных Белстату доля выдаткаў на харчаванне ў структуры хатніх гаспадарак у першым квартале бягучага году склала 39,2%[6]. З вопыту дэвальвацыі пачатку 2009 году вядома, што за 5 месяцаў пасля 20% абясцэньвання нацыянальнай валюты спажыванне рыбы і прадуктаў мора знізілася на 10%, сыра амаль на 4,5%, затое ў рацыёне павялічылася доля круп і макаронаў на 15 і 14% адпаведна[7]. Калі ўлічыць тое, што напрыклад у маі 2011 кошты на харчовыя тавары ў Беларусі выраслі на 36,89% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага году[8], можна смела прагназаваць пагаршэнне якасці і разнастайнасці харчавання вялікай часткі насельніцтва краіны са зніжэннем у рацыёне долі рыбы, якаснага мяса, садавіны і гародніны, што непазбежна прывядзе да пагаршэння стану здароўя насельніцтва ў перспектыве.
3. Павялічэнне колькасці перарыванняў цяжарнасці
Па інфармацыі работнікаў жаночых кансультацыі і радзільных дамоў г. Мінска колькасць перарыванняў цяжарнасцяў (вакуум-аспірацый і абортаў) у маі-чэрвені бягучага году істотна павялічылася. Сярод прычын, якія прымушаюць жанчын ісці на падобны крок найчасцей называецца пагаршэнне эканамічнай сітуацыі адсутнасць упэўненасці ў будучыні. У адкрытых крыніцах пакуль няма кансалідаванай інфармацыі па гэтым аспекце, але можна прагназаваць павялічэнне колькасці такіх умяшальніцтваў у бягучым годзе (у 2010-м на 100 родаў прыпадала 38 абортаў[9]), што безумоўна негатыўна адаб’ецца на здароўі жанчын Беларусі.
Фактары, звязаныя са зменай умоваў функцыянавання сістэмы аховы здароўя:
1. Скарачэнне фінансавання сістэмы аховы здароўя
На працягу пяці апошніх гадоў у Беларусі выдаткі на ахову здароўя дэкляруюцца ў аб’ёме каля 5% ад валавага ўнутранага прадукту. Тым не менш фактычна выдаткі на ахову здароўя у сектары дзяржаўнай медыцыны выглядалі так: у 2006 годзе — 4,22%, 2007-м — 4,22%, 2008-м — 4,03%, 2009-м — 3,24%, 2010-м – 3,24%[10]. У бягучым годзе ў чарговы раз выдаткі абяцана было давесці да 5%, але ўлічваючы больш чым 50% дэвальвацыю яны ўжо зараз есць нашмат меншымі. У Германіі, напрыклад, гэтыя выдаткі складаюць каля 8% ад ВУП[11].. Медыцына ў Беларусі, асабліва бальнічна-стацыянарная яе частка, вельмі імпартазалежная галіна, таму ў лячэбна-прафілактычных установах міністэрства аховы здароўя ўведзены рэжым жорсткай эканоміі аж да спынення закупак імпартных лекаў і расходных матэрыялаў. У сітуацыі калі знікаюць аднаразовыя пальчаткі і адмяняюцца планавыя аперацыі здароўе насельніцтва не можа палепшыцца, не кажучы ўжо пра тых, хто пойдзе ў лепшы свет так і не дачакаўшыся планавай аперацыі.
2. Скарачэнне заробкаў у сістэме аховы здароўя
У маі бягучага году налічана сярэднямесячны заробак склаў 1,64 млн рублёў (330 даляраў ЗША па афіцыйным курсе Нацбанка на 1 чэрвеня), супраць 1,59 млн (530 даляраў па курсе на 1 студзеня) у снежні 2010 года[12]. Па ранейшаму заробкі у сістэме аховы здароўя менш за сярэднія па краіне (1,38 супраць 1,64 млн.). Акрамя гэтага, структура заработнай платы ў сістэме такая, што асноўную частку складаюць надбаўкі да акладу, якія могуць быць адміністрацыйна скасаваныя, як гэта здарылася ў РНПЦ “Кардыялогія”, калі праз дэфіцыт расходных матэрыялаў былі адменены аперацыі і хірургам перасталі плаціць надбаўкі за высокатэхналагічныя ўмяшальніцтвы, што прывяло да ад’езду некаторых спецыялістаў за мяжу. Калі падобная тэндэнцыя будзе мець месца, выезд высокакваліфікаваных лекараў з Беларусі будзе толькі ўзмацняцца.
3. Павышэнне коштаў на лекі
Пакуль кошты на медпрэпараты значна не ўзраслі, што тлумачыцца наяўнасцю запасаў, пастаўленых па “старых” коштах і мерамі Міністэрства па стрымліванню іх росту (заключэнне Мемарандума па стрымліванні коштаў з вытворцамі і дыстрыбутарамі). Але ад верасня прагназуецца значнае ўзрастанне цэн на фармакалагічную прадукцыю[13]. Акрамя гэтага, плануецца далейшае нарошчвання імпартазамяшчэння і павелічэнне коштаў на айчынныя лекі, што безумоўна паспрыяе іх меншай даступнасці для насельніцтва.
Далейшая стратэгія дзяржаўных органаў у сферы аховы здароўя верагодна будзе рэалізавана ў 2 кірунках. Першы заключацца ў нарошчванні аб’ёму платных паслуг, аказваемых насельніцтву, а таксама стымулявання экспарту паслуг (ужо зараз замежныя грамадзяне будуць аплачваць медычныя паслугі ў валюце[14]). Ва ўмовах наяўнага дэфіцыту кадраў пашырэнне платных паслуг фактычна азначае скарачэнне колькасці бясплатных для насельніцтва. Другі шлях заключаецца ў рэжыме жорсткай эканоміі, які ўжо зараз уведзены ў сістэме аховы здароўя з далейшым магчымым скарачэннем заработнай платы медперсаналу у выглядзе адмены існуючых надбавак за інтэнсіўнасць работы, пашыраную зону і г.д.
Андрэй Вітушка
[7] Interfax.by
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме