16:00 13.01.2014 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
САЦЫЯЛ-ДЭМАКРАТЫ САЛІДАРНЫЯ З ПЕДАГОГАМІ І МЕДЫКАМІ
САЦЫЯЛ-ДЭМАКРАТЫ САЛІДАРНЫЯ З ПЕДАГОГАМІ І МЕДЫКАМІ
ЗАЯВА
Прэзідыума Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады)
Прэзідыум Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) канстатуе тупіковасць эканамічнай і сацыяльнай палітыкі кіруючых колаў краіны. Беларусь ніяк не можа выйсці з фінансава-эканамічнага крызісу, які характарызуецца высокім тэмпам інфляцыі і абясцэньвання беларускага рубля. У пошуках грошай дзяржава спрабуе ўсё глыбей залезці ў кішэні грамадзян. Яна ўводзіць ці то выказвае намер увесці новыя падаткі і зборы і па сутнасці замарожвае даходы грамадзян.
Нягледзячы на тое, што дзяржава ўсё больш і больш камерцыялізуе такія галіны грамадскага жыцця, як адукацыя, ахова здароўя і культура, робіць цяжкадаступнымі для многіх грамадзян вышэйшую адукацыю і некаторыя віды медыцынскіх паслуг, ад эканамічнай і сацыяльнай палітыкі дзяржавы найперш церпяць якраз педагогі і работнікі аховы здароўя.
Педагогі – гэта людзі, якія вучаць і выхоўваюць людзей заўтрашняга дня. Нізкі ўзровень аплаты іх працы выклікае адток са сферы адукацыі найбольш здольных работнікаў, вядзе да далейшага зніжэння якасці навучання дзяцей, падлеткаў і моладзі ў дашкольных установах, у агульнаадукацыйных і прафесійных школах, у вышэйшых навучальных установах. Каб звесці канцы з канцамі, многія педагогі мусяць у свой вольны час займацца рэпетытарствам і няпрофільнымі падпрацоўкамі.
Становішча педагагічных работнікаў даведзена да такога ўзроўню, што нават праўладны Беларускі прафсаюз работнікаў адукацыі і навукі мусіў нарэшце адкрыта прасіць Савет Міністраў звярнуць увагу на праблемы з заробкамі і сацыяльнымі гарантыямі педагогаў.
Будучыню краіны гарантуе таксама добра пастаўленая ахова здароўя. Аднак работнікі паліклінік, бальніц і станцый хуткай дапамогі таксама апынуліся ў цяжкой сітуацыі. Установы аховы здароўя не ўкамплектаваны спецыялістамі ў неабходнай колькасці і ўсю працоўную нагрузку выконвае наяўны персанал. Каб атрымліваць больш-менш дастойны заробак, медыкі вымушаны працаваць на 1,5-2 стаўкі без выхадных і ў святочныя дні. Многія з іх не маюць дастаткова часу на адпачынак.
Нізкія заробкі работнікаў хуткай дапамогі г. Мінска прывялі да адкрытага абурэння станам спраў. Вядзецца збор подпісаў сярод медыкаў з патрабаваннем павысіць заробкі.
Беларускія сацыял-дэмакраты выказваюць салідарнасць з педагогамі і медыкамі краіны і падтрымліваюць іх законныя патрабаванні павысіць заробкі і забяспечыць сацыяльныя гарантыі. Прэзідыум БСДП падтрымлівае ініцыятыву медыкаў аб прыняцці Закона “Аб хуткай медыцынскай дапамозе” пры ўмове яго шырокага публічнага абмеркавання. Мы таксама выступаем за змены ў Кодэксе аб адукацыі, якія былі б у інтарэсах настаўнікаў, а не чыноўнікаў.
Мы, сацыял-дэмакраты, яшчэ раз падкрэсліваем, што педагогі і медыкі – гэта тыя людзі, ад якіх залежыць будучыня краіны, што нельга эканоміць на адукацыі і ахове здароўя народа.
12 студзеня 2014
г. Мінск
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме