21:32 07.10.2010 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
С.НАВУМАВА: НАЎРАД ЦІ ЛУКАШЭНКА ВОЗЬМЕ ЎДЗЕЛ У ТЭЛЕДЭБАТАХ
Беларускае тэлебачанне рыхтуецца падчас перадвыбарчай кампаніі правесці телевізійныя дэбаты. Прынамсі, такі фармат палітычнага шоў, які знік з беларускіх экранаў пасля прэзідэнцкай кампаніі 1994 года, сёлета аднаўляецца. Гэтую навіну карэспандэнт Радыё Рацыя абмяркоўвае з палітолагам Святланай Навумавай.
Што стаіць на мэце гэтага праекту? Якія яго перспектывы? Ці ёсць шанец, што за адным сталом з апазіцыянерамі будзе дыскутаваць дзейны прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка? Гэтыя ды іншыя пытанні журналіст Радыё Рацыя абмеркоўвае з палітолагам Святланай Наумавай.
- Гутарка ішла пра тое, што старшыня Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі спадар Зімоўскі прапанаваў правесці такія дэбаты. Пакуль мы не ведаем падрабязнасці, я лічу, што зарана казаць аб тым, што новага гэта прынясе ў выбарчую кампанію. Зразумела адно, калі дэбаты будуць загадзя зрэжысераванымі, калі яны пойдуць не ў жывым эфіры, то сэнсу ў іх вялікага няма. Я думаю, што ў гэтым выпадку мы атрымаем тое, што і ў іншых сферах нашага жыцця, – будзе такая дэкарацыя дэмакратычнага працэсу, якая не схавае звычайнай хады выбарчай кампаніі, як гэта бывае ў Беларусі.
РР: - Некаторыя эксперты кажуць, што гэтыя дэбаты зробленыя каб паказаць, так бы мовіць, твар беларускай апазіцыі, маўляў, калі апазіцыя не дамовіцца паміж сабой, то яна можа проста перасварыцца.
- Такі намер ва ўладаў безумоўна ёсць. Але я думаю, што якраз па гэтым пытанні апазіцыя зможа дамовіцца ды хутчэй за ўсё яна дамовіцца. Тут ў мяне ёсць аптымізм. Але яшчэ раз паўтару, калі гэта будзе мантаж Белтэлерадыёкампаніі, то мы пабачым апазіцыю менавіта такой, якой яе хоча бачыць ці спадар Зімоўскі, ці прэзідэнт Лукашэнка, а не такой, якая яна ёсць сапраўды.
РР: - Падчас мінулых выбарчых кампаній Лукашэнка ўвогуле адмаўляўся ад эфірнага часу, які прапаноўваецца патэнцыйным кандыдатам у прэзідэнты. Як вы думаеце, магчыма сёлета ён пойдзе на такі крок ды прыме ўдзел у дэбатах разам з апазіцыянерамі, каб патлумачыць сваю пазіцыю, напрыклад, у сувязі з апошнімі праблемамі з Расіяй ды іншымі?
- Я сумняваюся! У некаторых рэчах ён проста не зможа пераступіць праз сябе. Чалавек, які кажа, што прэзідэнтамі не становяцца, а нараджаюцца, узводзіць сябе ў нейкі іншы ранг у параўнанні з намі – людзьмі смяротнымі. Наўрад ці ён зможа перадолець гэты псіхалачны бар’ер, сесці за адзін стол ды дыскутаваць з апазіцыянерамі. Тое, што называецца, “не царская гэта справа”. Канешне, калі ён пойдзе на гэта, то гэта будзе беспрэцэдэнтны крок да дэмакратызацыі беларускага выбарчага працэсу. Лукашэнку, прынамсі, няма чаго баяцца, ён дастаткова вопытны палеміст у адрозненні ад іншых апазіцынераў, у якіх амаль няма публічнай пляцоўкі для выступаў.
РР: - На той жа канферэнцыі, дзе было аб’яўлена аб правядзенні дэбатаў, Аляксандр Зімоўскі, старшыня Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі, адзначыў, што беларускае тэлебачанне сёння імкнецца да палітызацыі. Назіраючы за тэлевізійным працэсам, ці заўважаеце вы гэта?
- Не. Мне здаецца, што спадар Зімоўскі разумее палітызацыю, як павелічэнне эфірнага часу, дзе гаворыцца пра палітыку, але ж гэта зусім не так. Калі мы гаворым пра палітызацыю, то маем на ўвазе - актывацыю грамадскай дыскусіі па палітычных пытаннях. Ніякай грамадскай дыскусіі на беларускім тэлебачанні няма. Нават калі ён пасодзіць у эфір некалькі “гаворачых галоў”, якія будуць казаць слова “палітыка”, то палітызацыі не адбудзецца – гэта трэба добра ўсведамляць. Зноў жа як быццам бы формальныя патрабаванні выкананыя: яны гавораць пра выбары. Але ніякай палітызацыі, у дэмакратычным сэнсе гэтага слова, не адбудзецца. Дастаткова ўзгадаць, што зараз перад выбарамі з’яўляюцца розныя … я нават ня ведаю, як правільна назваць гэты інфармацыйны прадукт… фільмы, прынамсі, быў фільм пра кампанію “Гавары праўду”. Якім лічыць гэты фільм? Палітычным фільмам, альбо які? Ці можна гэта назваць палітызацыяй? Наўрад ці, бо там быў толькі адзін бок паказаны, а другому проста не далі слова.
РР: - Казалася пра тое, што ў беларускіх перадвыбарчых дэбатах будзе мадэратар…
- Мадэратар павінны быць абавязкова. Фармат дэбатаў прыдугледжвае мадэратара. Іншая справа, хто гэта будзе? Мадэратар, альбо прапагандыст. Досвед беларускіх ток-шоў, я не буду казаць, палітычных, але скажам так сацыяльных, які праводзіць на беларускім тэлебачанні, напрыклад, Аляксандр Мартыненка, сведчыць пра тое, што ў нас вопытных мадэратараў няма. Часцяком мадэратар падтрымлівае нейкі адзін пункт гледжання – а гэтага рабіць нельга. Такога класу мадэратараў, якія б маглі рабіць палітычныя дэбаты на беларускім тэлебачанні, я не бачу. Яны заточаныя пад прапаганду. Прапагандыстаў многа, а мадэратараў практычна няма.
РР: - Гэта - праблема беларускага тэлебачання. З чым гэта звязана? З тым, што не было таго сапраўднага тэлебачання?
- Гэта праблема попыту ды прапановы. На беларускім тэлебачанні няма попыту на палітычную дыскусію. Тэлебачанню пастаўленая абсалютна дакладная задача, калі дзяржаўнае, то павінна адлюстроўваць дзяржаўны пункт гледжання. Сапраўды, тыя, хто працуюць на тэлебачанні, - выконваюць ролю прапагандыстаў. Яны проста не прымералі на сябе нейкае “іншае адзенне”. Я перакананая, што большасьць з тых, хто сёння робіць там нейкія палітычныя праграмы, каментары, магчыма самі па сабе разумныя ды добрыя людзі, але яны незапатрабаваныя ў іншай якасці, толькі як апалагеты так званай беларускай мадэлі развіцця.
РР: - Калі ж гэтыя дэбаты адбудуцца, вы будзіце іх глядзець?
- Канешне, абавязкова. Гэта будзе хоць нейкая навіна на нашай, скажам так, інфармацыйнай прасторы. Па-другое, я – выбарца, ды мне цікава паглядзець на тых, хто вылучаецца ў прэзідэнты.
Па словах высокага кіраўніцтва Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі зараз распрацоўваецца парадак правядзення ды фармат тэледэбатаў. На беларускім тэлебачанні перакананыя, што дыскусія павінна прайсці на высокім узроўні.
Улад Грынеўскі, .
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме
26 декабря 2024
« | Декабрь 2024 |
Пн | Вт | Ср | Чт | Пт | Сб | Вс |
1 | ||||||
2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 |
9 | 10 | 11 | 12 | 13 | 14 | 15 |
16 | 17 | 18 | 19 | 20 | 21 | 22 |
23 | 24 | 25 | 26 | 27 | 28 | 29 |
30 | 31 |