01:45 31.07.2011 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

С. БАГДАНКЕВІЧ: КАНСУЛЬТАТЫЎНАЯ РАДА НІКОЛІ НЕ ПРАЦАВАЛА

На пачатку жніўня ініцыятыўная група Грамадска-кансультатыўнай Рады пры Адмністрацыі кіраўніка краіны збіраецца сабрацца на паседжанне з мэтай абмеркавання працы Рады. Плануецца, што ў апошняй дэкадзе жніўня гэта пытанне абмяркуе Рада ў поўным складзе.

Але ўжо цяпер некаторыя ўдзельнікі ставяць пад сумнеў свой далейшы ўдзел у гэтай структуры.

Перайсці ад функцыі экспертаў, якія толькі даюць парады ў пытаннях эканомікі і сацыяльнай сфэры, да непасрэднага дыялогу паміж уладамі і грамадзянскай супольнасцю прапануе Грамадска-кансультатыўнай Радзе пры Адміністрацыі кіраўніка краіны адмысловая ініцыятыўная група. Адзін жа з удзельнікаў Рады былы старшыня нацбанку Станістлаў Багданкевіч крытычна ставіцца да ініцыятывы:

- Рада ніколі не працавала. За два гады два паседжання былі напоўненыя сэнсам і зместам. Але мы не раз падымалі пытанні, якія тычацца эканомікі, СМІ. Але Макей ігнараваў гэтыя прапановы. Я не думаю, што з гэтага можа нешта атрымацца.

Станіслаў Багданкевіч кажа, што ставіць пад сумнеў свой далейшы ўдзел у Радзе:

- Трэба змяняць сістэму кіраўніцтва, а не ствараць толькі бачнасць нейкага абмеркавання. Таму лічу, што ўскладваць надзеі на гэтую Раду - поўная лухта. Справа не ў Радзе. Яны жадаюць толькі стварыць ўражанне абмеркавання. Я сумняюся, што мне там варта надалей прымаць ўдзел.

Старшыня Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны Алег Трусаў кажа, што будзе прымаць удзел у паседжаннях Рады і звярнуўся да Макея з прапановамі, сярод якіх адзначэнне 20-годдзя незалежнасці Беларусі і наданне бел-чырвона-беламу сцягу статуса гістрачна-культурнай каштоўнасці:

- Што тычыцца існавання палітвязняў ў краіне, то я лічу, што ўлады маюць магчымасць з нагоды дваццатых ўгодкаў дня незалежнасці аб'явіць амністыю. Я таксама ўнёс такую прапанову. Такім чынам і ўлады змогуць твар захаваць і людзі будуць на волі.

Палітолаг Уладзімір Роўда кажа, што прыняцце ўдзелу ў Радзе, створанай Макеем, з'яўляецца пасткай для грамадзянскай супольнасці, якая запрошана да ўдзелу, бо сітуацыя ў краіне пасля прэзідэнцкіх выбараў істотна змянілася:

- Улады сыходзіць з логікі, што якія б палітычныя працэсы не адбываліся, ў якой бы краіне мы не жылі, колькі людзей будзе схоплена падчас наступнай акцыі маўклівага пратэсту - гэта не мае абсалютна ніякага значэння. Працэсы, якія адбываюцца ў грамадстве, ідуць самі па сабе. Улады ўмешваюцца ў гэтыя працэсы самым ганебным чынам. А дыялог павінен працягвацца.

Улады, паводле палітолага, імкнуцца дасягнуць сваіх мэтаў з дапамогай Рады. Прадстаўнікі апазіцыі і дэмакратычнай супольнасці сваім ўдзелам дапамагаюць ў гэтым:

- Улады імкнуцца рэанімаваць дыялог, каб атрымаць пад гэты дыялог грошы. Таму беларускія ўлады звярнуліся да МВФ. Але гэта абсалютна амаральная пазіцыя. Існуючыя ўлады ніколі не былі ўзорам маральнасці. І для мяне прыкрым з'яўляецца тое, што некаторыя прадстаўнікі дэмакратычнай супольнасці купіліся на гэтую танную прапаганду. Спачатку трэба вызваліць палітвязняў, без усякіх умоваў. І калі былыя палітвязні будуць за сталом перамоваў з ўладай - то тады магчыма спадзявацца на нейкія вынікі.

Ніякіх вынікаў не будзе, перакананы Уладзімір Роўда. Паводле яго словаў Рада створана не для таго, каб грамадзянская супольнасць аказвала ўплыў на рэжым, але для замежных людзей, каб паказаць ім, што ў нас адбываюцца нейкія працэсы, нягледзячы на жорсткія метады ўлады.
Сяргей Скулавец, Радыё Рацыя, Беласток   

    *  *  *

 Ці магчымы ў сённяшніх умовах дыялог паміж уладай і грамадзянскай супольнасцю? Ці пойдзе на яго ўлада? Ці павінна ісці на дыялог апазіцыя

З гэтымі пытаннямі “Народная Воля” звярнулася да вядомых у Беларусі людзей.

Віктар ІВАШКЕВІЧ, сябра аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларускі рух”:

— Па-першае, невядома ад імя каго сябры гэтай ініцыятыўнай групы збіраюцца весці дыялог. Калі ад імя сваіх арганізацый — гэта адно. Калі яны бяруць на сябе місію прадстаўляць кагосьці іншага, то яны папросту не маюць на гэта права. Але маё меркаванне такое: дыялог магчымы толькі тады, калі ўлада выпусціць усіх палітвязняў і рэабілітуе іх ва ўсіх грамадзянскіх і сацыяльных правах, у тым ліку ў праве ўдзельнічаць у выбарах. Толькі ў гэтым выпадку дэмакратычныя сілы, у тым ліку людзі, якія былі кандыдатамі ў прэзідэнты, могуць весці дыялог з уладай на тэму падрыхтоўкі і правядзення свабодных прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбараў. Да гэтага ісці на дыялог і кансультацыі проста амаральна.

Алег ТРУСАЎ, старшыня ГА “Таварыства беларускай мовы”, сябра Грамадска-кансультацыйнага савета:

— З любой уладай варта ісці на дыялог у любой сітуацыі. Лепш дыялог, чым рэвалюцыя і грамадзянская вайна. Ці пойдзе ўлада на дыялог? Гэта залежыць ад нас з вамі. Калі мы будзем рабіць канкрэтныя справы, якія карысныя ўсяму народу, у тым ліку і ўладзе, то пойдзе. Калі будзем пляскаць-тупаць, то не пойдзе. Дыялогі былі нават падчас грамадзянскіх войнаў у Іспаніі і Фінляндыі. Не варта далей ваяваць, якраз падчас дыялогу варта настойваць на вызваленні палітвязняў. Чым актыўней будзе дыялог, тым хутчэй гэтыя вязні будуць выпушчаны.

Станіслаў ШУШКЕВІЧ, экс-старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі:

— Усе тыя, хто выйшаў з прапановай аб дыялогу, забыліся на тое, што да вызвалення ўсіх палітвязняў ніякага дыялогу з гэтай уладай быць не можа. Колькі заўгодна можна праводзіць гістарычныя паралелі, але які можа быць дыялог у той час, калі ў вас пятля на шыі?..

Раман ЯКАЎЛЕЎСКІ, палітычны аглядальнік:

— Трэба высветліць, хто даў права гэтым людзям, якія хадзілі да Макея, казаць за ўсю грамадзянскую супольнасць? Адзначу, што з моманту мінулага пасяджэння Грамадска-кансультацыйнага савета адбыліся істотныя змены — Макей стаў неўязным у Еўропу. Відавочна, што сустрэча гэтай ініцыятыўнай групы з Макеем адбылася хутчэй за ўсё ў сувязі з маючым адбыцца ў верасні ў Варшаве форумам няўрадавых арганізацый — адной з платформ “Усходняга партнёрства”. Відавочна, некаторыя з тых, хто хадзіў да Макея, прэтэндуюць на ўдзел у мерапрыемстве. Ды і на сам саміт “Усходняга партнёрства” ад афіцыйнага Мінска нехта павінен ехаць. І, канечне, зрабіць гэта лепш на фоне чарговых ілюзій  наконт чарговага “дыялогу”. Ідэю якога, калі верыць некаторым удзельнікам сустрэчы, не пісьмова, а вусна ўхвалілі... Складваецца такое ўражанне, што нехта спрабуе ўвайсці другі раз у адну і тую ж рэчку, што пасля 19 снежня проста немагчыма.

Валерый ФРАЛОЎ, экс-дэпутат Палаты прадстаўнікоў:

— Само па сабе жаданне аб дыялогу не дрэннае, але ён наўрад ці адбудзецца. Дыялог — гэта размова роўных.

Дыялогу не будзе не таму, што Уладзімір Макей дрэнны ці нехта іншы ва ўладзе, а таму, што за тымі, хто яго прапаноўвае, сёння няма рэальнай сілы. Той жа Макей рэальна ацэньвае сітуацыю і разумее хто ёсць хто. Ну, паразмаўляюць. Ну, нешта прапануюць. А далей што? З моцным павінен размаўляць толькі роўны па моцы.

Юрась ГУБАРЭВІЧ, намеснік старшыні руху “За свабоду”:

— Пазіцыя руху “За свабоду” наступная: Беларусь павінна выходзіць з таго тупіка, у які яе загнала сённяшняя ўлада. Першы крок, які неабходна зрабіць перад пачаткам нейкага дыялогу, — гэта вызваленне палітвязняў і іх поўная рэабілітацыя.
Апытанне праводзіў
Віталь ГАРБУЗАЎ 

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме