11:15 25.07.2013 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Рыкашэт: Чаму ня будзе Лукашэнкі № 2
Ужо даводзілася камэнтаваць канцэпты наконт магчымасьці зьяўленьня . Аднак яны зноў і зноў зьяўляюцца ў мэдыясфэры ў розных варыяцыях.
У гэтым сэнсе паказальны блог Сяргея Навумчыка на нашым. Ён прысьвечаны пытаньню, хто быў бы горшы для Беларусі ў якасьці прэзыдэнта РФ: Пуцін ці Навальны? Я ня буду абмяркоўваць гэтую тэму з прычыны яе абсалютнай неактуальнасьці.
Мне больш важным падаўся сюжэт, які С. Навумчык закрануў мімаходзь, ускосна. Аўтар, скажам мякка, скептычна ставіцца да тэзіса «Галоўнае — Луку скінуць!», які вылучаюць грамадзкі актывіст Андрэй Кім і іншыя карыстальнікі фэйсбуку. Сяргей пярэчыць, узгадваючы прэзыдэнцкія выбары 1994 году: «Андрэй Кім нават і не падазрае, наколькі некаторыя ягоныя фразы супадаюць з тым, што ў 1994 годзе казалі прыхільнікі Лукашэнкі: „Паміж Кебічам і Лукашэнкам трэба выбіраць Лукашэнку, бо Лукашэнка чэсны, а вашыя падозраньні — гэта толькі здагадкі, ну а што ён недасканалы — дык горш за Кебіча ўжо быць ня можа“. Вось аказалася, што — можа... Калі ж працягнуць паралелі ў тэму зьмены ўлады ў Беларусі, дык згоду прыняць кожнага, хто „Лукашэнку скіне“, можна ўспрыняць і як згоду прывесьці ва ўладу — у выніку — новага Лукашэнку, сваімі ж рукамі».
Я добра разумею гэтыя перасьцярогі С. Навумчыка, бо сам быў удзельнікам тых дыскусіяў (у той кампаніі 1994 году працаваў у камандзе С. Шушкевіча). Але высноваў наконт таго, што пасьля дзейнага кіраўніка можа прыйсьці яшчэ горшы за яго, не падзяляю. На дадатак да таго, пра што я ўжо пісаў, хацеў бы заўважыць наступнае.
Паколькі сам Лукашэнка ў адстаўку ня сыдзе, ён можа страціць уладу альбо ў выніку рэвалюцыі (ці народнага бунту), альбо стаць ахвярай дзяржаўнага перавароту.
Разгледзім першы варыянт. Рэвалюцыя будзе азначаць ня толькі зьмену прозьвішча прэзыдэнта, але і перамену палітычнага рэжыму і, хутчэй за ўсё, палітычнай сыстэмы. Вельмі верагодна, што зьявіцца новая Канстытуцыя. Так заканчваецца большасьць рэвалюцыяў. Гэта значыць, што пэрсаналісцкі рэжым, рэжым асабістай улады трансфармуецца ў нейкую іншую мадэль, у якой улада прэзыдэнта будзе абмежаваная іншымі інстытутамі: парлямэнтам, канстытуцыйным судом і інш. Урэшце — народ, адчуўшы свабоду, паспрабуе дыктаваць элітам сваю волю. Досьвед Эгіпту паказвае, як цяжка загнаць у рамкі народную стыхію, калі яна аднойчы прарвала аўтарытарную плаціну.
То бок у любым выпадку асабістыя погляды лідэра ня будуць мець такога вырашальнага значэньня, як ва ўмовах пэрсаналісцкай дыктатуры. Таму той, хто скіне Лукашэнку ў ходзе рэвалюцыі, новым Лукашэнкам ня стане. Не таму, што не захоча, а абставіны не дазволяць.
Больш складаная сытуацыя ўзьнікне тады, калі зьмена ўлады адбудзецца ў выніку дзяржаўнага перавароту. Але і ў гэтым выпадку новая каманда ня зможа працягваць ранейшую палітыку, бо лукашызм як ідэалёгія вычарпаў сябе. І хто б ні прыйшоў да ўлады, інстынкт самазахаваньня будзе штурхаць яго ісьці па шляху дэлукашэнізацыі.
Хацеў бы зьвярнуць увагу на адну гістарычную аналёгію. Пасьля сьмерці Сталіна пачалася жорсткая барацьба за ўладу паміж ягонымі паплечнікамі (ці падзельнікамі). І яна вялася вакол палітычнай спадчыны дыктатара. Нашчадкі Сталіна інстынктыўна адчувалі, што ў змардаванай краіне заціскаць гайкі яшчэ мацней ужо нельга, і ўтрымаць уладу яны змогуць толькі праз паступовую дэсталінізацыю.
Як ні дзіўна, першым гэта зразумеў Берыя — галоўны кат і гаспадар ГУЛАГа. Менавіта ён ініцыяваў першую хвалю вызваленьня людзей зь лягераў, нават загадаў перайсьці на нацыянальную мову справаводзтва і навучаньня ў саюзных рэспубліках.
Пасьля расстрэлу Берыі ягоную лінію працягнуў Малянкоў. Сялян вызвалілі ад непамерных падаткаў з асабістых гаспадарак, нашмат больш увагі пачалі аддаваць лёгкай прамысловасьці — дзеля насычэньня спажывецкага рынку.
Малянкоў быў абвінавачаны ў рэвізіі сталінскага курсу і адхілены ад пасады кіраўніка ўраду Хрушчовым. Але праз кароткі час сам Хрушчоў стаў зацятым крытыкам Сталіна. Лёгіка палітычнага працэсу аказалася мацнейшая за ідэалягічныя догмы.
Сёньня ў Беларусі ад лукашызму стаміліся ўсе. Ня толькі грамадзтва, але і намэнклятура. Нават урад разумее, што ўратаваньне эканомікі магчымае толькі праз рэформы. І Лукашэнку раз-пораз даводзіцца ўшчуваць міністраў за рынкавыя ўхілы.
І для намэнклятуры відавочна, што міжнародная ізаляцыя Беларусі — гэта дрэнна. Бо з-за ўпартасьці аднаго чалавека вышэйшаму чынавенству закрытыя вароты ў Эўропу.
Атачэньне Лукашэнкі хацела б нейкай элемэнтарнай прававой абароненасьці і ня хоча, каб іхні лёс залежаў ад капрызаў аднаго чалавека.
Таму любое новае кіраўніцтва, якое прыйдзе на зьмену Лукашэнку, будзе вымушанае лёгікай палітычнага працэсу і дамінуючай грамадзкай атмасфэры ладзіць дэлукашэнізацыю і лібэралізацыю.
А ўсе перасьцярогі і страхі наконт магчымасьці зьяўленьня Лукашэнкі № 2, разглядваньне ў люпу кожнага амбітнага лідэра (ці не праглядаюцца там рысы дзейнага кіраўніка), заклікі «ня трэба моцна ціснуць на Лукашэнку, бо можна ўціснуць у Расею» — не такія ўжо і бяскрыўдныя. Бо паралізуюць волю да супраціву, прывучаюць да думкі, што трэба за свабоду змагацца асьцярожна, ціхенька-ціхенька, з аглядкаю высоўваючыся з бульбы, каб ня стала горш. Пры такіх падыходах Лукашэнка тут будзе вечна.
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме