15:32 14.07.2013 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

Рыкашэт: Апазыцыя супраць рэвалюцыі

На асноўным навінным партале Літвы на расейскай мове DELFI надрукаваныя матэрыялы круглага стала ў Вільні з удзелам дэмакратычных лідэраў Беларусі пад вельмі красамоўнай назвай .

Дагэтуль мы прызвычаіліся, што рэвалюцыяй усіх пужае Лукашэнка і ягоная ідэалягічная абслуга. Таму трохі нечакана бачыць, што з антырэвалюцыйнымі заявамі выступілі лідэры апазыцыі. Іхнія заявы ўжо пракамэнтаваў у. Сапраўды, яны вартыя таго, каб іх прааналізаваць.

Найперш зьвярнула на сябе ўвагу выказваньне лідэра руху «За свабоду» Аляксандра Мілінкевіча, які выступіў супраць рэвалюцыі ў Беларусі:

«Рэвалюцыйны шлях вырашае пытаньне Лукашэнкі, але далей узьнікае пытаньне — а што будзе? Я лічу, што не абавязкова пасьля Лукашэнкі наступіць дэмакратыя і эўрапейскі дабрабыт. Рэальна, што Расея паставіць свайго стаўленіка, можа ўсталявацца дыктатура. Гэта сцэнары зь нявызначаным вынікам».

Яго падтрымаў першы сакратар Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін: «Перакананы, замест Лукашэнкі нумар адзін прыйдзе Лукашэнка нумар два. Лукашэнка сам прыйшоў на фоне папулізму і сацыяльнага бунту. Гэта найгоршы сцэнар для Беларусі».

Сама сытуацыя, калі ў краіне з жорсткім аўтарытарным рэжымам апазыцыя выступае супраць рэвалюцыі, выглядае нечаканым. Адна справа, калі б гэтыя палітыкі вылучылі маральныя аргумэнты супраць рэвалюцыйных пераменаў. Маўляў, рэвалюцыі заўсёды спадарожнічае кроў, ахвяры, а гэта занадта высокая цана за прагрэс. Бо чалавечыя жыцьці — гэта найвышэйшая каштоўнасьць. Тут дарэчы была б вядомая сэнтэнцыя пра сьлязінку дзіцяці і г. д. І з гэтым спрачацца было б цяжка.

Але паважаныя лідэры вылучылі палітычныя аргумэнты супраць рэвалюцыі. І гэта дае ацаніць іхні зьмест. Галоўны аргумэнт палягае ў тым, што «гэта сцэнары зь нявызначаным вынікам».

Але ў палітычным працэсе немагчыма знайсьці сцэнар з гарантаваным вынікам. У любым працэсе элемэнт нявызначанасьці, нечаканасьці вялікі.

Другі аргумэнт: пасьля зьвяржэньня Лукашэнкі можа ўсталявацца новая дыктатура, можа прыйсьці Лукашэнка нумар два.

Чаму раптам? Самі ж лідэры апазыцыі ўвесь час падкрэсьліваюць, што грамадзтва сасьпела для пераменаў, на шляху да гэтага стаіць адыёзны рэжым Лукашэнкі. Або яны самі ня вераць у гэтыя свае заявы?

Сапраўды, шмат якія слаі насельніцтва перамены разумеюць па-рознаму. Але ў адным яны сыходзяцца: патрэбна аднаўленьне дэмакратыі ў краіне. У гэтым пытаньні існуе кансэнсус паміж рознымі палітычнымі сіламі. Нават лукашысты ня супраць дэмакратыі. Ад дыктатуры стаміліся ўсе. Сацыёлягі НІСЭПД робяць выснову, што колькасьць прыхільнікаў «моцнай рукі» ўвесь час зьмяншаецца. Для вяртаньня да дыктатуры патрэбен вельмі рэдкі зьбег абставінаў. Напрыклад, зьяўленьне харызматычнага лідэра зь вялізарнай прагай да неабмежаванай улады. А бомба ў адну варонку двойчы падае вельмі рэдка.

Трэці аргумэнт: пасьля зьвяржэньня Лукашэнкі «Расея паставіць свайго стаўленіка».

Адразу ж узьнікае пытаньне: а сёньня чый стаўленік кіруе Беларусьсю? Асабліва пасьля зьяўленьня інфармацыі, што ўжо да канца году ў Беларусі паўстане расейская ваенная авіябаза.

У гэтых развагах выяўляецца нейкі расеецэнтрызм, толькі з адваротным знакам. То бок — перабольшваюцца магчымасьці Масквы, якая нібыта што хоча, тое і робіць на постсавецкай прасторы. Вось пару гадоў таму Расея не змагла правесьці свайго кандыдата на выбарах у Паўднёвай Асэтыі. А гэта ж цалкам марыянэткавае ўтварэньне. Бюджэт Паўднёвай Асэтыі цалкам фармуецца Расеяй, большасьць грамадзян маюць расейскія пашпарты. А вось жа на выбарах перамог апазыцыйны кандыдат, давялося адмяняць вынікі выбараў. Беларусь жа — значна больш незалежная краіна.

Цікава, што самі дэмакратычныя лідэры катэгарычна нязгодныя з вэрсіяй, што беларуская апазыцыя слабая, не карыстаецца падтрымкай народа. Яны кажуць, што ўся праблема ў дыктатуры. Вось калі яе ня стане, зьявіцца свабода, тады мы сябе пакажам.

У такім разе, калі цяперашні рэжым будзе зрынуты, то палітычная вага апазыцыі непазьбежна ўзрасьце. У краіне зьявіцца нармальны парлямэнт, які будзе ўплываць на палітычныя рашэньні. У любым выпадку там будзе значна прадстаўлена апазыцыя, магчыма, нават будзе дамінаваць. І, значыць, магчымасьць супрацьстаяць ціску Расеі павялічыцца. Урэшце, на палітычную арэну выйдзе яго вялікасьць народ.

Лідэры апазыцыі не даюць адказу на пытаньне, якім шляхам можна дасягнуць пераменаў, калі яны супраць рэвалюцыі. І тады няма чаго крыўдзіцца, калі ў сацыяльных сетках беларускую апазыцыю абвінавачваюць у тым, што яна зацікаўленая ў захаваньні статус-кво.

  

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме