15:00 23.02.2010 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Рыгору Барадуліну — 75! З юбілеем, шаноўны Рыгор Iванавіч!
Паэт Праўды
Праўда наперадзе мне павадыркаю ходзіць...
Рыгор Барадулін
Рыгору Барадуліну — 75!
З чым прыйшлі мы да юбілею нашага нацыянальнага генія?
З тым, што чыноўнікі паспрабавалі адмяніць прэзентацыю новай кнігі Паэта.
З тым, што ва ўсім Мінску не знайшлося памяшкання для ягонай юбілейнай вечарыны.
Урэшце, з тым, што паклала Паэта ў шпіталь: ён надта блізка да сэрца прыняў чарговы напад улады на нацыянальную літаратуру — ліст, накіраваны з Адміністрацыі Прэзідэнта ва ўсе ведамствы, дзе працуюць сябры Саюза беларускіх пісьменнікаў: дэструктыўнай, як напісана ў лісце, арганізацыі, сяброўства ў якой несумяшчальнае з працай у дзяржаўных установах. Таму няхай сябры гэтай арганізацыі ці пішуць заявы аб выхадзе з яе, ці ганіце іх у каршэнь!
І пагналі!.. Многія апынуліся пад пагрозай страціць работу, магчымасці карміць сям’ю.
У мяне ёсць кніга ў белым, чыстым пераплёце з гербам і залатымі літарамі на вокладцы: КАНСТЫТУЦЫЯ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ. На гэтай кнізе даваў клятву Прэзідэнт — і ў ёй у артыкуле 36 чорным па белым напісана: “Кожны мае права на свабоду аб’яднанняў”. А Саюз беларускіх пісьменнікаў ёсць не што іншае, як свабоднае аб’яднанне, быць ці не быць у якім вырашаецца толькі самімі ягонымі сябрамі.
Але на гэта напляваць! Мы вырашаем, што вам вырашаць! І саюзу пісьменнікаў, і саюзу прыдпрымальнікаў, і саюзу палякаў — усім!..
Скажыце: дзяржава, у якой адна з найвышэйшых службовых асоб падпісвае дакумент, які супярэчыць Канстытуцыі, — гэта якая дзяржава?.. Улада, для якой закон не закон, — гэта якая ўлада?..
Рытарычныя пытанні. Гэта наша такая дзяржава. Гэта наша такая ўлада.
Хто з нас і дзе па законе можа адстаяць свае правы, знайсці праўду? Ніхто і нідзе. Мы жывем у краіне беззаконня, бяспраўя, маны. Татальнай маны, якая стала дзяржаўнай ідэалогіяй.
Хто ў гэтым вінаваты? Толькі ўлада? А грамадства?.. Мы?.. Народ, які прамаўчаў сваю праўду! Які яшчэ на першым усенародным рэферэндуме не захацеў убачыць закладзеную ў ім ману, моўчкі адмовіўся ад сваёй гісторыі, нацыянальнай мовы, культуры, ад праўды пра тое, адкуль мы і хто мы ёсць, — і не перажыў гэта, як трагедыю! Які на другім рэферэндуме адмовіўся ад права выбару, ад права ўдзельнічаць у кіраванні краінай, ведаць пра тое, на што ён сплачвае падаткі, куды ідуць ягоныя грошы, згадзіўся не ведаць ніякай праўды пра ўладу і схаваць усялякую праўду пра сябе — і не адчуў сораму! Наадварот, ганарыўся тым, што ўлада, атрымаўшы ад яго ўсё, што хацела, нахвальвала яго: такі ўжо рахманы, памяркоўны, ціхі ды мяккі! Хоць ты яго да аднаго месца прыкладвай...
І прыклалі: нюхайце! У нас найвышэйшы сярод краін былога СССР узровень жыцця — нюхайце! У нас даяркі зарабляюць 700 долараў — нюхайце! У нас няма крызісу — нюхайце! У нас ніхто не памірае ад грыпу — нюхайце! У нас свабода, роўнасць, дэмакратыя — нюхайце, нюхайце, нюхайце!..
“Смярдзіць!” — крычыць Паэт Праўды, адзін з найлепшых сыноў Беларусі, а ў адказ яму ўсе званы дзяржаўных званіц — газеты, радыё, тэлебачанне: “Фіялкамі! Фіялкамі! Фіялкамі!..”
Мана, як ракавая пухліна, пусціла метастазы ва ўсе сферы нашага жыцця. Яна, мана, пануе ў ідэалогіі, яна гаспадарыць у эканоміцы. Скрозь і паўсюль мана, мана, мана — і нічога, апроч маны.
Гэта духоўная катастрофа.
Для барацьбы з маной ёсць адна зброя — ПРАЎДА. Адкрытая, бясспрэчная, вечная. Вялікая, чыстая, святая. Балючая, пякучая, цярновая. Мужная, непераможная ПРАЎДА.
Васіль Быкаў казаў: няхай на іхнім баку перамога, але на нашым баку — ісціна. Праўда, з якой выстаім.
“Трэба нешта прыдумаць, трэба зрабіць усё, што ў нашых сілах, — з адчаем казаў Рыгор Барадулін, калі прыйшоў я наведаць яго ў шпіталь. — Трываць болей немагчыма, немагчыма...”
Яго выпісалі са шпіталю... Здавалася, усё будзе добра. І раптам... Зноў — у рэанімацыю. У стане, які называюць стабільна цяжкім.
Ці не той гэта стан, у якім усе мы сёння знаходзімся?..
Дык што мы можам зрабіць?.. Што ў нашых сілах?.. А не так і мала: напісаць, сказаць. Давесці ПРАЎДУ. Гэта найпершае, што мы можам зрабіць, каб захаваць сябе, не страціць чалавечую годнасць.
Паасобку — усё страцім. Не выстаім, не абаронімся. Трэба разам стаяць і разам бараніцца. Рабочым, студэнтам, прадпрымальнікам, пісьменнікам, сялянам — народу.
Дзеля гэтага мусім мы гаварыць праўду. Не дзеля ўлады, не дзеля апазіцыі — дзеля будучыні нашых дзяцей!
Гавары праўду — і ты дапаможаш сабе і сваім родным.
Гавары праўду — і ты дапаможаш сваёй краіне і свайму народу.
Гавары праўду — і ты ўбачыш, наколькі лягчэй, наколькі святлей табе стане жыць. Проста гавары праўду...
Уладзімір НЯКЛЯЕЎ
* * *
Пік Барадуліна
Трохі згадак і разваг напярэдадні 75-годдзя Народнага паэта
Сёння многім аматарам беларускага прыгожага пісьменства, напэўна, здаецца дзіўным, што паўвеку назад у нашай паэтычнай класіцы не было яшчэ яркай і непаўторнай творчасці Рыгора Барадуліна. А я добра памятаю тую, ужо далёкую, пару, калі чарнявы вастраносы ўшацкі хлопец ва універсітэцкім інтэрнаце на Бабруйскай вуліцы імпэтна круціў з аднакурсніцамі “полечкі” і бегаў на пасяджэнні літаб’яднання пры “Чырвонай змене”, дзе рэй вялі Іван Калеснік і Артур Вольскі. Памятаю і той шчаслівы дзень, калі Рыгор, выпускнік БДУ, ласкава, нібы трапятлівага падлётка, трымаў у руках сваю першую, на 100 старонак, у мяккай вокладцы, кніжку “Маладзік над стэпам” і не мог суцішыць маладой радасці і п’янкога нехаванага ўздыму.
Нядаўна я перачытаў “Маладзік...” — быццам вярнуўся ў паўзабытае юнацтва, зноў пабыў з бязвусым і густачубым Барадуліным, які тады, можа, нават і не здагадваўся, якія шырокія і зіхоткія далягляды вось-вось расхінуцца перад ім. Вядома, гэта яшчэ быў не “дзядзька Рыгор”, што па праву заняў месца ў адным шэрагу з Багдановічам і Купалам, Панчанкам і Куляшовым. Але ўжо і тады ў вершах ягоных угадваўся талент глыбокі, адметны і — непаўторна нацыянальны. Ужо тады ў іх уладна гучаў голас пакалення, апаленага самай жорсткай у гісторыі вайною, і шчодра бруілі пясчаныя крынічкі Полаччыны. Ужо тады Барадуліна вызначалі светлы настрой, добрая, з хітрынкай усмешка і тонкае адчуванне незацёртага роднага слова. Ужо тады ў радках праглядваўся паэт з маляўнічым, “прадметным” метафарычным мысленнем, з чуйнай увагаю да мелодыкі беларускай мовы:
Б’е пярун прамой наводкай,
А маланкі неба крэсляць,
Як з Бюро надвор’я зводку
Аб бясхмар’і на ўвесь месяц.
(“Б’е пярун...”)
І фікус, што я флянцам помню,
Упёрся ў столь ілбом ліста...
(“У роднай хаце”)
На лугу —
Мурагу
На зялёненькім
Ды пасе
Па расе
Хлопец коніка.
(“На маёвай расе”)
Там ужо былі славутыя “Бацьку”, “Як захліпнуўся ад радасці жаўранак...”, “Добрай раніцы!”, “Насціна кухня”... Словам, Барадулін ужо быў, праўда, яшчэ “зялёны”, яшчэ нейкі стрыманы, залішне ўзрушаны, але ўжо — Барадулін.
Далей было імклівае, плённае, відавочнае ўзыходжанне да вышынь зместу, роздуму, майстэрства.
Абменьваючыся кніжкамі, мы звычайна жадалі адзін аднаму: “Каб часцей і таўсцей”. “Дык вось у Рыгора было менавіта так — працаваў ён напружана і шмат. Груба кажучы, з яго проста “пёрла” надзейна замацаванае ў слове жаданне выказацца пра ўсё, што ведаў, што пабачыў у свеце, што ўзрушыла ў сяброўскім застоллі ці ў шчырай споведзі каля начнога вогнішча. Ён, як той ягоны жаўранак, ажно захліпаўся ад паўнаты, заблытанасці і непрадказальнасці жыцця, ад зачараванасці любай Ушаччынай і хмельнай паганскай улады над паэтычным словам. Крытыкі дружна хвалілі яго, семнаццацігадовыя паклонніцы закахана вучылі на памяць ягоныя радкі, калегі раўніва зайздросцілі. А ён пісаў, пісаў, пісаў, па-мойму, сам здзіўляючыся ўласным магчымасцям.
Этапнымі для ўсёй нашай літаратуры сталі, на мой погляд, ягоныя паэмы “Куліна” і, як мне здаецца, дасюль па-сапраўднаму не прачытаная і не ацэненая адмыслоўцамі “Блакада”. Калі гаварыць гучна, у іх натуральна і непарыўна паядналіся агульны народны лёс і адметная чалавечая доля, асабісты — ажно да крыку — боль і бязмежная мужная людская цярплівасць. Без афектацыі, без штучнага пафасу, без прэтэнзій на сенсацыйнае адкрыццё, спакойна і годна падаецца горкая, абвугленая праўда пра вайну, якую проста абавязаны адчуць і ўсвядоміць кожны беларус, кожны насельнік адвечнай і спакутаванай роднай зямлі.
Прадэманстраваўшы вясёлкавую вобразнасць, іскрысты, сонечны лівень асацыяцый, неверагодны салаўіны гукапіс (прыгадайце хаця б “Палату мінёраў”, “Маю мову”, “Порт”, “Матылёк”, “На радзіме дружбака” і г.д. і г.д.), Рыгор Барадулін неяк непрыкметна і нечакана “пацішэў”, засяродзіўся і прыйшоў да “Евангелля ад мамы”, “Палыновых санетаў” і, нарэшце, — да унікальных ва ўсёй еўрапейскай паэзіі “Кстоў”, якія заканамерна і заслужана былі вылучаны на Нобелеўскую прэмію. Ён не страціў нічога са сваёй нястрымнай фантазіі, са свайго чараўнічага ўмельства, са сваёй духоўнай чысціні. Але як ён памудрэў, як наблізіўся да Боскага разумення чалавечай душы і зямной рэальнасці, які стаў ашчадны ў слове і думцы, як рашуча адкінуў усё выпадковае і неістотнае!..
Рыгор Барадулін — народны паэт Беларусі. І ў гэтым спалучэнні ганаровага афіцыйнага звання і выдатнай асобы геніяльнага творцы мне бачыцца не толькі адзнака ўсеагульнай любові да паэта, а і сведчанне высокага інтэлектуальнага ўзроўню нашай роднай літаратуры, што мае таленты, якім пад сілу ўсе класічныя вершаваныя формы, якія могуць на роўных “цягацца” з найлепшымі майстрамі слова славянскага (і не толькі) свету, якія пацвярджаюць невычэрпныя магчымасці матчынай мовы і паўнавартаснасць айчыннай гісторыі. І няхай сёння нахабна пнуцца ў класікі самаздаволеныя, малаталенавітыя паслугачы ўладароў чынавенскіх тронаў і графаманістыя прыблуды з суседскіх правінцыйных закуткаў, тое, што ў нас ёсць творчасць Рыгора Барадуліна (і ягоных паплечнікаў), робіць усе іх натужныя высілкі марнымі і смешнымі. Шкада, што гэта ніяк не могуць зразумець не толькі ва ўладных кабінетах, а і ў асяродку ачмураных сучасным тэлебачаннем так званых “масавых чытачоў”...
Не толькі на Каўказе сваіх выдатных паэтаў параўноўваюць з горнымі вяршынямі. Давайце не будзем адмаўляцца ад прыгожай традыцыі і парадуемся, што і ў нашай лясной і раўніннай старане ёсць свая паднебная горная града, дзе пад самым сонцам непагасна ззяюць святыя імёны Багушэвіча, Купалы, Коласа, Багдановіча... Там, каля іхніх вяршынь, узнімаецца і пік Барадуліна...
БЛІСКАВІНКІ
Нядаўна народны паэт Рыгор Барадулін зрабіў новы дарунак усім, хто любіць беларускае слова. Гэта кніга вершасказаў "НАВОШТА", спарадкаваная Алесем Камоцкім, у атачэнні фотаздымкаў Джона Кунстадтэра. Тут няма ніякіх прадмоў-уводзінаў, нейкіх тлумачэнняў, нават подпісаў пад здымкамі. Яны і не патрэбны. Пад вокладкай — трапныя назіранні і развагі творцы, які валодае дарам віртуозна мысліць і віртуозна-проста, літаральна у некалькіх афарыстычных словах выказваць здабытую па крупінках мудрасць аб сэнсе быцця і небыцця, шматколерных жыццёвых праявах. Што ні слова — то бліскавінка. Паэт-філосаф у бясконцым пошуку адказу на вечныя пытанні, якія рана ці позна паўстаюць перад кожным: навошта ты, чалавек, прыйшоў у гэты свет? Чым даражыш у ім, які след пакінеш пасля сябе? І дзеля чаго ўсё, калі табе не "баліць недабінтаваная бярэзінка", калі не заўважаеш жаўрука, што "нашчыцца песняй"?
У адно непадзельнае цэлае з вершасказамі злучаюцца вобразы роднай зямлі на фотаздымках — паэтычныя краявіды, абліччы простых і вялікіх людзей, што ўвасобілі беларускую душу сваёй стойкасцю перад усімі наваламі, сваёй нязводнай дабрынёй, чысцінёй і высакародствам.
Прапануем увазе чытачоў верш і некалькі занатовак з кнігі "НАВОШТА".
А шаноўнаму Рыгору Іванавічу зычым непарушнага здароўя, нездрадлівых сяброў і па-ранейшаму творчай неўтаймаванасці.
Рыгор БАРАДУЛIН
Хай будзе ўсё як будзе —
Рака цячэ ў вякі.
Хай вейкі асакі
Дрыжаць у перапудзе.
Хай людзіцца бязьлюдзьдзе,
І ў раніцы з рукі
Расу п'юць жаўрукі.
Хай будзе ўсё як будзе.
***
Чалавек задуманы як пытальнік, а пнецца ў клічнікі.
***
Думкі свой узрост не заўважаюць.
***
Ня часта падаюць зоркі ў студню душы.
***
Аголены меч ня мае часу на роздум.
***
Смех перабягае дарогу смерці.
***
Душа ў людскім бары кукуе зязюляй.
***
І памерці самім сабой.
***
Чалавека, як скарб,
хаваюць у зямлю ад жыцьця.
***
Наступнае наступае на мазалі мінуламу.
***
Дзе навучыцца душы не спатыкацца?
***
Лесу дровы не ў галаве.
***
Радасць чуе толькі сябе, як і маладосць.
***
Доля на долькі ня дзеліцца.
***
Зоркі з надзеяй трымаюцца
за нашыя позіркі.
Словам можна перавязваць раны.
Шлях — той рух, які ня ведаем мы,
а ён нас ведае.
Час па частках мяне разьбірае,
як гадзіннік стары.
***
Памяць мусіць цяміць.
***
Чым зважыць камень,
што ляжыць на сэрцы?
***
Самае адкормленае ў свеце — зло.
***
Маліцца словам і слову маліцца.
***
Я саромеюся чыстага сьнегу.
***
Толькі ў мамы ты лепшы самы.
***
Часу няма калі адпачыць.
***
Рацэ ад берага не ўцячы.
***
Гром не чуе сябе, бліскавіца не бачыць.
***
Карані — зямлі,
вершаліны — небу.
***
А мне баліць недабінтаваная бярэзінка.
***
Незабытыя не старэюць.
***
У роднай зямлі і нябожчыку цёпла.
***
Радзіма там, дзе начуе душа.
Генадзь БУРАЎКІН
"Народная Воля" ()
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме