13:45 07.02.2022 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

Рэзалюцыя ХХІ з’езду Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада)

Заслухаўшы справаздачныя даклады старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) І. Барысава і Цэнтральнай Рэвізійнай Камісіі БСДП, ХХІ з’езд партыі канстатуе, штосправаздачны перыяд супаў з найбольш складаным этапам у найноўшай гісторыі Беларусі.

Рост грамадзянскай актыўнасці вёў да прытоку ў партыю новых людзей. БСДП працягвала развівацца і ўмацоўвацца. Зарэгістравана Магілёўская гарадская арганізацыя. З’явіліся офіс Пінскай гарадской арганізацыі, новае офіснае памяшканне для працы Брэсцкай абласной арганізацыі і арганізацыйных структур горада Брэста, партыйны офіс у горадзе Гомелі. У офісным памяшканні цяпер “прапісаныя” Мінская абласной арганізацыя і суполка “Нававіленская” Цэнтральнага раёна г. Мінска.

Наладжана сталае навучанне сябраў партыі ў Сацыял-дэмакратычных акадэміях і ў семінарах-трэнінгах па медыя, распрацаваны тыповы семінар “Школа партыйнага кандыдата” для будучых кандыдатаў у дэпутаты. Увайшло ў практыку правядзенне канферэнцый БСДП з удзелам сябраў Цэнтральнага Камітэта, Цэнтральнай Рэвізійнай Камісіі і Прэзідыума партыі з запрашэннем беспартыйных спецыялістаў.

Адсутнасць партыйнага кандыдата на пасаду Прэзідэнта Беларусі не знізіла актыўнасці партыйцаў у палітычнай кампаніі “выбары Прэзідэнта”: упершыню ў гісторыі БСДП вылучыла найвялікшую колькасць сябраў партыі ў выбарчыя камісіі: 224 ва ўчастковыя і 16 у тэрытарыяльныя — усяго — 240 чалавек. Па гэтым паказчыку БСДП была першай сярод партый дэмакратычнай апазіцыі.

Партыя працягвала займацца законапраектнай дзейнасцю. За справаздачны перыяд былі распрацаваны і выдадзены брашурамі ў серыі “Бібліятэка сацыял-дэмакрата” праекты законаў “Аб упаўнаважаным па правах чалавека”, “Аб палітычных партыях”, “Аб грамадскіх абмеркаваннях праектаў рашэнняў, якія прымаюцца дзяржаўнымі органамі, а таксама органамі кіравання і самакіравання” і “Аб судзе прысяжных”, а таксама праекты канцэпцыі рэформы праваахоўных органаў і канцэпцыі рэфармавання адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўладкавання і мясцовага самакіравання ў Рэспубліцы Беларусь. Працягваецца праца па распрацоўцы іншых законапраектаў і канцэпцый рэформ.

У пандэмічны час не памяншаюцца сувязі з сацыял-дэмакратамі іншых краін. Для захавання кантактаў сталі карыстацца сістэмамі інтэрнэт-сувязі.

Пасля жнівеньскіх падзей 2020 г. БСДП змагла сабраць за адным сталом 10 палітычных партый з 15 зарэгістраваных у Беларусі: БСДП, “Зялёныя”, АГП, Партыя БНФ, “Справядлівы свет”, БСДГ, Партыя народнай згоды, Сацыяльна-спартыўная партыя, Рэспубліканская партыя і Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці. Пры гэтым апошнія чатыры традыцыйна адносіліся да “праўладных”, якія падтрымлівалі дзеючы рэжым. Усе 10 афіцыйна зарэгістраваных палітычных партый прыйшлі да агульнай пазіцыі і падпісалі сумесную Рэзалюцыю з патрабаваннем спыніць гвалт, вызваліць усіх затрыманых пратэстоўцаў, арганізаваць дыялог з прадстаўнікамі ўсяго спектра грамадска-палітычных сіл з мэтай арганізаваць цягам 6 месяцаў новыя прэзідэнцкія выбары.

У 2021 г. Цэнтральны Камітэт удасканаліў Статут партыі: адрэгуляваў працэдуру стварэння арганізацыйных структур БСДП. У сувязі з гэтым ХХІ з’езд БСДП рэкамендуе новавыбранаму Цэнтральнаму Камітэту прыняць усе магчымыя меры для рэгістрацыі (пастаноўкі на ўлік) новых арганізацыйных структур партыі, у першую чаргу раённых у Гомельскай вобласці, каб можна было зарэгістраваць Гомельскую абласную партыйнуюарганізацыю.

Разам з тым З’езд канстатуе, што ў партыі не атрымалася нармалізаваць працу па ўліку сябраў БСДП. Дзеля гэтага З’езд партыі рэкамендуе апарату Цэнтральнага Камітэта БСДП патрабаваць верыфікаваныя спісы абласных і Мінскай гарадской арганізацый да 15 лютага кожнага года.

Пры такім алгарытме старшыні гарадскіх і раённых арганізацыйных структур БСДП павінны перадаць звесткі аб колькасным і асабовым складзе аргструктур старшыням абласных і Мінскай гарадской партыйных арганізацый да 15 лютага.

Да 15 лютага старшыні абласных і Мінскай гарадской арганізацый павінны верыфікаваць звесткі аб сябрах партыі, якія пражываюць у гарадах і раёнах, дзе няма зарэгіставаных (пастаўленых на ўлік) арганізацыйных структур БСДП.

Не пазней як 15 лютага звесткі б колькасным і асабовым складзе абласных і Мінскай гарадской арганізацый павінны быць перададзены ў апарат Цэнтральнага Камітэта партыі.

Апарат ЦК БСДП самастойна верыфікуе звесткі аб сябрах партыі, якія пражываюць у Гомельскай вобласці да моманту стварэння Гомельскай абласной арганізацыі БСДП.

Для забеспячэння парадку ў справаводстве партыі і яе арганізацыйных структур, З’езд рэкамендуе:

устанавіць за правіла, што пратаколы справаздачна-выбарчых сходаў (канферэнцый), якія дастаўляюцца ў апарат ЦК у электроннай версіі, па магчымасці павінны быць ў фармаце фотавыявы;

копіі пратаколаў і выпіскі з пратаколаў, перасланыя ў апарат ЦК у фармаце тэкставага файла, павінны быць засведчаныя подпісам старшыні адпаведнай абласной арганізацыі або яго намесніка і змацаваныя пячаткай арганізацыі або, калі яе няма, пячаткай партыі;

апарату ЦК БСДП на пачатку кожнага года складаць графікі правядзення справаздачна-выбарчых сходаў (канферэнцый) арганізацыйных структур;

устанавіць правіла: калі юрыдычны адрас арганізацыйнай структуры знаходзіцца ў офісным памяшканні, дакументацыя гэтых структур не можа захоўвацца дома ў іх старшыняў;

калі месца пастаяннага пражывання старшыні арганізацыйнай структуры і партыйны офіс знаходзяцца ў розных населеных пунктах, старшыня структуры мае права захоўваць партыйную дакументацыю, з якой ён працуе, у сябе дома часова;

у сувязі з тым, што юрыдычныя адрасы Мінскай абласной арганізацыі, суполак і раённых арганізацый Брэста, раённых арганізацый Віцебска, Гродна, Магілёва і Мінска знаходзяца цяпер у офісных памяшканнях, трэба, каб дакументацыя кожнай з гэтых арганізацыйных структур вялася асобна ў адпаведнасці з наменклатурай спраў.

З’езд БСДП з задавальненнем канстатуе, што адбываецца амаладжэнне партыйнага актыву, але застаецца не вырашаным пытанне працы рабочай групы “Моладзь БСДП”. Цэнтральнаму Камітэту даручаецца прадумаць і вырашыць пытанне аб актывізацыі такой групы, якая павінна стаць кузняй кадраў для партыі.

З’езд канстатуе, што ў справаздачны перыяд павялічылася жаночая прысутнасць у партыі. З’езд заклікае Цэнтральны Камітэт і арганізацыйныя структуры БСДП актывізаваць працу рабочай групы “Жанчыны БСДП”.

Адзначаючы пэўныя праблемы са зборам штогадовай складкі сябраў БСДП, з’езд лічыць патрэбным увесці такую норму: кожны сябар партыі, чыя кандыдатура вылучана на выбарную пасаду, павінен пацвердзіць, што ён выплаціў партыйную складку.

З’езд лічыць, што перанос тэрмінаў правядзення выбарчых кампаній па выбарах дэпутатаў у мясцовыя Саветы дэпутатаў і ў Палату прадстаўнікоў, не павінен разнявольваць і спыняць працу па падрыхтоўцы кандыдатаў у дэпутаты. Правядзенне выбарчых кампаній рознага ўзроўню ў адзіны дзень галасавання ставіць перад БСДП большы выклік — партыя павінна выставіць адначасова больш кандыдатаў на выбарах усіх узроўняў, чым у асобных палітычных кампаніях, якія праводзіліся раней.

З’езд даручае Цэнтральнаму Камітэту да 1 чэрвеня 2022 г. стварыць аргкамітэт па падрыхтоўцы да выбараў у мясцовыя Саветы.

З’езд даручае Цэнтральнаму Камітэту да 1 траўня 2022 г. распрацаваць праграму захавання, развіцця і распаўсюду беларускай мовы.

З’езд адзначае, што прапановы БСДП, накіраваныя раней у дзяржаўныя органы, не былі ўлічаны пры фарміраванні праекта змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. Прапанаваны ўладай праект змяненняў і дапаўненняў не накіраваны на выхад краіны з крызісу, а толькі замарожвае і зацягвае існуючы ў грамадстве канфлікт.

Сябры БСДП самастойна вырашаюць пытанне аб удзеле ў рэферэндуме.

З’езд выказваецца за неадкладнае спыненне палітычных рэпрэсій і вызваленне ўсіх палітзняволеных, за арганізацыю прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбараў з забеспячэннем рэальнага права назіральнікаў ад палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў, ад АБСЕ і іншых міжнародных арганізацый кантраляваць падлік галасоў.

ХХІ з’езд Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) даручае Цэнтральнаму Камітэту, усім арганізацыйным структурам партыі цвёрда прытрымлівацца каштоўнасцяў і прынцыпаў сацыял-дэмакратыі, мэтаў і задач сфармуляваных у Праграме і Статуце БСДП, у партыйнай Праграме дзеянняў.

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме