21:30 13.01.2014 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

Рэпетаваць аб’яднанне падчас мясцовых выбараў апазіцыя не будзе













Кампанія па выбарах “мясцовых” дэпутатаў распачалася дзень таму, а ў апазіцыі не ведаюць, колькі іх людзей будзе ўдзельнічаць у выбарчым марафоне.

Паводле графіка Цэнтрвыбаркама, вылучэнне кандыдатаў у мясцовыя саветы распачалося 12 студзеня. Колькі прадстаўнікоў дэмакратычных сіл паспрабуюць свае сілы на гэтых выбарах? Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч дакладнай лічбай такіх ахвочых і сёння не валодае.

Аляксей Янукевіч:“Зараз сказаць цяжка, бо мы працягваем працаваць над спісам. Частка кандыдатаў будзе вылучацца наўпрост ад структур, а частка — праз рэгістрацыю ініцыятыўных груп. Аднак на сённяшні момант мы можам казаць пра лічбу паміж 120-130 кандыдатамі”.

Аб’яднаная грамадзянская партыя, паводле слоў намесніка старшыні Льва Марголіна, разлічвае вылучыць “ад 150 да 200 кандыдатаў”. У спісах партыі левых “Справядлівы свет” зараз 182 патэнцыйныя кандыдаты, але намеснік старшыні партыі Валеры Ухналёў спадзяецца, што іх будзе каля 200. Віталь Рымашэўскі не сумняваецца, што ў спісах Беларускай хрысціянскай дэмакратыі будзе “крыху больш за 200 чалавек”, а намеснік лідара руху “За свабоду” Юрась Губарэвіч прызнаецца, што “яны разлічваюць ахапіць каля 270 чалавек з улікам кандыдатаў з іншых структур і незалежных кандыдатаў”. У спісе БСДП (Грамада) зараз 88 кандыдатаў, “Гавары праўду” замахваецца на 500, а ЛДП — “ад 40 да 60 чалавек у кожнай вобласці”.

Калі параўноўваць сёлетнія мясцовыя выбары з выбарамі 2010 года, то тады “Справядлівы свет” падаў дакументы на рэгістрацыю 126 кандыдатаў, Аб`яднаная грамадзянская партыя — 154, Партыя БНФ — 106, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) — 32, Беларуская партыі “Зялёныя” — 5, Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада — двух кандыдатаў. 204 актывісты БХД зарэгістравалі свае ініцыятыўныя групы — ішлі на выбары шляхам збору подпісаў. Іх, дарэчы, трэба ўсяго 75.

У выніку, на мінулых мясцовых выбарах апазіцыянеры атрымалі 10 дэпутацкіх мандатаў на ўсіх. З 21288 абраных дэпутатаў.

Не лепшая сітуацыя і з прадстаўнікамі апазіцыі ў выбарчых камісіях. У склад акруговых камісій з 97 прадстаўнікоў Беларускай партыі левых "Справядлівы свет" уключаныя толькі восем, з 44 Партыі БНФ — тры, з 41 Ліберальна-дэмакратычнай партыі — чатыры. З 36 і 8 прадстаўнікоў апазіцыйных Аб'яднанай грамадзянскай партыі і Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) у склад акруговых камісій не ўключаны ніводны чалавек. 15 апазіцыянераў на 4393 сяброў акруговых камісій. А на 10607 абраных-прызначаных сяброў тэрытарыяльных камісій — 6.

Але ж чаму не ўсе дэмструктуры вылучалі сваіх людзей у камісіі?

“Камісіі гэтага высокага ўзроўню, яны, па-сутнасці, не вырашаюць амаль нічога, — тлумачыць сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі. — Вядома, што фальсіфікацыі адбываюцца ў камісіях. І вось ва ўчастковыя камісіі мы, безумоўна, будзем вылучаць сваіх прадстаўнікоў”.

Што цікава, нават падчас мясцовых выбараў апазіцыя не збіраецца аб’ядноўвацца. І ў тым выпадку, калі на адным участку сыдуцца некалькі прадстаўнікоў дэмсіл, кожны будзе за сябе і наўрад ці здымецца на карыць калегі. Сэнсу няма, лічыць старшыня БСДП (Грамада) Ірына Вештард.

Ірына Вештард:“Я не вельмі веру ў тое, што нам улада дасць магчымасць атрымаць перамогу. Таму калі падчас мясцовых выбараў надарыцца сітуацыя, што на адным участку будзе некалькі чалавек (ад дэмсіл. — заўв. Еўрарадыё), то, на маю думку, вялікай бяды не будзе”.

Тым больш што, разважае Юрась Губарэвіч, іх кандыдаты ідуць на выбары, каб прапагандаваць ідэю “Народнага рэферэндуму”. Але, пагаджаюцца ўсе і нават намеснік старшыні ЛДП Алег Гайдукевіч, як сябе паводзіць — будзе вырашацца на месцы ў залежнасці ад канкрэтных сітуацый на канкрэтных выбарчых акругах.

Дарэчы, паводле слоў суразмоўцаў Еўрарадыё, ад 40 да 70% патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты ад апазіцыі маюць досвед альбо працы дэпутатам, альбо — удзелу ў выбарчых кампаніях. Але практычна ўсе моцна сумняваюцца, што гэты вопыт дапаможа ім атрымаць дэпутацкі мандат на гэтых выбарах.

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме