09:45 26.02.2015 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Распад «сацыяльнай дзяржавы»
Калі я ў апошні дзень мінулага году напісаў блог пад назвай «», які быў перадрукаваны іншымі інтэрнэт-парталамі, то «Советская Белоруссия» абрынулася на мяне з рэзкай крытыкай аж у двух матэрыялах. Маўляў, усё гэта лухта, аўтар скажае сьветлае аблічча беларускай сацыяльнай мадэлі.
Прайшло няшмат часу. У панядзелак 23 лютага ў перадачы «Форум» тэлеканалу «Беларусь 1» першы віцэ-прэм’ер Васіль Мацюшэўскі адзначыў, што эканоміка Беларусі ўступае ў пэрыяд турбулентнасьці.
Вось урад распрацаваў праграму сваёй дзейнасьці, якая прадстаўлена 25 лютага Палаце прадстаўнікоў і зацьверджана дэпутатамі. Урадоўцы прапануюць тры сцэнары разьвіцьця падзеяў у эканоміцы ў залежнасьці ад усясьветных цэнаў на нафту і абменнага курсу расейскага рубля. У такіх умовах ні пра якую стабільнасьць і гаварыць не выпадае.
Праграма практычна ня ўтрымлівае канкрэтных лічбавых паказчыкаў. Увогуле, называць прапанаваны дакумэнт праграмай цяжка. Гэта набор добрых пажаданьняў, і ня больш за тое. Але цяжка чакаць ад ураду нечага іншага. Бо ён не вызначае эканамічнай палітыкі, гэтая функцыя застаецца за Лукашэнкам. А той заявіў на нядаўняй прэсавай канфэрэнцыі, што пакуль ён займае пасаду прэзыдэнта, то ніякіх рэформаў у краіне ня будзе. Кола замкнулася.
Варта зьвярнуць увагу на такі нюанс. Ідэалягічны канструкт пра Беларусь як сацыяльную дзяржаву — адно з галоўных прапагандысцкіх клішэ. Але па меры скарачэньня рэсурсаў, пагаршэньня эканамічнага становішча элемэнты сацыяльнасьці паступова зьнікаюць. І ў адукацыі, і ў ахове здароўя доля платных паслугаў толькі расьце. Калі параўноўваць з эўрапейскімі суседзямі, то, фактычна, у Беларусі да праяваў «сацыяльнай дзяржавы» можна аднесьці толькі нізкія камунальныя тарыфы, невысокія кошты грамадзкага транспарту і адносна невялікі ўзровень беспрацоўя, абумоўлены тым, што дзяржпрадпрыемствам было забаронена звальняць супрацоўнікаў. То бок дзяржаўны сэктар выконваў ня толькі эканамічную, але і сацыяльную функцыю, забясьпечваючы насельніцтва працай.
Але факты сьведчаць пра тое, што гэтая апошняя функцыя дзяржаўных прадпрыемстваў ліквідуецца. Не да жыру. Паводле , пачалося значнае скарачэньне штатаў на флягманах беларускай прамысловасьці. За дзевяць месяцаў мінулага году колькасьць работнікаў МАЗа зьменшылася на 10%, гэта 2000 чалавек. З «Гродна-Азоту» звольнілі 2,4 тысячы работнікаў — пятую частку ўсіх занятых. На 15% — на 1 тысячу працоўных — скараціўся пэрсанал «Магілёўхімвалакна».
Масавае беспрацоўе для Беларусі — новая зьява. Што варта было б рабіць уладам у такой няпростай сытуацыі? Найперш, не пагаршаць, не абвастраць праблему.
Насамрэч жа ўсё робіцца з дакладнасьцю да наадварот. Напрыклад, кампанія барацьбы з «дармаедамі» («тунеядцами») магла б мець хоць нейкі эканамічны сэнс, калі б у краіне быў дэфіцыт рабочых рук. Калі ж усьлед за прыватным сэктарам пачалі скарачаць работнікаў і дзяржпрадпрыемствы, спроба прымусіць працаваць незанятае насельніцтва ператвараецца ў абсурд.
Ці вось барацьба ўлады з індывідуальнымі прадпрымальнікамі (ІП). Гэтыя людзі ня толькі забясьпечваюць сябе працай, але трымаюць і найманых работнікаў. А прэзыдэнцкі ўказ № 222 фактычна пазбаўляе іх магчымасьці працаваць, разбурае іхні бізнэс. У выніку ІП папоўняць шэрагі беспрацоўных. Гаворка ідзе пра дзясяткі тысяч людзей.
Каму і навошта гэта трэба? Ствараецца ўражаньне, што ўлады штучна, уласнымі рукамі штурхаюць краіну да сацыяльнай нестабільнасьці.
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме