12:00 26.10.2011 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

РЭФОРМА ПЕНСIЙНАЙ CICТЭМЫ БЕЛАРУСI

Неабходнасць рэфармавання пенсійнай сістэмы Беларусі з прычыны дэмаграфічных зменаў і скарачэння аб’ёма працоўнай сілы была не такой відавочнай для шэрагоўца, а таму магла ігнаравацца ўладамі доўгі час. Але валютны крызіс выкрыў хісткасць салідарнай пенсійнай сістэмы Беларусі, пакінуўшы сярэднюю пенсію на мяжы беднасці. Аднак беларускія чыноўнікі і дагэтуль лічаць пенсійную сістэму Беларусі шчодрай і стабільнай.

“Шчодрасць пенсійнай сістэмы заключаецца ў тым, што яна прадстаўляе пенсійныя выплаты вельмі рана і шмат каму. Сёння сярод тых, хто атрымоўвае пенсіі, 27% насельніцтва краіны”, лічыць намесніца міністра працы і сацыяльнай абароны Валянціна Каралёва.

На самой жа справе размекавальная аднаўзроўневая пенсійная сістэма з часам пераўтварылася ў вельмі неўстойлівю, сацыяльна несправедліваю, дарагую для бюджэту і стабільна жабрацкую – для шэраговых пенсіянераў. На сваім самым золку гэтая сістэма сапраўды забяспечвала даволі высокі ўзровень пенсіі першым пакаленням сваіх карыстальнікаў.

Як вядома, салідарная сістэма заключаецца ў тым, што тыя, хто працуе сёння, плацяць за тых, хто працаваў учора, а за іх заплацяць тыя, хто будзе працаваць заўтра. Такім чынам яе ўстойлівасць залежыць ад прапарцыйнасці паміж пакаленьнямі, узроўняў занятасці і заробкаў – чым болей людзей працуе і чым вышэй у іх заробкі, тым больш адлічэнняў трапляе ў фонд сацыяльнай абароны і тым вышэй пенсіі.

У Заходняй Еўропе да рэформаў схіліліся з прычыны дэмаграфічных зменаў, дыспрапорцыі паміж маладым пакаленнем і сталым, пры пастаянным падвышэньні ўзроўня і працягласці жыцця. Апошняе азначае і дадатковую нагрузку на сістэму аховы здароўя. Каб салідарная сістэма выконвала свае функцыі прыходзілася павышаць пенсійны ўзрост і падаткі, але такія меры маюць натуральныя абмежаванні і прыносяць толькі часовую палёгку.

У посткамуністычных краінах да дэмаграфічных фактараў дадаліся і эканамічныя: беспрацоўе, пераход вялікай долі эканомікі ў ценевы сектар, эміграцыя працоўнай сілы – усё гэта знізіла падатковыя ўнёскі, з якіх плаціліся пенсіі.

Сусветны банк мае вядучую ролю ў фасілітацыі пенсійных рэформаў па ўсім свеце і прапануе шматузроўневую сістэму, якая, спрошчана, выглядае так:

(1) традыцыйная салідарная пенсія дзеля забеспячэння мінімальных стандартаў. Рэгулюецца дзяржавай;

(2) абавязковыя накапляльныя адлічэнні, якія памнажаюцца праз інвестыцыі пенсійных фондаў. Узровень кантралюецца дзяржавай, кіруецца прыватна;

(3) добраахвотныя дадатковыя накапленні.

Сучасныя пенсійныя сістэмы складаюцца з розных варыянтаў спалучэння гэтых узроўняў і размеркавання па іх сродкаў.

Найбольш часта ўжываюць паняткі “шведзкая” і “чылійская” пенсійныя мадэлі. Шведзкую яшчэ называюць умоўна-накапляльнай. Пры ёй захоўваецца салідарны ўзровень. Яна характарызуецца павольным пераходам ад размеркавальнай да накапляльнай сістэмы і складаецца з трох узроўняў.

Першы – варыянт салідарнай сістэмы. Працоўныя робяць адлічэнні, якія залічваюцца на іх рахунках, але ідуць на выплаты сённяшніх пенсій. Па выхадзе на пенсію ўлічваюцца індывідуальныя запісы на рахунках працоўных і адпаведна ім яны атрымоўваюць пенсію, праіндэксаваную згодна з узроўнем роста эканомікі Швецыі, напрыклад, калі заробкі ў краіне падымуцца на 3%, пенсія ўзрасце на 1,4%. Назапашаная на індывідуальным рахунку сума дзеліцца на колькасць меркаваных гадоў жыцця на пенсіі (залежыць ад сярэдняй працягласці жыцця ў краіне). На пенсію значна выгодней выходзіць пазней. На першы ўзровень ідзе 16,5% адлічэнняў.

На другі ўзровень – 2,5%, гэты ўзровень “рэальных грошаў”, якія інвестуюцца і памнажаюцца пенсійнымі фондамі. Выплаты па гэтым узроўні залежаць ад фінансавага рынку і эфектыўнасці кіравання фондам.

Трэці ўзровень – дадатковыя добраахвотныя адлічэнні. Рэалізуюцца праз дамову з працадаўцам. Забяспечваюць на пенсіі дадаткова каля 10% ад апошняга заробку.

Чылійская пенсійная рэформа адбылася рэзка і з немагчымасці старой сістэмы забяспечваць старых. Яна больш радыкальная і арыентаваная на другі ўзровень, на прыватныя фонды.

Перавага вялікай долі другога і трэцяга ўзроўняў у тым, што забяспечваюць эканоміку краіны ўнутранымі інвестыцыямі.

Плюс накапляльнай сістэмы яшчэ і ў тым, што пенсійныя адлічэньні могуць пераходзіць у спадчыну. Напрыклад у Галяндыі пры заключэнні працоўнай дамовы супругам прапануецца наступны план: у выпадку смерці аднаго з іх атрымоўваць штомесяц ягоную пенсію ў спадчыну, альбо адзін супруг пасля выхада на пенсію другога, атрымоўвае штомесяц 17% яго пенсіі, але ў выпадку смерці ў спадчыну пенсійныя выплаты не атрымоўвае.

У выпадку Беларусі гэта мае стаць вялікім плюсам, бо многія людзі папросту недажываюць да пенсіі: з 137 тысяч памерлых у 2010 толькі 14 тысяч адышлі па старасці.

Напачатку гэтага году было абяцана, што ў 2012 Беларусь пачне пераход да ўмоўна-размеркавальнай сістэмы на ўзор шведзкай. Згодна рэкамендацыям Сусветнага банка ўсім краінам, пачаць рэформы трэба было да 2010 – у такім разе мы мелі б найменшыя страты. І паколькі гэта не першая спроба рэфармавання, не факт, што рэформа такі пачнецца.

Павышэнне пенсійнага ўзросту – частка рэформы. Улады запэўнілі беларусаў, што гэтага не адбудзецца. З улікам цяперашняга пенсійнага ўзросту ў Беларусі – 55 год для жанчын і 60 для мужчын, і сярэдняй працягласці жыцця, жанчына мае шанец правесці на пенсіі каля 22 год, а мужчына 5,3 гады. У Польшчы з улікам пенсійнай рэформы, калі ўзрост выхаду на пенсію падняўся ад такога ж узроўню, як у нас, да 60 – жанчыны і 65 год – мужчыны, жанчыны могуць пражыць на пенсіі каля 20 год, а мужчыны – 6,3 год. Пры гэтым, тыя, на каго распаўсюджваецца дарэформенная пенсійная сістэма, могуць выйсьці на пенсію на 5 год раней пры дастатковым стажы.

Таму нават з улікам таго, што павышэнне пенсійнага ўзросту можа дапамагчы бюджэту справіцца з пенсійнымі выплатамі, у беларускіх дэмаграфічных рэаліях і з улікам смяротнасці з-за хваробаў, павышэнне ўзросту проста пазбавіць многіх людзей магчымасці жыцця на пенсіі.

Любая пенсійная рэформа накладае дадатковы цяжар на бюджэт. Таму пачынаць яе лепей у часы фінансавай стабільнасці і высокага ўзроўню даверу людзей да фінансавай сістэмы.

Па ацэнках Інстытута прыватызацыі і мэнэджмэнта, зробленым у 2008 годзе, існая пенсійная сістэма Беларусі пачала прадукаваць бюджэтны дэфіціт ужо у 2010 годзе, у любым разе паміж 2015 і 2020 ён дасягне 2% ад ВУП і да 2050 году пенсійная сістэма будзе генераваць 8-16% дэфіціту бюджэта. Экспертамі Інстытута быў прапанаваны сцэнар рэформы, паводле якога можна было пазьбегнуць такой сітуацыі – пераход на 2-х узроўневую сістэму.

Але мы адсталі з рэформамі. Напрыклад, Казахстан пачаў пераход да шматузроўневай сістэмы яшчэ ў 1998, а цалкам перайсці на накапляльную сістэму ў краіне плануюць да 2040. У Расеі пенсійная рэформа пачалася ў 2002.

У дадзенай сітуацыі Беларусь, якая спазняецца з рэформамі, як і ў іншых сферах, можа прааналізаваць досвед больш актыўных краінаў.

Напрыклад, у Казахстане быў павышаны пенсійны ўзрост непрапарцыйна працягласці жыцця. Там жанчыны выходзяць на пенсію ў 58 год (пры працягласьці жыцьця 73,6 год), а мужчыны – у 63, а працягласьць жыцьця ў іх – 63,6 год!  Пры гэтым абмяркоўваецца павышэнне пенсійнага ўзросту да 65 год.

У Расеі рэфарматы сутыкнуліся з нізкім узроўнем даверу людзей да пенсійных фондаў і нізкай схільнасцю да добраахвотных накапленняў. Там так і не змаглі справіцца зь вялікай колькасцю ільготнікаў, а таксама ценевай эканомікай.

У любым разе, міжнародны досвед назапашаны вялікі, пры жаданні можна атрымаць экспертную падтрымку з боку Сусветнага банка.

Усе магчымыя цяжкасці не маюць быць перашкодай для правядзення пенсійнай рэформы ў Беларусі. На гэта патрэбная палітычная воля: пенсійныя пераўтварэнні звычайна не карыстаюцца падтрымкай у грамадзтве, больш таго, калі пенсія кожнага чалавека залежыць ад яго самога, а не ад электаральнага цыклу, пенсіянеры становяцца больш вольнай часткай грамадзтва. Па-другое, патрэбная маштабная рэформа, а не асобныя, кропкавыя пераўтварэнні, накіраваныя на “латанне дзірак”. Па-трэцяе, пенсійная сістэма не будзе паспяхова рэфармаваная без зменаў у падатковай сістэме, сістэме аховы здароўя, працоўным праве і ў іншых сферах, без стварэння дадатковых фінансавых інстытутаў, самастойных і незалежных, а таксама без бюджэтнай дысцыпліны. А галоўнае, неабходны давер насельніцтва да ўладаў.
Даша Слабчанка,

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме