07:25 14.05.2010 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
РЭФЕРЭНДУМ ПАД ДУЛАМІ АЎТАМАТАЎ
Чым бліжэй чарговыя выбары прэзідэнта Беларусі, тым больш скандалаў скалынаюць нашу краіну. То паведамляецца пра арышт чарговага высокапастаўленага карупцыянера, то ў цэнтры Мінска з блаславення прэзідэнта замежнаму фундатару прадаецца ўчастак зямлі за зусім мізэрны кошт, то падаткаплацельшчыкі раптам даведваюцца ад незалежных экспертаў, што наша краіна павінна ў 2011 годзе выплачваць працэнты па замежных крэдытах, а гэта, як палічылі аналітыкі, складзе каля 2000 долараў на кожнага грамадзяніна. Цікава: а за што павінны плаціць я і ўсе нашы выбаршчыкі, калі гэта замежная фінансавая дапамога трапіла не ў нашы сямейныя бюджэты, а наўпрост у кішэні карумпаваных службоўцаў?
І міжволі задаешся пытаннем: а ці мае права цяперашняя дзяржаўная ўлада так ставіцца да свайго народа? Чаму за недарэчную палітыку службоўцаў, што “прыхватызавалі” ўплыў на эканамічнае і палітычнае жыццё краіны, павінны разлічвацца мы? Ды і наогул: ці легітымная сама гэтая ўлада?
Насамрэч гэтаму пытанню паўтара дзесятка гадоў. У маі 1995-га палітыкі і народ сарамліва прамаўчалі, дазволіўшы першаму прэзідэнту Беларусі правесці першы рэферэндум, які раскалоў наша грамадства і прывёў яго да наступных катаклізмаў. Чамусьці менавіта гэты плебісцыт рэдка ўзгадваюць не толькі палітыкі, але і простыя выбаршчыкі. Нашы дэмакраты заўсёды кажуць толькі пра неправамоцнасць улады пасля рэферэндуму 1996 года. Аднак менавіта ўжыванне фізічнага гвалту да народных выбраннікаў, якія выступалі супраць рэферэндуму-1995, прадвызначыла статус прэзідэнта Лукашэнкі і ўсіх падуладных яму структур.
Гэта кароткае незалежнае расследаванне я распачаў, каб паказаць: менавіта 12 красавіка 1995 года — тая самая дата, калі ў краіне неканстытуцыйным спосабам усталявалася аднаасобная ўлада Лукашэнкі.
Наменклатурны пераварот
Першы ў незалежнай Рэспубліцы Беларусь рэферэндум прайшоў у літаральным сэнсе пад дуламі аўтаматаў. Жорсткае збіццё дэпутатаў Вярхоўнага Савета стала вырашальным момантам у жыцці беларусаў, які ясна выявіў, што дэмакратычных рэформ у краіне больш не будзе, што Беларусь накіроўваецца назад у савецкае мінулае. Хоць толькі год прайшоў пасля прыняцця новай дэмакратычнай Канстытуцыі...
Праца па стварэнні нацыянальнай дзяржавы, адраджэнні роднай мовы, культуры і ўзняцці нацыянальнага духу ў народзе, якая праводзілася дэмакратычнымі сіламі, выклікала панічны страх у савецкай па сваёй сутнасці наменклатуры. Беларус толькі пачаў вяртацца да сваёй забытай спадчыны, усведамляць, што ён не рускі ці савецкі чалавек, а грамадзянін суверэннай і самастойнай дзяржавы. Увасабленнем незалежнасці Беларусі з’яўляліся нацыянальныя сімвалы — герб “Пагоня” і бел-чырвона-белы сцяг. Нацыянальная сімволіка станавілася ўсё больш вядомай і папулярнай сярод шырокіх колаў насельніцтва. У дзіцячых садках, школах, вышэйшых навучальных установах пачалі выкладаць на беларускай мове. Паступова народ пад сваім гістарычным сцягам пачаў ператварацца ў паўнавартасную нацыю, у якой ёсць свая мова і гісторыя. Беларусы сталі вызваляцца ад русіфікацыі і саветызацыі, якія насаджаліся спачатку расійскімі манархістамі, а потым савецкімі камуністамі.
Але тут здарылася тое, што не магло адбыцца з нейкім іншым народам.
Ініцыятарам таго рэферэндуму стаў першы прэзідэнт краіны А.Лукашэнка. Ён звярнуўся да дэпутатаў Вярхоўнага Савета з прапановай вынесці на ўсенароднае абмеркаванне чатыры пытанні: пра наданне рускай мове роўнага статусу з беларускай; пра змену Дзяржаўнага Сцяга і Герба РБ на сімволіку, падобную на сталінска-савецкую; пра паглыбленне эканамічнай інтэграцыі з Расійскай Федэрацыяй; пра магчымасць датэрміновага спынення паўнамоцтваў Вярхоўнага Савета прэзідэнтам РБ у выпадках сістэматычнага ці грубага парушэння Канстытуцыі.
Можна сказаць, Лукашэнка пераконваў народ адмовіцца ад сваёй гісторыі, мовы і нацыянальнай сімволікі. У любой цывілізаванай краіне прэзідэнт, які прапанаваў бы скасаваць гістарычную сімволіку і фактычна аддаць родную мову на паглыненне чужой, быў бы неадкладна адхілены ад пасады. Бо няма ў гісторыі прыкладаў, каб народ сам адмаўляўся ад свайго мінулага і ад роднай мовы. Але ў нас усё адбылося па сцэнарыі, задуманым новай уладай...
У тым парламенце не ўсе дэпутаты падзялялі пазіцыю прэзідэнта, але такіх было замала. Першым, хто заявіў пра парушэнне Канстытуцыі Беларусі, была дэпутацкая група Беларускага Народнага Фронту, якую ўзначальваў сапраўдны патрыёт сваёй краіны Зянон Пазьняк. Члены фракцыі БНФ паспрабавалі пераканаць сваіх калег, што тыя ідуць не проста супраць нацыянальнай сімволікі, але і на парушэнне дзеючай Канстытуцыі.
І ў гэты кульмінацыйны момант улада пераступіла парог палітыкі і абвясціла вайну тым, хто не згодны з курсам прэзідэнта.
З пункту гледжання Закона
Дзяржава, усе яе органы і службовыя асобы дзейнічаюць у межах Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёй заканадаўчых актаў (арт.7 Канстытуцыі РБ). Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка перавысіў свае канстытуцыйныя паўнамоцтвы, бо на той момант не меў законных падстаў выходзіць да выбаршчыкаў з прапановамі, скажам, па змене статуса беларускай мовы.
Пытанні пра змену нацыянальнай сімволікі, статуса роднай мовы і пра тое, хто можа распускаць парламент, даволі складаныя і патрабуюць стараннай падрыхтоўкі, прыцягнення спецыялістаў і шырокай грамадскасці. Праекты ж новых сімвалаў не праходзілі абмеркавання ў камісіях Вярхоўнага Савета і геральдычнай камісіі. Акрамя таго, пытанне пра дзяржаўную мову ў прынцыпе не магло выносіцца на рэферэндум.
У адпаведнасці з арт.3 Закона РБ “Пра народнае галасаванне (рэферэндум) у Рэспубліцы Беларусь” ад 13.07.1991 г. на рэспубліканскі рэферэндум не выносяцца пытанні, якія парушаюць неад’емныя правы народа Рэспублікі Беларусь на суверэнную нацыянальную дзяржаўнасць, дзяржаўныя гарантыі існавання беларускай нацыянальнай культуры і мовы, а таксама пытанні, якія могуць выклікаць парушэнне тэрытарыяльнай цэласнасці Рэспублікі Беларусь.
Так, паводле Канстытуцыі, рэферэндумы, якія маюць мэты рашэння канстытуцыйных пытанняў, не могуць праводзіцца ў апошнія шэсць месяцаў да заканчэння паўнамоцтваў Вярхоўнага Савета. Да новых выбараў тады заставаўся месяц. А рэферэндум прызначаўся адначасова з выбарамі ў Вярхоўны Савет 13-га склікання.
Нават калі ўявіць, што той рэферэндум быў нібыта законным, то нават сам ён праходзіў з парушэннямі Закона пра рэферэндум, які прадугледжвае вольную агітацыю “за” і “супраць”, а таксама поўны доступ грамадзян да інфармацыі, злучанай з вынесенымі на галасаванне пытаннямі. Па дзяржаўным тэлебачанні і ў дзяржаўных газетах агітацыя вялася толькі на карысць прадстаўленых Лукашэнкам пытанняў. Альтэрнатыўнае меркаванне нідзе не было надрукавана. На ўсе гэтыя парушэнні Цэнтрвыбаркам не рэагаваў, і тым самым аўтаматычна стаў саўдзельнікам супрацьпраўнай дзеі — правядзення незаконнага рэферэндуму.
Зноў жа, ніяк нельга было сумяшчаць рэферэндум з выбарамі ў Вярхоўны Савет.
Але да рэзонаў фракцыі БНФ большасць дэпутатаў не прыслухалася. Хтосьці адводзіў вочы, разумеючы, што дэмакраты маюць рацыю, хтосьці апраўдваўся бояззю новай “беларусізацыі” (па дзеючым тады заканадаўстве ўсе дзяржаўныя органы, установы павінны былі паступова пераводзіць справаводства на беларускую мову). Іншых дэпутатаў напалохала абвешчаная дзяржаўнымі сродкамі масавай інфармацыі тэза пра тое, што нацыянальны сцяг і герб нібыта з’яўляюцца адпаведна “польскім” і “літоўскім”, а ў час 2-й Сусветнай вайны з ухвалы нямецкіх акупацыйных улад выкарыстоўваліся калабарацыяністамі.
Яшчэ адзін важны момант. Рабіць рускую мову другой дзяржаўнай мовай было нельга, бо рускія, якія пражываюць у Беларусі, уяўляюць сабою толькі адну з нацыянальных меншасцяў краіны, хай і найбольш значную. Наданне рускай мове статусу дзяржаўнай прывяло да заняпаду мовы і культуры тытульнай нацыі — беларусаў. З іншага боку, у яшчэ горшае становішча былі пастаўлены мовы іншых нацыянальных меншасцяў, якія здаўна жылі на беларускай зямлі — палякаў, украінцаў, яўрэяў, літоўцаў, татараў. Руская мова станавілася ў прывілеяванае становішча над іншымі.
Усе гэтыя моманты не былі глыбока вывучаны не толькі дэпутатамі, але і экспертамі, навукоўцамі, грамадскімі дзеячамі і іншымі спецыялістамі, што і прывяло ў выніку да сумных падзей, якія адбыліся ў парламенце падчас абмеркавання пытання пра рэферэндум.
На жаль, камуністы падтрымалі тады прэзідэнта. Яны, камуністы, былі адной з буйных фракцый у парламенце, і ад іх у немалой ступені залежала будучыня Беларусі...
Абараніць Канстытуцыю!
11 красавіка 1995 года падчас абмеркавання прапановы прэзідэнта пра дату правядзення рэферэндуму лідэр фракцыі БНФ Зянон Пазьняк звярнуўся да дэпутатаў з заклікам абвясціць непасрэдна ў зале пасяджэння Вярхоўнага Савета галадоўку ў знак пратэсту супраць грубага парушэння Канстытуцыі прэзідэнтам. Адначасова да трыбуны выйшлі дэпутаты фракцый БНФ і Сацыял-дэмакратычнай Грамады. Выйшлі не ўсе, але тыя, хто выйшаў, былі сапраўднымі мужчынамі і ваярамі свайго народа, яны баранілі ад надыходзячай дыктатуры нас з вамі і памяць продкаў, якія гінулі пад бел-чырвона-белым сцягам, адстойваючы незалежнасць беларускіх земляў. Вось нашы героі: Мікалай Аксаміт, Сяргей Антончык, Лявон Баршчэўскі, Юрась Беленькі, Ігар Герменчук, Валянцін Голубеў, Барыс Гюнтэр, Леанід Дзейка, Уладзімір Заблоцкі, Мікалай Крыжаноўскі, Леанід Зданевіч, Віктар Малашка, Мікалай Маркевіч, Сяргей Навумчык, Зянон Пазьняк, Сяргей Папкоў, Пётр Садоўскі, Алег Трусаў, Аляксандр Шут.
Улада такога не чакала. Сітуацыя ў парламенце напалілася, шматлікія дэпутаты разгубіліся, не ведаючы, што рабіць далей. А.Лукашэнка стаў націскаць на дэпутацкую большасць, якая яшчэ сумнявалася ў законнасці рэферэндуму, але ў той дзень пытанне пра рэферэндум так і не было разгледжана.
19 галадаючых дэпутатаў вырашылі застацца ў зале на ноч. Больш ніхто з калег да іх не далучыўся. Каля паўночы да дэпутатаў падышоў кіраўнік Службы бяспекі прэзідэнта Міхаіл Цесавец, які прапанаваў ім пакінуць залу, бо, па яго словах, будынак Вярхоўнага Савета быў замініраваны. Але дэпутаты гэтыя патрабаванні адхілілі. Тады Цесавец аддаў сваім падначаленым загад выводзіць удзельнікаў галадоўкі сілай. Усе дэпутаты заявілі, што валодаюць дэпутацкай недатыкальнасцю і любыя фізічныя дзеянні ў дачыненні да іх будуць разглядацца як злачынства. Падначаленыя Цесаўца адмовіліся выконваць загад свайго начальніка і пакінулі залу. Дэпутаты прыляглі на прыступках перад цэнтральнай трыбунай...
Як штурмавалі парламент
Каля трох гадзін ночы ў залу з крыкамі ўварваліся вайскоўцы ў масках, з аўтаматамі ў руках. У фае таксама знаходзілася шмат людзей у ваеннай форме, на некаторых былі процівагазы. Дэпутаты ўзяліся за рукі і селі на падлогу. Але гэта іх не выратавала.
Нягледзячы на тое, што перад супрацоўнікамі спецслужб былі дэпутаты, няўзброеныя грамадзяне, якія не ўяўлялі ніякай пагрозы, іх у адно імгненне кінулі на падлогу, як злачынцаў. Некаторыя з тых, хто нападаў, былі ў спартыўнай вопратцы, хтосьці ў камуфляжы. Ланцуг дэпутатаў хутка разбілі. Народных выбраннікаў пачалі біць рукамі, нагамі. А потым, закруціўшы кожнаму абедзве рукі за спіну і падняўшы іх угару, нахілілі да зямлі і павялі, нібы прысуджаных да смяротнага пакарання...
Пісьмовыя тлумачэнні ўдзельнікаў галадоўкі ярка сведчаць пра злачыннасць улады, якая здзейсніла акт гвалту ў адносінах да народных дэпутатаў. Гэтыя сведчанні былі апублікаваны 11 красавіка 2008 года ў артыкуле “Разгон” у “Народнай Волі”.
Юрась Беленькі: “...Голубеў падышоў да дзвярэй, адчыніў іх і ўбачыў салдатаў з аўтаматамі, у рэспіратарах, у вялікіх спецыяльных касках. Ён убег у залу і крыкнуў: “Аўтаматчыкі! Пад’ём!”... Адразу запалілася святло, адчыніліся дзверы, і мы ўбачылі ўзброеных салдатаў-аўтаматчыкаў. Яны стаялі ва ўсіх дзвярах ужо ў рэспіратарах. Зноў увайшлі Цесавец з Каралёвым і заявілі, што калі праз пяць хвілін мы не пакінем залу, яны пусцяць у ход сілу. І ўсё. Я быў пэўны, што яны хацелі пусціць газ, атруціць нас сонных... Першы з тых, хто нападаў, з разбегу наскокам ударыў дзвюма нагамі З.Пазьняка. Яму сталі ціснуць на вочы... Я дакладна памятаю, як на мяне ззаду наляцелі, схапілі за горла і так сціснулі, што я закрычаў ад болю. Потым вельмі моцна заламалі левую руку, павалаклі з залы тварам ледзь не па зямлі... У двары, куды нас выцягнулі, стаялі маладыя салдаты з аўтаматамі. Журналісты потым казалі, што была і ваенная тэхніка... Пасля фактычнага разгону парламента ўзброенымі людзьмі Лукашэнка па сутнасці перастаў быць легітымным прэзідэнтам краіны. Прынамсі, прадстаўнікі сённяшняй псеўдаапазіцыі нідзе не згадваюць пра разгон парламента і ганебны рэферэндум 1995 года, бо шмат хто з іх падтрымаў гэтую брутальную акцыю і ганебны рэферэндум...”
Ігар Гермянчук: “...У адзін з момантаў мяне перагрэлі гумавай палкай. Да мяне дабраліся, мяне схапілі, я вырываўся. Яны перакінулі мяне ў нейкія іншыя рукі, і потым, калі я зноў вырваўся, мяне падхапілі шэсць чалавек і нейкі сёмы бандыт... ішоў зверху, неслі мяне сем чалавек, а ён зверху кулаком мне разбіваў нос, раскрывавіў нос. І занеслі ў машыну пятым чалавекам, ва “ўазік” укінулі ўперад нагамі...”
Валянцін Голубеў: “...Адразу кінуліся ў вочы іх пластмасавыя маскі, ці шлемы, нібы ў касманаўтаў. Яны стаялі гурткамі і размаўлялі. Некалькі чалавек былі з ранцамі і ў супрацьгазавых масках. У гэты момант той салдат, які дапамог мне адчыняць дзверы, ткнуў у мяне ручным кулямётам...”
Леанід Зданевіч: “...Я асабіста не аказваў фізічнага супраціву. Нас хапалі, цягнулі і білі па спіне, штурхалі. У фае стаяў вялізны натоўп узброеных, у масках і са шчытамі вайскоўцаў...”
Мікалай Крыжаноўскi: “...Яны былі без зброі, але, відаць, добра натрэніраваныя. Падскочыўшы да мяне, двое адразу закруцілі мне рукі, а адзін пачаў біць па спіне ззаду. Мяне вырвалі з месца і павалаклі тварам уніз. Яны моцна скруцілі мне рукі і білі. Я паспеў убачыць валтузню вакол Пазьняка — яму ціснулі на вочы...”
Крымінальная справа
Паводле арт.3 Канстытуцыі РБ любыя дзеянні па змене канстытуцыйнага ладу і дасягненні дзяржаўнай улады гвалтоўнымі метадамі, а таксама шляхам іншага парушэння законаў Рэспублікі Беларусь караюцца паводле закона.
Алег Трусаў, Пётр Садоўскі, Аляксандр Шут і Ігар Гермянчук той жа ноччу звярнуліся з заявай па факце збівання дэпутатаў у Генеральную пракуратуру.
12 красавіка Прэзідыум Вярхоўнага Савета заняў па факце збівання дэпутатаў радыкальную пазіцыю. Але пералому не адбылося. Пасля асабістай гутаркі А.Лукашэнкі і старшыні Вярхоўнага Савета М.Грыба стала ясна, што пасяджэнне ў гэты дзень будзе працягнута. І большасць дэпутатаў Вярхоўнага Савета ўсё ж здалася і прагаласавала за рэферэндум, тым самым адчыніўшы шлях да пачатку ўсталявання дыктатуры Лукашэнкі.
Дэпутаты-дэмакраты звярнуліся да старшыні Канстытуцыйнага суда В.Ціхіні з дэпутацкім запытам пра канстытуцыйнасць прынятага Вярхоўным Саветам рашэння пра прызначэнне рэферэндуму. Ціхіня ж ад адназначнага адказу папросту ўхіліўся...
У дэпутатаў заставалася апошняя надзея на органы Генеральнай пракуратуры, якая праводзіла папярэдняе расследаванне па факце збівання дэпутатаў. Справу вёў следчы па надзвычайна важных справах Язэп Бролішс. Ім была зроблена вялікая праца, зафіксавана шмат доказаў перавышэння ўлады супрацоўнікамі праваахоўных органаў. Але гэтай справе так і не наканавана было патрапіць у суд.
12 кастрычніка 1995 года крымінальная справа пра падзеі ў Доме ўрада, узбуджаная па ч.2 арт.201, ч.2 арт.167 КК РБ, была прыпынена за невыяўленнем асоб, падлеглых прыцягненню ў якасці абвінавачаных. Дзіўная выснова следства, якое ўсталявала факт прычынення дэпутатам цялесных пашкоджанняў і тое, якія службы бралі ўдзел у гэтым “маскі-шоу”, хто імі кіраваў! Так што ніхто за здзейсненае злачынства не быў прыцягнуты да адказнасці.
У той жа пастанове адзначана: “...Вызначана, што ў Доме ўрада былі вайскоўцы ўнутраных войскаў першай роты вайсковай часці 3214 у колькасці 37 чалавек, першай роты вайсковай часці 5448 у колькасці 43 чалавек, атрад міліцыі адмысловага прызначэння МУС у складзе 86 чалавек, 24 службоўцаў Галоўнага ўпраўлення аховы МУС. Гэтыя вайскоўцы і супрацоўнікі міліцыі дапытаны і паказалі, што гвалт да дэпутатаў не ўжывалі.
Акрамя вышэйназваных у Доме ўрада былі і здзяйснялі актыўныя дзеянні ў адносінах да дэпутатаў падраздзяленні, ведамасная прыналежнасць і асабовы склад якіх следствам не вызначаны.
Наяўныя ў справе даныя пра ўдзел у падзеях, якія расследуюцца, ваенізаванага фарміравання органаў дзяржбяспекі па барацьбе з тэрарызмам кіраўніцтва КДБ не пацвердзіла...”
Адразу ж узнікае пытанне: што ж рабілі 190 супрацоўнікаў спецслужб у “замініраваным” будынку, бо і яны ж маглі пацярпець пры выбуху? Хто камандаваў гэтай аперацыяй? У нас што — было ўведзена ў краіне надзвычайнае становішча? Следства ўхіляецца ад адказу, хаця ўсе пацярпелыя заявілі, што камандаваў Цесавец. Такім чынам, калі не вызначылі пэўных асоб, якія наносілі ўдары дэпутатам, то Цесавец у любым выпадку павінен быў несці крымінальную адказнасць, бо аддаў распараджэнне пра гвалтоўнае выправаджэнне дэпутатаў з залы. Ён перавысіў свае службовыя паўнамоцтвы.
Хто з супрацоўнікаў спецслужб мог быць у зале і ўжываць фізічную сілу да дэпутатаў, насамрэч вызначыць даволі лёгка. Кожны дапытаны супрацоўнік павінен быў скласці схему свайго руху ў будынку Вярхоўнага Савета і паказаць, хто стаяў побач з ім ці з дэпутатамі. А потым атрыманыя даныя аналізуюцца, і ўсе ўдзельнікі падзей вылічаюцца пайменна. Але гэтага, відаць, так і не было зроблена.
Следства сцвярджае, што супрацоўнікаў КДБ у той момант ў зале не было. Толькі праз шэсць гадоў грамадскасці стала вядома, што камітэтчыкі ўсё ж прысутнічалі. Пра гэта заявіў генерал КДБ Валерый Кез, які таксама знаходзіўся ў тую ноч у будынку парламента. Праўда, гэта адзіны прадстаўнік сілавікоў, хто публічна прынёс выбачэнні беларускаму народу за тыя падзеі. Ствараецца ўражанне, што следства не мела намеру шукаць сапраўдных вінаватых у тым, што здарылася. Ці хтосьці (здагадайцеся — хто) націскаў на следства, з тым каб справа была прыпынена.
У той жа пастанове чытаем: “...Упраўленнем аховы пры Прэзідэнце рэспублікі неаднаразовыя запыты пракуратуры пакінуты без рэагавання. Касеты відэазапісу, зробленага у зале пасяджэнняў Вярхоўнага Савета, Адміністрацыя Прэзідэнта следству не перадае. Змест касет мае істотнае значэнне для вызначэння круга ўдзельнікаў падзей, якія расследуюцца, устанаўлення іх асоб, ступені ўдзелу і магчымай віны і, такім чынам, усталявання праўды па справе...”
Следчы пракуратуры Я.Бролішс канстатуе факт, што ўсе доказы знаходзяцца ў Адміністрацыі прэзідэнта, але яна іх следству не перадае.
Відэакасета з запісам збівання дэпутатаў захоўвалася ў сейфе кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Леаніда Сініцына. Са слоў следчага, Сініцын не аддаў гэтую касету па запыце пракуратуры. Ды і сам не з’яўляўся на допыты. Зразумела, што Лукашэнка не быў зацікаўлены ў паказе гэтай касеты па тэлебачанні, паколькі разумеў, што пасля гэтага вынікі рэферэндуму былі б не ў яго карысць.
Любая службовая асоба па патрабаванні следчых органаў абавязана прад’явіць ім любы дакумент, рэчавы доказ. Але ж відавочна, што ўсе запыты пракуратуры пакінуты без разгляду. Гэты факт даказвае, што Адміністрацыя прэзідэнта зусім не зацікаўлена ў тым, каб следства выявіла вінаватых асоб. Такім чынам, хавае галоўныя доказы супраць злачынцаў. Калі б справа не была палітычнай, то следства даўно б ужо не проста вызначыла вінаватых, але і па секундах распісала б, хто з іх і як ужываў фізічную сілу.
Як паказалі падчас допытаў пацярпелыя, збіваннямі дэпутатаў камандавалі кіраўнік Службы аховы прэзідэнта, дэпутат ВС Міхаіл Цесавец і кіраўнік падраздзялення аховы прэзідэнта Вячаслаў Каралёў.
Відавочна адно: пракуратуры не дапамагалі ўсталяваць праўду па справе. Мала таго — прама процідзейнічалі яе ўсталяванню.
Так хто ж даў каманду на разгон парламентарыяў? І ці ведаў пра гэта Лукашэнка?
Лукашэнка сам пра гэта сказаў: “Ведаў ці не ведаў прэзідэнт пра тое, што адбывалася тут, у маёй рэзідэнцыі, у рэзідэнцыі ўрада? Паважаныя дэпутаты! Ну, вядома ж, ведаў. Прэзідэнт не проста ведаў. Прэзідэнт кожныя 30 хвілін быў інфармаваны як глава дзяржавы”. (Стэнаграма сесіі ВС 12 красавіка 1995 г.).
У адпаведнасці з арт.106, арт.110 дадзенага Закона аб Вярхоўным Савеце Рэспублікі Беларусь дэпутат Вярхоўнага Савета не можа быць прыцягнуты да крымінальнай адказнасці, арыштаваны, іншым чынам пазбаўлены асабістай волі без згоды Вярхоўнага Савета, акрамя выпадкаў затрымання на месцы здзяйснення злачынства, паколькі валодае правам дэпутацкай недатыкальнасці.
Закон усталёўвае адказнасць для любых асоб, якія перашкаджаюць дэпутату Вярхоўнага Савета ў ажыццяўленні ім сваіх паўнамоцтваў; асобы, якія замахваюцца на яго як прадстаўніка народа, на яго жыццё, здароўе, гонар і годнасць, нясуць адказнасць у адпаведнасці з законам.
Гэты ж Закон забараняў якім б там ні было асобам прысутнічаць на пленарных пасяджэннях Вярхоўнага Савета з агнястрэльнай зброяй (арт.118).
Нягледзячы на гэта, узброеныя людзі зайшлі ў парламент і падверглі жорсткаму збіццю народных выбраннікаў, пры гэтым ніхто не быў прыцягнуты да крымінальнай адказнасці за гэтае злачынства.
Здрада дэпутатаў
Галоўная памылка дэпутатаў у тым, што яны прагаласавалі за правядзенне рэферэндуму, не правёўшы належнага расследавання па фактах збіцця іх калег. Сапраўдны парламент адразу спыніў бы разгляд прапановы А.Лукашэнкі не толькі з нагоды яе неканстытуцыйнасці, але і з пункту гледжання маралі. Як жа можна прымаць рашэнні, якія тычацца будучага лёсу краіны, калі тваіх калег толькі што падверглі гвалту прама ў зале пасяджэнняў?! Пра якое свабоднае волевыяўленне можна весці гаворку, калі ў краіне няма магчымасці выказваць свае меркаванні нават у дэпутата?! Фактычна быў ажыццёўлены захоп улады ўзброеным спосабам.
Самае цікавае, што ў шматлікіх акругах выбары ў Вярхоўны Савет тады не адбыліся, затое рэферэндум патрэбны кворум сабраў. Вось такі парадокс!
Дэмакратычным сілам трэба было біць ва ўсе званы з нагоды нелегітымнасці першага рэферэндуму. І для гэтага было досыць падстаў і фактаў. Але і старшыня Вярхоўнага Савета М.Грыб, і старшыня Канстытуцыйнага суда В.Ціхіня прамаўчалі. Такім чынам шлях да дыктатуры гвалту быў адкрыты.
А чаго, уласна кажучы, так спалохаліся дэпутаты Вярхоўнага Савета 12-га склікання, што не змаглі абараніць святыні нацыі — сцяг і герб? Адказ вельмі просты. Той склад парламентарыяў на 85% ствараўся з апаратнай і адміністрацыйнай камуністычнай наменклатуры, якая волю народа не прадстаўляла. Нацыянальныя сімвалы былі ім чужыя. Да таго ж яны смяротна баяліся патрапіць у няласку да “гаспадара”, які вельмі выразна паказаў свае “вожыкавыя рукавіцы”.
Вышэйшы заканадаўчы орган, абраны народам Беларусі, быў жорстка зняважаны грубай сілай па волі выканаўчай улады. Але самае страшнае ў тым, што баязлівасць, непрафесіяналізм нашых дэпутатаў перакрэслілі ўсе надзеі беларускага народа стаць паўнавартаснай нацыяй, якая ганарыцца сваім гістарычным мінулым. Пазбавіўшы народ гэтага мінулага, яго пазбавілі і будучыні.
Тыя ж, хто збіваў галадаючых дэпутатаў, усвядомілі, што ім якраз баяцца няма чаго, бо яны дзейнічалі пад прыкрыццём улады. І з гэтага моманту ў ментальнасці афіцэраў і салдат адбылася ломка, яны ўявілі, што дэмакратыя быццам бы можа ўсталёўвацца не толькі палітычнымі дэбатамі, але і кірзавым ботам. І пад гэтым ботам зможа апынуцца кожны, хто пойдзе супраць волі прэзідэнта.
Вялікі беларускі пісьменнік Васіль Быкаў у інтэрв’ю Радыё Свабода ў тыя дні заявіў, што з гэтага моманту “ў краіне кіруе прэзідэнцкая хунта”.
Хто вінаваты і што рабіць?
Такім чынам, рэферэндум прайшоў з грубым парушэннем Канстытуцыі і выбарчага заканадаўства. Вынікі народнага волевыяўлення не могуць быць прызнаны легітымнымі, паколькі Лукашэнка не меў канстытуцыйных паўнамоцтваў выносіць на плебісцыт пытанне пра змену гістарычнай сімволікі і наданні рускай мове дзяржаўнага статусу. Таксама закон у цэлым забараняў праводзіць рэферэндум, паколькі на гэтую дату былі прызначаны выбары ў Вярхоўны Савет.
Паводле Закона аб рэферэндуме Вярхоўным Саветам РБ прымаецца рашэнне пра прызначэнне рэферэндуму, усталёўваецца парадак яго правядзення. Пытанні, прапанаваныя на рэспубліканскі рэферэндум, павінны мець заключэнне адпаведнай пастаяннай камісіі Вярхоўнага Савета.
Цэнтрвыбаркам быў абавязаны адмяніць вынікі рэферэндуму, паколькі не было заключэння пастаяннай камісіі па ўнесеных прэзідэнтам пытаннях. Што да пытання пра інтэграцыю з Расійскай Федэрацыяй, то яно таксама спачатку павінна было абмяркоўвацца на сесіі Вярхоўнага Савета, чаго таксама не было зроблена.
Паводле арт.7 Канстытуцыі РБ прававыя акты ці іх асобныя палажэнні, прызнаныя ва ўсталяваным законам парадку супярэчнымі Канстытуцыі, не маюць юрыдычнай сілы.
Пасля таго, як у законным парадку вынікі рэферэндуму 1995 года будуць адменены новым дэмакратычным парламентам, Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь адновіць крымінальную справу па факце прычынення цялесных пашкоджанняў дэпутатам Вярхоўнага Савета 12-га склікання. Следства павінна ўстанавіць, хто аддаў загад ужыць узброеныя сілы, праваахоўныя органы і спецслужбы супраць народных выбраннікаў, якія валодалі дэпутацкай недатыкальнасцю, і прыцягнуць вінаватых да крымінальнай адказнасці. Таксама варта вырашыць пытанне кампенсацый пацярпелым дэпутатам.
Сяргей Навумчык: “...Для мяне бясспрэчна адно — пакуль вінаватыя ў збіванні дэпутатаў (як арганізатары, так і ўдзельнікі) не будуць прыцягнутыя да юрыдычнай адказнасці, казаць пра якія б то ні было перспектывы парламентарызму ў Беларусі — заўчасна. Падзеі той ночы будуць лунаць над Авальнай залай і дэпутатамі як праклён...”
Можна канстатаваць, што службовыя асобы, якія мелі дачыненне да правядзення незаконнага рэферэндуму, здзейснілі крымінальна каральныя дзеянні, якія кваліфікуюцца як захоп і ўтрыманне дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам, а таксама замах на жыццё дзяржаўных дзеячаў з мэтай дэстабілізацыі грамадскага парадку і ўздзеяння на прыняцце рашэнняў дзяржаўнымі органамі (тэрарыстычны акт). Усе ўдзельнікі тых падзей, ад шараговага і да афіцэрскага складу, якія ўжывалі гвалт супраць дэпутатаў парламента, таксама павінны быць прыцягнуты па даных артыкулах як непасрэдныя саўдзельнікі і выканаўцы захопу ўлады. Такая ж крымінальная адказнасць ляжыць на членах Цэнтрвыбаркама, якія зацвердзілі вынікі незаконнага рэферэндуму.
Фактычна з 12 красавіка 1995 года глава дзяржавы Лукашэнка павінен быў быць адхілены ад улады ў сувязі з грубым парушэннем Канстытуцыі, паколькі сваім рашэннем аб прызначэнні рэферэндуму пра змену нацыянальнай сімволікі і ўзвядзенне рускай мовы ў ранг дзяржаўнай перавысіў свае службовыя паўнамоцтвы, дадзеныя яму Канстытуцыяй.
Новая дэмакратычная ўлада, якая, я ў гэта веру, будзе ў Беларусі, абавязкова верне народу герб “Пагоню” разам з нацыянальным бел-чырвона-белым сцягам. Беларуская мова зноў будзе адзінай дзяржаўнай на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Новы парламент павінен перагледзець усе рашэнні, прынятыя цяперашнім главой дзяржавы з парушэннем законаў, і прызнаць іх нелегітымнымі. Вельмі добра з гэтай нагоды сказаў прэтэндэнт на пост прэзідэнта Беларусі на выбарах 2001 года Сямён Домаш: “Я лічу Лукашэнку нелегітымным прэзідэнтам. Таму ўсе абавязацельствы, якія ён цяпер дае, не маюць ніякай юрыдычнай сілы. Новым прэзідэнтам гэтыя абавязацельствы павінны быць перагледжаны. Калі ў выніку перагляду апынецца, што гэтыя дамовы складзены ў інтарэсах Беларусі, яны павінны быць пацверджаны”.
Рана ці позна, але мы вернемся да рэферэндуму 1995 года, паколькі адзінай крыніцай дзяржаўнай улады ў нашай краіне з’яўляецца народ Беларусі. Менавіта народ ажыццяўляе сваю ўладу непасрэдна і праз прадстаўнічыя органы ў формах і межах, вызначаных Канстытуцыяй. Тое, што народ абраў Лукашэнку першым прэзідэнтам, зусім не давала яму права ігнараваць правы сваіх выбаршчыкаў і прымаць рашэнні ў парушэнне Асноўнага закона краіны. Акрамя таго, трэба зноў усталяваць рэальны падзел улад, як гэта і прадугледжвае Канстытуцыя нашай дзяржавы.
Алег ВОЛЧАК, кіраўнік праваабарончага цэнтра “Прававая дапамога насельніцтву”, зарэгістраванага ў Кіеве (Украіна).
"Народная Воля" (), пятнiца 14 мая 2010 г.
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме