17:30 15.09.2009 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

РАЗВІТАННЕ З БНФ?

У мінулым годзе прэзідэнт А. Лукашэнка прадказаў знікненне апазіцыі яго рэжыму праз год. 5 верасня гэтае прадказанне ледзьве не спраўдзілася. Праходзіў справаздачна-выбарчы з'езд ПБНФ. Ужо пры яго падрыхтоўцы выявіліся небяспечныя тэндэнцыі, якія прынялі форму супрацьстаяння "старых" і "маладых" кіраўнікоў. Падзел умоўны, бо і з аднаго і з другога боку прысутнічалі людзі рознага ўзросту.
Сапраўднай
прычынай была незадаволенасць часткі сяброў партыі палітычнай лініяй старога кіраўніцтва. Гэтая лінія мела на ўвазе ўмацаванне АДС і вылучэнне свайго прэтэндэнта на званне адзінага кандыдата Аб'яднаных дэмакратычных сіл на прэзідэнцкіх выбарах. Такім кандыдатам мог быць толькі Лявон Баршчэўскі. Яго адукаванасць, жыццёвы і парламенцкі вопыт, вопыт кіравання партыяй у самыя складаныя часы нельга нават параўноўваць з якасцямі другога прэтэндэнта, Алеся Міхалевіча, да таго ж нядаўна выключанага з партыі.

Аднак А. Міхалевіч думаў інакш. Ён быў абраны ў 2003 г. у склад гарсавета Мар'інай Горкі пад шыльдаю БНФ і стварыў клуб дэмакратычных кандыдатаў мясцовых органаў улады. Гэта адчыніла яму дзверы заходніх фондаў і кабінетаў заходніх палітыкаў. Ён стаў лідэрам і тыповым прадстаўніком тых асоб, якія пасталелі пасля развалу СССР, прыйшлі ў палітыку без жыццёвага вопыту і адпаведнай адукацыі. Крыніцаю існавання для іх сталі гранты замежных фондаў.

Другой групоўкай, што выступіла супраць дзейнага кіраўніцтва ПБНФ, сталі прыхільнікі Аляксандра Мілінкевіча. Чалавека, які ў 2005 г. быў абраны галасамі сяброў ПБНФ з невялікім перавесам перад Анатолем Лябедзькам — адзіным кандыдатам ад апазіцыі, і на выбарах 2006 г. атрымаўшым каля 15% галасоў. Гэта было значна менш за амаль 30%, атрыманых Уладзімірам Ганчарыкам у 2001 годзе. Але многа для чалавека, які да Кангрэса АДС быў амаль невядомы ў краіне.

Званне адзінага кандыдата зрабіла А. Мілінкевіча папулярным палітыкам за межамі Беларусі і яшчэ больш умацавала яго сувязі з дабрачыннымі фондамі, якія былі ў яго як стваральніка грамадскай арганізацыі "Рэсурсныя цэнтры". Грошы прыцягнулі да яго асобы тых з апазіцыі, хто трапіў у цяжкае матэрыяльнае становішча з-за дзяржаўных рэпрэсій, ці хто разлічваў скарыстаць яго замежную папулярнасць для ўласных мэт. Аднак шырокавяшчальныя заявы лідэра руху "За свабоду" прыцягнуць новыя сілы ў апазіцыйныя шэрагі не спраўдзіліся: усё кіраўніцтва руху складаецца з былых сяброў іншых партый.

Найбольш ад гэтай паскуднай палітыкі пацярпеў БНФ. У яго шэрагах распаўсюдзілася своеасаблівая хвароба "палітычнай шызафрэніі". Будучы сябрамі ПБНФ многія сталі адначасна актыўнымі дзеячамі руху "За свабоду", нягледзячы на тое, што А.Мілінкевіч не хаваў сваіх палітычных мэт і намеру зноў браць удзел у прэзідэнцкіх выбарах. З часоў Нагорнага казання вядома, што нельга служыць двум гаспадам адначасна. Бо добрасумленна можна служыць толькі аднаму. А другому шкодзіць. Такіх прыкладаў у найноўшай гісторыі ПБНФ процьма. Але самы паказальны — "малады" Юрась Губарэвіч, які адначасна выконваў абавязкі намеснікаў старшыні ПБНФ і руху "За свабоду".

Стратэгічнай лініяй кіраўніцтва руху стала разбурэнне механізма абрання новага адзінага кандыдата ад апазіцыі на прэзідэнцкія выбары 2011 года. Таму А.Мілінкевіч усімі сіламі перашкаджаў правядзенню Кангрэса дэмакратычных сіл у 2007 годзе. А пасля таго, як ён усё ж адбыўся і абраў сустаршынь АДС, якія аўтаматычна станавіліся ягонымі канкурэнтамі, прыклаў намаганні, каб перахапіць ініцыятыву ў выкананні праграмы, прынятай на КДС, адным з новых пунктаў якой быў дыялог з уладаю. І так паспеў у гэтым накірунку, што А.Лукашэнка публічна залічыў яго ў лік канструктыўнай апазіцыі.

Зразумела, што гэта парадзіла падазрэнні ў імкненні стварыць у Беларусі па прыкладу Масквы "кіраваную", а не канструктыўную апазіцыю. ПП РБ вельмі зацікаўлены ў ёй, бо атрымаць падтрымку з Захаду ў часы крызісу без імітацыі дэмакратызацыі ў краіне немагчыма. А.Мілінкевіч — лепшая кандыдатура на такую дэкаратыўную ролю. І ён ахвотна ідзе насустрач планам рэжыму, калі заяўляе, што ўсе, акрамя яго, змагаюцца супраць асобы А.Лукашэнкі, а ён заклікае разам ісці ў Еўропу.

Праеўрапейская дэмагогія А. Мілінкевіча — гэта цэлы букет палітычных памылак. Беларусь на чале з А.Лукашэнкам, разам з Мілінкевічам ці без яго, Еўрасаюз ніколі не пусціць далей парога. Толькі поўная дэмакратызацыя ўнутрыпалітычнага жыцця — свабодныя СМІ, адсутнасць палітычных рэпрэсій, палітычныя свабоды і, галоўнае, свабодныя выбары па новым выбарчым законе, адкрыюць нам шлях у супольнасць свабодных народаў Еўропы. А стаяць на яе парозе з вечна працягнутай рукой і сорамна, і небяспечна. Таму АДС і змагаецца не супраць А. Лукашэнкі, а супраць яго аўтарытарнага і недэмакратычнага рэжыму. А сябраваць з еўрапейскімі палітыкамі кіраўнікі АДС умеюць не горш за А.Мілінкевіча.

Другая хіба праеўрапейскай дэмагогіі палягае ў тым, што яе прыхільнікі не хочуць бачыць дадзеных сацыялагічных даследаванняў. А яны сведчаць, што беларускі народ паколаты прыкладна на палову на прыхільнікаў аб'яднання з Еўрасаюзам і прыхільнікаў саюза з РФ. У такой сітуацыі чалавек з праеўрапейскай праграмай ніколі не пераможа А. Лукашэнку і не мае права нават выходзіць на выбары. Магчыма, што А. Мілінкевіч і не мае такога намеру. І гэта перашкаджае аб'яднанню нават партый, лідэры якіх падтрымліваюць праеўрапейскія лозунгі. Трэба ўлічыць таксама, што заклікі ісці ў Еўропу ў вуснах былога камуніста А. Мілінкевіча чаргуюцца з заклікамі парваць кааліцыйныя сувязі з ПКБ. Не з тымі камуністамі, што аддана служаць дыктатарскаму рэжыму, а з тымі, што разам з іншымі дэмакратычнымі партыямі больш за дзесяць год змагаюцца за незалежнасць і свабоду свайго народа.

Камуністычная ідэалогія не забаронена ў дэмакратычнай Еўропе, хаця і не карыстаецца там вялікай папулярнасцю. Таму антыкамуністычныя філіпікі прыхільнікаў еўрапейскай дэмакратыі нельга інтэрпрэтаваць інакш, як жаданне разваліць АДС. Хаця ўсім добра вядома, што адзінства апазіцыйных сіл чакае беларускі народ, а не толькі заходнія спонсары дэмакратыі. Таму заклікі да яднання, якія абвяшчае галоўны праеўрапеец, удвая хлуслівыя. Руху "За свабоду" не патрэбна ні аб'яднанне з тымі, каго яны называюць "правымі", ні аб'яднанне з рэальнай кааліцыяй — АДС. Ім трэба не дапусціць толькі абрання новага адзінага кандыдата ад апазіцыі. Тады статус экс-адзінага кандыдата надасць перавагу А.Мілінкевічу, асабліва ў тым выпадку, калі ўвесь БНФ увальецца ў шэрагі руху "За свабоду". Тое, што пры гэтым апазіцыя згубіць нават тэарэтычныя шанцы на перамогу, прыхільнікаў А. Мілінкевіча не хвалюе.

Барацьба за ліквідацыю ПБНФ як самастойнай арганізацыі і складала схаваную інтрыгу з'езда. Новы старшыня Аляксей Янукевіч здолеў аб'яднаць розныя пратэстныя групоўкі шляхам падзелу пасад намеснікаў сярод прыхільнікаў А.Міхалевіча і А.Мілінкевіча. Група больш маладога А.Міхалевіча ў Сойме здольная саступіць месца лідэра ў выбарчай кампаніі А. Мілінкевічу. Разглядаючы яго як "сцяг", які пасля прагназуемай паразы на выбарах 2011 г. можна будзе лёгка выкінуць. Аднак не думаю, што А.Янукевіч пойдзе па шляху ліквідацыі БНФ, падпарадкоўваючы яго А.Мілінкевічу. Гэта супярэчыць і ягоным заяўленням і самой прыродзе БНФ. Першай сапраўды дэмакратычнай арганізацыі, якую немагчыма ўявіць прыслугаю аўтарытарнага лідэра, якім паказаў сябе А.Мілінкевіч. Нават зыходзячы з тактычных меркаванняў.

Хісткасць становішча новага лідэра ПБНФ тлумачыць і супярэчлівасць яго заяў. З аднаго боку, ён — за актывізацыю змагання за змену выбарчага законадаўства. А з другога — за адмову ад удзелу ў выбарах 2011 г. (бо лічыць, што выбарчае законадаўства зменіцца да вясны наступнага года, наіўна). Гэта саступка плану А. Мілінкевіча. Тады не зразумела, якім чынам без удзелу ў выбарах можна дамагацца змены заканадаўства і пашыраць шэрагі партыі. Калі А. Янукевіч даможацца адмовы ад правядзення ў сакавіку 2010 г. новага з'езда ПБНФ і вылучэння Л. Баршчэўскага кандыдатам на прэзідэнцкія выбары, баюся, што ён паколе БНФ. Бо многія разумеюць, што Лявон Пятровіч валодае шэрагам пераваг у параўнанні з лідэрамі АГП, ПКБ і БСДП. І што прыйшоў час адмовіцца ад вылучэння былых наменклатурных асоб рознага рангу і паставіць стаўку на чалавека з бездакорнай дэмакратычнай рэпутацыяй. У 2001 г. і ў 2006 г. званне адзінага гарантавала без усялякіх намаганняў падтрымку 30% электарата. Але прыцягнуць яшчэ 21% ні У.Ганчарык, ні А.Мілінкевіч былі не ў стане. Гэта ў стане зрабіць Л.Баршчэўскі — высокаадукаваны і выхаваны чалавек і вопытны палітык. На ягоную карысць гуляе нават пройгрыш А.Янукевічу на, спадзяюся, не апошнім з'ездзе ПБНФ.

Мяркую, справа ўсіх сумленных людзей, што любяць свабоду і дэмакратыю, дапамагчы Л.Баршчэўскаму стаць адзіным кандыдатам ад апазіцыі на прэзідэнцкіх выбарах 2011г.

Юрый ХАДЫКА, прафесар
15.09.2009   №143-144   -  

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме