20:01 19.05.2009 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

РАЗЬВІЦЬЦЁ СЫТУАЦЫІ Ў БЕЛАРУСІ Ў ПЕРШАЙ ПАЛОВЕ ТРАЎНЯ 2009 Г.: АСНОЎНЫЯ ПАДЗЕІ І КАМЭНТАРЫ

Дадзены даклад зьяўляецца першым у сэрыі. На працягу траўня-кастрычніка 2009 г. будуць рыхтавацца кароткія, максымальна канкрэтныя даклады пра тое, што адбываецца ў Беларусі.
Атрымаўшы пэўныя магчымасьці для разьвіцьця супрацоўніцтва з Захадам, рэжым Лукашэнкі ўжо не балянсуе паміж Захадам і Расеяй, як гэта рабіў раней. Аўтарытарны рэжым імкнецца ў максымальна магчымай для сябе ступені зблізіцца з Захадам.
 
Улада вітае Ўсходняе партнэрства. Яна гаворыць электарату пра перавагі разьвіцьця супрацоўніцтва з ЭЗ і ЗША, запрашае ў Беларусь заходні бізнэс.
 
Робячы крокі па паляпшэньні адносінаў з Захадам, улада імкнецца захаваць значную эканамічную падтрымку ад Расеі. Гаворыць пра ролю адзінага саюзьніка. Дэманструе, што ў Беларусі не адбудзецца рэвалюцыя, у выніку якой да ўлады прыйдуць празаходнія сілы. Аднак пры гэтым яна ўсё больш рашуча заяўляе пра сваё нежаданьне рабіць крокі ў напрамку “сапраўднай інтэграцыі».
 
Адмаўляецца прадаць прадпрыемствы расейскім кампаніям. Не прызнае незалежнасьці Паўднёвай Асеціі і Абхазіі.
 
Палітычная лібэралізацыя ў Беларусі не зьяўляецца асноўным паказчыкам зьменаў. Улада будзе рабіць крокі ў напрамку палітычнай лібэралізацыі. Аднак яны будуць настолькі маруднымі, асьцярожнымі, што будуць пэўныя падставы меркаваць, што ніякага руху ў гэтым напрамку няма.
 
Аднак у Беларусі адбываюцца сыстэмныя, незваротныя зьмены. Улада робіцца ўсё больш прагматычнай, усё больш матываванай да разьвіцьця супрацоўніцтва з Захадам. Адбываецца эканамічная лібэралізацыя. Папулярызуецца незалежнасьць Беларусі. Культывуюцца адносіны да Расеі як да адсталай краіны. Пашыраецца прастора беларускай мовы і беларускай культуры.
 
ЛУКАШЭНКА НЕ ПАЕХАЎ НА САМІТ У ПРАЗЕ
 
Няяўка Лукашэнкі на ўстаноўчы саміт праграмы Ўсходняга партнэрства (УП) у Празе 7 траўня была пэўным пасланьнем рэжыму для Захаду.
 
З аднаго боку, афіцыйны Менск паказаў, што зацікаўлены ва ўдзеле ў УП. Беларусь прадстаўлялі першы віцэ-прэм’ер У. Сямашка і міністар замежных спраў С. Мартынаў.
 
Зь іншага боку, было прадэманстравана, што калі ЭЗ будзе выстаўляць непрымальныя для рэжыму ўмовы ўдзелу краіны ў УП (выстаўляць цьвёрдыя палітычныя патрабаваньні, патрабаваць удзелу апазыцыі ў дыялёгу), то кіраўніцтва Беларусі можа адмовіцца ад удзелу ў УП і вярнуцца да лявіраваньня паміж Захадам і Расеяй.
 
УЛАДА ЗАПРАШАЕ ЭЎРАПЕЙСКІ БІЗНЭС
 
У красавіку 2009 г. урад Беларусі адмовіўся прадаць расейскім кампаніям дзяржаўны пакет акцыяў Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу.
 
Першы віцэ-прэм’ер У. Сямашка мае сярод экспэртаў вядомасьць «эканамічнага нацыяналіста». Ён неаднаразова агучваў жорсткую пазыцыю кіраўніцтва Беларусі ў пытаньні продажу пакетаў акцыяў беларускіх прадпрыемстваў расейскім кампаніям.
 
Візыт у Прагу У. Сямашка выкарыстаў для таго, каб у чарговы раз паказаць заходняму бізнэсу, што ягоны прыход пажаданы для Беларусі. Ён казаў пра магчымасьці інвэстыцыяў у Беларусь з прадстаўнікамі чэскага бізнэсу.
 
ПЭРСПЭКТЫВЫ ЎСХОДНЯГА ПАРТНЭРСТВА – КРАХ «САЮЗНАЙ ДЗЯРЖАВЫ»
 
8 траўня Лукашэнка заявіў, што Беларусь зьяўляецца саюзьнікам Расеі, а саюз мусіць быць заснаваным на раўнапраўі. Зь ягоных заяваў вынікае, што, застаючыся незалежнай дзяржавай, Беларусь павінна атрымліваць расейскія энэрганосьбіты па ўнутраных расейскіх коштах. Расейскі рынак павінен быць адкрыты для беларускага экспарту. Але «Расея не выконвае дамовы аб саюзнай дзяржаве».
 
Разам з тым ён адзначыў: «Усходняе Партнэрства – гэта вельмі патрэбны і выгадны для краіны праект». Задачай удзелу Беларусі ў УП, на думку Лукашэнкі, зьяўляецца «скасаваньне гандлёвых бар’ераў паміж нашай краінай і Захадам». Станоўча ацэньваючы дэклярацыю УП, прынятую па выніках саміту, Лукашэнка адзначыў, што УП – гэта інструмэнт пашырэньня супрацоўніцтва з ЭЗ.
 
З усяго відаць, што само ўключэньне Беларусі ў УП канчаткова закрыла тэму палітычнай інтэграцыі з Расеяй. Улада наўрад ці будзе абмяркоўваць пытаньні падрыхтоўкі Канстытуцыйнага Акту саюзнай дзяржавы. Малаверагодна, што Беларусь вернецца да абмеркаваньня і пытаньня аб’яднаньня грашовых сыстэмаў з Расеяй.
 
Разьвіцьцё супрацоўніцтва з Захадам, у тым ліку і ў рамках УП, будзе звужаць пералік пытаньняў, якія адносяцца да парадку дня саюзу Беларусі і Расеі.
 
ЛУКАШЭНКА – РАЦЫЯНАЛЬНЫ, ПРАГМАТЫЧНЫ ПАЛІТЫК
 
Напярэдадні саміту УП прэзыдэнт Чэхіі В. Клаўс заявіў, што не падасьць рукі Лукашэнку. Паводле нефармальных каналаў, Лукашэнка быў інфармаваны арганізатарамі саміту, што ягоная прысутнасьць непажаданая.
 
Пэўная абструкцыя ня выклікала нэгатыўных адносін да саміту і УП з боку Лукашэнкі. Паколькі палітыка ў Беларусі дастаткова пэрсаніфікаваная, гэта мае значэньне для пэрспэктываў разьвіцьця супрацоўніцтва Беларусі з ЭЗ ў рамках УП.
 
8 траўня Лукашэнка заявіў: «Беларусь была вельмі дастойна прадстаўленая на саміце».
 
Гэтая заява зьяўляецца чарговым сьведчаньнем, што Лукашэнка як палітык прайшоў пэўную эвалюцыю. Ён стаў больш рацыянальным, прагматычным. Ён больш не кіруецца эмоцыямі і асабістымі прыхільнасьцямі.
 
Разам з тым гэтая заява пацьвярджае тэзу пра тое, што ў складзе кіроўнай эліты Беларусі найбольш уплывовымі зьяўляюцца тры групы: група на чале са старэйшым сынам Лукашэнкі Віктарам, група «тэхнакратаў» на чале з прэм’ер-міністрам С. Сідорскім і першым віцэ-прэм’ерам У. Сямашкам, шклоўска-магілёўская група.
 
У. Сямашка ўзначальваў беларускую дэлегацыю на саміце УП. Тэхнакраты – эканамічныя топ-мэнэджары аказваюць істотны ўплыў на працэс прыняцьця і рэалізацыі палітычных рашэньняў у Беларусі.
 
НОВЫ ВЭКТАР ВОНКАВАЙ ПАЛІТЫКІ – РЭГІЯНАЛЬНАЕ СУПРАЦОЎНІЦТВА
 
6 траўня Лукашэнка сустрэўся ў Гомелі з прэзыдэнтам Украіны В. Юшчанкам. Напярэдадні саміту абмяркоўваліся пэрспэктывы ўдзелу Беларусі і Ўкраіны ў УП.
 
Камэнтуючы сустрэчу, 8 траўня Лукашэнка заявіў: «Я яму падзякаваў за тое, што ён робіць для нас па навядзеньні мастоў паміж Беларусьсю і Захадам. Ён цалкам выканаў свае абяцаньні».
 
Гэтая заява пацьвярджае, што рэжым Лукашэнкі сапраўды імкнецца выкарыстаць цяперашнюю спрыяльную сытуацыю дзеля таго, каб палепшыць адносіны з Захадам, і для «навядзеньня мастоў» будзе выкарыстоўваць дапамогу Ўкраіны – зацікаўленага пасярэдніка.
 
Пасьля прыняцьця ЭЗ праграмы УП назіраецца прыкметная актывізацыя беларуска-ўкраінскіх кантактаў на вышэйшым узроўні. Не выпадкова, што тэмай сусрэчаў Лукашэнкі з прэзыдэнтам Украіны зьяўляецца і ўдзел Беларусі ў рэалізацыі балта-чарнаморскіх транспартных праектаў. Улада дапускае, што Расея ня будзе пасіўна назіраць спробы Беларусі палегпшыць адносіны з Захадам, зробіць ціск. Беларусі можа спатрэбіцца альтэрнатыўная расейскай касьпійская нафта.
 
СУСТРЭЧА З СУРЫКАВЫМ – СПРОБА СУПАКОІЦЬ РАСЕЮ
 
13 траўня Лукашэнка сустрэўся з паслом Расеі ў Беларусі А. Сурыкавым. Ён тлумачыў Сурыкаву, што ўдзел Беларусі ў УП не азначае спыненьня саюзьніцкіх адносінаў з Расеяй. Улада намагаецца захаваць расейскую эканамічную падтрымку.
 
БЕЛАРУСЬ НЕ ПРЫЗНАЕ НЕЗАЛЕЖНАСЬЦІ ПАЎДНЁВАЙ АСЕЦІІ І АБХАЗІІ
 
13 траўня кіраўнік Адміністрацыі Прэзыдэнта У. Макей сустрэўся ў Сухумі з прэзыдэнтам Абхазіі С. Багапшам.
 
Сэнс гэтай сустрэчы раней патлумачыў Лукашэнка: разьвіваць супрацоўніцтва з Абхазіяй і Асеціяй, дапамагаць Паўднёвай Асеціі аднавіць эканоміку можна і без прызнаньня незалежнасьці.
 
Робячы крокі ў прапрамку збліжэньня з Захадам, рэжым Лукашэнкі імкнецца прадаць Расеі па больш высокіх коштах выкананьне ролі адзінага саюзьніка, шчыта супраць НАТО. Візыт Макея ў Абхазію павінен быў прадэманстраваць, што Беларусь застанецца саюзьнікам Расеі.
 
ІНФАРМАЦЫЙНЫ ЦІСК НА АПАЗЫЦЫЮ ПРАЦЯГВАЕЦЦА
 
14 траўня дзяржаўны тэлеканал паказаў фільм «Кіднэпінг: Малады Фронт». Аўдыторыі даказвалася, што актывісты МФ – гэта алькаголікі, наркаманы і дзеці алькаголікаў.
 
Фільм быў адрасаваны ня толькі беларускай аўдыторыі, але і Расеі. Улада нагадала Расеі, што толькі на парозе Беларусі была спыненая хваля «каляровых рэвалюцыяў». Амэрыканскія фонды нібыта выдаткоўваюць мільёны даляраў на скіданьне рэжыму Лукашэнкі. Яны хочуць прывесьці да ўлады празаходніх палітыкаў, якія павядуць Беларусь у НАТО.
 
Улада хацела сказаць Расеі, што ва ўмовах эканамічнага крызісу беларускі саюзьнік мае патрэбу ў значнай эканамічнай падтрымцы.
 Андрэй Ляховіч

Андрэй Ляховіч - палітоляг.

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме