10:45 09.10.2015 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

Публічны запыт спадарыні Ярмошынай

Старшыні Цэнтральнай Камісіі Рэспублікі Беларусь

па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў

Ярмошынай Л. М.

назіральніка Сідарэвіча Анатоля Міхайлавіча,

які пражывае па адрасе: г. Мінск, вул. Каліноўскага, д. 63, кв. 72



ЗВАРОТ

Спадарыня старшыня,

вельмі прашу Вас растлумачыць мне, якое дачыненне да дзейнасці ўчастковых выбарчых камісій мае міліцыя.

У Выбарчым кодэксе Беларусі няма словаў «міліцыя», «міліцыянер» і словапалучэння «органы ўнутраных спраў».

У Кодэксе запісана наступнае: «Хранение ящика для голосования обеспечивается председателем участковой комиссии».А таксама такое: “Ответственность за сохранность бюллетеней несут председатели комиссий, осуществляющие получение, передачу и хранение бюллетеней”.

Як правіла, у памяшканні, у якім знаходзяцца скрыні для галасавання, знаходзяцца і бюлетэні.

Ці маецца які нарматыўны акт пра тое, што старшыня ўчастковай выбарчай камісіі можа дэлегаваць абавязак аховы памяшкання, у якім знаходзяцца скрыні для галасавання і бюлетэні, міліцыі?

Я задаю гэтае пытанне таму, што, напрыклад, на выбарчых участках, якія размешчаны ў мінскай сярэдняй школе № 208 (праспект Любімава, д. 31) і, у прыватнасці на выбарчым участку № 100, дзе я з’яўляюся назіральнікам, ні 6, ні 7, ні 8 кастрычніка дзверы памяшкання, у якім знаходзяцца скрыня для датэрміновага галасавання і бюлетэні, не апячатваліся пасля заканчэння галасавання (19 гадзін) і да пачатку галасавання (10 гадзін). Не апячатваліся дзверы памяшкання і на час перапынку з 14 гадзін да 16 гадзін. Замкнуўшы памяшканне, ключ ад яго старшыня ўчастковай выбарчай камісіі аддавала міліцыянеру, які дзяжурыць у калідоры (там пастаянны міліцэйскі пост). Гэтак рабілі і старшыні іншых участковых камісій. Не думаю, што гэтак яны рабілі з уласнай ініцыятывы.

Мушу заявіць, што такі парадак захавання скрыні для тэрміновага галасавання і бюлетэняў можа істотна паўплываць на вынікі галасавання.

Акрамя таго, я не ўпэўнены, што дублікату ключа ад памяшкання, у якім праводзіцца датэрміновае галасаванне і заходзяцца скрыня для галасавання і бюлетэні, няма ў дырэкцыі школы № 208.

Гэта тым больш дае мне права сцвярджаць, што такі парадак захавання скрыні для тэрміновага галасавання і бюлетэняў можа істотна паўплываць на вынікі галасавання.

Вось чаму я звяртаюся да Вас з публічным зваротам і прашу паведаміць, якім нарматыўным актам міліцыя упаўнаважана ахоўваць памяшканні, у якіх знаходзяцца скрыні для галасавання і бюлетэні, і мець ключы ад гэтых памяшканняў. Прашу апублікаваць такі нарматыўны акт.

Прашу таксама паведаміць мне, ці прадугледжана якім-небудзь нарматыўным актам апячатванне памяшканняў, у якіх знаходзяцца скрыні для галасавання і бюлетэні, на перыяд з 19 да 10 гадзін, і з 14 да 16 гадзін.

Прашу Вас даць мне вычарпальны адказ па сутнасці пастаўленых пытанняў.

А. Сідарэвіч.

9 кастрычніка 2015 г.

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме