00:01 11.04.2010 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Прэзідыум БСДП выказаў Саюзу левых дэмакратаў глыбокае спачуванне ў сувязі з авіякатастрофай пад Смаленскам
Праўленню Саюзу левых дэмакратаў
Варшава
Дарагія таварышы,
беларускія сацыял-дэмакраты глыбока ўзрушаны весткаю аб смерці ў авіякатастрофе пад Смаленскам намесніка старшыні вашай партыі, віцэ-маршалка Сойму Рэспублікі Польшча Ежы Шмайдзінскага.
Мы ведаем таварыша Ежы Шмайдзінскага як чалавека, які шчыра вызнаваў каштоўнасці сацыял-дэмакратыі і нямала зрабіў для пабудовы дэмакратычнай Польшчы – паўнапраўнага сябра Еўрапейскага Саюзу і Паўночнаатлантычнага альянсу.
У асобе Ежы Шмайдзінскга ваша партыя страціла чалавека, які карыстаўся высокім аўтарытэтам сярод грамадзян Польшчы. Сем разоў яго выбіралі паслом на Сойм. Ён займаў пасады міністра абароны Польшчы і міністра ўнутраных спраў. Усё гэта дазволіла Саюзу левых дэмакратаў вылучыць кандыдатуру Ежы Шмайдзінскага пасаду Прэзідэнта Рэспубулікі Польшча.
Ад імя Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) выказваем вам і ўсяму Саюзу левых дэмакратаў глыбокае спачуванне ў сувязі з балючай стратай. Просім перадаць нашы спачуванні родным і блізкім таварыша Ежы Шмайдзінскага.
З пачуццямі салідарнасці
Прэзідыум
Беларускай сацыял-дэмакратычнай
партыі (Грамады)
10 красавіка 2010 г.
Мінск
***
9 красавіка 2010 года Ежы Шмайдзінскаму споўнілася роўна 58 год.
Ён нарадзіўся ў 1952 годзе ва Ўроцлаве і скончыў у родным горадзе Эканамічную акадэмію. Ва ўзросце 21 год уступіў у Польскую аб’яднаную рабочую партыю (ПАРП). З 1986 года быў сябрам яе Цэнтральнага Камітэта. Узначальваў (1984–1989) Саюз сацыялістычнай моладзі Польшчы.
З моманту яе ўтварэння сябар Сацыял-дэмакратыі Рэспублікі Польшча (пазней Саюз левых дэмакратаў, СЛД).
Ежы Шмайдзінскага выбіралі паслом на Сойм Польскай Народнай Рэспублікі, а таксама пяць разоў паслом на Сойм Польскай Рэспублікі: у 1991, 1993, 1997, 2001 i 2005 гг. На выбарах 2007 года ён стаў паслом сёмы раз. Ён выбраны таксама віцэ-маршалкам палаты і старшынёю парламенцкага клуба СЛД.
У кастрычніку 2001 г. Ежы Шмайдзінскі стаў міністрам абароны Польшчы ў кабінеце Лешака Мілера. Пэўны час гэтую пасаду ён спалучаў з пасадаю міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі. Пасаду міністра абароны Ежы Шмайдзінскі захоўваў таксама ў абодвух кабінетах Марка Бэлькі (2004–2005).
У чэрвені 2008 г. Ежы Шмайдзінскі выбраны на пасаду віцэ-старшыні СЛД, а ў снежні 2009 г. партыя вылучыла яго кандыдатам на пасаду Прэзідэнта Польшчы.
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме