12:46 16.07.2010 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

Прэзідыум БСДП Віншуе калектыў газеты “Народная Воля” з 15-годдзем

Калектыву рэдакцыі                   

газеты  “Народная Воля”         

                   Паважаныя сябры,
                   паважаны  Іосіф Паўлавіч! 

  Паводле строгіх мерак, прынятых на Захадзе, 15 год – не юбілей, а толькі круглая  дата. Але гэта на Захадзе, у вольным  свеце. У нашых жа ўмовах падзеяй  з’яўляецца заснаванне кожнага недзяржаўнага грамадска-палітычнага выдання. І не менш важнаю падзеяй з’яўляецца кожны год, “пражыты” гэтым выданнем.

  Яркім сведчаннем “свабоды друку” ў Беларусі з’яўляюцца судовыя пераследы “Народнае  Волі”, папярэджанні Міністэрства інфармацыі і мільённыя штрафы. Асабліва ж запомнілася чытачам і падпісчыкам “Народнае Волі” выключэнне газеты з каталогу на падпіску і забарона прадаваць яе ў шапіках “Белсаюздруку” і “Белпошты”, друкаваць у Беларусі. Тое, што пасля адмены гэтых драконаўскіх мераў “Народная Воля” можа выходзіць толькі два разы на тыдзень, а падпісчыкаў яе ў глухіх кутках  адсочваюць органы ўлады, як найлепш паказвае сапраўдны змест і цану “лібералізацыі”, веру ў якую хацелі навязаць нашаму грамадству некаторыя замежныя і айчынныя дзеячы.

  Мы  высока цэнім працу ўсяго рэдакцыйнага калектыву і ўсіх аўтараў газеты “Народная Воля”, але сёння асабліва хочацца адзначыць жаночую частку рэдакцыі. Так сталася, што апошнім  часам менавіта яны – супрацоўніцы рэдакцыі – падвергліся вобыскам і канфіскацыям. Гэта, мабыць, яшчэ адна, спецыфічна беларуская праява “лібералізацыі”.

  Віншуючы  калектыў “Народнае Волі” з 15-годдзем, мы выказваем нязменную салідарнасць з незалежнымі журналістамі.

  Калі 15 год назад быў наладжаны выпуск “Народнае Волі”, эпіграфам да вашай і нашай газеты былі ўзятыя словы сябра Беларускай Сацыялістычнай Грамады, народнага паэта Якуба Коласа: “На прастор, на шырокі разлог выхадзі, мой народ грамадою!”. Як і 15 год таму, і заснавальнікі газеты, і мы верым, што праўда і справядлівасць перамогуць. І сёння будзе дарэчы працытаваць іншыя радкі Песьняра – з яго верша “Не бядуй!”: 

     Дымам пойдзе ўсё ліхое,
     Усё, што душыць нас і гне.
     Вер, брат, – жыцце залатое
     Будзе ў нашай старане.

  Зычым, паважаныя сябры, кожнаму з вас  здароўя і асабістага шчасця, жадаем вам і далей нязломна несці сцяг волі, несці грамадзянам Беларусі вольнае слова, радаваць чытачоў творчымі знаходкамі. 

     Прэзідыум
     Беларускай  сацыял-дэмакратычнай
     партыі (Грамады)

     12 ліпеня 2010 г. 

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме