09:30 20.07.2015 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Прэзідэнцкія выбары 2015 могуць скончыцца для апазіцыі на этапе збору подпісаў
Разам з абвяшчэннем старта прэзідэнцкай кампаніі колькасць прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта Беларусі значна ўзрасла. Тым не менш, лічба патэнцыйных кандыдатаў і сябраў іх ініцыятыўных груп істотна саступае прэзідэнцкай кампаніі 2010 г. Хутчэй за ўсё, пасля правядзення першага этапу выбарчай кампаніі – збору подпісаў– колькасць зарэгістраваных кандыдатаў на пасаду прэзідэнта абмяжуецца 3-4 асобамі. Акрамя дзеючага кіраўніка дзяржавы сабраць неабходную колькасць подпісаў з улікам існуючых рэсурсаў і атмасферы ў беларускім грамадстве здольныя толькі 1-2 апазіцыйных лідара. Прычым фактычна ніводная апазіцыйная партыя не ставіць за мэту змену ўлады ў выніку выбараў 2015, а плануюць свае кампаніі ў адпаведнасці са сваімі доўгатэрміновымі мэтамі і стратэгіямі з улікам наступных парламенцкіх выбараў 2016 г.
Сярод апазіцыйных арганізацый па-ранейшаму адсутнічае адзіны падыход да ўдзелу ў прэзідэнцкай кампаніі 2015. Пераважная большасць партый, якія маюць разгалінаваную сетку структур у Беларусі, плануюць удзельнічаць у выбарчай кампаніі. Актывісты падтрымліваюць або вылучэнне сваіх партыйных прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта або аб’ядналіся вакол агульнага лідара, які вылучаецца ад некалькіх партый. Пры гэтым частка стуктур апазіцыі плануе арганізаваць партыйнае назіранне. У сваю чаргу апазіцыйныя групы, якія вымушаны былі эміграваць з краіны ў выніку жорсткіх рэпрэсій уладаў, па-ранейшаму прытрымліваюцца байкотнай стратэгіі.
Апазіцыйныя лідары не ставяць ужо нават публічна за мэту перамогу падчас гэтай выбарчай кампаніі, а заяўляюць іншыя матывы ўдзелу ў выбарчай кампаніі. Так, лідар АГП А. Лябедзька акрэсліў асноўнай задачай свайго удзелу ў выбарах павелічэнне актыўных прыхільнікаў перамен, а некаторыя з апазіцыйных камандаў ужо пачалі падрыхтоўку да парламенцкіх выбараў 2016 года.
Прычым прэтэндэнты на пасаду прэзідэнта краіны ад найбольш моцных апазіцыйных структур распачалі свае кампаніі яшчэ раней. Як толькі былі спыненыя перамовы аб вылучэнню адзінага кандыдата ад апазіцыі, прэтэндэнт ад кампаніі “Народны рэферэндум” Т. Караткевіч і лідар АГП А. Лябедзька распачалі працу з рэгіянальнымі актывістамі для фармавання сваіх ініцыятыўных груп.
Аднак відавочным з’яўляецца недахоп актывістаў сярод камандаў альтэрнатыўных кандыдатаў. Напрыклад, найбольшую ініцыятыўную групу сярод апазіцыйных кандадатаў у 2010 годзе здолеў сабраць лідар кампаніі “Гавары праўду” У. Някляеў у колькасці 3271 чалавек. Зараз жа кампанія “Народны рэферэндум”, у якую ўваходзяць партыі БНФ і БСДП “Грамада”, “Рух “За свабоду” і “Гавары праўду”, здолелі ўключыць у ініцыятыўную группу па вылучэнню Т. Караткевіч толькі 1,9 тыс. актывістаў. Прычым ніводны з кандыдатаў на пасаду прэзідэнта ў 2010 годзе, які афіцыйна пацвердзіў аб зборы неабходных для рэгістрацыі 100 тыс. подпісаў, не меў ініцыятыўную групу меншую за 1,3 тыс. актывістаў.
Варта адзначыць, што у 2010 годзе 11 з 17 прэтэндэнтаў заявілі аб выкананні тэхнічнага патрабавання ў 100 тыс. сабраных за вылучэнне подпісаў, аднак у выніку былі зарэгістраваны толькі 10 кандыдатаў. Толькі аднаму прэтэндэнту на статус кандыдата на пасаду прэзідэнта было адмоўлена на падставе несапраўднасці сабраных подпісаў.
Колькасць чальцоў ініцыятыўных груп альтэрнатыўных прэтэндэнтаў у 2015 годзе значна саступае вылучэнцам 2010 года. Акрамя Т. Караткевіч толькі лідару “Справядлівага свету” С. Калякіну атрымалася сфармаваць сваю каманду ў колькасці болей за 1,5 тыс. чалавек. Варта адзначыць, што на прэзідэнцкіх выбарах ініцыятыўная група С. Калякіна, якая тады налічвала болей за 2 тыс. актывістаў, не здолела сабраць неабходнага мінімума ў колькасці 100 тыс. подпісаў для рэгістрацыі свайго кандыдата на пасаду прэзідэнта.
Відавочна, што ўлады не пойдуць на рэгістрацыю яшчэ адной вялікай ініцыятыўнай групы (каля 1,7 тыс.) ў падтрымку былога кандыдата ў прэзідэнта і палітвязня М. Статкевіча. Вакол лідара сацыял-дэмакратаў аб’ядналіся шэраг апазіцыйных структур, якія не вылучаюць сваіх прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта, а разглядаюць вылучэнне М. Статкевіча ў якасці сімвалічны кроку ў яго падтрымку.
У адрозненне ад апазіцыйных прэтэндэнтаў улады вырашылі павялічыць колькасць сябраў ініцыятыўнай групы дзеючага кіраўніка дзяржавы да 10,5 тыс. чалавек, у той час як у 2010 годзе іх было 8,4 тыс. Прычым было прынята рашэнне значна паменшыць ініцыятыўную групу лідара ЛДПБ С. Гайдукевіча, які разглядаецца апазіцыяй як спарынг-партнёр прэзідэнта А. Лукашэнка, да 2,5 тыс. у параўнанні з 10,4 тыс. актывістамі ў 2010 г.
Пры гэтым прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта ад “Народнага рэферэндума” Т. Караткевіч пацьвердзіла, што не збіраецца выходзіць з выбарчай кампаніі ні на водным з яе этапаў. Хутчэй за ўсё такі падыход абярэ і лідар Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” С. Калякін у выпадку яго рэгістрацыі ў якасці кандыдата і адсутнасці празмернага ціску на яго каманду з боку ўладаў.
Прычым акрамя недахопу актывістаў патэнцыйныя кандыдата яшчэ раней засведчылі аб магчымых праблемах с фінансавымі рэсурсамі для правядзення сваіх выбарчых кампаній. Асобныя з іх заявілі аб зборы сродкаў унутры краіны сярод прадпрымальнікаў і шараговых грамадзян Беларусі. Аднак малаверагодна, што яны здольныя знайсці неабходныя рэсурсы з улікам пагаршэння матэрыяльнага становішча насельніцтва і яго нізкай палітычнай актыўнасцю.
Летні перыяд адпачынкаў таксама не спрыяе падвышэнню цікавасці насельніцтва да выбараў і адпаведна будзе адмоўна ўплываць на збор подпісаў, які прыпадае на другую палову ліпеня і жнівень. Крывавыя падзеі ва Украіне таксама адмоўна сказаліся на настроі ў грамадстве і падтрымку альтэрнатыўных дзеючаму кіраўніку дзяржавы прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта, асабліва тых што выкарыстоўваюць больш жорсткую рыторыку ў адносінах да ўладаў. Болей за тое ў альтэрнатыўных лідараў значна зменшыліся магчымасці інфармацыйнай падтрымкі. У 2010 годзе асобныя апазіцыйныя кандыдаты атрымалі шырокую вядомасць і падтрымку насельніцтва дзякуючы папулярным інфармацыйным рэсурсам, як напрыклад Charter’97. Зараз жа апазіцыя не мае агульнай стратэгіі паводзінаў падчас выбараў, а асобныя папулярныя Інтэрнет рэсурсы прапагандуюць байкотную стратэгію.
Такім чынам пераважная большасць ініцыятыўных груп не ў стане сабраць неабходную колькасць подпісаў грамадзян для рэгістрацыі кандыдатамі на пасаду прэзідэнта. Найбольшыя рэсурсы для правядзення першага этапу кампаніі сканцэнтраваліся толькі ў прадстаўніка ад кампаніі “Народны рэферэндум” Т. Караткевіч. Беларускае кіраўніцтва таксама не зацікаўлена ў агрэсіўнай кампаніі лідараў з жорсткай рыторыкай і, хутчэй за ўсё, абмяжуе іх удзел у выбарчай кампаніі. Нерэгістрацыя шэрагу апазіцыйных прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта значна павялічыць колькасць прыхільнікаў байкотнай стратэгіі.
Прычым фактычна ўсе патэнцыйныя кандыдаты ад апазіцыі змякчылі жорсткую рыторыку або засведчылі, што не будуць заклікаць людзей выходзіць на мірныя акцыі пратэсту ў выпадку фальсіфікацыі выбараў. Перадусім апазіцыя заклапочаная магчымым расколам беларускага грамадства і паўтору ўкраінскіх падзей у Беларусі. Сапраўды, беларускія ўлады неаднаразова падкрэслівалі гатоўнасць сілавым чынам спыніць любыя дзеянні апазіцыі і прадухіліць пратэсты ў дзень выбараў. Яшчэ напачатку 2015 года прэзідэнт А. Лукашэнка падчас святкавання Дня абароны Айчызны адзначыў у дачыненні да прэзідэнцкіх выбараў: “Нам трэба будзе правесці найважнейшую палітычную кампанію. Яна павінна прайсці арганізавана і спакойна. Нельга дапусціць любой некантралюемай сітуацыі ў краіне і дэстабілізацыі абстаноўкі. І гэта залежыць, перш за ўсё, ад нас, ваенных”.
Пры гэтым улады акрэслілі ў акасці арыенціра для арганізатараў выбарчай кампаніі дастаткова высокія вынікі яўкі. Паводле словаў дырэктара Цэнтра сацыялагічных і палітычных даследаванняў БГУ Давіда Ротмана прыняць удзел у прэзідэнцкіх выбарах гатовыя болей за 70% грамадзян.
Па сведчанню праваабаронцаў у рэгіёнах арганізатары выбараў больш ліберальна, чым гэта было нават у 2010 годзе, падыходзяць да вызначэння месцаў для правядзення масавых мерапрыемстваў па збору подпісаў. Разам з тым мінскія улады забаранілі актывісцы кампаніі “Гавары праўду” Т. Караткевіч правядзенне пікетаў, якія яна планавала здзейсніць у найбольш шматлюдных месцах сталіцы. Верагодна, што беларускія ўлады будуць прадастаўляць большыя магчымасці для агітацыі альтэрнатыўным кандыдатам на перыферыі і абмяжоўваць яе ў сталіцы.
Традыцыйна палітычная актыўнасць апазіцыі і пратэстны патэнцыял грамадства значна вышэй у Менску, чым у рэгіёнах. У 2010 годзе ўлады не абмяжоўвалі апазіцыю і дазвалялі праводзіць вулічныя мерапрыемствы ў сталіцы паўсюдна. Гэта прывяло да змяншэння ўзроўню страху ў грамадстве і змякчэння выбарчай атмасферы ў Менску. У рэшце значная колькасць грамадзян выйшла пратэставаць супраць фальсіфікацыі выбараў на вуліцы Менску на заклік апазіцыйных кандыдатаў. Нават кіраўнік дзяржавы быў вымушаны выказаць сваю незадаволенасць ліберальнымі адносінамі ўладаў да перадвыбарнай агітацыі апазіцыйных кандыдатаў і “разгулу дэмакратыі” ў сталіцы.
Гэтым разам беларускае кіраўніцтва разлічвае прадухіліць выхад людзей на акцыю пратэсту ў дзень выбараў, таму будзе, хутчэй за ўсё, больш уважліва ставіцца да арганізацыі кампаній альтэрнатыўных кандыдатаў у Менску. Прычым, у рэгіёнах наадварот высокі абсэнтэізм насельніцтва можа перашкодзіць мясцовым уладам забяспечыць неабходныя вынікі яўкі. З улікамі змяншэння людскіх і фінансавых рэсурсаў апазіцыі беларускае кіраўніцтва можа пашырыць рамкі для правядзення агітацыйнай кампаніі ў рэгіёнах.
Як і напярэдадні мінулых прэзідэнцкіх выбараў улады агучваюць тэзісы аб адсутнасці ў грамадстве пратэстных настрояў і падстаў для выхаду людзей на “Плошчу”, асабліва на фоне крывавых падзей ва Украіне. Аднак падчас кожнай прэзідэнцкай кампаніяй беларуская кіраўніцтва спрабуе “заспакоіць” грамадства сваімі заявамі, што аднак да гэтага часу не спыняла жыхароў сталіцы публічна выказаць свой пратэст у дзень выбараў на “Плошчы”.
Такім чынам, для пераважнай большасці альтэрнатыўных прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта выбарчая кампаніі скончыцца разам са зборам подпісаў. Адсутнасць адзінага падыходу сярод апазіцыі да прэзідэнцкай кампаніі 2015 года значна пагоршыць умовы для правядзення першага этапу выбараў – збору подпісаў – для камандаў апазіцыйных прэтэндэнтаў. Тым не менш, беларускае кіраўніцтва зацікаўлены ва ўдзеле ў выбарчай кампаніі альтэрнатыўных кандыдатаў з мяккай рыторыкай, якія будуць прытрымлівацца вызначаных уладамі рамкаў.
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме