20:30 30.05.2015 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

Прэтэндэнтаў усё больш… А ці будзе кандыдат?(Дап)

Колькасць магчымых прэтэндэнтаў на прэзідэнцкіх выбарах павялічваецца. Ці магчымы паўтор сцэнара 2010 года, калі прэтэндэнты не змаглі дамовіцца паміж сабой, выпрацаваць канкрэтны план сумесных дзеянняў. А ўсё скончылася драматычнай паразай апазіцыі.

Па меркаванню новага кіраўніка грамадскай кампаніі „Гавары праўду!” Андрэя Дзмітрыева, які сцэнар спраўдзіцца, будзе залежаць ад саміх кандыдатаў.

Андрэй Дзмітрыеў: „Калі яны пойдуць старым шляхам, абвінавачваючы адзін аднога ва ўсіх смяротных грахах і зневажаючы ўсё, што было зроблена да гэтага, то канешне, гэта будзе кепска, людзям гэта будзе не цікава. І вынікі будуць горшыя і за 2010, і за 2006, і за 2001, і нават за 1994 год. Калі ж кандыдаты пойдуць і будуць размаўляць пра тое, што трэба мяняць у краіне, пра тое, што творыцца, напрыклад, з адукацыяй, якая не дае людзям прафесіі, што творыцца з заробкамі і ўвогуле з працоўнымі месцамі! Давайце мы гэта мяняць, давайце мы пачнем эканамічныя рэформы. Якая можа быць незалежнасць у непаспяховай краіны? Аснова незалежнасці ў тым, што краіна эканамічна павінна быць паспяховай. Вось тады, можа быць, колькасць кандыдатаў не будзе такім негатывам. І давайце не называць гэтых людзей кандыдатамі. Бо важна не тое, каб адзін сказаў – я хачу быць кандыдатам у прэзідэнты, а каб не меней за 100 тысячаў чалавек падцвердзілі гэта потым сваімі подпісамі. І пакуль, на маю думку, гэта не можа зрабіць ні адна структура паасобку. Гэта можна зрабіць толькі разам. Таму адна з прычынаў, чаму мы засталіся разам з удзельнікамі „Народнага рэферэндуму”, дзе сёння 4 структуры, якія будуць разам збіраць подпісы, разам вылучаць кандыдатаў у парламент мы ўжо пачынаем. Разам працаваць на кандыдата ў прэзідэнты.

Сёння самы лепшы шанец абраць адзінага кандыдата – гэта калі тыя, хто заявіўся на кандыдацтва, не будуць махляваць з подпісамі. І калі іх не збяруць, то шчыра пра гэта скажуць грамадству. Тады застанецца як раз адзін кандыдат. І я ведаю, хто гэты кандыдат. Яго імя – Таццяна Караткевіч. Яна ідзе ад 4 структураў і ў яе ёсць магчымасці сабраць подпісы. Упэўнены, што калі мы пабачым сумленныя паводзіны з боку іншых кандыдатаў, то мы будзем толькі рады працаваць разам на карысць незалежнасці, на карысць Беларусі, на карысць мірных пераменаў.”

Анатоль Лябедзька: „У кожнага свая аргументацыя, чаму ён ідзе і ўдзельнічае ў гэтай кампаніі. Падкрэсліваю, – не ў выбарах, а ў кампаніі. Для мяне такой матывацыяй з’яўляецца тое, што зараз больш за 50% грамадзянаў, – гэта дадзеныя апошняга сакавіцкага апытання, кажуць, што патрэбна новая экнамічная альтэрнатыва. Хто можа даць такую альтэнтарыву? Для мяне відавочны адказ – прафесійная каманда Аб’яднанай грамадзянскай партыі. І мы не будзем прыдумываць гэтую праграму на хаду. У 2010 годзе праграма „Мільён новых працоўных месцаў”, як эканамічная альтэрнатыва была прапанавана грамадству. І час толькі пацвердзіў яе актуальнасць. Калі за гэтую праграму, за праграму стварэння новых працоўных месцаў выступае большасць жыхароў Рэспублікі Беларусь, то мы не можам заставацца ў баку, для нас ёсць шанец гэта выкарыстаць і павялічыць колькасць актыўных удзельнікаў палітычнага працэсу. Каб людзі неслі і адчувалі адказнасць за тое, што адбываецца ў краіне.

Другі чыннік – пагроза легітымацыі вынікаў выбараў, якія не будуць ні свабоднымі, ні сумленнымі. Хто можа супрацьстаяць гэтаму? Зноў жа, гэта маё перакананне – паслядоўная, прынцыповая каманда АГП.

Вось чаму мы ідзем у выбарчую кампанію. І думаю, што гэта трэба рабіць, бо альтэрнатыва ляжаць на канапе – тупіковая. А прэтэндэнтаў можа быць і 10 і 15. У гэтай кампаніі ў нас адзін апанент – той, хто прывёў сітуацыю ў Беларусі да тупіка, хто няздольны ажыццяўляць перамены ў краіне – гэта Аляксандр Лукашэнка. Што датычыць колькаснага складу прэтэндэнтаў, то, я думаю, што не будзе паўтарэння 2010 году. На гэты раз улада правядзе нейкую сартыроўку. І з усіх тых, хто агучыў пра свае прэзідэнцкія амбіцыі найменшы шанец быць зарэгістраванымі – у нас. І менавіта таму, што мы – альтэрнатыва.”

Юрась Губарэвіч, намеснік старшыні Руху „За свабоду”.

(Нагадаем, што гэтая арганізацыя з’яўляецца ўдзельніцай кампаніі „Народны рэферэндум”).

„Відавочна, што назіраецца паўтор сітуацыі 2010 году, калі вылучаліся ці заяўлялі пра свае магчымыя вылучэнні ўсе хто заўгодна. Сярод іх былі і санітаркі, і беспрацоўныя. Натуральна, што не кожны з тых, хто сёння гаворыць пра свой удзел у выбарах 2015 году, здолее сабраць нават мінімальна ініцыятыўную групу, не кажучы ўжо пра тое, каб сабраць 100 тысяч подпісаў і быць зарэгістарваным. Таму заявы гэтых людзей наўрад ці варта прымаць да ўвагі. З іншага боку, ёсць некалькі насамрэч сур’ёзных гульцоў, якія заявілі пра сваё вылучэнне. Гэта людзі, якія з’яўляюцца лідарамі палітычных партый, альбо вылучаны ад пэўных кааліцый. Усё гэта сведчыць пра тое, што ў любым выпадку, ад апазіцыі на бліжэйшых выбарах будзе вылучаны больш, чым адзін кандыдат. Наша пазіцыя і ацэнка сітуацыі застаецца нязменнай. Яшчэ некалькі месяцаў назад Рух „За свабоду” вырашыў, што пры адсутнасці адзінага кандыдата не будзе вылучаць кандыдата са сваіх шэрагаў і не падтрымае іншых кандыдатаў”, – нагадаў Юрась Губарэвіч.

Генадзь Барбарыч,

***

Партыя БНФ падтрымае толькі Таццяну Караткевіч

Сябры Партыі БНФ на прэзідэнцкіх выбарах 2015 года будуць падтрымліваць выключна Таццяну Караткевіч.

Праца на іншага кандыдата будзе разглядацца як парушэнне партыйнай дысцыпліны і партыйных прынцыпаў.

Пра гэта заявілі ўдзельнікі пасяджэння Сойму БНФ.

Лідар партыі Аляксей Янукевіч нагадаў: - БНФ дзеля захавання кааліцыі „Народны рэфэрэндум” адмовілася ад вылучэння ўласнага кандыдата і падтрымала Таццяну Караткевіч з грамадзянскай кампаніі „Гавары праўду”. Гэта няпростае рашэнне, але ў цяперашняй сітуацыі трэба было ісці на кампраміс.

Як паведаміў намеснік старшыні партыі Рыгор Кастусёў, сярод іншых пытанняў будзе разгледжана падрыхтоўка да будучай прэзідэнцкай выбарчай кампаніі:
- У асноўным партыя займаецца падрыхтоўкай да прэзідэнцкай кампаніі, наступнай парламенцкай кампаніі. Партыя БНФ прыняла рашэнне падтрымаць Караткевіч, і зараз у гэтым накірунку мы працуем. У той жа час адбудзецца пасяджэнне чарговае Сойма, дзе будуць прынятыя рашэнні адносна будучай выбарчай кампаніі.

Між тым выступоўцы з рэгіёнаў адзначалі: чым далей ад Менску, тым цяжэй патлумачыць шэраговым сябрам партыі, чаму яны павінны працаваць на Таццяну Караткевіч. Многія, хто чытаў розныя інтэрв’ю прэтэндэнткі на прэзідэнта, кажуць, што яе праграма гэта — „цімураўшчына” і „сацыяльшчына”. А вось палітычныя арыенціры кандыдаткі выглядаюць цмяна і невыразна.

Узнялі на пасяджэнні пытанне і пра стаўленне да стварэння ініцыятыўнай групы палітвязня Мікалая Статкевіча. Высветлілася, што намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў даў згоду увайсці ў гэтую групу, а сябра Сойму Юрась Чавусаў ужо і запісаўся ў яе. Сойм вырашыў, што ўдзел сябраў партыі ў кампаніі Міколы Статкевіча не супярэчыць партыйнай лініі.
,

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме