23:00 13.03.2014 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

Прэс-канферэнцыя кампаніі “Права выбару” аб наборы і падрыхтоўцы назіральнікаў

За 5 дзён да пачатку датэрміновага галасавання па выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў XVII склікання кампанія “Права выбару” выйшла на “фінішную прамую” ў наборы і падрыхтоўцы сваіх назіральнікаў. Гэта адбылося, нягледзячы на шматлікія перашкоды з боку ўладаў ды масавы нядопуск да ўдзелу ў выбарчай кампаніі тых кандыдатаў, на акругах якіх павінна было адбывацца назіранне. На сёньняшні дзень колькасць падрыхтаваных “Правам выбару” назіральнікаў склала 890 чалавек, і да пачатку галасавання кампанія мяркуе выйсці на лічбу, максімальна блізкую да раней планаванай - 1200 назіральнікаў. Падчас назірання прадстаўнікі кампаніі будуць звяртаць асаблівую ўвагу на падлік яўкі, магчымасці назірання, стан спісаў выбарцаў і стан захавання скрыняў для галасавання і, натуральна, на падлік галасоў. У мэтах забеспячэння празрыстасці і галоснасці працэсу падліку галасоў кампанія “Права выбару” будзе рэкамендаваць усім сваім назіральнікам падаць ва ўсе ўчастковыя камісіі прапанову “Аб падліку галасоў”, распрацаваную спецыялістамі кампаніі. Пра гэта распавялі на сваёй прэс-канферэнцыі, якая адбылася 13 сакавіка ў Мінску, сябры Сакратарыяту кампаніі назірання за мясцовымі выбарамі “Права выбару” - намеснік старшыні Партыі БНФ Ігар Лялькоў, намеснік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Маслоўскі і намеснік старшыні Партыі свабоды і прагрэсу, каардынатар Руху “За Свабоду” Алесь Сілкоў.

Ігар Лялькоў нагадаў пра тое, што ўжо на этапе рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты ўлады зрабілі ўсё, каб максімальна звузіць абшар актыўнага назірання ад кампаніі “Права выбару”, не зарэгістраваўшы амаль палову кандыдатаў, на акругах якіх планавалася назіранне. Гэтыя спробы працягваюцца і зараз – літаральна ўчора была скасаваная рэгістрацыя кандыдатам у Гродзенскі гарадскі савет кіраўніку Гродзенскай абласной арганізацыі Партыі БНФ, удзельніку кампаніі “Права выбару” Вадзіму Саранчукову. “Нягледзячы на гэта, нашы назіральнікі масава выйдуць на ўчасткі ўжо праз 5 дзён, - 18 сакавіка, - і будуць бароцца за вызначэнне сапраўднага волевыяўлення грамадзян. Мы маем вялікія і абгрунтаваныя падозранні, што ў вялікай колькасці выпадкаў камісіі ізноў паспрабуюць фальсіфікаваць выбары. Таму нашыя назіральнікі настройваюцца на барацьбу з парушэннямі і маніпуляцыямі камісіяў усімі даступнымі і легальнымі спосабамі”, - адзначыў спадар Лялькоў.

Дзеля гэтага кампанія “Права выбару” працягвае падрыхтоўку сваіх назіральнікаў. Па словах Алеся Сілкова, на сённяшні дзень навучанне ў межах кампаніі прайшло 890 назіральнікаў ва ўсіх кутках Беларусі. Навучальныя сэмінары працягваюць адбывацца штодня, і да моманту пачатку датэрміновага галасавання арганізатары кампаніі мяркуюць выйсці на лічбу назіральнікаў, блізкую да запланаванай ад пачатку – 1200. Спадар Сілкоў распавёў, што патэнцыйныя назіральнікі трапляюць у кампанію трыма асноўнымі шляхамі – як сябры каманд кандыдатаў у дэпутаты, як актывісты партый і арганізацыяў, што ўдзельнічаюць у кампаніі, а таксама тыя людзі, якія запісваюцца ў назіральнікі праз сайт “Права выбару” () альбо праз сацыяльныя сеткі. “Мы па праву ганарымся сваімі назіральнікамі, бо гэта людзі моцна матываваныя, якім не ўсё роўна, якім чынам адбываецца фарміраванне мясцовых органаў улады і якія вераць у то, што ў грамадзянаў Беларусі павінна быць права выбару”.

У сваю чаргу Ігар Маслоўскі звярнуў увагу на тое, якім чынам вядзецца метадычная падрыхтоўка назіральнікаў і на якія моманты яны будуць зарыентаваныя ў першую чаргу падчас назірання. Сярод гэтых момантаў былі названыя: падлік яўкі выбарцаў на ўчасткі, фізычныя магчымасці назірання, прадухіленне маніпуляцыяў са спісамі выбарцаў, захаванне скрыняў для датэрміновага галасавання ў абедзенны і начны час і, натуральна, падлік галасоў. У мэтах забеспячэння празрыстасці і галоснасці працэсу падліку галасоў кампанія “Права выбару” будзе рэкамендаваць усім сваім назіральнікам падаць ва ўсе ўчастковыя камісіі прапанову “Аб падліку галасоў”, распрацаваную спецыялістамі кампаніі. “Мэта нашага назірання - мінімізацыя колькасці парушэнняў выбарчага заканадаўства на кожным выбарчым участку, дзе будуць прысутнічаць нашыя назіральнікі”, - падкрэсліў спадар Маслоўскі.

Напрыканцы прэс-канферэнцыі Ігар Лялькоў прэзентаваў прысутным электронны даведнік назіральніка “Што павінен ведаць назіральнік на выбарах у мясцовыя саветы”, распрацаваны ў межах кампаніі “Права выбару” і даступны па адрасе: , ды яшчэ раз заклікаў грамадзян далучацца да кампаніі ў якасці назіральнікаў.

Інфармацыя пра кампанію “Права выбару”

Кампанія “Права выбару” праводзіцца на падставе ліпеньскага (2013 г.) пагаднення дэмакратычных сілаў, якое падпісалі арганізацыйны камітэт па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», грамадзянская кампанія «Гавары праўду!», Партыя БНФ, Рух «За Свабоду», Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Беларуская партыя «Зялёныя» і арганізацыйны камітэт па стварэнні Партыі свабоды і прагрэсу. Галоўнай мэтай кампаніі з’яўляецца актыўная дапамога дэмакратычным кандыдатам у дэпутаты мясцовых саветаў па вызначэнні і абароне сапраўднага волевыяўлення грамадзян. Ініцыятыва скіраваная на прадухіленне парушэнняў заканадаўства на ўсіх стадыях выбарчай кампаніі, фіксацыю парушэнняў і аператыўнае рэагаванне на іх.

Запісацца ў назіральнікі кампаніі “Права выбару” можна праз сайт pravovybora.by, альбо звярнуўшыся па тэлефоне да рэгіянальных каардынатараў кампаніі

па г. Мінску: +375 29 130 67 68 (Галіна Каржанеўская),

па Брэстскай вобласці: +375 29 660 57 41 (Дзмітрый Шыманскі),

па Віцебскай вобласці: +375 29 218 98 38 (Канстанцін Смолікаў),

па Гомельскай вобласці: +375 29 534 77 46 (Пётр Кузняцоў),

па Гродзенскай вобласці: +375 29 783 67 72 (Алег Рамашкевіч),

па Магілеўскай вобласці: +375 29 661 43 33 (Алег Аксёнаў),

па Мінскай вобласці: +375 29 140 08 53 (Надзея Дзяйкун)

Прэсавая служба кампаніі “Права выбару”

E-mail:

Тэлефон: +375 25 777 84 24

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме