18:30 03.08.2015 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

Праваабаронцы: Лукашэнка – 100 тысяч, Караткевіч – 15 (дапоўнена)









Актывісты Беларускага Хэльсінскага камітэту і праваабарончага цэнтру «Вясна» ў межах кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» выдалі аналітычную справаздачу па выніках назіраньня за хадой выбарчай кампаніі за пэрыяд 23 ліпеня — 2 жніўня.

У справаздачы паведамляецца, што Сяргей Гайдукевіч сабраў 55 тысяч подпісаў, Віктар Цярэшчанка — 22 тысячы, Тацьцяна Караткевіч — 15 тысяч, Анатоль Лябедзька — больш за 10 тысяч, у падтрымку Сяргея Калякіна сабрана больш за 6 тысяч подпісаў. Незарэгістраваная група Міколы Статкевіча заклікае да байкоту выбараў.

31 ліпеня старшыня ЦВК паведаміла, што ўжо больш за 100 тысяч подпісаў у падтрымку дзейнага прэзыдэнта накіравана ў ЦВК. Назіральнікі тым часам заяўляюць, што атрымліваюць інфармацыю пра выкарыстаньне адміністрацыйнага рэсурсу і фактах ціску на выбаршчыкаў з мэтай збору подпісаў за вылучэньне кандыдатам дзейнага прэзыдэнта.

Нягледзячы на тое, што ў цэлым збор подпісаў адбываецца ў спакойнай атмасфэры, назіральнікі зафіксавалі некалькі выпадкаў ціску на сяброў ініцыятыўнай групы Тацьцяны Караткевіч:

«27 ліпеня ў горадзе Маладэчна Валянцін Цішко, сябра ініцыятыўнай групы Тацьцяны Караткевіч, быў ненадоўга затрыманы нарадам міліцыі і дастаўлены ў Маладэчанскае РАУС. Пасьля разьбіральніцтва Валянціну Цішко былі прынесеныя прабачэньні. 29 ліпеня ў Наваполацку адбыўся хуліганскі напад на пікет у падтрымку Тацьцяны Караткевіч. Па факту здарэньня пададзеныя заявы ў аддзел міліцыі і гарадзкую камісію па выбарах. 1 жніўня ў Берасьці падчас сьвяткаваньня Дня гораду на вуліцы Савецкай невядомыя мужчыны двойчы спрабавалі перашкодзіць у зборы подпісаў ініцыятыўным групам Тацьцяны Караткевіч».

* * *

Выбары: хто колькі подпісаў сабраў

Траціна з 30 каляндарных дзён, якія адводзяцца для збору подпісаў у падтрымку патэнцыйных кандыдатаў на прэзыдэнта, скончылася. З чым прэтэндэнты прыйшлі на першы прамежкавы фініш.

Лукашэнка — 100 тысяч

У падтрымку Аляксандра Лукашэнкі ўжо сабраныя неабходныя 100 тысяч подпісаў. Пра гэта заявіла ў сваім штотыднёвым відэазвароце на сайце Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына.

Кіраўнік ініцыятыўнай групы дзейнага кіраўніка дзяржавы старшыня Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда адзначае: прыхільнікі Лукашэнкі найперш кажуць, што імкнуцца жыць у мірнай і стабільнай краіне. І таму менавіта Лукашэнку яны і хочуць зноў бачыць прэзыдэнтам. Краіна, паводле кіраўніка ініцыятыўнай групы, кансалідуецца вакол моцнага лідэра.

Калякін — амаль 20 тысяч

Ініцыятыўная група лідэра партыі «Справядлівы сьвет» Сяргея Калякіна зарэгістраваная ў Цэнтравыбаркаме пад нумарам 2. Прэтэндэнт на прэзыдэнта сёньня паведаміў Свабодзе:

«У нас ёсьць дадзеныя за восем дзён, на суботу. Мы зьбіраем лічбы паводле нашага графіку. Бо штодня тузаць людзей няма сэнсу. Пакуль маем амаль 20 тысяч подпісаў. Выходзіць дзесьці дзьве з паловай тысячы за дзень. А неабходна тры з паловай. Трэба павялічваць, калі атрымаецца. Мы гэта разумеем. Многія людзі яшчэ не разварушыліся».

Гайдукевіч — 55 тысяч

Першы намесьнік старшыні Лібэральна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч, сын прэтэндэнта на прэзыдэнцкую пасаду ад партыі, кажа:

«На пятніцу ў нас сабрана 55 тысяч подпісаў. Плянуем да 15 жніўня скончыць збор подпісаў і выйсьці на 120 тысяч. Мы акцэнтавалі ўвагу на зборы подпісаў праз абыход кватэраў. І гэта сябе цалкам апраўдала. Пікет усё ж болей агітацыйная справа. Калі хтосьці зьбярэ за дзень на пікеце 100–200 подпісаў, то гэта шэдэўр. Звычайная норма — 50–60 подпісаў, бо шмат у каго зь людзей няма з сабою пашпарта».

Караткевіч — 43 тысячы

Гэтую лічбу назваў сёньня Свабодзе кіраўнік выбарчага штабу зарэгістраванай у ЦВК групы кандыдаткі на прэзыдэнта ад кааліцыі «Народны рэфэрэндум» Тацяны Караткевіч Андрэй Дзьмітрыеў:

«У нас быў правал першыя чатыры дні, тады ўсё як бы наладжвалася. Затым мы істотна павялічылі колькасьць пікетаў, бо сама каманда стала больш актыўнай. Прыйшло і больш зручнае, і больш лёгкае абсталяваньне для пікетаў. І пайшлі больш масава нашы людзі „ад дзьвярэй да дзьвярэй“. Таму мы выправіліся і цяпер ідзем у тым тэмпе, на які разьлічвалі».

Лябедзька — 15 тысяч

«Мы сваёй дзейнасьцю задаволеныя», — заяўляе Віктар Карняенка, кіраўнік ініцыятыўнай групы патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты, лідэра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі:

«Актыўнасьць відавочная. Людзі стаяць у пікетах. І пікетаў столькі, колькі мы і плянавалі. Агулам па краіне маем дзесьці 40 пікетаў. Што тычыцца подпісаў, то мы падводзім вынікі два разы на тыдзень — увечары, а 21-й гадзіне ў панядзелак і чацьвер. На мінулы чацьвер было каля 15 тысяч. Але гэтыя дадзеныя няпоўныя. Мы пакуль ня лічым подпісы, якія сабралі па кватэрах. Толькі ў пікетах».

Раманоўская — колькасьць невядомая

У пэдагога Жанны Раманоўскай, якая часова не працуе, у ініцыятыўнай групе толькі 110 чалавек. Ва ўсіх астатніх прэтэндэнтаў — болей за тысячу. Сёньня спадарыня Раманоўская сказала Свабодзе наступнае:

«У мяне найменшая ініцыятыўная група. Фінансаваньня ў прынцыпе ў мяне ніякага. У мяне толькі веды, досьвед і аграмаднае жаданьне зьменаў у нашай краіне. Людзі працуюць выключна ў свабодны ад асноўнай працы час. Таму можаце сабе ўявіць колькасьць сабраных подпісаў. Пакуль я нічога не магу агучыць. Магчыма, крыху пазьней будзем бачыць, як ідзе працэс».

Цярэшчанка — 39850

Эканаміст Віктар Цярэшчанка задаволены набраным тэмпам:

«Літаральна гадзінку таму падвялі вынікі. Ужо маем 39850 подпісаў. Учора і пазаўчора быў у Віцебскай вобласьці — Паставы, Шаркаўшчына, Глыбокае, Браслаў. Асабіста стаяў на рынках у пікетах. У той жа Шаркаўшчыне паставілі пікет з самага ранку. Спачатку людзі чагосьці баяліся. Але хвілін праз 20 сарафаннае радыё спрацавала, і пайшлі гуськом, у чэргі пачалі станавіцца. Вельмі многа подпісаў там узялі».

Улаховіч — 47 тысяч

Кіраўнік ініцыятыўнай групы Мікалая Ўлаховіча, заснавальніка аб’яднаньня «Беларускае казацтва» — Міхаіл Образаў кажа Свабодзе:

«Выдаю нашу лічбу, якая ўжо аблічана і пералічана — 47 тысяч. У нас вызначыліся тры лідэры па рэгіёнах. Гэта Менск, Менская і Віцебская вобласьці. Астатнія падцягваюцца. А гэтыя, як той казаў, перадавікі вытворчасьці».

На збор подпісаў ініцыятыўным групам, паводле Выбарчага кодэксу, даецца 30 каляндарных дзён. Дзень, калі патэнцыйныя кандыдаты могуць сабраць апошнія подпісы, — 21 жніўня.

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме