10:19 28.01.2009 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Прарыў у Еўропу?
Сустрэча Мартынава з так званай "тройкай" ЕС на ўзроўні міністраў замежных спраў у Бруселі – на думку беларускіх экспертаў – прамежкавы крок ў дыялогу. Варта нагадаць, што вясной гэтага году чыноўнікі ЕС правядуць перагляд прыпыненых на паўгады санкцый у адносінах да Лукашэнкі і шэрага службоўцаў. Пасля гэтага, летам, чакаецца наступнае важнае мерапрыемства, на якое магчыма атрымае запрашэнне кіраўнік Беларусі.
Размова ідзе пра саміт Еўрапейскага Саюза, на якім будзе прэзентавана праграма Ўсходняга партнёрства. Вяртаючыся да візіту Сяргея Мартынава, дык у Бруселі пройдуць перамовы з міністрамі замежных спраў Чэхіі, Швецыі, прадстаўнікамі Еўракамісіі і генеральнага сакратарыяту Рады Еўрасаюза. Аглядальнік Аляксандр Класкоўскі кажа, што па вялікаму рахунку гэта сустрэча носіць хутчэй кулуарны, прамежкавы характар. Не варта чакаць пэўнага прарыву. Бакі падвядуць вынікі тых крокаў, што былі зроблены насустрач патрабаванням Еўрасаюза.
Гэтымі днямі шматлікія беларускія апазіцыйныя палітыкі выступілі са зваротам да замежных дыпламатаў краін Еўрасаюза з заклікам не запрашаць на саміт ЕС кіраўніка Беларусі. Тым не менш, як аналізуюць беларускія палітолагі, назіраючы за працэсамі, якія цяпер працякаюць, цалкам магчыма, што на саміт Лукашэнка атрымае запрашэнне. Палітолаг Андрэй Казакевіч канстатуе, што ўсё ж будзе дамінаваць фактар персанальны.
- Калі паглядзець на працэсы лібералізацыі ў эканоміцы, а таксама і палітычную адлігу, то варта выказваць меркаванне, што запрашэнне кіраўніка Беларусі ў Прагу цалкам магчымае. Еўрасаюз даволі станоўча ацэньвае крокі беларускіх улад. Але пытанне тут можа стаяць хіба толькі персанальнае, бо маем даволі негатыўную гісторыю адносінаў паміж Еўропай і афіцыйным Менскам. Тым не менш, дынаміка працэсаў і ўзровень адносінаў не выключае таго, што кіраўнік Беларусі будзе ў Празе на саміце.
Не выключае гэтага і былы міністр працы Аляксандр Сасноў. Праўда, эксперт падрэслівае момант, паводле якога ўсе крокі беларускіх уладаў, нягледзячы на тое, што нібыта задавальняюць патрабаванні Еўрасаюза, не меняюць структуру і сутнасць існуючага рэжыму. Тыя крокі, якія былі зроблены – выкарыстанне сітуацыі на сваю карысць, але зусім не накіраваны на канкрэтныя змены.
- Улады Беларусі сёння атрымалі магчымасць хадзіць паміж Усходам і Захадам, выкарыстоўваючы іх супярэчанні. Што тычыцца Прагі, магчыма, што і запросяць Лукашэнку. Але гэта ніякім чынам не зменіць ні беларускі рэжым, ні сітуацыю ў краіне.
Яшчэ каторы час таму шматлікія аналітыкі ў Беларусі выказвалі меркаванне, што на самой справе сітуацыя ў краіне практычна і не змянілася. Некаторыя палёгкі і саступкі хутчэй нагадвалі анектод з равінам і казлом, чым сапраўдныя змены. Палітолаг Аляксандр Патупа адзначыў, што паляпшэнне стасункаў з Захадам мае больш глыбокія прычыны.
- Характарызуючы сённяшні рэжым і тыя працэсы што тут адыбваюцца ,адзначу, што ў асобна ўзятай краіне даволі складана атрымаць уладу. Яшчэ больш складана яе ўтрымаць. Як бычым, рознымі метадамі гэта ўдалося сённяшняму рэжыму. Але яшчэ больш складна гэтую ўладу перадаць. Гэта трэці этап. І, відавочна, што і кіраўнік нашай краіны, і яго атачэнне зразумелі, што без істотнай змены адносінаў да ўлады як унутры краіны, так і звонку, нічога не атрымаецца зрабіць. І ў гэтым зараз вельмі зацікаўлены не толькі кіраўнік краіны, але і пэўнае яго атачэнне, якое не хоча губляць тое, што мае. Мала таго, непасрэдна гэтае ж атачэнне і аказвае ціск на кіраўніка краіны. Але пры існуючым раскладзе мяккая перадача ўлады немагчымая. Вельмі верагодны ў такіх варунках пэўны выбух. Таму тыя працэсы, якія мы сёння назіраем, на маю думку, заканамерныя працэсы ў нашай краіны.
Палітолаг падкрэслівае, што ўсе ранейшыя спробы хоць нейкім чынам кантраляваць уладу ў Беларусі сустракалі вострае супрацьдзеянне. Мяккія спробы Захада ў справе кантроля ўлады выклікалі некалькі гадоў таму назад востры канфлікт, які, нагадваючы падзеі мая 2008 году, ледзь не прывёў да разрыву дыпламатычных адносін Менску і Вашынгтона. Цяпер жа да ўсіх працэсаў, якія нагаданыя вышэй, варта аднесці і фінансава-эканамічны крызіс.
Сяргей Скулавец, Радыё Рацыя. 27-01, 15:38
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме