15:00 14.05.2014 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Прафэсар Пастухоў: «Рэфэрэндум 1995 году юрыдычна нікчэмны»
З фасаду Дому ўраду здымаюць «Пагоню», 23 траўня 1995
14 траўня 1995 году адбыўся першы ў гісторыі незалежнай Беларусі рэфэрэндум, ініцыяваны Аляксандрам Лукашэнкам.
У выніку беларуская мова страціла статус адзінай дзяржаўнай, а нацыянальныя сымбалі — бел-чырвона-белы сьцяг і герб Пагоня — былі замененыя ў якасьці дзяржаўных на падкарэктаваныя савецкія. Некаторыя юрысты і палітыкі дагэтуль упэўненыя — наступствы таго рэфэрэндуму юрыдычна нікчэмныя.
Рэфэрэндум 1995-га стаў першым у гісторыі незалежнай Беларусі. У бюлетэнь для галасаваньня ўключылі чатыры пытаньні:«1. Ці згодны Вы з наданьнем расейскай мове аднолькавага статусу зь беларускай?
2. Ці падтрымліваеце Вы прапанову аб устанаўленьні новых Дзяржаўнага сьцяга і Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь?
3. Ці падтрымліваеце Вы дзеяньні прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, скіраваныя на эканамічную інтэграцыю з Расейскай Фэдэрацыяй?
4. Ці згодны Вы зь неабходнасьцю ўнясеньня зьмяненьняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, якія прадугледжваюць магчымасьць датэрміновага спыненьня паўнамоцтваў Вярхоўнага Савету прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь у выпадках сыстэматычнага ці грубага парушэньня Канстытуцыі?»
Першыя тры пытаньні выносіліся на абавязковы рэфэрэндум, рашэньне якога было канчатковым, а апошняе мела рэкамэндацыйны характар.
Доктар юрыдычных навук, прафэсар, былы судзьдзя Канстытуцыйнага суду краіны Міхаіл Пастухоў сёньня сказаў Свабодзе, што ён доўга разважаў над легітымнасьцю рэфэрэндуму. І прыйшоў да высновы — такі рэфэрэндум нельга прызнаць законным:
Міхаіл Пастухоў
«Да нас у Канстытуцыйны суд тады зьвяртаўся Ніл Гілевіч. Ён прасіў праверыць правамернасьць вынясеньня на ўсенароднае апытаньне замены сымболікі, наданьня расейскай мове статусу дзяржаўнай, інтэграцыі з Расеяй. Суд ухіліўся ад гэтай справы.
Прайшоў час. Я пераканаўся — суду трэба было займацца разглядам скаргі народнага пісьменьніка і дэпутата. І выказаць сваю прынцыповую пазыцыю».
Міхаіл Пастухоў кажа: пытаньні на рэфэрэндум выносіліся з парушэньнем Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Дэклярацыі аб сувэрэнітэце, законаў аб народным галасаваньні (рэфэрэндуме), аб выбарах дэпутатаў Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь і шэрагу іншых заканадаўчых актаў:
«Для прыкладу возьмем моўнае пытаньне. Беларуская мова была адзінай дзяржаўнай, пра што запісана ў артыкуле 17 Канстытуцыі. Гэта пацьвярджалася і ў Законе аб мовах, які прынялі яшчэ ў 1990 годзе. І была прынятая доўгатэрміновая праграма паступовага ўвядзеньня беларускай мовы ва ўсе сфэры жыцьця.
Да таго ж у законе аб народным галасаваньні (рэфэрэндуме) было прапісана, што нельга выносіць на рэфэрэндум пытаньні, зьвязаныя з нацыянальнай гісторыяй, традыцыямі, культурай, мовай. То бок гэтыя пытаньні наагул не павінны былі стаць прадметам нейкіх сумненьняў і абмеркаваньняў. І тым ня менш гэтыя пытаньні былі пастаўленыя на галасаваньне».
Спадар Пастухоў падсумоўвае:
«Гэтыя пытаньні не павінны былі выносіцца на рэфэрэндум. У выніку тое, што адбылося, супярэчыла і Канстытуцыі, і дзейнаму тады заканадаўству. І таму вынікі рэфэрэндуму ня могуць мець легітымнасьці і юрыдычнай моцы з моманту вынясеньня гэтых пытаньняў на разгляд».
Аляксандар Лукашэнка вырашыў дамагацца рэфэрэндуму празь Вярхоўны Савет, — успамінае тагачасны дэпутат Лявон Дзейка. 11 красавіка парлямэнт пачаў абмяркоўваць магчымасьць уключэньня ў бюлетэнь пытаньня пра мову. У выніку дыскусіі і галасаваньня ініцыятыва прэзыдэнта не знайшла падтрымкі. Захаваліся афіцыйныя вынікі — з агульнай колькасьці 238 дэпутатаў у галасаваньні ўдзельнічаў толькі 141. «За» выступілі 124. Але гэтага было мала.
Пасьля адхіленьня парлямэнцкімі камісіямі прапановы аб ініцыяваньні рэфэрэндуму Лукашэнка заявіў, што правядзе рэфэрэндум бяз згоды парлямэнту. У адказ на гэта больш за два дзясяткі дэпутатаў абвясьцілі галадоўку пратэсту непасрэдна ў Авальнай залі.
У ноч з 11 на 12 красавіка людзі ў масках і камуфляжнай форме жорстка зьбілі дэпутатаў, праігнараваўшы іх недатыкальны статус, і выкінулі на вуліцу. Толькі пасьля гэтых падзеяў дэпутаты 13 красавіка прынялі з парушэньнем працэдуры пастанову аб правядзеньні рэфэрэндуму.
Распавёўшы пра гэта, Лявон Дзейка робіць выснову — рэфэрэндум нельга лічыць легітымным. І справа ня толькі ў парушэньнях заканадаўства:
«Тут, мне падаецца, самае галоўнае іншае. Пасьля таго як у парлямэнт увялі войска, узброеныя сілы, ён перастаў быць парлямэнтам. Бо гэты орган у любой краіне абсалютна недатыкальны для любой іншай структуры. Вярхоўны Савет — гэта орган найвышэйшай прадстаўнічай улады.
галадоўка дэпутатаў Вярхоўнага Савету 12 красавіка 1995 году
Наступствы гэтага незаконнага рэфэрэндуму мы бачым ужо цягам амаль дваццаці гадоў. Ідзе татальнае вынішчэньне беларускай мовы. Улада і тая, і цяперашняя, а па сутнасьці адна і тая ж, у шэрагу пытаньняў — грамадзкіх, культурных, сацыяльных — пакідае пасьля сябе проста папялішча».
«Што было б сёньня з роднай мовай у Беларусі, калі б рэфэрэндум 1995 году не адбыўся?» — такім пытаньнем задаецца кіраўнік грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Ўладзімер Някляеў. І сам жа адказвае:
«Калі б не было рэфэрэндуму і беларуская мова захавала свой статус адзінай дзяржаўнай, дык, вядома, сытуацыя б выглядала значна лепшай. Я ня ўпэўнены, што яна была б ідэальная. Бо нейкі час ва Ўкраіне была такая сытуацыя, калі там не было ніякага статусу рэгіянальнай мовы для расейскай мовы. Адзінай дзяржаўнай была ўкраінская. І тым ня менш праблемы з мовай там былі.
Мы выйшлі ўсе з Савецкага Саюзу, дзе ўсё магло быць па форме нацыянальным, а па зьмесьце — савецкім. Мы засталіся савецкімі і маем савецкі зьмест. І пра тое, што яго ніхто ня хоча мяняць, сьведчыць адмова Менскага гарвыканкаму, а гэта значыць — уладаў, рэжыму, у правядзеньні агульнага маршу за незалежнасьць. А гэта значыць — і за мову нашу нацыянальную, і за культуру, і за гісторыю нашу, а не прыдуманую кімсьці.
Мы хацелі правесьці марш пад усімі, якія сёньня ёсьць, сьцягамі. І пад дзяржаўнымі, і пад нацыянальнымі. Але гэтага ўлады не захацелі. Аглядкі на Ўсход, на Расею як былі, так і ёсьць».
Дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі 12 скліканьня Лявонці Зданевіч, як і Лявон Дзейка, удзельнічаў у галадоўцы пратэсту. Перад гэтым спадар Зданевіч выступіў у Авальнай залі. Архітэктар і дызайнэр паводле адукацыі спрабаваў пераканаць калегаў па парлямэнце не галасаваць за правядзеньне рэфэрэндуму.
Сёньня ў размове са Свабодай Лявонці Зданевіч казаў: у сваім выступе ён спрабаваў пераканаць дэпутатаў, што бел-чырвона-белы сьцяг — гэта вышыня эстэтыкі, сымбалізму і стылізацыі:
«З пункту гледжаньня густу, прыгажосьці, ляканізму што можа быць больш стылізаваным і ляканічным, як палоска крыві на белай тканіне, праўда? Гэта ж — вяршыня. А са зьмястоўнай сутнасьцю? Гэта ж проста Божы дар, што нам гісторыя дала магчымасьць гэта выкарыстаць. І гэта заўсёды застанецца за намі. Ніводная краіна сабе гэта ня возьме. Бо ўсе ведаюць, што гэта наша.
І, вядома, гэты сымбаль ёсьць і будзе. Ён заўсёды ў маім сэрцы. Пройдзе час, і ён вернецца на нашу зямлю. Я ў гэтым абсалютна ўпэўнены».
Яшчэ два рэфэрэндумы ў Беларусі праходзілі ў 1996 і 2004 гадах.
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме