10:45 27.01.2013 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Пра рыдлёўку і канструктыўную апазыцыю
Вядомы артыст камэдыйнага жанру, галоўны рэжысэр тэатру «Хрыстафор», мне асабіста вельмі сымпатычны чалавек Яўген Крыжаноўскі зазьзяў яшчэ адной граньню свайго вялікага таленту. Без аніякай іроніі. Ён пачаў весьці блог на сайце . Калі мастак мае грамадзянскую пазыцыю і яе публічна выказвае — гэта заўсёды варта павагі.
Але Крыжаноўскі сёньня ня толькі мастак, але ўжо і палітык (калі ў сёньняшніх умовах Беларусі можна ўжываць гэты панятак). Ён намесьнік старшыні Лібэральна-дэмакратычнай партыі, балятаваўся ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў на восеньскіх выбарах.
Вось у сваім апошнім артыкуле «Труба заве. Эх, сьнег, сьняжок, белая мяцеліца» ён апавядае, як «кіраўніцтва найбуйнейшай апазыцыйнай партыі, амаль поўным складам, рыдлёўкамі фігачыць сьнег і расчышчае дарогу».
Найперш, наконт тэзы пра самую буйную партыю. На мінулых прэзыдэнцкіх выбарах 2010 году лідэр ЛДП Сяргей Гайдукевіч падаў самы вялікі сьпіс ініцыятыўнай групы па сваім вылучэньні кандыдатам у прэзыдэнты (10 489 чалавек). Потым высьветлілася, што там ёсьць «мёртвыя душы» і неграмадзяне Беларусі з арабскімі прозьвішчамі. Але вельмі хутка Гайдукевіч зьняўся з выбараў зь вельмі дзіўнымі тлумачэньнямі. У мяне ёсьць падазрэньне, што лідэр ЛДП страціў падтрымку ўладаў і зразумеў, што сабраць неабходныя 100 тысяч подпісаў ня зможа. Вось вам і самая буйная партыя.
Цяпер наконт апазыцыйнай партыі. Гэтая апазыцыйнасьць нейкая сумнеўная. Ня так ужо і даўно Гайдукевіч быў спэцпрадстаўніком міністра замежных спраў Беларусі па ўзаемадзеяньні з эўраструктурамі і парлямэнтамі. То бок займаў важную дзяржаўную пасаду. З апазыцыйнасьцю гэта мала сумяшчальна.
Але галоўнае ў артыкуле Крыжаноўскага іншае. Сэнс ягонага піяраўскага мэсыджу можна вычарпаць адной цытатай: «...Мужык, які праходзіў міма, спыніўшыся і пачухаўшы патыліцу, сказаў жонцы, утаропіўшыся на Гайдукевіча і Крыжаноўскага, якія махалі рыдлёўкамі: «Во, Надзя, цяпер ты зразумела, што такое КАНСТРУКТЫЎНАЯ апазыцыя?»
Тут, вядома, можна шмат кпіць наконт такога таннага піяру. Але, імкнучыся прарэклямаваць сваю партыю, спадар Крыжаноўскі міжволі закрануў важнае пытаньне, сур’ёзную праблему. Я б яе сфармуляваў так: наколькі палітычна эфэктыўная «тэорыя малых спраў» ва ўмовах жорсткага аўтарытарнага рэжыму? Апошнім часам кампанія «Гавары праўду» таксама актыўна прэзэнтуе менавіта такую тактыку.
У прынцыпе, да такой дзейнасьці ў мяне станоўчае стаўленьне. Тут няма ніякай шкоды, адна карысьць. Вось хоць ад сьнегу ачысьцілі падыход да офіса, і для здароўя карысна. Ва ўмовах адсутнасьці палітычнага жыцьця партыі і грамадзкія структуры хоць нечым занятыя.
Але калі казаць пра палітычны эфэкт ад такой працы, дык тут узьнікае шэраг праблемаў. Па-першае, у сёньняшніх беларускіх умовах яго немагчыма праверыць. Няма мэханізму вэрыфікацыі. У дэмакратычных краінах такім мэханізмам служаць вынікі выбараў. У Беларусі такі інстытут адсутнічае.
Па-другое, нават калі палітычныя структуры будуць актыўна прапагандаваць сваю дзейнасьць па вырашэньні нейкіх бытавых праблемаў насельніцтва, то ўсё роўна гэта будзе мець толькі лякальны эфэкт. Магчыма, у нейкіх асобных паселішчах, на пэўнай невялікай тэрыторыі людзі і будуць удзячныя канкрэтным актывістам. Ва ўмовах дэмакратыі, можа, іх нават выбралі б дэпутатамі. Але ці будзе іх станоўчы імідж распаўсюджаны на ўсю структуру, якую яны прадстаўляюць? І ці атрымаецца ад іхнай працы агульнанацыянальны эфэкт? Ня ўпэўнены.
Па-трэцяе, у гэтай дзейнасьці па вырашэньні побытавых праблемаў людзей апазыцыі вельмі цяжка канкураваць з уладай. Розныя вагавыя катэгорыі. Улады, нягледзячы на свой бюракратызм, адчужанасьць ад народу, маюць тут нашмат больш магчымасьцяў. Калі браць гэты канкрэтны эпізод, які рэклямуе Крыжаноўскі, то рыдлёўкі ня могуць спаборнічаць са сьнегаўборачнай тэхнікай камунгасу.
Па-чацьвёртае, як правіла, апазыцыянэры выходзяць на арэну тады, калі здараецца канфлікт паміж уладамі і мясцовым насельніцтвам. Як гэта было ў Смалявіцкім раёне, дзе мясцовыя жыхары выступалі супраць зносу сваіх дамоў дзеля будоўлі кітайцамі індустрыяльнага парку. Ці калі ў Менску жыхары пратэставалі супраць таго, што высякаюць дрэвы ў парку 40-годзьдзя Кастрычніка, каб збудаваць тут гатэль «Пэкін».
Але ў такіх канфліктных выпадках зьяўленьне апазыцыянэраў часта выклікае нэгатыўную рэакцыю насельніцтва. Маўляў, ня ўцягвайце нас у палітыку. Людзі рацыянальна разважаюць, што калі напісаць скаргу, ліст да прэзыдэнта, то існуе шанец вырашыць праблему на сваю карысьць. А калі ў справу ўмяшаецца апазыцыя, то канфлікт ператворыцца ў палітычны. А як у Беларусі вырашаецца канфлікт паміж уладай і апазыцыяй, у Беларусі ведаюць усе.
І, нарэшце, па-пятае. Электарат далёка не заўсёды бывае ўдзячны. Тут усясьветная гісторыя дае вялізную колькасьць прыкладаў. Маўляў, дзякуй за дапамогу, але галасаваць будзем за іншых.
Але сама ініцыятыва ЛДП вартая падтрымкі. Партыйцы, усе за рыдлёўкі! Няхай жыве канструктыўная апазыцыя!
Валер КарбалевічИсточник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме