23:15 10.01.2009 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

Покер з Лукашэнкам

Мінск зусім не гатовы да сур’ёзных саступак у сферы дэмакратызацыі, захавання правоў чалавека і свабоды слова, дый анітрохі не зацікаўлены ў іх. З пункту гледжання Аляксандра Лукашэнкі, любыя сістэмныя змены ў згаданых галінах — гэта непасрэдная пагроза яго ўладзе, а таксама палітычнай сістэме, што будавалася ім праз усе гэтыя гады.
У адрозненне ад папярэдніх спроб паляпшэння ўзаемаадносін паміж Мінскам і Бруселем, гэтым разам абодва бакі сур’ёзна зацікаўленыя ў тым, каб дасягнуць паразумення. Вызваленне прэзідэнцкім указам у жніўні 2008 года апошніх беларускіх вязняў, якіх міжнародная супольнасць лічыла палітычнымі зняволенымі, стварыла магчымасць для аднаўлення дыялогу на восі Мінск—Брусель. Адыграла тут сваю ролю і жнівеньская вайна ў Грузіі. Аднак дзеянні еўрасаюзаўскай дыпламатыі сведчаць, што яна паўтарае кардынальныя памылкі папярэдніх гадоў. У найгоршым выпадку гэта можа спрычыніцца да згортвання ўсяго працэсу, а ў найлепшым — скончыцца нявыгаднай для Бруселя раскладкай сіл.

ПАЧАТАК ПЕРАЛОМУ

Увосень 2006 году Брусель прадставіў беларускім уладам свае новыя прапановы пад назвай “Што Еўрасаюз можа даць Беларусі”. Дакумент утрымліваў дванаццаць канкрэтных патрабаванняў адносна дэмакратызацыі, а таксама шэраг магчымых — у выпадку іх рэалізацыі — узнагарод у адказ. Паводле задумы аўтараў, гэта павінна было стаць выйсцем з патавага становішча, якое ўжо шмат год захоўвалася ў адносінах паміж Беларуссю і ЕС, а таксама рэальным інструментам дэмакратызацыі беларускага рэжыму. Тым часам Мінск ацаніў выстаўленне такіх патрабаванняў як дыктат і незаконнае ўмяшанне ва ўнутраныя справы суверэннай дзяржавы. Пералому ва ўзаемаадносінах Мінска і Бруселя паспрыяла толькі паступовая змена расійскай палітыкі ў дачыненні да Беларусі, пачатак якой быў пакладзены ў канцы 2006 — пачатку 2007 гадоў. Каб дамагчыся ад Мінска саступак у напрамку рэальнага будаўніцтва Саюзнай дзяржавы, а таксама забяспечыць магчымасць расійскім кампаніям выкупіць кантрольныя пакеты стратэгічных прамысловых прадпрыемстваў, Расія вырашыла пайсці на змяншэнне субсідый для беларускай эканомікі. У трох новых дагаворах, якія вызначалі ўмовы пастаўкі газу, нафты і ўзаемнага гандлю, былі акрэсленыя формулы, паводле якіх меўся адбыцца пераход да рыначных прынцыпаў эканамічнага супрацоўніцтва. Тым самым апынуліся пад пагрозай перадумовы так званага беларускага эканамічнага цуду, які вынікаў перш за ўсё з нізкіх коштаў на энерганосьбіты, а таксама шматлікіх прэферэнцый для беларускіх тавараў на расійскім рынку.

Актывізацыя палітыкі Крамля адносна Мінска прывяла да таго, што на Захадзе ўсё часцей пачалі задумвацца аб магчымасці страты Беларуссю незалежнасці і звязанай з гэтым патрэбе наладзіць дыялог з кіраўнічым рэжымам. Да таго ж і сам Лукашэнка, адчуваючы расійскі прэсінг, усё часцей падаваў сігналы добрай волі на адрас заходнееўрапейскіх сталіц. Беларускі бок асаблівы націск рабіў на атрыманне заходніх інвестыцый, крэдытаў і тэхналогій, якія мелі кампенсаваць былую падтрымку з боку Расіі. Важнай падзеяй было падпісанне 7 сакавіка 2007 года пагаднення паміж Беларуссю і ЕС пра адкрыццё ў Мінску прадстаўніцтва Еўрапейскай камісіі. Гэтым завяршыліся перагаворы, што цягнуліся больш як два гады. Але ўжо ў канцы сакавіка адбыліся жорсткія рэпрэсіі супраць апазіцыі, якія былі ўспрынятыя як праява незацікаўленасці рэжыму ў якой бы там ні было дэмакратызацыі. У выніку як еўрасаюзаўская дыпламатыя, так і ўрады большасці дзяржаў — удзельніц ЕС не наважыліся пачынаць палітычны дыялог і занялі пазіцыю чакання. Затое адбылося ажыўленне ў эканамічнай сферы. З пачатку 2008 года беларускія ўлады зрабілі шэраг захадаў, накіраваных на паляпшэнне інвестыцыйнага клімату, у сувязі з чым усё больш заходніх фірмаў выказвалі зацікаўленасць у размяшчэнні на Беларусі свайго капіталу.

ІМПУЛЬС ДЛЯ НОВАГА АДКРЫЦЦЯ

Нягледзячы на супярэчнасці, што пралеглі паміж бакамі, кожны з іх усведамляў неабходнасць пачатку дыялогу. Бракавала толькі апошняга імпульсу, які запусціў бы гэты працэс. Паваротны момант настаў у жніўні 2008 года, калі адбыліся дзве важныя паводле сваіх вынікаў падзеі — расійская ваенная аперацыя ў Грузіі і вызваленне беларускім прэзідэнтам апошніх зняволеных, якія міжнароднай супольнасцю прызнаваліся палітычнымі. Першая падзея адрадзіла на Захадзе страх перад расійскім неаімперыялізмам — агрэсіўнай палітыкай вяртання кантролю над былымі савецкімі рэспублікамі, у тым ліку і Беларуссю. У сувязі з гэтым актуальнае ад пачатку 2007 года пытанне пра перспектывы беларускай незалежнасці набыло яшчэ большае значэнне. У сваю чаргу, другая падзея мела істотную сімвалічную вагу, паколькі азначала выкананне аднаго з дванаццаці памянёных вышэй пунктаў ЕС, што з’яўлялася добрым і бяспечным прэтэкстам для пачатку афіцыйных перамоў з Мінскам. Паколькі расійскае ўварванне ў Грузію дало еўрасаюзаўскай дыпламатыі дадатковую матывацыю для актывізацыі палітыкі ў дачыненні да Беларусі, вызваленне палітычных вязняў аказалася нечым накшталт нагоды для такога павароту. У выніку ўжо ў жніўні з’явіліся першыя афіцыйныя выказванні прадстаўнікоў ЕС, у якіх пазітыўна ацэньваліся жэсты беларускага боку. Апроч таго, адбылося некалькі сустрэч прэм’ер-міністраў і міністраў некаторых дзяржаў — удзельніц ЕС (у тым ліку кіраўніка польскага МЗС Радаслава Сікорскага) з іх беларускімі калегамі. Нягледзячы на гэта, на саміце ЕС у той час не было прынята ніякага канкрэтнага рашэння па Беларусі (перш за ўсё з прычыны супраціўлення Галандыі), а было заяўлена пра залежнасць далейшага дыялогу ад ходу выбараў у беларускі парламент, прызначаных на 28 верасня.

ДЫЯЛОГ НЕ ЗВАЖАЮЧЫ НІ НА ШТО

Насуперак шматлікім запэўніванням беларускіх улад у сваім жаданні правесці ўвосень 2008 года дэмакратычныя выбары, як сам ход кампаніі, так і падлік галасоў не адпавядалі міжнародным стандартам дэмакратыі. Гэта знайшло пацвярджэнне ў папярэдняй і канчатковай справаздачах назіральнай місіі АБСЕ. Тым не менш, Брусель не выступіў з катэгарычнай заявай пра зрыў толькі што адноўленага дыялогу, звярнуўшы замест гэтага ўвагу на менш рэпрэсіўны характар выбараў, а таксама на большую адкрытасць улад у дачыненні да міжнародных назіральнікаў. Больш таго, 3 кастрычніка беларускі міністр замежных спраў Сяргей Мартынаў атрымаў афіцыйнае запрашэнне на запланаваны на 13 кастрычніка ў Люксембургу саміт міністраў замежных спраў. Падчас сустрэчы на вышэйшым узроўні ўдалося дасягнуць згоды і прыняць рашэнне аб прыпыненні на шэсць месяцаў візавых санкцый у дачыненні да трыццаці шасці з сарака аднаго беларускага чыноўніка, у тым ліку і да самога Аляксандра Лукашэнкі. Афіцыйна гэты крок быў патлумачаны адсутнасцю ў дадзены час у Беларусі палітычных зняволеных. Адначасова беларускаму боку быў выстаўлены шэраг умоў, выкананне якіх магло б падоўжыць рэжым прыпынення санкцый ці нават прывесці да іх поўнага скасавання ў красавіку 2009 года, г. зн. пасля таго як міне першы выпрабавальны тэрмін. Гэта быў выразны сігнал аб гатоўнасці адысці ад палітыкі ізаляцыі і адначасова заклік да рэформаў. Аднак прыняцце такога важнага і далёкасяжнага рашэння неўзабаве пасля недэмакратычных выбараў стварала ўражанне прыняцця беларускага статус-кво дзеля вышэйшых мэт. З гэтай прычыны частка беларускай апазіцыі (галоўным чынам у кулуарных размовах) выступіла з крытыкай пацяплення ўзаемаадносін паміж Мінскам і Бруселем. Сярод найбольш частых абвінавачанняў вылучаліся тэзісы пра здраду палітыцы адстойвання дэмакратычных каштоўнасцяў на карысць здабыцця эканамічнай і геапалітычнай выгады, пра падзел беларускай эканомікі паміж паасобнымі дзяржавамі, зацікаўленымі ў інвестыцыях, пра цынічны “гандаль” палітычнымі вязнямі, нарэшце, пра вядзенне перагавораў з беларускім урадам пры поўным адхіленні ад гэтага працэсу прадстаўнікоў апазіцыі. Гучала таксама меркаванне, што ў сувязі з расійскім прэсінгам і фінансавым крызісам варта было б яшчэ больш ізаляваць рэжым Аляксандра Лукашэнкі і такім чынам змусіць яго да дэмакратызацыі. Пакідаючы ўбаку істотны эмацыйны складнік такіх абвінавачанняў, варта адзначыць, што рэалізацыя падобных канцэпцый магла б прывесці да дэстабілізацыі ўнутранай сітуацыі на Беларусі, а пры цяперашнім стане апазіцыйных груповак гэта зусім не абавязкова пацягнула б за сабой перамогу дэмакратыі над аўтарытарызмам.

МАЛЫЯ САСТУПКІ ЗА ВЯЛІКІЯ ПАЛЁГКІ

Незалежна ад гэтых крытычных меркаванняў беларуска-еўрапейскі дыялог працягваўся далей. 3 лістапада мінулага года ў Мінск прыбыла спецыяльная дэлегацыя Еўракамісіі на чале з намеснікам Генеральнага дырэктара бюро Еўрапейскай камісіі па замежных справах Х’юга Мінгарэлі, які прадставіў беларускім уладам пералік з пяці патрабаванняў далейшых зменаў пад працоўнай назвай “Дарожная карта”. У яе ўвайшлі наступныя пункты: увядзенне мараторыю на асуджэнне грамадзян па палітычных матывах, унясенне зменаў у выбарчае заканадаўства, пашырэнне магчымасцяў для дзейнасці незалежных СМІ, стварэнне ўмоваў для раўнапраўнага функцыянавання палітычных партый, а таксама выключэнне з Крымінальнага кодэксу артыкулаў, якія застасоўваліся для пераследу дзеячаў апазіцыі. У часе сустрэчы з намеснікам прэм’ер-міністра Беларусі Андрэем Кабяковым Мінгарэлі заявіў, што правядзенне рэформаў у згаданых вышэй галінах дазволіць паступова далучыць Беларусь да Еўрапейскай палітыкі добрасуседства, у рамках якой станецца магчымай інтэнсіфікацыя эканамічнага і палітычнага супрацоўніцтва, палягчэнне візавага рэжыму, а таксама пашырэнне грамадскіх кантактаў. Такая пастаноўка справы, з’яўляючыся найбольш слушнай з маральнага пункту гледжання, нясе ў сабе, аднак, сур’ёзную рызыку паўтору галоўнай памылкі ўжо згаданага тут папярэдняга еўрасаюзаўскага дакумента “Што Еўрапейскі Саюз можа даць Беларусі”.

Прапанаваныя на пачатку 2008 года пастулаты гэтаксама ставяць эканамічнае супрацоўніцтва ў залежнасць ад выканання палітычных паводле сваёй прыроды ўмоваў. Ужо 6 лістапада МЗС Беларусі, падводзячы вынікі перагавораў з дэлегацыяй Еўракамісіі, выступіў з заявай, у якой сярод іншага сцвярджалася, што Рэспубліка Беларусь не прымае ўзаемаадносін з еўрапейскімі партнёрамі на аснове “дарожных картаў”, але працягвае кансультацыі з мэтай пераходу да канкрэтнага супрацоўніцтва ў такіх сферах, як гандлёва-эканамічныя стасункі, транзіт, развіццё транспартнай інфраструктуры, энергетычная бяспека; што Рэспубліка Беларусь нічога ні ад кога не патрабуе, а толькі прапануе супрацоўніцтва там, дзе — на яе думку — Еўрасаюз таксама можа здабыць для сябе немалую карысць.

Такім чынам, Мінск не з’яўляецца ні зацікаўленым у сур’ёзных саступках у сферы дэмакратызацыі, захавання правоў чалавека, свабоды слова, сходаў і да т. п., ні аб’ектыўна гатовым да іх. З пункту гледжання Аляксандра Лукашэнкі, любыя сістэмныя змены ў згаданых галінах — гэта непасрэдная пагроза ягонай уладзе, а таксама палітычнай сістэме, што будавалася ім на працягу ўсіх гэтых гады, з чым пагаджаецца таксама значная частка наменклатуры (асабліва тая, што звязана з сілавымі структурамі). Адначасова дзяржаўны апарат, які робіцца ўсё больш тэхнакратычным (у тым ліку Адміністрацыя прэзідэнта, якую ўжо некалькі месяцаў узначальвае Уладзімір Макей), усведамляе неабходнасць раблення крокаў насустрач еўрасаюзаўскім прапановам. Аднак з прычыны вышэйзгаданых сістэмных абмежаванняў магчымымі з’яўляюцца толькі сімвалічныя жэсты і дробныя — хоць і эфектныя ў прапагандысцкіх адносінах — змены, накшталт рэгістрацыі руху Аляксандра Мілінкевіча “За свабоду” ці вяртання ў сістэму дзяржаўнага распаўсюду газет “Народная воля” і “Наша Ніва”. Дастаткова пэўным выглядае таксама захаванне мараторыю на крымінальныя прысуды па палітычных матывах, паколькі гэтае патрабаванне — адзінае, якое не вымагае ніякіх дзеянняў з боку ўладаў. Адмаўляючы магчымасць паглыбленай дэмакратызацыі, беларускі бок у якасці галоўнага прадмета дыялогу прапануе эканамічную, гандлёвую, энергетычную, транспартную, экалагічную і іншую падобную тэматыку — інакш кажучы, усе пытанні, далёкія ад канфлікту каштоўнасцяў, але якія могуць прынесці бакам рэальную карысць. Ужо на самым пачатку дыялогу беларускія ўлады выразна сфармулявалі свае чаканні ад яго, сярод якіх на першым месцы знаходзіцца падпісанне з Еўрасаюзам гандлёвага пагаднення ці нават, калі браць шырэй, дагавора аб партнёрстве і супрацоўніцтве. У прыведзеным вышэй кантэксце паўторнае стаўленне ўсялякіх больш-менш сур’ёзных захадаў у залежнасць ад палітычных саступак пагражае чарговай блакадай пашырэння рэальнага супрацоўніцтва. У сваю чаргу, калі ЕС будзе паводзіць сябе ў гэтай справе менш прынцыпова і задаволіцца пералічанымі вышэй касметычнымі саступкамі Мінска, а ўзамен не толькі падоўжыць у красавіку 2009 года рэжым прыпынення санкцый, але і зробіць даступнымі для Мінска хоць бы частку інструментаў Еўрапейскай палітыкі добрасуседства, то гэта прывядзе да вельмі нявыгаднай для Еўрасаюза перагаворнай пазіцыі, паколькі Мінск за мізэрныя паслабленні (нават не саступкі) атрымае рэальныя магчымасці эканамічнага супрацоўніцтва. Выглядае на тое, што рэалізацыі менавіта такога варыянту дыялогу паміж ЕС і Беларуссю будзе ў найбліжэйшыя некалькі месяцаў спрыяць адсутнасць выразных і сістэматызаваных патрабаванняў да беларускіх улад. Добрым прыкладам гэтага была арганізаваная 3 снежня ў Бруселі прэзентацыя агульных прынцыпаў усходняй палітыкі Еўрасаюза, абапертай на польска-шведскім праекце “Усходняга партнёрства”. Еўракамісар па замежнай палітыцы Беніта Ферэра-Вальднер заявіла, што Беларусь можа быць ахоплена дзеяннямі, накіраванымі на стварэнне зоны свабоднага гандлю паміж ЕС і шасцю постсавецкімі рэспублікамі, аднак пры ўмове “здавальняючага” прагрэсу на шляху лібералізацыі і дэмакратызацыі. Такім чынам, зноў можа атрымаць перамогу мысленне ў катэгорыях “палітыка перш за ўсё”.

ЦЫНІЗМ ЦІ ПРЫСТОЙНЫ ВЫХАД СА СТАНОВІШЧА?

Адзіны спосаб пазбегнуць сур’ёзных праблем — гэта аддзяліць у рамках дыялогу паасобныя тэмы адну ад адной, іншымі словамі — звязаць саступкі Мінска з сустрэчнымі крокамі ЕС у той жа самай сферы (напрыклад, эканамічныя палёгкі з боку ЕС у абмен на эканамічныя рэформы ў Беларусі і г. д.). Падаецца, што такі падыход мае ў сабе прынамсі некалькі перавагаў — магчымасць хуткага пераходу да перагавораў па пытаннях, найменш супярэчлівых для бакоў на дадзеным этапе (эканамічных, гандлёвых, транспартных, візавых, эканамічных, сацыяльных і г. д.); павелічэнне шанцаў на схіленне беларускіх уладаў да правядзення глыбокіх і сістэмных эканамічных рэформаў; упарадкаванне і сістэматызацыя дыялогу; хуткае змякчэнне візавага рэжыму, што пацягне за сабой пашырэнне грамадскіх кантактаў; ураўнаважванне пераваг, даступных для абодвух бакоў; адсутнасць дакораў за пакупку лаяльнасці да маральных каштоўнасцяў за інвестыцыі, крэдыты, тэхналогіі і гандлёвыя дагаворы, а таксама — што сёння выглядае найбольш істотным, асабліва ў кантэксце фінансавага крызісу, — узмацненне эканамічнай і фінансавай незалежнасці Беларусі ад Расіі. Апроч таго, заахвочванне і паслядоўная падтрымка найбольш рэальных на сёння карэнных эканамічных рэформаў у Беларусі хоць і не цягне за сабой імгненнай дэмакратызацыі, але ж робіць незваротным працэс трансфармацыі беларускай дзяржаўнай мадэлі. У далейшай перспектыве такі падыход можа быць перанесены і на палітычную сітуацыю. Галоўнай слабасцю гэтай канцэпцыі з’яўляецца надзвычай малая прыцягальнасць для Мінска патэнцыйных палітычных ініцыятываў ЕС, што вынікае хоць бы з адсутнасці ў Беларусі прэтэнзій стаць членам Еўрасаюза. У найгоршым варыянце гэта можа прывесці да поўнага спынення перамоваў у палітычнай плоскасці. Аднак адсутнасць у беларускага рэжыму якіх-небудзь амбіцый для дасягнення сур’ёзных палітычных саступак змяншае рызыку рэальных стратаў, спрычыненых вывядзеннем эканамічных пытанняў за межы палітычнага дыялогу. Існуе вялікая імавернасць таго, што дастатковай цаной за магчымыя дробныя крокі будзе падаўжэнне рэжыму прыпынення візавых санкцый у красавіку 2009 года. Уяўляецца, што пэўныя шанцы на больш гнуткую палітыку ў дачыненні да Мінска дае польска-шведская канцэпцыя “Усходняга партнёрства”, якая прадугледжвае дыферэнцыяцыю меркаваных дзеянняў і патрабаванняў у залежнасці ад канкрэтнай краіны, яе спецыфікі і чаканняў ад супрацоўніцтва з Еўрапейскім Саюзам. Зразумела, такая мадыфікацыя стратэгіі аб’яднанай Еўропы ў дачыненні да Беларусі выкліча хвалю абвінавачанняў у скрайнім цынізме і капітуляцыі перад Лукашэнкам, але ж толькі ў гэтым выпадку заходнія прапановы будуць сапраўды канкурэнтаздольнымі на фоне рашучай і гнуткай расійскай палітыкі.
Каміль Клысінскі
________________________________________
   Каміль Клысінскі — аналітык Цэнтра ўсходніх даследаванняў. Гэты тэкст быў падрыхтаваны для часопіса   (кантакт з рэдакцыяй ) і будзе надрукаваны ў адным з найбліжэйшых яго нумароў. Друкуецца на сайце з ласкавай згоды рэдакцыі часопіса.
       

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме