20:45 28.06.2016 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Плошча Арджанікідзэ мусіць называцца Касцярняй, а не плошчай Каніскага
Ліст з Магілёва: Плошча Арджанікідзэ мусіць называцца Касцярняй, а не плошчай Каніскага
Усё проста — у гонар Каніскага ў Магілёве ўжо названы Архіерэйскі вал і на гэтым валу ў гонар святара стаіць памятны крыж. Калі побач з’явіцца плошча ў яго гонар і паўстане новы помнік, то ці не будзе гэта пераборам Каніскіх у асобна ўзятым абласным цэнтры?
Беларусь з’яўляецца свецкай дзяржавай і называць плошчы ў гонар святароў, тым больш вельмі супярэчлівых гістарычных персанажаў, не зусім карэктна.
Больш за тое — чалавека, які — інакш як прадстаўніком пятай калоны назваць не выпадае.
Называць плошчы ў гонар святароў можна ў дзяржаве, дзе ёсць асноўная рэлігія, самастойная царква, істотны ўнёсак асобы ў развіццё грамадскай думкі ў жыццё краіны і горада. Калі гэтага няма ў комплексе — варта падвяргаць крытыцы любую асобу.
Мы жывём у шматканфесійнай краіне, дзе побач з праваслаўнымі стагодзямі жылі каталікі, пратэстанты, мусульмане і іўдзеі. Сярод гэтай масы рэлігій мірна ўжываецца 48% сучасных беларусаў, якія не належаць ні да якой з канфесій. Колькасць жа прыходаў пратэстанцкіх арганізацый у Магілёве перавышае колькасць прыходаў Рускай праваслаўнай царквы. І гэта выключна статыстыка. Чаму тады плошчу не назваць у гонар Марціна Лютэра, ці Францыска Скарыны, альбо ў гонар каталіцкага святара Богуш-Сестранцэвіча? Вернікі-пратэстанты і вернікі-каталікі з задвальненным падтрымаюць падобныя прапановы.
Пакуль большасць прапановаў, якія разглядаюцца ў гарвыканкаме, выглядаюць ідэалагічнымі крайнасцямі.
Любое дзеянне ў першую чаргу павінна ацэньвацца сыходзячы з рэальнасці і з пазіцыі таго, кім мы з’яўляемся цяпер і дзе мы знаходзімся. Мы — незалежная краіна, а ў незалежнай краіне мусяць быць свае героі, якія павінны быць ушанаваныя ў першую чаргу. Мы не павінны ў гэтым пытанні азірацца на суседзяў і чакаць іхняга дазволу альбо асуджэння.
У Магілёве няма помнікаў Янку Купалу, Цішку Гартнаму, Аркадзю Куляшову, Аркадзю Смолічу, Максіму і Гаўрылу Гарэцкім, Пора-Левановічу і легендарнаму Машэку, з якім звязана паданне аб узнікненні горада. Няма ў горадзе плошчы Незалежнасці і плошчы Свабоды. Мы жывём у двух савецкіх раёнах — Ленінскім і Кастрычніцкім, а ветэранскія арганізацыі горада не губляюць імпэту, каб назваць усе вуліцы ў гонар генералаў…
Плошча Арджанікідзэ ў Магілёве гістарычна называлася Касцярняй і ніяк інакш. А калі не Касцярняй, то не чапайце Арджанікідзэ, бо ні ён, ні Каніскі — для станаўлення сучаснага беларускага народа не зрабілі нічога.
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме