16:00 25.08.2013 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Пазьняк: Дзякуй Богу, што мне ўдалося жыць у гэты час!
Старшыня Кансерватыўна-Хрысціянскай Партыі БНФ згадвае дзень 25 жніўня 1991 года, калі Беларусь была абвешчана незалежнай.
Еўрарадыё: Як у вашым жыцці прайшоў дзень 25 жніўня 1991 года?
Зянон Пазьняк: Без перабольшання скажу, што гэта дзень якога беларусы чакалі 200 гадоў. 200 гадоў змагаліся, было мноства паўстанняў, мноства ахвяраў, прайшлі праз турмы і няшчасці. І вось у 1991 годзе мара аб незалежнасці ажыццявілася. Склалася унікальная сітуацыя: у Маскве праваліўся камуністычны путч, і камуністы на Беларусі, якія падтрымалі путч, апынуліся ў стане разгубленасці і вялікага страху, што давядзецца адказваць за тое, што яны нарабілі.
І вось гэты момант, калі Масква была занятая сабой, а правячая камуністычная партыя была ў разгубленасці, трэба было скарыстаць, у нас было 1-2 дні, не болей. Таму вельмі важная была правільная тактыка, не нарабіць памылак. І нам гэта ўдалося, нягледзячы на тое, што нас было 10 адсоткаў у Вярхоўным Савеце. Але ў часы рэвалюцыі, у часы асаблівых абставінаў гэтыя 10 адсоткаў могуць зрабіць неверагоднае.
Тут справа не ў арыфметыцы, тут справа ў барацьбе, у правільным вызначэнні сваіх паводзінаў. Перш за ўсё, мы пастараліся зламаць іхнюю волю да супраціўлення, потым пастараліся зняць старшыню Вярхоўнага Савета Дземянцея, які падтрымаў путч, і потым удалося забараніць кампартыю іхнімі ж рукамі.
Пасля гэтага было самае складанае, трэба было ўвесь Вярхоўны Савет — а ў час путча некаторыя з іх казалі, што гэта канец, што зараз пачнуць расстрэльваць — гэтых людзей трэба было аб’яднаць на дасягненне незалежнасці Беларусі. Быў такі шанец. Неверагоднай тактыкай, неверагоднымі высілкамі, але гэта ўдалося.
Шмат было размоваў у кулуарах, заяваў, рабілі перапынкі і нарэшце ўдалося гэта зрабіць. Прычым бліскуча — ніхто не галавасаў супраць, ніхто не ўстрымаўся. Незалежнасць была прынятая аднагалосна.
Я лічу, што гэта найважнейшы дзень майго жыцця. Не толькі майго, а ўсіх дэпутатаў апазіцыі Народнага фронта. Гэта шчасце, якое цяжка апісаць. Гэта мала хто перажываў. Калі мы выйшлі на плошчу — плакалі, абдымаліся, танцавалі, палілі газеты, тысячы людзей спявалі песні. Гэта быў як сон. Голас усіх пакаленняў, якія загінулі за Беларусь, тады ўвасобіўся ў нас. Вельмі важна, што незалежнасць ёсць.
Якія б цяжкія часы мы зараз не перажывалі, пад якой бы пагрозай яна ні была — вельмі важна, што мы маем незалежную дзяржаву. А што датычыць цяперашняга цяжкога часу — усё ў нашых руках. Незалежнасць дае нам перспектыву вырашаць свае справы самім. Гэта вельмі важна. І дзякуй Богу, што мне ўдалося жыць у гэты час.
Еўрарадыё: Сенняшнім беларусам што рабіць, каб захаваць незалежнасць?
Зянон Пазьняк: Гэта вельмі проста: трэба любіць Беларусь. Любіць бацькаўшчыну як родную матку і роднага бацьку, як каханую жонку, як сваіх дзяцей. Каб Беларусь была ў сэрцы. Калі яна будзе ў сэрцы — тады ў сэрцы будзе і наша мова, і культура, і не будзе такой паняверкі. Усё залежыць ад нас, ад нашай адукацыі, ад нашай волі, ад нашага ведання. Усё ў нашых руках, за гэта зараз трэба змагацца. Каб быць прыстойным чалавекам зараз трэба змагацца, але гэта ўзнагароджваецца. Прыстойным і шчырым быць проста добра і гэта трэба разумець.
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме