18:00 21.02.2012 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Патрэбныя цярпенне і вернасць прынцыпам
Відавочна, што паміж уладаю і дэмакратычнай супольнасцю Беларусі, паміж афіцыйным Мінскам і Еўропай ды ЗША пачалася вайна нерваў, вайна прынцыпаў. І ў гэтым змаганні выйграе той, у каго больш вернасці сваім каштоўнасцям, трывання ды ўпартасці.
У мяне набралася ёмістая тэчка з матэрыяламі дыскусіі адносна санкцыяў Еўрапейскага Звязу ў дачыненні да мінскага рэжыму. Гэта тэксты майго ліцэіста Алеся Міхалевіча, ліст Вольгі Карач да маёй ліцэісткі Вольгі Стужынскай, артыкулы Мікалая Халезіна, Дзяніса Мельянцова і Алега Алкаева, нейкай Наталлі Макушынай з “Нямецкай хвалі”, гэта і спроба Вольгі Стужынскай самаапраўдацца ў яе гутарцы з Юрыем Дракахрустам на Радыё Свабода. Нарэшце, літаральна ўчора ўначы на сайце Хартыі’97 з’явіўся артыкул выгнанага з Беларусі Андрэя Суздальцава.
Дыскусію можна было б працягваць, і я збіраўся напісаць свой артыкул, у якім не пашкадаваў бы непрыемных словаў і для маёй ліцэісткі, і для Дзяніса Мельянцова (палітолагі новай даты для нас як кара божая: вучаныя па замежных кніжках, яны амаль усе спяваюць з чужога голасу).
Толькі я збіраўся пісаць той артыкул, як дыскусія наконт санкцыяў была ўчора скончана палкай прамовай Аляксандра Лукашэнкі падчас уручэння яму даверчых грамат пасламі шэрагу краінаў і нунцыем Святога Пасаду.
Прамова, яе тон і стыль паказалі: нават сціплыя, нясмелыя санкцыі Еўразвязу дзейнічаюць, яны літаральна “дасталі” мінскіх уладатрымальнікаў.
Тон Лукашэнкавай прамовы прадыктаваны, па-першае, намерам Еўразвязу пашырыць на 130-135 асоб спіс чыноўнікаў, якім забаронены ўезд у краіны гэтага міждзяржаўнага аб’яднання. Па-другое, не выключана, што ЕЗ можа ўвесці і нейкія істотныя эканамічныя санкцыі ў дачыненні да Мінска. У дадатак да гэтага Мінск, праўдападобна, атрымаў негатыўны адказ з Масквы і Астаны. На мінулым тыдні, нагадаю, афіцыйнаму Мінску захацелася ўцягнуць у свой канфлікт з Еўропай і Злучанымі Штатамі Расію ды Казахстан. Віцэ-прэм’ер Беларусі Сяргей Румас (ведама, не са сваёй ініцыятывы) звярнуўся да старшыні калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Віктара Хрысценкі з просьбай выказацца адносна санкцыяў ЕЗ і ЗША. Але ў Масквы і Астаны з Бруселем ды Вашынгтонам някепскія адносіны. Навошта ім мінскі галаўны боль?
Хоць Аляксандр Лукашэнка пааабяцаў Еўропе даць “жорсткі адказ”, у афіцыйнага Мінска няма на тое ніякіх магчымасцяў. Хіба што перакрыць чыгунку людзям і таварам з Еўропы ў Расію. Але Беларусь ужо нямала страціла на аўтамабільных перавозках з Еўропы ў Расію. Дый наўрад ці Мінск адважыцца на такі крок, бо гэта быў бы ўдар і па інтарэсах Расіі ды Казахстана. Закрыць паветраную прастору для еўрапейскіх самалётаў? Таксама наўрад ці магчыма.
Адзінае, што можа афіцыйны Мінск, – гнаць прапагандыскую хвалю супраць Захаду, што ўжо і робіць тэлебачанне Генадзя Давыдзькі (яшчэ адзін даўні мой знаёмец). Вельмі імаверна, што афіцыйны Мінск не вызваліць палітвязняў, нават тых, якія напісалі просьбы аб памілаванні. Ён можа пасіліць свой ціск на палітычную апазіцыю, на незалежныя грамадскія арганізацыі і недзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі.
Мажліва, у Крымінальны і Адміністрацыйны кодэксы будуць уведзены новыя артыкулы з мэтаю абмежаваць права грамадзян і іх арганізацый на выказванне думкі. Не выключана, што можа быць абмежавана права грамадзян (у першую чаргу дзеячаў апазіцыі) на міжнародныя кантакты і будзе складзены афіцыйны спіс тых, каму забаронены выезд у Еўропу і ЗША (ідэя такога спісу агучана даўно).
Ва ўсякім разе відавочна, што паміж уладаю і дэмакратычнай супольнасцю Беларусі, паміж афіцыйным Мінскам і Еўропай ды ЗША пачалася вайна нерваў, вайна прынцыпаў. І ў гэтым змаганні выйграе той, у каго больш вернасці сваім каштоўнасцям, трывання ды ўпартасці.Што б там ні казалі асобныя палітолагі, адмаўляцца ад санкцыяў у дачыннені да мінскага рэжыму Еўропе і Штатам не выпадае.
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме
26 декабря 2024
« | Декабрь 2024 |
Пн | Вт | Ср | Чт | Пт | Сб | Вс |
1 | ||||||
2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 |
9 | 10 | 11 | 12 | 13 | 14 | 15 |
16 | 17 | 18 | 19 | 20 | 21 | 22 |
23 | 24 | 25 | 26 | 27 | 28 | 29 |
30 | 31 |