18:30 29.08.2015 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Партыя БНФ ратуе рэпутацыю?
Партыя БНФ выйшла з выбарчай кампаніі Тацяны Караткевіч. Адпаведнае рашэньне прынятае сёньня на пасяджэньні сойму партыі. «За» прагаласавалі 18 сябраў сойму.
Аднак далёка ня ўсе ў кіраўніцтве партыі лічаць, што яно правільнае. Сярод 11 чалавек, якія выступілі супраць, намесьнік старшыні партыі Ігар Лялькоў, прадстаўнік партыі ў групе распрацоўнікаў выбарчай праграмы Тацяны Караткевіч Юрась Чавусаў, Яўген Рыбакоў, якога перад пачаткам паседжаньня ўзнагародзілі спэцыяльнай адзнакай за пасьпяховую прапаганду партыйных ідэяў ды іншыя.
Чаму партыя БНФ вырашыла разьвітацца з Тацянай Караткевіч, якую яна падтрымлівала як вылучэнца на прэзыдэнта ад кааліцыі «Народны рэфэрэндум», куды партыя ўваходзіць? У праекце рашэньня сойму, якое асабіста падрыхтаваў, з уласнага прызнаньня, старшыня партыі Аляксей Янукевіч, прычына разрыву сфармулявана так:
«З увагі на тое, што штаб Тацяны Караткевіч выразна абраў ідэалягічную лінію, якая не спрыяе рэалізацыі праграмных палажэньняў, мэтаў і падставовых каштоўнасьцяў партыі БНФ, спыніць падтрымку Тацяны Караткевіч».
У сваім выступе спадар Янукевіч казаў, што Тацяна Караткевіч падчас выбарчай кампаніі зрабіла шмат неакрэсьленых і невыразных заяваў па шэрагу пытаньняў, якія зьяўляюцца базавымі для прыхільнікаў БНФ. Гэта статус беларускай мовы, дзяржаўная і нацыянальная сымболіка, геапалітычнае становішча Беларусі. Складаецца ўражаньне, што Тацяна Караткевіч як кандыдатка ў прэзыдэнты хоча быць добрай для ўсіх, і таму ў яе няма акрэсьленай і выразнай пазыцыі.
Старшыня партыі патлумачыў, што атрымаецца, калі паплечнікі яго не падтрымаюць:
«Калі гэтага не адбудзецца, я баюся, што рэпутацыя партыі БНФ будзе зруйнаваная ўшчэнт. Так. у Беларусі зьявіцца новы прывабны твар з рэйтынгам у 7,8, можа быць 9%, які будзе казаць, што ў Беларусі патрэбныя перамены, мір, павага да людзей. Але пры гэтым фактычна ў сьвядомасьці шмат каго з прыхільнікаў нацыянальна-дэмакратычных сілаў зьнікне палітычная сіла, якая выказвае інтарэсы нацыянальна-арыентаванай часткі беларускага грамадзтва. Мы з вамі нясем за гэта адказнасьць. Мы гэтага дапусьціць ня можам і не павінны».
Прапанову аб разрыве з камандай Тацяны Караткевіч падтрымаў сярод іншых Юрась Меляшкевіч:
Юрась Меляшкевіч«Небясьпекі і рызыкі, якія ў нас ёсьць уперадзе, вельмі вялікія. Таму трэба адмаўляцца ад удзелу ў гэтай кампаніі. Прычын тут некалькі. І тыя, што агучаныя ў праекце рашэньня, і іншыя. Напрыклад, зьвязаныя зь несапраўднасьцю сабраных подпісаў на карысьць Караткевіч, як я лічу. „Гавары праўду“ двойчы схлусіла. Адзін раз, калі казала, што гатовая прадставіць нам для праверкі ўсе подпісы, маўляў усе копіі гатовыя. Затым высьветлілася, што ня ўсе копіі гатовыя, што ў іх шмат умоваў. Пасьля гэтага трэба „зачыняць лаўку“ і казаць, што гэта — хлусьня і мана. Пад любыя палітычныя дыялёгі павінны быць каштоўнасьці. А пад імі павінна быць абсалютная мараль. Тая мараль, якой яны, на жаль, не прытрымліваюцца».
Вадзім СаранчукоўТыя, хто выступілі, супраць, а гэта, напрыклад, Віталь Макаранка, Вадзім Саранчукоў, Зьміцер Салаўёў ды іншыя казалі пра тое, што, па-першае, лідэры партыяў зрабілі памылку, калі не заключылі дамову з Тацянай Караткевіч, А паколькі ніякай дамовы няма, значыць, і патрабаваць ад яе фактычна няма чаго. Другі момант, на якім акцэнтавалі ўвагу нязгодныя са спыненьнем падтрымкі Тацяны Караткевіч, гэта тое, што кандыдатка на прэзыдэнта яшчэ афіцыйна не абвясьціла сваёй перадвыбарчай праграмы.
Так, Уладзімер Падгол зьвярнуўся да Янукевіча:
Уладзімер Падгол«Уявіце сабе, сёньня мы прымаем вашу пазыцыю, адцураемся ад Тацяны Караткевіч. А празь пяць дзён яна выдае праграму: бел-чырвона-белы сьцяг, «Пагоня», ануляваньне рэфэрэндуму 1995 году, выхад з АДКБ, скасавньне саюзу Расеі і Беларусі, Эўразійскага саюзу... Што вы і мы разам з вамі будзем рабіць?
(Янукевіч) «Я зьем свой капялюш».
«А мы што есьці будзем?»
(Янукевіч) «А вы будзеце есьці мяне».
«Аляксей, ты гарантуеш, што гэтага, пра што я сказаў, у праграме ня будзе?»
(Янукевіч) «Я абсалютна ня веру, што ў праграме ўсё гэта можа зьявіцца».
18 сябраў сойму партыі БНФ прагаласавалі за выхад з кампаніі Караткевіч, 11 — супраць, 2 — устрымаліся.
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме