16:30 12.08.2013 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Палітвязень Мікола Статкевіч - 57-я ўгодкі ў турме
Трэці год запар экс-кандыдат ў прэзідэнты Беларусі палітвязень Мікола Статкевіч адзначае свой дзень народзінаў у турме. Сёння, 12 жніўня, яму спаўняецца 57 гадоў.
Самае галоўнае для Міколы Статкевіча зараз - падтрымка з волі, лічыць жонка палітыка Марына Адамовіч:
- Велізарнай падтрымкай для яго і жэстам салідарнасці маглі б стаць віншаванні ад беларусаў, ад прыхільнікаў дэмакратычных ідэй у нашай краіне і па-за яе межамі. Нават калі ён не атрымае нейкую іх частку, а гэта бывае заўсёды, калі ёсць нейкая акцыя салідарнасці, то, прынамсі, адміністрацыя турмы будзе ведаць, што людзі памятаюць, яны не забыліся.
Мікалай Статкевіч быў арыштаваны адразу пасля разгону мітынгу супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў увечары 19 снежня 2010 года і асуджаны на 6 гадоў зняволення па артыкуле аб масавых беспарадках.
З усіх кандыдатаў у прэзідэнты на выбарах 2010 году ён адзіны застаецца ў турме, катэгарычна адмаўляючыся пісаць прашэнне аб памілаванні.
Словы салідарнасці са Статкевічам выказаў еўрапарламентарый, сябра Еўранэста Рышард Чарнэцкі:
– Дзень нараджэння – гэта звычайна час радасці, час сустрэч з сябрамі і роднымі. Не ўсе ў Беларусі маюць такую магчымасць. Можа гэты дзень народзінаў будзе часам роздуму пра краіну, якая надалей не адпавядае асноўным еўрапейскім стандартам.
Словы салідарнасці з нагоды дня народзінаў ідуць у турму да Міколы Статкевіча тысячамі, сярод іх будзе і віншаванне ад першага кіраўніка незалежнай Беларусі Станіслава Шушкевіча:
- Я хачу сказаць, што сядзіць ён выключна па палітычных матывах, таму што яго баіцца наш “уладар” нелегітымны. На вялікі жаль, няма ў яго ніякага сумлення. Лукашэнка здзекуецца над дастойнейшымі людзьмі, да ліку якіх я адношу і Міколу Статкевіча. Гэта прыстойны, дзелавіты, энергічны чалавек. З яго хочуць выціснуць усе сокі, трымаючы яго ў турме абсалютна незаконна.
Да шматлікіх пажаданняў у дзень народзінаў Міколы Статкевіча далучаецца і еўрадэпутат ад левых сацыял-дэмакратаў у Еўрапейскім парламенце Марэк Сівец:
– Жадаю перш за ўсё здароўя, а таксама веры, што ёсць шмат людзей на свеце, якія на яго баку, на баку дэмакратыі, свабоды. І сёння ён пакутуе ў годнай справе. Няхай гэтыя словы спадарожнічаюць яму да моманту, калі ён пераможа, бо тое, што раней ці пазней ён пераможа, для мяне відавочнае. А тое, што сёння ён ахвяра, толькі ўзмацняе. Як гаворыць старая прыказка: «Што нас не забівае, тое робіць нас мацнейшымі». Мы разам з Вамі, спадар Мікола. Віншаванні ў дзень нараджэння.
Мікола Статкевіч – апошні зняволены з кандыдатаў на выбарах 2010 года, які прынцыпова не падпісвае прашэння пра памілаванне. Паштоўку салідарнасці Міколу Статкевічу адправіў і яго супернік па выбарах 2010 года былы палітвязень Уладзімір Някляеў.
– Мікола Статкевіч трэці раз сустракае дзень сваіх народзінаў за кратамі. Для мяне гэта асабісты боль. Я ведаю, як і большасць людзей і ў Беларусі, і ва ўсім свеце, што ён пакутуе не за віну, няма на ім ніякай віны, няма тых крымінальных учынкаў, за якія яго пасадзілі да такога доўгага турэмнага зняволення. Я хачу пажадаць гэтаму чалавеку мужнасці, хаця няма такой патрэбы, бо ён яе мае. А дакладней нам пажадаць мужнасці, якую мае Мікола Статкевіч, каб змяніць сутуацыю ў нашай краіне.
Былы кандыдат на прэзідэнта Мікалай Статкевіч асуджаны на 6 гадоў зняволення за падзеі 19 снежня 2010 года. Палітык адбывае пакаранне ў магілёўскай турме.
* * *
12 жніўня, экс-кандыдату ў прэзідэнты Беларусі, палітвязню Міколу Статкевічу спаўняецца 57 гадоў. Гэта ўжо трэці дзень нараджэння, які ён сустракае за кратамі, дзе яго трымаюць ужо 2,5 гады.
Мікола Статкевіч апошні са зняволеных у 2010 годзе кандыдатаў у прэзідэнты, які прынцыпова не падпісвае прашэння аб памілаванні.
Спадзяюся, што гэта апошні дзень народзінаў, які ён правядзе за кратамі, кажа еўрадэпутат Марэк Мігальскі:
- Мы ніколі не сустракаліся са спадаром Статкевічам, але ў мяне такое ўражанне, што гэта асоба мне вельмі блізкая. Я ведаю яго жонку, яго гісторыю, ведаю пра яго змаганне за свабоду і дэмакратыю свайго народа. Магу запэўніць, што вялікая частка палякаў захапляецца, падтрымлівае, хто верыць у Бога моліцца за яго, бо тое, што ён зрабіў і робіць, як пераносіць выпрабаванні лёсу - вартае захаплення. Спадзяюся, што такі сумны дзень народзінаў будзе апошнім у яго жыцці, што рана ці позна ён дачакаецца свабоды, а пазней і свабоднай Беларусі не толькі для сябе, але і для ўсіх беларусаў - чаго я сардэчна зычу.
Віншавальную тэлеграму Міколу Статкевічу можна даслаць праз сайт , або сайт кампаніі .
Валянціна Лаеўская, Беларускае
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме