16:00 20.07.2013 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Палітоляг: «Сукін сын», узгадаваны Крамлём
19 гадоў таму — 20 ліпеня 1994-га — учорашні дырэктар саўгасу «Гарадзец» на Шклоўшчыне і дэпутат Вярхоўнага Савету Аляксандар Лукашэнка пад бел-чырвона-белым сьцягам і на трыбуне з «Пагоняй» прынёс прысягу ў якасьці першага прэзыдэнта незалежнай Беларусі.
Амаль два дзясяткі гадоў на чале дзяржавы зрабілі Лукашэнку палітычным доўгажыхаром. Што дазваляе Лукашэнку так доўга кіраваць краінай, ня гледзячы на непрыхаванае жаданьне вярнуцца ў «сьветлае савецкае мінулае»? Меркаваньне публіцыста, палітоляга Аляксандра Класкоўскага:
«Шмат фактараў можна назваць. Канечне, нельга адмовіць Лукашэнку ў харызьме, у таленавітым папулізьме. Але калі усё груба зводзіць да двух фактараў, я б назваў, па-першае, нямераную падтрымку Расеі, якая ўвальвае ў рэжым проста шалёныя грошы. Пры тым, што паміж Масквой і Менскам пэрыядычны здараюцца канфлікты, гандлёвыя і інфармацыйныя войны, але ў рэшце рэшт усё адбываецца паводле аднаго прынцыпу — „няхай сукін сын, але наш сукін сын“. Гэты прынцып працягвае дзейнічаць і цяпер. І я думаю, што Пуцін дзеля стварэньня эфэмернага Эўразійскага саюзу выдаткуе для Лукашэнкі чарговую грашовую пайку — ужо фактычна пад прэзыдэнцкія выбары 2015 года. А другі фактар палягае ў тым, што ў Беларусі практычна падчыстую выпаленае палітычнае поле. Харызма-не харызма, але калі дубінкай па галаве апазыцыя пастаянна атрымлівае, абывацель застрашаны, то рэвалюцыю тут, груба кажучы, не распачнеш».
10 ліпеня 1994 году Аляксандар Лукашэнка выйграў прэзыдэнцкія выбары ў другім туры. У фінале «барацьбіт з карупцыяй» без асаблівых праблемаў адолеў тагачаснага прэм’ер-міністра краіны Вячаслава Кебіча. Празь 10 дзён у Авальнай залі парлямэнту адбылася ўрачыстая інаўгурацыя першага прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. Як аказалася, пакуль што і адзінага.
Выкарыстоўваць высокае становішча ў карысьлівых мэтах Лукашэнка пачаў літаральна зь першых гадоў прэзыдэнцтва. Шэраг ініцыяваных ім рэфэрэндумаў быў умела абгорнуты такім чынам, што гэта не ён сам захацеў, а «народ» даў яму карт-блянш выбірацца на вышэйшую пасаду неабмежаваную колькасьць разоў, дазволіў яму зьмяняць гістарычныя сымбалі на савецкія, ня пярэчыў, каб загнаць у моўную рэзэрвацыю беларускую мову.
Далей — больш, але ўжо без асаблівай траты часу на парады з народом. Практычна поўнае вынішчэньне іншадумства, абяскроўліваньне незалежных СМІ і трэцяга сэктару, тэрміны зьяноволеньня для апанэнтаў, загадкавыя зьнікненьні і сьмерці вядомых палітыкаў, грамадзкіх дзеячаў, журналістаў.
Ігар Карней
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме