13:30 23.06.2016 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
«Пакуль твой бацька не кіне пісаць пра міліцыю, цябе будуць прэсаваць»
Аляксею Мілюкову прысудзілі тры гады «хіміі» за тое, што дапамагаў бацьку выкрываць правапарушэнні бабруйскай міліцыі. За адстойванне сваіх правоў у папраўчай установе яго могуць цалкам пазбавіць волі яшчэ на тры гады.
За незапраўлены ложак і акуркі ў сметніцы – крымінальная справа
Аляксей адбывае пакаранне ўжо амаль два гады. Яго асудзілі ў ліпені 2014 года паводле артыкула 364 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь – «гвалтоўныя дзеянні ў дачыненні супрацоўніка органаў унутраных спраў». Маладзёну тады было толькі 25 гадоў. У яго была добрая праца, ён толькi-толькi ажаніўся.
Да волі Аляксею яшчэ больш за год – тэрмін пакарання скочваецца 4 лістапада 2017 года.
Але, як распавёў хлопец, цяпер вызваленне – пад пытаннем. Бо на яго завялі крымінальную справу паводле артыкула 415 КК – «ухіленне ад адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі». Аляксей і ягоны бацька, бабруйскі блогер Алег Жалноў сцвярджаюць, што справа цалкам сфальсіфікаваная.
Цяпер Аляксей адбывае пакаранне ў Наваполацкай папраўчай установе адкрытага тыпу №15. Яго перавялі сюды летась у жнiўнi з гомельскай ПУАТ-22 (Папраўчая ўстанова адкрытага тыпу). У Гомлі маладзён сам знайшоў сабе добрую працу, зняў кватэру, перавёз да сябе жонку, і спадзяваўся на перавод на «хатнюю хімію». Але яго скіравалі ў Наваполацк. Добрых адносінаў з адміністрацыяй не атрымалася і тут. Хлопец вымушаны бараніць свае правы, што сістэматычна парушаюцца.
Аляксея ўладкавалі дворнікам у мясцовы лячэбна-працоўны прафілакторый з мiнiмальным заробкам Br 2 млн 300 тыс. Але і гэтай сумы ён не атрымліваў – «на рукі» хлапцу выдавалі троху больш за міль’ён. Аляксей падаў у суд на ЛПП і выйграў яго.
Тады з ЛПП пачалі пісаць на яго дакладныя, што ён нібыта дрэнна працуе, самавольна пакідае працоўнае месца. У доказ дрэннай працы, як распавёў Аляксей, супрацоўнік ЛПП прыклаў фотаздымкі акуркаў у сметніцах.
Парушэнні ў Аляксея знаходзілі і «на хіміі» – незапраўлены ложак, адмова галіцца, пакінутая без нагляду тэхніка на зарадцы.
Заўвагі збіралі і збіралі, а 11 траўня завялі крымінальную справу. Галоўнае абвінавачванне – запазычанасці за інтэрнат.
Аляксей не адмаўляе, што плаціў не цалкам.
«Я прасіў патлумачыць мне, адкуль бярэцца сума, якую я бачу ў плацёжцы, – кажа Аляксей. – То бок, што з гэтай сумы – за святло, што за ваду, за каналізацыю і г.д. Бо я хачу ведаць, як яны вылічваюць суму на асуджанага, бо разам з намі вадой і электрычнасцю карыстаецца таксама адміністрацыя».
Але сыну блогера не сталі нічога тлумачыць.
«Згодна з крымінальна-выканаўчым кодэксам, асуджаны павінен плаціць за тую колькасць вады ці святла, што сам ужыў, – кажа Аляксей. – Таму я і стаў плаціць роўна столькі, колькі я сабе налічваў фактычнага расходу».
«Гэта катаванне – галадаць, і бачыць, як побач з табой ядуць»
Ад 6 траўня Аляксей не мае працы. З ранейшага месца яго звольнілі таму, што нібыта пераводзяць на іншую працу. Але дагэтуль адміністрацыя ПУАТ не дае Аляксею ніякай працы і не дазваляе яму самастойна яе сабе знайсці.
«Адміністрацыю не хвалюе, з якіх сродкаў я буду аплочваць інтэрнат, – кажа хлопец. – Не хвалявала іх гэта і раней. Мой заробак быў ніжэй за пражыткавы мінімум. На рукі я атрымліваў рэдка крыху больш за мільён. На ўсе мае пытанні з чаго мне плаціць, калі мне на жыццё не хапае, мне адказвалі – дзе хочаш, там і бяры».
12 траўня за нясвоечасовую аплату інтэрната Аляксею далі максімальную меру пакарання – дзесяць содняў у штрафным ізалятары. Аляксей адразу ж абвесціў галадоўку ў знак нязгоды.
«Я дзесяць содняў не еў, – кажа Аляксей. – Але мяне трымалі разам з усімі. І ўсе дзесяць содняў я бачыў, як яны спажывалі ежу, адчуваў пахі. Гэта катаванне – галадаць, і бачыць, як побач з табой ядуць».
На заўчаснае вызваленне ці «хатнюю хімію» маладзён ужо не спадзяецца. Кажа, што ў адміністрацыі папярэдзілі адразу, што калі ён не прызнае сваю віну, паблажак можна не чакаць.
«Але як я магу прызнаць віну, калі я не рабіў ніякага злачынства?» – задаецца пытаннем хлопец. Аляксея не выпускаюць не толькі на сумоўе па працы, але нават у краму, баню ці царкву. Да яго не пускаюць мясцовых наваполацкіх праваабаронцаў і прадстаўнікоў партый.
Аляксею няма за што купіць ежу, а адміністрацыя адмаўляецца яго карміць
Бацька Аляксея, Алег Жалноў распавядае, што адміністрацыя ПУАТ-15 не дае цалкам пазнаёміцца з матэрыяламі справы нават адвакату. Яму не паказалі, на чым базуюцца абвінавачанні, ніякіх доказаў віны. Усё гэта, маўляў, «для службовага карыстання».
Аляксею не дазваляюць весці аўдыязапіс допыту і мець у якасці абаронцы ўласнага бацьку. «Гэтая справа гэткая ж фальсіфікацыя, як і тая, за якую Аляксей апынуўся «на хіміі», – кажа спадар Жалноў. – У характарыстыцы на Аляксея з ЛПП было напісана, што ён дрэнна працуе, не праяўляе ініцыятывы падчас працы. Я не разумею, там дворнік мусіць смецце месці вальсам, ці як яны гэтую ініцыятыву ўяўляюць?»
Спадар Алег зазначае, што адміністрацыя адмаўляецца карміць Аляксея, пакуль ён не знойдзе працу. Хоць яны абавязаныя гэта зрабіць. «Аляксей цяпер галадае, – кажа Алег. – Гэтак сама, як і мы. У нас з пяці асобаў у сям’і працуюць толькі два – мая жонка ды жонка сына».
Спадара Алега вымусілі звольніцца з бабруйскага шыннага камбіната. Акрамя Аляксея, у сям’і Жалновых ёсць яшчэ адзін няпоўнагадовы сын.
«Адміністрацыя ПУАТ, міліцыя, уся гэтая сістэма – яны не баяцца пакарання, – кажа Алег Жалноў. – Яны адкрыта кажуць – вы можаце абскарджваць нашы дзеянні. Але яны ведаюць, што ніякага плёну з таго абскарджання не будзе.
Цяперашні начальнік «хіміі» кажа Аляксею – пакуль твой бацька не кіне ўсё гэта публікаваць, цябе будуць прэсаваць. Ён мае на ўвазе тое, што я публікую інфармацыю пра карупцыю міліцыі на сваім канале ў ютубе. Але мы ўсе добра разумеем, што калі замаўчаць, лепш не стане, будзе толькі горш».
Бабруйскі блогер з сынам працягваюць пісаць скаргі, фіксаваць усе парушэнні ды ціск. «Гэта трэба рабіць, бо, я ўпэўнены, прыйдзе час, і ўсё гэта будзе падымацца наверх, даследавацца, і кожны атрымае па сваім заслугам. І я думаю, гэты момант прыйдзе раней, чым на тое спадзяюцца некаторыя супрацоўнікі міліцыі», – кажа спадар Алег.
Алег Жалноў вядомы сваім блогам, дзе ён выкрывае правапарушэнні міліцыі. 4 верасня 2013 года Алег разам з сынам Аляксеем здымалі парушэнне правілаў дарожнага руху бабруйскімі даішнікамі. У выніку паміж імі і супрацоўнікамі ДАІ здарыўся канфлікт, і Алега з Аляксеем сілай зацягнулі ў пастарунак. Пасля да адказнасці хацелі прыцягнуць Алега, але не атрымалася.
Тады пераключыліся на сына. У студзені 2014 года міліцыянт Аляксандр Бутоўскі падаў позву супраць Аляксея, бо ён, маўляў, біў яго па твары, калі яны былі ў пастарунку ў верасні. Нягледзячы на тое, што гэта нідзе не было зафіксавана, а сведкамі выступалі толькі міліцыянты, суд прызначыў Аляксею тры гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу і выплату Бутоўскаму50 мільёнаў рублёў маральнай кампенсацыі.
Данута Бароўская,
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме