16:47 28.10.2015 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

«Паказвае мне партрэт Лукашэнкі, а з адваротнага боку — Пагоня»

У чарговай перадачы сэрыі «Інтэрвію тыдня» старшыня ТБМ Алег Трусаў распавядае, колькі ён сабраў цытатаў Лукашэнкі пра любоў да беларускай мовы, чаму Алена Анісім ня стала кандыдаткай у прэзыдэнты і на чым грунтуецца ягоны гістарычны аптымізм.

— За апошнія гады колькасьць актывістаў шмат якіх грамадзкіх арганізацыяў відавочна зьменшылася. Якая сытуацыя ў ТБМ?

— У нас колькасьць і актыўнасьць ніяк ня зьменшылася. За гэты год мы зрабілі ўнікальную рэч — маніторынг беларускай мовы ў дзяржаве, за 20 гадоў. І падрыхтавалі два зборнікі, неўзабаве будзе прэзэнтацыя. Мы апыталі розныя структуры, як выкарыстоўваецца беларуская мова ў дзяржаўных установах — судах, міністэрствах. Чыноўнікі далі нам адказы, мы іх сабралі і склалі графікі, а таксама па рэгіёнах. Мы рабілі гэты ўнікальны праект фактычна паўтара года.

— Апошнія год-два некаторыя аглядальнікі заяўляюць, што ва ўладзе зьмянілася стаўленьне да нацыянальных каштоўнасьцяў. Іншыя пярэчаць і прыводзяць як доказ колькасьць беларускамоўных вучняў у школах, якая няспынна зьмяншаецца.

— Вядома, мяняецца — нават ня два гады, а гады чатыры. Бо мяняецца пакаленьне ўлады. Бо да ўлады зараз прыходзяць дзеці беларускага Адраджэньня 90-х, якія вучыліся ў беларускіх школах, хадзілі на дэманстрацыі. Гэта кіраўнікі раёнаў, аддзелаў...

— Але ж яны прыходзяць ва ўладу і не паказваюць свае такія перакананьні, нават калі іх і маюць. Яны ж ня вешаюць «Пагоню» ў сваіх кабінэтах?

— Я быў у аднаго прадпрымальніка, ён мне паказвае вялікі партрэт Лукашэнкі, а з адваротнага боку — «Пагоня». Кажа — улада памяняецца, я буду першы, хто пераверне гэты партрэт.

— Такі беларускі сюр. Але вернемся да вашага маніторынгу. Што ён паказаў?

— Няма нейкага агульнабеларускага трэнду. У кожным раёне да мовы ставяцца па-свойму. Калі ў адным сытуацыя адносна добрая, то ў другім раёне — цалкам кепская. Нават па адказах відаць — адны напісалі нам адказы на 10 старонках, а другія зусім не адказалі. Кожны начальнік у сваім раёне робіць што хоча.

— Дык гэта добра з таго пункту гледжаньня, што калі няма нейкага агульнага правіла, то грамадзтва можа на мясцовых начальнікаў уплываць?

— Так. Напрыклад, Ліда, дзе кіраўніком мясцовага ТБМ Станіслаў Суднік. У яго зь мясцовым начальствам добры кантакт. Шмат беларускамоўных білбордаў, ставіцца пытаньне пра адбудову ратушы. Але ёсьць раёны, іх штук 50, дзе поўная абыякавасьць да беларушчыны.

— Вас часам абвінавачваюць, што сытуацыя пагаршаецца — у школьніцтве, напрыклад — а вы ўсё жыцьцё выпраменьваеце аптымізм.

— Аптымізм — гэта тое, што дае чалавеку выжыць. Напрыклад, хто мог прадбачыць, што 28 дэпутатаў-аптымістаў з БНФ зробяць Рэспубліку Беларусь? Я магу вам паказаць сваю перадвыбарчую плятформу. Калі я ішоў у парлямэнт у 90-м годзе, я абяцаў за 5 гадоў зрабіць вялізарныя зьмены. А яшчэ большыя зьмены здарыліся за 2 гады! Часам гісторыя апярэджвае мой аптымізм. Дарэчы, калі Лукашэнка назваў маё імя, гісторыкі паднялі мой выступ на ягонай інаўгурацыі. Дык усё, што я там казаў, — усё гэта здарылася за 20 гадоў.

— А чаму Лукашэнка ўзгадваў вас, калі казаў, што хацеў бы вас бачыць кандыдатам у прэзыдэнты? Можа, тут няма вялікага камплімэнту — можа, ён меў на ўвазе, што кандыдат Трусаў быў бы яму даволі лёгкім?

— Ня ведаю, тут трэба спытаць у Лукашэнкі. Але як толькі прызначаюць нейкага міністра, я тут жа ім дасылаю віншаваньне і цытаты з Лукашэнкі пра тое, як трэба любіць беларускую мову. Некаторыя адказваюць тэлеграмамі, адпаведна, я думаю, Лукашэнку гэта дакладаюць. Некаторыя лісты я пішу асабіста яму — і сёе-тое ён робіць, ня ўсё, вядома.

— Вы, відаць, шмат ужо назьбіралі цытат Лукашэнкі за беларускую мову.

— Восем. Усе яны ёсьць на сайце ТБМ.

— Вы ў інтэрвію часам крытыкуеце апазыцыйных дэмакратычных актывістаў, якія не аддаюць сваіх дзяцей у беларускамоўныя школы, не патрабуюць беларусізацыі. Хто-небудзь адрэагаваў на вашы заклікі?

— Ведаеце, па-рознаму. Калі ўзяць мой родны горад Магілёў, дык там як вучылася адна дзяўчынка ў беларускамоўнай клясе — так і вучыцца. Хоць дэмакратаў, у тым ліку і сяброў ТБМ, там каля ста чалавек. Але яны лічаць, што пакуль няма беларускамоўнага ўнівэрсытэту, то ня трэба гэтых дзяцей «мучыць», у гэтыя школы аддаваць. Вось такія людзі, што зь імі зробіш.

— Вы столькі гадоў выкладаеце студэнтам у дзяржаўным унівэрсытэце. Але адначасова выкладаеце і ў падпольным Коласаўскім ліцэі. Як мяняюцца вашы студэнты за гэтыя гады?

— З кожным годам яны збліжаюцца. Вось гэты першы курс ва ўнівэрсытэце. Мне ніколі раней не было авацыяў, а тут — аплядысмэнты. Бо гэтыя дзеці сядзяць у інтэрнэце, яны ведаюць усе мае інтэрвію на Свабодзе. З кожным годам гэтыя студэнты набліжаюцца да вучняў ліцэю і становяцца той самай сьвядомай моладзьдзю.

— Але куды гэта ўсё дзяваецца? Бо яны сваю актыўнасьць ніяк не праяўляюць публічна.

— Я думаю, мы напярэдадні новай хвалі пасіянарнасьці, і гэтага вельмі баіцца ўлада. На гэтых выбарах яны першы раз былі заклапочаныя, каб людзі хаця б прыйшлі на ўчасткі. Каб не загналі на датэрміновае і каб не папрацавала спадарыня Караткевіч (гэта самы галоўны сябра ўлады, якая прыцягнула людзей на ўчасткі) — то ў Менску выбары б дакладна праваліліся.

— Якое было ваша стаўленьне да патэнцыйнага вылучэньня кандыдатам у прэзыдэнты намесьніцы старшыні ТБМ Алены Анісім?

— Наша кампанія, дзе я дапамагаў спадарыні Алене, была вельмі прынцыповая. Улады хацелі, каб спадарыня Алена ўдзельнічала. Але, у адрозьненьне ад Караткевіч, я ў эфіры ў Гігіна на БТ адразу сказаў, на якіх умовах мы будзем удзельнічаць. Па-першае — адмяніць папярэдняе галасаваньне, і па-другое — каб кожны наш прадстаўнік быў у камісіях. Але калі гэтага не зрабілі, то мы і ня ўдзельнічалі. І ўлада нас за гэта паважае, бо мы ня клоўны і не падтанцоўка. Калі б яны выканалі нашы патрабаваньні, Алена пайшла б на выбары і, думаю, набрала б ня менш галасоў за Караткевіч, а то і больш.

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме