11:30 01.06.2012 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Падарункі Пуціна
Пасьля перамоваў з высокім маскоўскім госьцем Аляксандар Лукашэнка загадаў адкаркаваць шампанскае. І варта сказаць, што меў на гэта сур’ёзныя падставы.
Колькасьць бонусаў і дабротаў, атрыманых у апошнюю ноч вясны 2012 году, хіба не пераўзыходзіць нават «залаты дождж» канца мінулага году, калі Беларусь атрымала беспрэцэдэнтныя зьніжкі на газ і нафту. Не, па грошах тады, відаць, больш, але не ў адных іх шчасьце.
Пералічым па пунктах:
- абяцаньне бліжэйшым часам выдаць даўно абяцаны, але дагэтуль ня выданы чарговы транш крэдыту банку ЭўАзЭС — 400 млн. Даляраў.
- абяцаньне бліжэйшым часам пачаць выдзяленьне крэдыту на пабудову АЭС — 240 млн. Даляраў.
Гэта частка грашовая і прычым немаленькая. Зразумела, абяцаньні не заўсёды выконваюцца, але дадзеныя публічна новасьпечаным кіраўніком вялікай дзяржавы да нечага яго абавязваюць. Ніхто ж з язык не цягнуў. Да таго ж варта прыгадаць, што крэдыт ЭўрАзЭС затрымлівалі з прычыны таго, што Беларусь не выконвала яго ўмовы, прыватызацыя ішла тэмпам, значна больш павольным, чым абяцалася, а апошнім часам прагучэлі грозныя заявы віцэ-прэм’ера Ўладзімера Сямашкі пра тое, што Менск не зьбіраецца прыватызаваць Беларуськалій і МАЗ.
Але, як высьветлілася, і ня трэба. Палітычнае рашэньне пабівае ўсе «дробныя» эканамічныя разьлікі. Засталіся ў мінулым часы, калі міністар Кудрын прарочыў Беларусі фінансавую катастрофу, а прэзыдэнт Мядзьведзеў — папікаў за непісьменную эканамічную палітыку.
Чарговы бонус: заява пра тое, якую ўдалую эканамічную палітыку праводзіць беларускі ўрад.
Гэта сыгнал, устаноўка нашчадкам Кудрына ў расейскім урадавым апараце, што разьлікі з Беларусьсю — справа палітычная і іх лібэральныя меркаваньні тут маюць другаснае значэньне.
Яшчэ адзін бонус: Супольная заява Лукашэнкі і Пуціна аб процідзеяньні санкцыйнай палітыцы адносна краін Адзінай эканамічнай прасторы.
Здаецца, нічога новага: была падобная заява з прэзыдэнтам Мядзьведзевым, была — з прэм’ерам Пуціным. Але прыгадаем — гэта адна з першых зьнешнепалітычных заяваў Пуціна ў стара-новай, крамлёўскай якасьці. Пачатак задае каляіну.
Пуцін ня толькі даў, ён і даў магчымасьць Лукашэнку ўзяць. Чаго вартая адна заява беларускага кіраўніка, што Беларусь — самы верны, самы лепшы саюзьнік Расеі? Як кажуць — пры жывым Казахстане і Назарбаеве. І Пуцін ні словам не паправіў гасьціннага гаспадара, не сказаў, што і іншыя саюзьнікі таксама важныя і дарагія.
Гэта помста і рэванш Лукашэнкі за леташнія крамлёўскія тлумачэньні наконт выключнай ролі Назарбаева і ягоных ідэй эўразійства. Ну а акрамя псыхалёгіі ёсьць і прагматыка: за такую адданасьць і вернасьць Масква павінна... ну самі разумееце.
Можна, зразумела, сказаць, што гэта такая васальная «перамога», што насамрэч за гэтыя эканамічныя і псыхалягічныя «пернікі» Лукашэнка будзе вымушаны аддаць апошняе. Але наконт другога ўжо даводзілася пісаць, аналізуючы апошні візыт Пуціна ў рангу прэзыдэнта ў 2007 годзе: як раз пра пэўныя абяцаньні Беларусі, акрамя як спрыяць далейшай інтэграцыі, ні тады, ні зараз публічна не было сказана нічога. А непублічныя абяцаньні, нават калі яны былі, не выконваць значна прасьцей.
Што да васальных адносінаў, то і ў сярэднявеччы часам здаралася, што яны былі паводле формулы «хвост круціць сабакам».
Чаму ж так атрымался, чаму ў чарговы раз Лукашэнка, пазбаўлены, здавалася б, свабоды манэўру, здолеў разыграць любімую, хаця і крыху заежжаную камбінацыю «пацалункі ў абмен на...»?
Так выглядае, што адкаркоўваць шампанскае Лукашэнка мог насамрэч крыху раней — калі Пуцін дэманстратыўна адмовіўся ехаць у ЗША на пасяджэньне «вялікай васьмёркі». Гэткае паўтарэньне павароту самалёту прэм’ера Прымакова над Атлянтыкай, толькі без палёту. — «перазагрузка назад». Ці надоўга гэты выбар расейскага прэзыдэнта — можна спрачацца, але дэманстратыўны характар і тое, што з гэтага пачынаецца новае царстваваньне, гавораць, што не на пару месяцаў.
Ну а далей усё проста. Для канфрантацыі патрэбныя саюзьнікі, пасьля скандалу, на фоне млява- а часам і бурнацякучай «Балотнай», патрэбны хоць які зьнешнепалітычны посьпех, дэманстрацыя, што Расея, прычым Расея ў канфрантацыі, не самотная ў сьвеце. Тут не прыдатны ні Назарбаеў, які зусім не зьбіраецца канфрантаваць з Захадам, балазе той зрабіў выгляд, што расстрэлу рабочых як і не было, ні кітайскія таварышчы, ў якіх наагул свае адносіны з Захадам, свае войны і свае замірэньні.
Ну вось мэтадам выключэньня і атрымалася, што падыходзіць толькі Лукашэнка. Ён і падышоў, пачакаць у аэрапорце толькі давялося. Але гэта, магчыма, такая дробная зьнявага, зробленая з прычыны таго, што ізноў ён патрэбны і ізноў даводзіцца яго асыпаць рознымі падарункамі. Ну дык хай хоць пасядзіць пачакае.
Усё гэта — не на гады. Можа зьмяніцца сытуацыя ў Расеі, можа зьмяніцца палітыка Пуціна адносна Захаду, як яна мянялася ў мінулым. Але зараз трэба прызнаць, што дыктаваньня ўмоваў, таго самага «нахіленьня», якое часта ўзгадвае Лукашэнка, не атрымалася. Давялося везьці падарункі заклятаму сябру, ў якім ізноў узьнікла патрэба ў межах выбару, зробленым гаспадаром Крамля.
Юры ДракахрустИсточник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме
28 декабря 2024
« | Декабрь 2024 |
Пн | Вт | Ср | Чт | Пт | Сб | Вс |
1 | ||||||
2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 |
9 | 10 | 11 | 12 | 13 | 14 | 15 |
16 | 17 | 18 | 19 | 20 | 21 | 22 |
23 | 24 | 25 | 26 | 27 | 28 | 29 |
30 | 31 |