08:15 04.10.2016 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Па Курапатах вымяраецца сумленне нацыі
Мемарыял Курапаты наведалі прадстаўнікі беларускай творчай інтэлігенцыі. У гэтым месцы пахаваны шматлікія ахвяры сталінскіх рэпрэсіяў 1920 – 1940 гадоў мінулага стагоддзя. Па словах грамадскага актывіста, журналіста Марата Гаравога, гэта наведванне арганізаванае Аргкамітэтам па правядзенню грамадскага творчага конкурсу „Курапаты – народны мемарыял”.Марат Гаравы: „Мы запрасілі творчых людзей і ўсіх, хто жадае, каб паказаць ім тое, што было адкрыта апошнім часам нашай грамадскай ініцыятывай „Эксперты ў абарону Курапатаў”. Спадзяюся, гэта дапаможа стварыць вобразы для тых людзей, якія будуць удзельнічаць у творчым конкурсе,” – пачаў экскурсію па мемарыяльнаму ўрочышчу Марат Гаравы, які з’яўляецца старшынём аргкамітэту конкурсу. Каля 20 чалавек прайшлі ў Курапаты тым шляхам, якім у трыдцатыя гады мінулага стагоддзя на месца расстрэлу прывозілі людзей. З цэнтру Менску, ад турмы пад назвай „Амерыканка”, – гэта 10 з паловай кіламетраў.Марат ГаравыПа словах Марата Гаравога, апошні адрэзак „дарогі смерці”, які непасрэдна вядзе ў Курапаты, быў дакладна вызначаны актывістамі з грамадскай ініцыятывы „Эксперты ў абарону Курапатаў” – геадэзістамі і архітэктарамі. Зараз яна паказана вешкамі і ўведзена ў склад ахоўнай зоны Курапатаў. І таму ёсць надзея, што гэта дарога не проста захаваецца ў будучым, а зробіцца часткай самога курапацкага мемарыялу.„Вось сюды народ вазілі з пачатку 30-х гадоў мінулага стагоддзя. Спачатку зрэдку. Ну а ў 1937 годзе – 3 разы на дзень, а потым круглымі суткамі. У камендатуры НКВД было 60 грузавікоў. 2 „чорных варанкі” і 58 грузавікоў рознага тыпу з высокімі бартамі. Звычайна першымі прыязджалі энкавэдзісты, каб падрыхтаваць ямы. Потым прыходзілі машыны з арыштаванымі. Звычайна ў людзей былі завязаныя ззаду рукі. Часам яны былі завязаныя калючым дротам. Потым людзей сажалі на край ямы і расстрэльвалі… Хаця тэрыторыя была агароджана высокім плотам, народ навакольных вёсак ведаў аб тым, што адбываецца. Таму што кальцавой дарогі, якая як бар’ерам аддзяляе зараз жылыя раёны ад Курапатаў, тады не існавала. І вяскоўцы чулі шум машын, бачылі свет фараў, калі машыны прыязджалі ноччу. І па-другое, чулі стрэлы. Нам Вольга Цімафееўна Бароўская, якой хутка споўніцца 90 год, распавядала, што бывала, па начах стралялі, быццам смажаны гарох трашчаў на патэльні. Ці гэта былі залпы адзіночных стрэлаў, ці чэргі з кулямёта, зараз цяжка сказаць,” – распавёў Марат Гаравы. Потым ён паказаў месца, дзе былі вароты, праз якія заязджалі машыны, будка аховы, месцы найбольш буйных пахаванняў…Алесь Марачкін Мастак Алесь Марачкін успомніў, як напрыканцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя актывісты, сярод якіх былі і мастакі, усталявалі першыя крыжы і Крыж пакутаў у Курапатах. І на яго шыльдзе было напісана „Ахвярам сталінізму”. І гэта важна падкрэсліць, – лічыць Марачкін. Таму што на тое, што тут пахаваны ахвяры сталінізму, улады асабліва не звяртаюць увагі. Курапаты наведаў прэзідэнт Амерыкі Білл Клінтан. Але прэзідэнт Беларусі Курапаты не наведаў. Но зато ёсць „лінія Сталіна”. І складаецца ўражанне, што Лукашэнка быццам апякуецца ёй. Гэта своеасаблівае шоў, куды як паломнікі, едуць і матацыклісты – байкеры і бээрсэмаўская моладзь. Два полюсы… Полюс трагедыі, сакральны полюс, дзе ляжаць бязвінныя ахвяры сталінізму. І паднятая беларускімі ўладамі на пустым месцы „лінія Сталіна”. Па Курапатах выяўляецца сумленне нацыі, сумленне людзей. Па „лініі Сталіна” – іх звыродства,” – сказаў Алесь Марачкін.Паэт Сяргей Законнікаў падкрэсліў, што пра Курапаты і ўвогуле пра масавыя рэпрэсіі ўжо шмат напісана і шмат сказана. Але гэта тэма абсалютна невычэрпная, як невычэрпная велічыня пакутаў, якія перанёс беларускі народ.
Сяргей Законнікаў
Па словах паэта, ён многа займаўся яшчэ адным беларускім жалобным помнікам – Цівалямі, дзе таксама расстрэльвалі людзей, беларускіх чыгуначнікаў. І напісаў нават паэму пад такой назвай. „Я вельмі сачу за ўсімі падзеямі, якія адбываюцца вакол Курапат. І з аднаго боку, мяне ўражвае, як шмат розных людзей, ахвяруючы сваім уласным часам, дапамагаюць, каб гэтае месца выглядала годна, прыбіраюць тэрыторыю, ставяць крыжы і мемарыяльныя знакі за ўласныя сродкі. Але з другога боку, уражвае, як шмат нашых людзей не ведаюць многае пра сталінскія рэпрэсіі і як яны ўвогуле адносяцца да іх. Таму што ў свой час не адбылося ніякога асуджэння і ніякога пакаяння. І таму многія людзі лічаць, што гэтая месца не так важна для народнай памяці. А я лічу, што гэтае месца вельмі важнае. І думаю, што пакуль мы не ўсвядомім трагедыю народа, якая адбылася ў час сталінскіх рэпрэсій, да той пары мы не можам проста маральна лічыць сябе сапраўднымі людзьмі. А сапраўдны чалавек гэта той, хто разумее важнасць чалавечага жыцця,” – упэўнены Сяргей Законнікаў.
Таму, па яго пераканнаню, такія помнікі павінны падтрымліваццца і прапагандавацца не толькі высілкамі актывістаў, але і дзяржавай. Іх павінны ведаць усе жыхары нашай краіны.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя Фота аўтара
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме