19:15 09.09.2010 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
ПУЦІНСКІ «ГАЗПРАМ» СТРАЧВАЕ ПАЗІЦЫІ
Новая энергетычная сітуацыя, якая складваецца ў свеце, у цэнтры ўвагі гутаркі карэспандэнта газеты "Звязда" з вядомым беларускім эканамістам, членам Грамадска-кансультацыйнага Савета пры Адміністрацыі Прэзідэнта Л.Ф. Заікам.
— Нешта не зусім зразумелае апошнім часам адбываецца на сусветным рынку энерганосьбітаў. Цэны на нафту пастаянна скачуць і ніяк не выйдуць на дакрызісны ўзровень, а расійскі газ, нягледзячы на ўсе намаганні "Газпрама", становіцца ўсё менш запатрабаваным таварам. Дык што адбываецца?
— Зараз ідзе рэструктурызацыя сусветнага рынку энергіі. У выніку гэтага пуцінскі "Газпрам" страчвае пазіцыі, якія яшчэ нядаўна здаваліся непахіснымі. Ужо па вытворчасці газу ў свеце Расія перамясцілася з першага на другое месца пасля Амерыкі. Але самае цікавае ў тым, што амерыканцы навучыліся прыродны газ перарабляць ў звадкаваны, які становіцца ўсё больш запатрабаваным у свеце. Яго выкарыстанне даволі адчувальна змяніла сітуацыю на газавым рынку. Летась амерыканцы па сутнасці разнеслі ўшчэнт усю газавую палітыку Расіі.
— Як гэта ў іх атрымалася?
— "Ціхія" амерыканцы пачалі вырабляць усё большыя аб'ёмы звадкаванага газу і прадаваць замежным спажыўцам. Сёння яго цана прыкладна 147-150 долараў за тысячу кубічных метраў, што значна танней — амаль удвая — прыроднага газу з Расіі. Справа настолькі пайшла паспяхова, што амерыканцы сталі выціскаць "Газпрам" з яго традыцыйнага еўрапейскага рынку збыту. І небывалы факт: у 2009 годзе еўрапейцы набылі на 30 працэнтаў менш расійскага газу.
— Леанід Фёдаравіч, а ці не перабольшваеце вы ўплыў газавікоў ЗША на кан'юнктуру міжнародных рынкаў энерганосьбітаў? Што ўвогуле вас прымусіла зрабіць такую выснову?
— Тыя дзіўныя рэчы, пад уздзеяннем якіх узнікла новая энергетычная сітуацыя з нафтай і газам. Асабліва прагрэсіўныя перамены назіраюцца на рынку газу. Навізна заключаецца ў спосабах вытворчасці слыннага "блакітнага паліва", якое яшчэ адносна нядаўна было самым танным энергарэсурсам. Як вядома, традыцыйна прыродны газ здабываецца з нетраў шляхам бурэння і па трубаправодах дастаўляецца спажыўцам, у тым ліку і замежным. У адказ на непамерныя і нахабныя спробы "Газпрама" дыктаваць цэны на газ у свеце была выпрацавана тэхналогія яго здабычы са сланцавых выкапняў. Між іншым, газ можна атрымоўваць і са звычайнага вугалю, у тым ліку з бурага, нават з харчовых адходаў, гною. Пытанне ў тым, наколькі гэта будзе мэтазгодна ў эканамічным сэнсе. А вось тое, што газ можна здабываць са сланцавых пяскоў, стала пэўнай энергетычнай сенсацыяй. Запасы сланцавых пяскоў у розных кутках планеты складаюць мільярды кубічных метраў.
Яшчэ больш цікавым адкрыццём стала магчымасць здабычы нафты з пэўных відаў грунту, прасцей кажучы, з зямлі, якая ўтрымлівае ў сабе нафту. На такія землі аказалася багатай Канада, яна пачала актыўна асвойваць новыя спосабы здабычы нафты з раней бесперспектыўных грунтоў. Іх распрацоўка можа ў недалёкай будучыні змяніць сітуацыю на рэгіянальным і сусветным рынку нафты. І зараз ужо мяняе. Я не выключаю, што праз некалькі гадоў гэта канадская нафта будзе завозіцца для перапрацоўкі ў Беларусь. У ідэале з пункту погляду эфектыўнай эканомікі было б мэтазгодна перапрацоўваць вуглевадародную сыравіну непасрэдна ў месцах асноўнага спажывання бензіну на невялікіх заводах. Сёння, напрыклад, ёсць устаноўкі па перапрацоўцы нафты памерамі з трохпакаёвую кватэру. Дык чаму б у кожнай вобласці не пабудаваць спачатку па адным мінізаводзе па перапрацоўцы нафты. Колькі б зэканомілі толькі на транспартных выдатках па дастаўцы паліва на АЗС дзякуючы перапрацоўцы нафты на невялікіх і сярэдніх вытворчасцях.
Увогуле завоз канадскай нафты будзе выгадным для нас. Гэта дазволіць Беларусі далей дыверсіфікаваць пастаўкі нафты, зніжаць такім чынам энергетычную залежнасць ад Расіі.
— А якая яшчэ карысць можа быць ад выкарыстання звадкаванага газу?
— У нас усе вялікія цеплавыя электрастанцыі працуюць на расійскім газе. Да кожнай з іх падведзена труба.
Па трубах гарачая вада паступае ў дамы спажыўцоў. У выніку такой транспарціроўкі страчваецца шмат цеплавой энергіі. Нават называецца лічба ў 40 з нечым працэнтаў. Заўважым, пры пастаянным росце цэнаў на газ. Усе гэта ведаюць, але кардынальна знізіць гэтыя страты цяжка. Я думаю, што і беларусы пачалі б ацяпляць свае дамы і кватэры звадкаваным газам, які ў два разы таннейшы за расійскі. І гэта не фантазія, а адтэрмінаваная рэальнасць.
Я днямі вярнуўся з Калінінграда, гасціў у сваякоў. Шматкватэрны дом, дзе яны жывуць, ацяпляецца з дапамогай газавага катла памерам з чамадан. Жыхары гэтага дома не ведаюць, што такое тэрміны ацяпляльнага сезона, адключэнне летам гарачай вады на рамонтныя работы. На пад'ездах дамоў не вывешваюцца аб'явы з паведамленнямі аб адсутнасці халоднай вады на пэўны час у сувязі з заменай труб. У доме не чакаюць як манны нябеснай агульнага восеньскага падключэння да цеплацэнтралі, менш хварэюць на ангіну і прастуджваюцца. А ўсё таму, што кожны ўладальнік кватэры лёгкім рухам рукі можа на сваім катле націснуць патрэбную кнопку і самастойна адкрыць чарговы ацяпляльны сезон. Чым дрэнна?
Думаю, што і ў нас новыя дамы будуць абсталёўвацца індывідуальнымі газавымі катламі, а дахі — сонечнымі батарэямі.
— Але цэнтралізаванае забеспячэнне цяплом нашых суграмадзян складвалася не адно дзесяцігоддзе. Думаю, складана будзе адмовіцца ад яго.
— Зразумела, няпроста. Аднак газ па трубах — гэта ўжо ўчарашні дзень, калі з далёкага паўвострава Ямал газ качаюць праз Беларусь аж у Заходнюю Еўропу. Вось і атрымалася такая манапалістычная схема паставак расійскага прыроднага газу пад сумна вядомай назвай "Труба", на якой, як на своеасаблівым інструменце, часта гуляюць расійскія палітыкі, асабліва позняй восенню ці ў пачатку зімы. "Труба" стала важным элементам ціску на іншыя краіны, кіраўнікі якіх не хочуць скакаць пад расійскую дудку.
Памятаеце, як яшчэ гады два таму раслі цэны на газ для Украіны, ды і ў Беларусі заключэнне газавых кантрактаў неаднойчы суправаджалася скандаламі. У многім з-за такіх "канцэртаў" "Газпрама" ў свеце зрабілі далёка ідучыя высновы, і многія краіны пачалі пераходзіць на ўжыванне звадкаванага газу. Ён больш выгадны і зручны.
— І чым гэта?
— У першую чаргу тым, што не трэба пракладваць трубу да месца спажывання звычайнага прыроднага газу ў экстрэмальных умовах: праз балоты і горы, па дне Балтыйскага мора. Звадкаваны газ можна перавозіць у танкерах, цыстэрнах, захоўваць у спецыяльных ёмкасцях, выкарыстоўваць пры гэтым мінімум труб.
— Дык чаму тады былі распачатыя такія грандыёзныя і вельмі дарагія праекты, як "Паўночны паток" і "Паўднёвы паток"? Зразумелая выгада расіян, але чаму немцы — народ вельмі прагматычны і абачлівы — так легкадумна пагадзіліся на пракладку трубы? Няўжо не ведалі аб бясспрэчных перавагах звадкаванага газу?
— Уявіце сабе, што да канца і не ведалі. Звычайна такія рэчы глабальнага значэння трымаюцца ў глыбокай тайне. Свае камерцыйныя сакрэты амерыканцы ўмеюць хаваць да пэўнага часу. А ў патрэбны момант яны з'явіліся на рынку са сваім новым канкурэнтаздольным таварам. І зрабілі гэта ўдала. Эфект быў ашаламляльны.
У пачатку гэтага стагоддзя, нагадаю, адна тысяча кубічных метраў расійскага газу каштавала 15 амерыканскіх долараў. Тады гэта цана здавалася прымальнай. Але з часам яна вырасла. Праўда, не ўсюды.
Для сваіх спажыўцоў газ па-ранейшаму танны ў Туркменіі, калі не памыляюся, недзе 5 долараў за тысячу кубоў. Ды і ў Расіі газ таксама недарагі для сваіх. Але ў замежжа газ пастаўляўся па высокай цане. Гэта дыктавалася пастаянным ростам попыту на "блакітнае паліва" ў Кітаі, Індыі, іншых краінах. І газ ужо каштаваў і 150, і 200, і 250 долараў, і больш за тысячу кубічных метраў. А немцам — аж тысячу долараў! І яны плацілі, але адначасова пачалі шукаць альтэрнатыўныя крыніцы энергіі. І навучыліся выкарыстоўваць на сваю карысць патэнцыял ветру, сонца, вады, біямасы.
— Восенню зноў, відаць, будуць у нас спрэчкі з расійскай газавай манаполіяй "Газпрам" аб цэнах на газ.
— Як мне здаецца, беларускі бок чакаюць вельмі жорсткія перамовы з "Газпрамам". Не выключаю, што той знойдзе "аргументы" для павышэння цаны газу да 250 долараў за тысячу кубічных метраў. Але не будзем забягаць наперад і загадзя абуджаць адпаведны грамадскі настрой. Можа, усё абыдзецца.
Тым не менш адзначу, што кіраўніцтва "Газпрама" — несамастойныя, хоць вельмі шчодра аплачваемыя фігуры. Гэта манаполія — "падсобная" гаспадарка Уладзіміра Пуціна. А нядобразычліўцы, апаненты ды і проста ворагі Пуціна ў сваіх выступленнях і каментарыях сцвярджаюць, што "Газпрам" паступова пераходзіць ва ўласнасць цяперашняга расійскага прэм'ера. Ад яго ў значнай ступені залежыць цэнавая палітыка "Газпрама".
— Як Беларусі дыверсіфікаваць пастаўкі блакітнага паліва? У прыватнасці, пачаць паступова набываць партыі звадкаванага газу?
— Яго рынак у пачатку станаўлення, ён толькі нарадзіўся. Я думаю, тут нам варта дзейнічаць праз еўрапейскія структуры. Апошнім часам Беларусь актыўна шукае шляхі дыверсіфікацыі паставак газу, у тым ліку і шляхам яго здабычы за мяжой беларускімі арганізацыямі і прадпрыемствамі. З гэтай нагоды трэба ў поўным аб'ёме рэалізаваць Стратэгію развіцця энергетычнага патэнцыялу краіны, зацверджаную пастановай Саўміна. Стратэгія разлічаная на перыяд да канца 2020 года, і за гэты час можна многае паспець. Напрыклад, у Стратэгіі намечаны наш удзел у праектах па будаўніцтве на тэрыторыі Літвы або Польшчы тэрміналаў па прыёме і рэгазіфікацыі звадкаванага прыроднага газу, у тым ліку праз Украіну.
У выпадку ўдалай рэалізацыі гэтых праектаў аб'ёмы паставак звадкаванага газу могуць скласці да 10 мільярдаў кубічных метраў у год, што дазволіць значна аслабіць залежнасць ад "Газпрама".
— Як насельніцтву знізіць страты ад верагоднага павышэння цаны на расійскі газ?
— Вучыцца ў еўрапейцаў эканоміць энергію. У краінах Еўрасаюза выкарыстанне электралямпачак у 75 ват за-ба-ро-не-на. Праз год там будуць забаронены лямпачкі ў 60 ват. А ў нас пераважная большасць сем’яў яшчэ выкарыстоўвае лямпачкі 100 і 75 ват, якія яшчэ,наколькі я ведаю, выпускаюцца ў Брэсце. На мой погляд, карысным было б ужо сёлета забараніць лямпачкі ў 60 ват у Беларусі раней, чым у Еўрасаюзе. І мы б адразу адчулі важкую эканомію электраэнергіі. А ў наступным годзе забараніць лямпачкі ў 45 ват. Між іншым, у маёй кватэры лямпачкі ў 11, 15 і 20 ват. І ведаеце, атрымліваецца ў год істотная эканомія.
Гутарыў Леанід Лахманенка. 9 верасьня 2010
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме
28 декабря 2024
« | Декабрь 2024 |
Пн | Вт | Ср | Чт | Пт | Сб | Вс |
1 | ||||||
2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 |
9 | 10 | 11 | 12 | 13 | 14 | 15 |
16 | 17 | 18 | 19 | 20 | 21 | 22 |
23 | 24 | 25 | 26 | 27 | 28 | 29 |
30 | 31 |