17:47 14.09.2011 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

"ПРЭЗЫДЭНТ Д.ГРЫБАЎСКАЙЦЕ ПРАПУСЬЦІЛА ЦУДОЎНУЮ НАГОДУ ПАМАЎЧАЦЬ"

У ў газэце Lietuvos rytas яе галоўны рэдактар Рымвідас Валатка рэагуе на ўчорашнія выказваньні прэзыдэнткі Далі Грыбаўскайце пра беларускую апазыцыю

Чаго, калі толькі лічыць Літву цывілізаванай заходняй дзяржавай, можна было чакаць ад прэзыдэнткі Літвы пасьля таго, як Міністэрства юстыцыі выдала дысыдэнта яшчэ з савецкіх часоў А.Бяляцкага беларускаму КДБ, які змагара за правы чалавека кінуў у вязьніцу? Як найменей біцьця ў грудзі, прызнаньня віны. А што мы пачулі ў Літоўскім радыё? Замест таго, каб прызнаць віну дзяржавы, Д.Грыбаўскайце заявіла, што беларускія дысыдэнты - агенты Крамля, якія “проста дамагаюцца больш грошай”. Прэзыдэнтка прапусьціла нагоду памаўчаць.

«Калі гутарыш або чуеш, як размаўляюць некаторыя прадстаўнікі апазыцыі, мы часьцей за ўсё ня чуем, што іх прыярытэтам і мэтай зьяўляецца незалежная Беларусь. Гэтага мы амаль ня чуем. Часьцей за ўсё чуем, што трэба больш грошай”, - такое дазволіла сабе сказаць кіраўніца краіны Эўразьвязу і НАТО.

Ці А.Бяляцкі прасіў у Д.Грыбаскайце грошай? Неяк цяжка паверыць. Калі не прасіў, дык ці павінна прэзыдэнтка Літвы, якая лічыць сябе прававой дэмакратычнай дзяржавай, так цынічна зьдзекавацца з чалавека, які толькі з-за халуйства і інфантыльнасьці літоўскіх чыноўнікаў, калі не назваць гэта яшчэ дакладней, мусіць бавіць час у лукашэнкаўскай турме?

Пытаньне рытарычнае.

Пасьля такіх словаў кіраўніцы дзяржавы адзінае пачуцьцё, якое цябе ахапляе, гэта сорам. Сорам за Літоўскую дзяржаву, сорам за “герояў, якія сьпяць у магілах”. Сорам, што Літва абрала прэзыдэнтам жанчыну, якой чужое ня толькі пачуцьцё сораму. Яе прамова па радыё паказвае, што прэзыдэнтцы чужое хоць нейкае спачуваньне да людзей, з чыіх натуральных правоў і свабодаў ужо паўтара дзесяцігодзьдзя зьдзекуецца дзяржаўная машына беларускага дыктатара.

Нават калі тое, што, гледзячы з пагардай на цкаваных Лукашэнкам, зьбіваных дома і на вуліцы нават за воплескі, катаваных у турмах беларускіх апазыцыянэраў і іх блізкіх, пра іх сказала Д.Грыбаўскайце, было праўдай, гэта ні на кроплю ня зьменшыла б злачынства, учыненага нашымі дзяржаўнымі ўстановамі, найперш міністэрствамі юстыцыі і замежных справаў, якія выдалі аднаго адзінага А.Бяляцкага.

Паслаць ні ў чым не вінаватага змагара за свабоду проста ў дыктатарскую турму было б злачынствам нават у тым выпадку, калі б бальшыню беларускіх апазыцыянэраў падтрымліваў Крэмль, які, дарэчы, яшчэ зусім нядаўна быў такім мілым сьвятлом у акне для самой Д.Грыбаўскайце.

Ці не сама Д.Грыбаўскайце адвярнулася ад Грузіі і ўсёй актыўнай літоўскай замежнай палітыкі на Ўсходзе, каб дагадзіць таму самаму Крамлю? Ці ня гэтая прэзыдэнтка загадала інфантыльнаму Сойму шукаць няісныя сакрэтныя турмы ЦРУ і псаваць дачыненьні з нашым саюзьнікам ЗША? І вось цяпер гэтая прзыдэнтка вінаваціць бедных беларусаў, што іх падтрымлівае Крэмль. Як кажуць у такіх выпадках, хлусі, але ведай меру.

Кожнаму літоўцу часоў Саюдзісу, які імкнуўся да аднаўленьня Незалежнасьці, мусіла б быць сорамна яшчэ і за недарэчную аргумэнтацыю прэзыдэнткі.

Толькі ўсьмешку можа выклікаць аргумэнт-уздыханьне Д.Грыбаўскайце, што змагары з дыктатурай Лукашэнкі “не гавораць пра беларускую незалежнасьць”. Двойка па лёгіцы, Ваша Эксцэленцыя,

Як можна дамагацца незалежнасьці ў краіне, якая ўжо дваццаць гадоў незалежная? У краіне, якая ўжо даўно незалежная, але якой ужо паўтара дзесяцігодзьдзя кіруе дыктатар, што топча правы чалавека, людзі звычайна змагаюцца за дэмакратыю, а не дзяржаўную незалежнасьць.

Ну а абвінавачаньня, што беларускіх дысыдэнтаў падтрымлівае Крэмль, апрача самога Лукашэнкі не паўтарыў бы ніводзін дзяржаўны кіраўнік у сьвеце, які мае хоць аднаго дарадніка здольнага зьвязаць пару словаў у сказ.

Таму што гэты “аргумэнт” - зацяганы прыём усіх дыктатараў, пачынаючы ад крамлёўскіх бальшавікоў, Ф.Кастра, паўночнакарэйскіх правадыркоў бацькі і сынка, і канчаючы лібійскім палкоўнікам Кадафі. Гэты аргумэнт яны выкарыстоўваюць для ачарненьня дысыдэнтаў у сваёй краіне. Калі ня верыце, спадарыня прэзыдэнт, праглядзіце паведамленьні інфармацыйных агенцтваў гэтых дзён - як найменей дзесяць бандытаў, што ўзурпавалі ўладу, равуць, што змагары зь імі купленыя варожымі замежнымі сіламі.

Дзеля таго,ш то Д.Грыбаўскайце - адзіная кіраўніца дзяржавы ЭЗ, якой не патрэбныя дараднікі, бо яна адразу пасьля выбараў заявіла, што сама разьбіраецца ва ўсіх галінах жыцьця, даводзіцца за гэтых адсутных дараднікаў нагадавь прэзыдэнтцы, што менавіта КГБ у Літве ў 1988-1990 гадох распускала чуткі (якія і дагэтуль паўтараюць розныя нікчэмнікі, што тады адседжваліся ў кустах) пра тое, што Саюдзіс бы створаны КГБ і што бальшыня віднейшых дзеячоў Саюдзісу, уключна з В.Ландсбергісам, агенты КГБ.

Няўжо дацэнтка Віленскай партшколы ў тыя памятныя для бальшыні літоўцаў гады Адраджэньня, калі пра яе цяпер усё часьцей згадваныя заслугі перад дзяржавай ня ведала нават яна сама, замест тэкстаў Кудзіркі і Басанаічуса значна больш старанна зубрыла матэрыялы гэбоўскага агітпропу, прысьвечаныя “барацьбе зь літоўскімі буржуазнымі нацыяналістамі”? Агітпроп так уеўся ў кроў, што цяпер прамаўляе вуснамі самой прэзыдэнткі?

Калі трэба, а яшчэ часьцей, калі зусім ня трэба. У гэтым асабліва балючым для Літоўскай дзяржавы выпадку, калі адзінымі словамі пасьля жахлівага “жарту” падначаленых міністра Р.Шымашуса для прэзыдэнта, як і для любой іншай афіцыйнай асобы, гаворачы пра дачыненьні Літоўскай дзяржавы і беларускай апазыцыі, можа быць толькі прабачэньне і спачуваньне.

Прэзыдэнтка прапусьціла добрую нагоду прамаўчаць. Ці Сойм, дзяржава, інтэлектуалы, хоць хто-небудзь у Літве яшчэ скарыстаецца нагодай прамовіць, што наш кароль голы?

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме