10:45 29.06.2011 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
ПРАЙШОЎ МЕСЯЦ, І ЎКАЗАННЕ ВЫКАНАНА
Нечага я не разумею.
Што Беларусь ужо трэці месяц ня плаціць і завінавацілася Расіі за электрычнасць, – разумею. У нашага ўраду заўжды гэтак: то за газ своечасова не заплаціў, то за электрычнасць...
Не разумею іншага: чаму гэта ў нашага ўраду няма грошай (валюты!), каб за тую электрычнасць заплаціць? А 800 мільёнаў даляраў на якую трасцу далі? На будаўніцтва новай рэзідэнцыі, на правядзенне параду ці на гаспадарчыя патрэбы?
Чую па радыё: нейкая фігура з міністэрства энергетытыкі жаліцца, што беларускіх рублёў у іх хоць заваліся, але валюты нямашака. Дык ты гэтыя рублі занясі ў Нацбанк, і няхай Нацбанк выдасць табе валюту.
У Нацбанку, кажаш, валюты няма?
Вось гэтага я не разумею. Па-першае, 800 мільёнаў. Па-другое, я памятаю, што роўна месяц назад, 28 траўня, газета “Звязда” змясціла на першай паласе здымак Самага Галоўнага і вялікімі літарамі напісала: “УСЕ ВОСТРЫЯ ПРАБЛЕМЫ Ў ЭКАНОМІЦЫ БЕЛАРУСІ ПАВІННЫ БЫЦЬ ЭФЕКТЫЎНА ВЫРАШАНЫ НА ПРАЦЯГУ ЧЭРВЕНЯ”. Так у двукоссі і напісала. Значыць, гэта словы Самага Галоўнага.
Вы ўдумайцеся: павінны быць вырашаны. І не проста вырашаны, а эфектыўна. Значыць, з выгадай, прыбыткам.
Гэта, як я разумею, было указанне, дырэктыва. І ўчора яна, гэтая дырэктыва, была выкананая. Пра што нам і літоўскім буржуям паведаміў такі аўтарытэтны чалавек, як прэм’ер-міністр. Ён пахваліўся, што валютны рынак Беларусі ўжо стабілізаваўся, што інфляцыя практычна (практычна!) спынена. Значыць, указанне Самага Галоўнага выканана.
Ну, не можа прэм’ер-міністр не выканаць указанне свайго шэфа, не можа ён казаць няпраўду.
І пасля гэтага, кажаце вы, у Нацбанку няма валюты, каб заплаціць Расіі?
Вось гэтага я не разумею.
Анатоль Сідарэвіч
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме