18:46 14.12.2010 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
ПРАГМАТЫЗМ ВЕРХАМ: ЗАХАД ЗАБЫЎСЯ НА СВАЕ ПРЫНЦЫПЫ І ПАТРАБАВАННІ ДА ЛУКАШЭНКІ
Шэраг кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі і іхнія давераныя асобы правялі падрыхтоўчую нараду наконт сустрэчы з выбарнікамі на Кастрычніцкай Плошчы 19 снежня. Падрыхтоўка да акцыі разлічанай на непрызнанне вынікаў выбараў супала з важнымі заявамі прадстаўнікоў Еўрасаюза і ЗША.
Гатоўнасць прыняць удзел у акцыі на Кастрычніцкай Плошчы выказалі ўсе дзевяць кандыдатаў. Яны абмяркоўваюць пытанні фармату, агульнай стратэгіі і аргкамітэта па правядзенні акцыі. Уладзімір Някляеў прапанаваў кандыдатам падпісаць супольны зварот да Цэнтрвыбаркама аб тым, што "з прычыны нелегітымнасці Аляксандр Лукашэнка не мае права ўдзельнічаць у выбарах у якасці кандыдата". Някляеў лічыць, што падпісанне заявы, з чым яшчэ не вызначыўся толькі Віктар Цярэшчанка, будзе сведчыць аб тым, хто насамрэч з’яўляецца дэмакратычным кандыдатам, а хто гатовы спрыяць Лукашэнку.
Аднак, паводле Някляева, на жаль не прыходзіцца спадзявацца на тое, што Цэнтрвыбаркам здыме Лукашэнку з выбараў. Тым не меней, - кажа ён - трэба збіраць доказы фальсіфікацыі выбараў, каб дамагчыся іх непрызнання, нават калі гэта супярэчыць намерам Еўрасаюза і Расіі.
Згаданы Някляевым намер Еўрасаюза і Расіі заплюшчыць вочы на недэмакратычнасць беларускіх выбараў і афіцыйна прызнаць Лукашэнку легітымным прэзідэнтам аж надта відавочны. Аб гэтым сведчыць заява часовага паверанага па справах ЗША ў Беларусі Майкла Скенлана. Ён адзначыў "пазітыўныя змены ў сёлетніх выбарах: больш адкрытыя магчымасці для збору подпісаў і рэгістрацыі кандыдатаў на прэзідэнта, а таксама большыя магчымасці для кандыдатаў у арганізацыі сустрэч з выбарцамі ў Мінску і па-за яго межамі". Падчас сустрэчы міністраў замежных спраў усіх краін-сяброў Еўрасаюза з іхнымі калегамі з шасці краін-удзельніц "Усходняга партнёрства" ў Бруселі, гаворка ішла найперш пра спрашчэнне візавага рэжыму для Беларусі. Праўда, як мантра прагучала бітая фраза: "Мы хочам, каб выбары былі свабодныя і дэмакратычныя, каб апазіцыя мела магчымасць весці паўнацэнную выбарчую кампанію ды была раўнапраўным партнёрам улады", - але з яе нічога не вынікае.
Не ведаю як для каго, але для мяне пазіцыю Захаду ў дачыненні да беларускага рэжыму красамоўна паказвае адзін дробны, але сімвалічны факт. На грошы Еўрасаюза на беларускім дзяржаўным тэлебачанні і радыё будзе выходзіць перадача "Вакно ў Еўропу", якую дагэтуль рыхтавалі незалежныя СМІ: "Белсат", "Еўрапейскае радыё для Беларусі" і "Радыё Рацыя". Калі прапагандысты Лукашэнкі, што бессаромна парушаюць усе фундаментальныя прынцыпы журналістыкі, маюць гаварыць пра еўрапейскія ідэалы і каштоўнасці гэта усё роўна, што ваўку даручыць прапаганду вегетарыянства.
Хто да такога дадумаўся, не ведаю. Аднак дзеля прыстойнасці, еўрапейскім прагматыкам выпадала б прынамсі адкрыта прызнаць, што на самой справе дэмакратыя і правы чалавека у Беларусі іх не цікавяць. Не здолеўшы ні санкцыямі, ні ўгаворамі перарабіць Лукашэнку на свой капыл, Захад вырашыў у рамках вялікай палітыкі забыць пра свае прынцыпы і патрабаванні да яго.
Толькі як цяпер брусельскія і амерыканскія прагматыкі паглядзяць у вочы тым, хто пакінутыя самім сабе будуць мерзнуць на Кастрычніцкай Плошчы?
Кастусь Бандарук, Радыё Рацыя 14-12-2010
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме
26 декабря 2024
« | Декабрь 2024 |
Пн | Вт | Ср | Чт | Пт | Сб | Вс |
1 | ||||||
2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 |
9 | 10 | 11 | 12 | 13 | 14 | 15 |
16 | 17 | 18 | 19 | 20 | 21 | 22 |
23 | 24 | 25 | 26 | 27 | 28 | 29 |
30 | 31 |