19:00 03.05.2011 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
ПРАБЛЕМА ДАВЕРУ
Бадай, самая галоўная праблема, з якой сутыкнулася ўлада, – гэта праблема даверу.
Выбары 19 снежня паказалі, што ўлада страціла істотную частку сваёй электаральнай базы – пенсіянераў у гарадах. У прыватнасці, у старых наменклатурных кварталах Менску, дзе жывуць пераважна былыя чыноўнікі, галоўны чыноўнік не набраў і 40 адсоткаў галасоў.
Цяпершнія пенсіянеры – гэта ўжо не “савок” 1990-х гг. або не зусім савок. Памятаю чэргі ў апошнія месяцы мінулага года, калі ўлада амаль штомесяц павышала пенсіі. “Новыя пенсіянеры”, якія ўжо ведаюць, што такое інфляцыя, дэфляцыя, стагнацыя і ўсякія іншыя дэфолты, кпілі з улады: хочуць нас падкупіць і не задумваюцца, што будзе пасля выбараў. Пенсіянеры ўхвальна глядзелі на маладых, якія, дачакаўшыся сваёй чаргі, прасілі аператарак перавесці рублёвыя дэпазіты ў даляравыя: разумная моладзь. А некалькі старэйшых за мяне мужчын вырашылі забраць свае даляры з банка: хто іх ведае, нашчадкаў камісараў, могуць жа і секвестр на валютныя рахункі накласці.
Валютна-фінансавы і – шырэй – эканамічны крызіс не стаў для большасці грамадзян нечаканасцю. Крызіс паказаў: большасць грамадзян уладзе не верыць. У гэтым сэнсе паказальныя інтэрв’ю прафесара Леаніда Заікі газеце “Звязда” (27 красавіка) і выступленне менскага гораданачальніка Мікалая Ладуцькі на афіцыйным першамайскім мітынгу.
Галоўная думка Л. Заікі вылучана ва ўрэзцы да інтэрв’ю: кожны беларус, калі ён жадае лепшага сваё краіне, павінен свабодныя грошы трымаць у адным з фінансавых інстытутаў. Эканаміст наракае, што ў нашых людзей “няма звычкі традыцыі і, калі хочаце, культуры працы са сваімі грашовымі зберажэннямі”, г.зн. захоўваць грошы ў банках. На пытанне карэспандэнта, “колькі прыкладна ў нашага насельніцтва назапашана свабоднай валюты ў доларавым эквіваленце”, ён не адказвае. Называе суму, якая нядаўна мелася на банкаўскіх рахунках грамадзян: ад чатырох да пяці мільярдаў. За прафесара Л. Заіку адказаў чыноўнік М. Ладуцька: у грамадзян Беларусі цяпер захоўваецца ад 12 да 14 мільярдаў даляраў. Такім чынам, сума, якая захоўваецца ў “панчохах”, амаль у тры разы перавышае суму, якая знаходзіцца ў банках. Гэтая ацэнка найбольш верагодная.
Мы памятаем, як падчас крызісу грамадзяне Паўднёвай Карэі неслі свае зберажэнні, золата, плаціну і брыльянты ў банкі. Мы ведаем, што пасля жахлівага цунамі свае зберажэнні з “панчохаў” дасталі і панеслі ў банкі японцы.
Беларусы, упэўнены, не панясуць. Бо няма даверу да ўлады. Савецкая ўлада заўсёды абкрадвала свой народ. Няма ўпэўненасці, што не падмане грамадзян і сучасная ўлада. Нам абяцалі, што будуць кампенсаваныя ўклады грамадзян у Ашчадны банк СССР. Прайшло амаль 20 год пасля распаду Саюза, але ўлада нічога не зрабіла, каб напоўніцу выканаць сваё абяцанне. З другога боку, “новыя пенсіянеры” і людзі сярэдняга (а асноўная маса зберажэнняў у іх) могуць сказаць: добра, мы прынясем грошы ў банкі, але на што вы іх патраціце? На ўтрыманне сілавых структураў і стварэнне новых атрадаў АМАПу, на зарплаты і прэміі чыноўнікам ці на структурныя рэформы? Дзе план гэтых рэформаў? Дзе план эканоміі дзяржаўных сродкаў? Мы ўважліва слухалі выступленне галоўнага чыноўніка перад сваімі парламентарыямі, і не пачулі ніякай канкрэтыкі наконт заўтрашняга дня краіны. І нарэшце: хто гарантуе, што нашы грошы вернуцца да нас з працэнтамі? Тыя людзі, якія абяцалі нам кампенсаваць страты, панесеныя ў 1991 годзе? Людзі, якія абяцалі і абяцаюць нам еўрапейскі стандарт жыцця, а самі топчуць еўрапейскія прынцыпы?
Анатоль СідарэвічИсточник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме