16:30 30.07.2021 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

ПРА АЎТАКЕФАЛІЮ ПРАВАСЛАЎНАЙ ЦАРКВЫ Ў БЕЛАРУСІ

Калі на вочы трапілася інфармацыя пра тое, што Святлана Ціханоўская хоча звярнуцца да Ўсяленскага Патрыярха Варфаламея з просьбай даць аўтакефалію Беларускай Царкве, я падумаў: многа на сябе бярэ.

І вось на партале credo.ru чытаю, што Ціханоўская не казала ў Нью-Ёрку пра аўтакефалію Беларускае Царквы.

Гэта ўжо іншая справа. Але далей я чытаю нешта няўцямнае. Цытую:

[Ціханоўская] разделяет общую приверженность принципам демократического правового государства, в том числе независимости религиозных организаций от государства в вопросах веры, невмешательства государства в жизнь религиозных организаций и объединений (см. стандарты ОБСЕ, в частности, п. 16.4 итогового документа Венской встречи 1986 года представителей государств-участников Совещания по безопасности и сотрудничеству в Европе).

Принципы, из которых исходит в своей деятельности Светлана Тихановская, полностью исключают даже теоретическую возможность влияния на организационную структуру Православной Церкви, равно как и любой другой конфессии, как в Беларуси, так и за ее пределами. (Гл.: )


Калі б Святлана Ціханоўская звярнулася да Патрыярха Варфаламея з просьбаю пра томас аб аўтакефаліі, яна ўзяла б для сябе зашмат таму, што не мае рэальнай улады ў Беларусі. Калі б яна мела такую ўладу, то мела б і права звяртацца да Патрыярха. Але ў згодзе з епіскапатам. Няважна якой Царквы — Расійскай Праваслаўнай Царквы ў Беларусі ці альтэрнатыўнай Беларускай Праваслаўнай Царквы.

Істотная заўвага. Пасля таго, як 11 кастрычніка 2018 г. Сінод Усяленскага Патрыярхату скасаваў Грамату 1686 г., юрысдыкцыя Маскоўскага Патрыярхату ў былой Кіеўскай (Рускай) Мітраполіі, у тым ліку і ў Беларусі, канчаткова страціла адзнакі кананічнасці. Як і ва Украіне, Канстанцінопаль часова церпіць знаходжанне беларускіх іерархаў пад Расіяй не як мясцовых правячых епіскапаў, але толькі як тытулярных або тых, што маюць рэзідэнцыю ў Беларусі. Тым больш, што пасля дэмаршу маскоўскага Сіноду падмаскоўскія епіскапы ў Беларусі знаходзяцца ў расколе з Усяленскім Пасадам.

Выйсці з расколу, атрымаць статус кананічных правячых архірэяў у вачах Усяленскага Патрыярха і Сіноду епіскапы, якія маюць рэзідэнцыі ў Беларусі, могуць толькі пасля адпаведнага звароту да Варфаламея. Гэта азначала б, што яны выходзяць з-пад юрысдыкцыі Маскоўскай Царквы. Але аўтакефальнаю Праваслаўная Царква ў Беларусі магла б стаць толькі тады , калі б зварот епіскапаў атрымаў падтрымку свецкай улады: рэальнага галавы дзяржавы і, пажадана, парламента. Не інакш. Бо аўтакефалія даецца толькі цэрквам ў незалежных дзяржавах, і толькі ў тых дзяржавах, дзе ёсць на гэты конт ёсць згода епіскапату і свецкай улады. І Ціханоўская, калі б яна была рэальнай кіраўніцай Беларусі мусіла б заняцца царкоўнымі справамі, як імі свайго часу заняўся прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка.

Парашэнка ўзяў на сябе функцыю медыятара паміж трымя галінамі праваслаўя ва Ўкраіне: Украінскай Праваслаўнай Царквой Кіеўскага Патрыярхату, Украінскай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквой і Расійскай Праваслаўнай Цакрвой ва Ўкраіне, якая называе сябе Украінскай Праваслаўнай Царквой. Умяшаўся ён у царкоўныя справы ці не? Глядзеў на гэтыя справы з боку ці не?

Замест таго, каб цытаваць нейкі дакумент пра неўмяшанне дзяржавы ў жыццё рэлігійных арганізацый, варт было б проста напісаць: Ціханоўская не казала пра аўтакефалію Беларускай Царквы, бо не мела на тое права.

Парашэнка не надта пераймаўся тым, што зварот да Патрыярха не падпісала большасць епіскапаў РПЦуУ, бо гэты зварот падпісалі ці не шэсць дзясяткаў архірэяў Кіеўскага Патрыярхату ды яшчэ з дзясятак уладык з УАПЦ.

У Беларусі сітуацыя іншая. У краіне няма альтэрнатыўнай Праваслаўнай Царквы са сваім епіскапатам. БАПЦ, якая дзейнічае за мяжою і мае, аднаго-адзінага епіскапа, як на маю думку, сумнеўнай кананічнасці, не бярэцца ў разлік. Альтэрнатыўная Царква, у якой ёсць духавенства, высвячанае прызнанымі Усяленскім Патрыярхатам епіскапамі, Царква, на чале якой стаіць кананічна хіратанісаны епіскап (а Царквы без епіскапа быць не можа), павінна дзейнічаць тут, у Беларусі. Але яе, паўтару, няма, і з’яўленне яе ў бліжэйшай перспектыве не прадбачыцца.

Што з этага вынікае? Пры цяперашнім стане рэчаў весці канкрэтную, прадметную гаворку пра аўтакефалію Праваслаўнай Царквы ў Беларусі няма сэнсу. Наконт аўтакефаліі можна разважаць толькі абстрактна. Вось пра гэта і трэба было напісаць.

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме