20:32 08.03.2009 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

ПОЛЬШЧА ВЫЛУЧЫЛА СВАЙГО КАНДЫДАТА НА КІРАЎНІКА РАДЫ ЭЎРОПЫ

Кандыдатам на старшыню Рады Эўропы ад Польшчы афіцыйна вылучаны былы прэм’ер-міністар, міністар замежных справаў і кандыдат у прэзыдэнты гэтай краіны Ўладзімеж Цімашэвіч.

Гэтая інфармацыя трымалася ў сакрэце да апошняга моманту. У чацьвер скончыўся тэрмін афіцыйнага вылучэньня кандыдатураў на Генэральнага сакратара Рады Эўропы, але так і не было вядома, каго вылучыў польскі ўрад. Першая інфармацыя пра тое, што гэта будзе былы кіраўнік ураду краіны Ўладзімір Цімашэвіч зьявілася ў польскай прэсе днямі. Пасьля чаго дзейсны прэм’ер-міністар Дональд Туск пацьвердзіў афіцыйна, што ўрад вылучыў кандыдатуру Ўладзімежа Цімашэвіча. Паводле словаў Дональда Туска, гэтае рашэньне прадыктавана тым, што аналітычныя зьвесткі даюць У. Цімашэвічу найбольшыя шанцы з польскіх кандыдатаў на перамогу й атрыманьне пасады кіраўніка Рады Эўропы. Дональд Туск зазначыў, што будзе падтрымліваць кожнага кампэтэнтнага паляка.

Дональд Туск: Кожны, хто можа прадстаўляць Польшчу з добрымі вынікамі, кожны, хто калісьці быў у першых ролях, нават у апазыцыйнай партыі адносна майго ўраду, але пры гэтым ён можа прынесьці эфэкты. Такім эфэктам можа быць поспех Уладзімежа Цімашэвіча ў выбарах на генэральнага сакратара Рады Эўропы. Трэба яго падтрымаць.

Генэральнага сакратара Рады Эўропы выбірае Парлямэнцкая асамблея гэтай арганізацыі. Выбары адбудуцца ў чэрвені, а тэрмін паўнамоцтваў новага старшыні пачнецца 1-га верасьня 2009-га году. Паводле словаў Радаслава Сікорскага, міністра замежных справаў Польшчы, у якаясьці польскага кандыдата на старшыню Рады Эўропы выбрана кампэтэтная і дасьведчаная асоба. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, польскія ўлады атрымалі сыгнал, што шанцы на перамогу мае кандыдат у ранзе былога кіраўніка краіны.

Радаслаў Сікорскі: Урад партыяў Грамадзянская плятформа і Польская сялянская партыя ўносіць кандыдатуры самых лепшых асобаў, якія ёсьць у Польшчы, незалежна ад партыйных падзелаў. Прыярытэтам павінна быць тое, каб палякі занялі важнае месца на міжнароднай сцэне.

На думку Паўла Коваля, былога намесьніка міністра замежных справаў Польшчы, вельмі важна, каб значэньне Польшчы расло на міжнароднай арэне. Адным з крокаў у гэтым накірунку зьяўляецца прызначэньне палякаў на высокія пасады ў міжнародных арганізацыях.

Павал Коваль: Палякі павінны займаваць высокія пасады ў міжнародных арганізацыях. Настаў час, каб гэта стала рэальнасьцю. Кандыдатаў на розныя пасады становіцца ўсё больш, таму вельмі добра было б даведацца менш афіцыйнай шляхам -- не праз газэты -- наконт стратэгіі ўраду, атрымаць больш дакладную інфармацыю. Тады можна будзе ацаніць, каго варта падтрымліваць, а каго не.

Увогуле факт таго, што кіроўная партыя вылучыла кандыдатам чалавека, які заўсёды атаясамліваўся з апазыцыйнай партыяй Саюз левых дэмакратычных сілаў, выклікаў у Польшчы шмат спэкуляцыяў. Некаторыя экспэрты пачалі казаць, што гэта можа прывесьці да моцнага незадавальнеьня й падзелаў унутры кіроўнай партыі Грамадзянская плятформа. Маршалэк Сэйму Браніслаў Камароўскі патлумачыў, што выбар ураду вынікае з жаданьня быць ва ўсім пасьпяховым. Партыйная прыналежнасьць мае меншае значэньне, чым эфэктыўнасьць, асабліва на міжнародным узроўні.

Браніслаў Камароўскі: Галоўнай справай павінна быць тое, каб польскі ўрад вылучаў кандыдатаў, якія маюць рэальную магчымасьць перамагчы. Для Польшчы вельмі важна, каб зазначыць сваю прысутнасьць у сьвеце заходняй палітыкі: у НАТО і ў Эўрапейскім Зьвязе. Веліч партыі правяраецца яшчэ ў тым, наколькі яна можа  адыйсьці ад мэханізму, што заўсёды вылучаем толькі сваіх. Часам варта вылучыць не свайго кандыдата, каб павялічыць шанцы перамогі для Польшчы.

Цягам 60-ці гадовай гісторыі Рады Эўропы на пасадзе старшыні гэтай арганізацыі не было ніводнай асобы з Цэнтральнай або Ўсходняй Эўропы. Пры гэтым краіны нашага рэгіёну маюць у гэтай арганізацыі больш чым палову галасоў. Сёньня прадстаўнік адной з усходнеэўрапейсіх краінаў мае шмат шанцаў на перамогу.
Юры Ліхтаровіч   07.03.2009

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме