18:45 11.01.2011 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
ПЛОШЧА ЗНЯЛА ЦЭТЛІКІ "ПРАРАСЕЙСКАСЦІ" З НЯКЛЯЕВА І САННІКАВА
Не паспела пачацца выбарчая кампанія, як адзін з патэнцыйных кандыдатаў на пасаду Прэзідэнта Рыгор Кастусёў у сваіх прамовах у дачыненні да гэтых двух кандыдатаў пачаў ужываць тэрмін “прарасійскія кандыдаты”.
19 снежня 2010 года адбыліся Прэзідэнцкія выбары. Натуральна, што выбарамі гэтую з’яву ў поўным сэнсе слова назваць не атрымліваецца, бо гэта было б нацяжкай. Хутчэй, тое, што адбывалася ў гэты дзень, можна назваць імітацыяй дэмакратычнага працэсу, у выніку чаго на чале дзяржавы чацвёрты раз стаў (не без ўжывання адміністрацыйнага і сілавога рэсурсу) Аляксандр Лукашэнка.
На фінішны старт выбарчай кампаніі разам з Аляксандрам Лукашэнкам выйшлі яшчэ дзевяць кандыдатаў у Прэзідэнты – Уладзімір Някляеў, Андрэй Саннікаў, Віталь Рымашэўскі, Рыгор Кастусёў, Мікола Статкевіч, Яраслаў Раманчук, Аляксей Міхалевіч, Віктар Цярэшчанка і Дзмітрый Ус. Найбольшую ўвагу з іх уяўлялі вядомы беларускі пісьменнік і адначасова лідэр кампаніі “Гавары праўду!” Уладзімір Някляеў, а таксама лідэр кампаніі “Еўрапейская Беларусь”, дыпламат Андрэй Саннікаў.
Не паспела пачацца выбарчая кампанія, як адзін з патэнцыйных кандыдатаў на пасаду Прэзідэнта Рыгор Кастусёў у сваіх прамовах у дачыненні да гэтых двух кандыдатаў пачаў ужываць тэрмін “прарасійскія кандыдаты”. Такім чынам кандыдат ад БНФ спрабаваў адразу адбіць у гэтых кандыдатаў па-праеўрапейску настроены электарат і перацягнуць яго на свой бок, пазіцыянуючы сябе як праеўрапейскага кандыдата, аднак гэтага ў яго не атрымалася. Па выніках незалежных сацыялагічных службаў у дзень выбараў Някляеў набіраў каля 19% галасоў выбаршчыкаў, Саннікаў – 14%, а праеўрапейскі Кастусёў – усяго каля 5%. Лукашэнка набіраў большасць галасоў у параўнанні з астатнімі кандыдатамі ў межах 40%, але не перамагаў у першым туры.
Чаму “прарасійскія” кандыдаты атрымалі такую падтрымку?
У параўнанні з астатнімі апазіцыйнымі кандыдатамі Някляеў і ў некаторай ступені Саннікаў валодалі рэсурсамі для вядзення выбарчай кампаніі. Гэта былі як фінансавыя рэсурсы, так інфармацыйныя і людскія. У першага была раскручаная кампанія “Гавары праўду”!, у другога – моцны незалежны інфармацыйны рэсурс “Хартыя97”. Астатнія апазіцыйныя кандыдаты гэтым пахваліцца не маглі – кожны з іх фактычна не меў рэсурсаў і ў выбарчай кампаніі пераследаваў асабістыя мэты. Менавіта таму не адбылася працэдура вылучэння “адзінага” кандыдата, як гэта было ў 2001 і 2006 годзе, так і не атрымалася супольна дамовіцца аб байкоце выбарчай кампаніі і пакінуць кандыдата Лукашэнку сам-насам у выбарчым бюлетэні, тым больш, што ўжо на першым этапе выбарчай кампаніі – вылучэнні прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі – стала відавочна, што празрыстых і справядлівых выбараў не будзе.
Не сакрэт, што не ўсе кандыдаты на пасаду Прэзідэнта назбіралі неабходную колькасць подпісаў і былі зарэгістраваны Цэнтрвыбаркамам выключна для таго, каб перашкодзіць узнікненню гэтак званага “адзінага” кандыдата, каб галасы дэмакратычнага электарату распыліліся сярод шматлікіх кандыдатаў і аслабілі апазіцыйнага фаварыта выбарчай гонкі Уладзіміра Някляева.
Штаб Някляева вызначаўся крэатывам, сістэматычнай працай з электаратам і базай кампаніі “Гавары праўду!”. Кампанія “Гавары праўду”! ужо на старце пачала асацыявацца з яе лідэрам Уладзімірам Някляевым, што магло казаць аб тым, што чалавек у сілу сваёй не толькі творчай вядомасці, але і грамадскай дзейнасці можа прэтэндаваць на тое, каб перайсці на палітычнае поле.
У “праеўрапейскага” кандыдата, якім пазіцыянуе сябе Аляксандр Мілінкевіч, гэтым разам удзел у выбарчай кампаніі не склаўся па розных прычынах. Адна з іх – адсутнасць вялікіх рэсурсаў для вядзення кампаніі і падтрымкі ад сваіх спонсараў. Гэтым і абумоўліваецца яго рашэнне выставіць свайго тэхнічнага кандыдата спадара Кастусёва (які першапачаткова мусіў бы зняцца на яго карысць), каб праз яго агучваць сваю пазіцыю і нагадваць беларусам аб сабе. Дайшло нават да таго, што Мілінкевіч узяўся быў выступіць замест зарэгістраванага кандыдата на пасаду Прэзідэнта Кастусёва. Гэткім чынам ён не толькі спрабаваў перцягнуць на бок сваёй крэатуры Кастусёва хоць бы частку па-праеўрапейску настроенага электарату.
Натуральна, што Мілінкевіч яшчэ не гатоў паставіць крыж у сваёй палітычнай кар’еры, тым больш, што ў 2006 годдзе ён атрымаў, па выніках незалежных сацыялагічных апытанняў, больш 30% галасоў выбаршчыкаў, што ў любой краіне дастатковы высокі адсотак галасоў, які забяспечвае пры дэмакратычным ладзе або даволі высокі статус у грамадстве, незалежна ад таго, займае ён якую афіцыйную пасаду ці не.
Што датычыцца Кастусёва, то на працягу вялікага адрэзку часу ён з’яўляўся прыхільнікам самога Мілінкевіча – звязаны з ім грамадскай дзейнасцю, узначальваў яго магілёўскі выбарчы штаб падчас кампаніі 2006 года; апроч таго мае з ім даволі сяброўскія ўзаемаадносіны. Таму перад выбарчай кампаніяй 2010 г. Кастусёў, як і частка іншых дэмакратычных кандыдатаў, перыядычна сустракаліся з Мілінкевічам, каб абмеркаваць іх удзел у гэтым працэсе. Кастусёў зрабіў Мілінкевіча сваёй даверанай асобай. Мілінкевіч ладзіў сустрэчы ў яго падтрымку. Сваю залежнасць ад Мілінкевіча Кастусёў прадэманстраваў на ўсю краіну, калі спрабаваў замест сябе аддаць слова ў выступе па Беларускаму тэлебачанню Аляксандру Мілінкевічу.
Кастусёў пазіцыянаваў сябе як вылучэнец ад партыі ГА БНФ “Адраджэнне”, але не сакрэт, што за цяперашнім кіраўніцтвам гэтай партыі перыядычна мільгае цень ужо вядомага нам Аляксандра Мілінкевіча, і БНФ часта прымае рашэнні, якія ідуць яму на карысць. Адсутнасць ветэранаў у кіраўніцтве партыі і нежаданне некаторых паважаных асобаў увайсці ў кіруючыя органы партыі тлумачыцца менавіта цяперашняй несамастойнасцю партыі, якая ўжо не ўспрымаецца так сур’ёзна, як гэта было ранней, і з’яўляецца фактычна яшчэ адной апорай Мілінкевіча ў палітыцы (апроч уласнай арганізацыі “Рух за Свабоду”).
Увядзення вызначэння “прарасійскі” у рыторыцы Кастусёва ў дачыненні да Някляева і Саннікава з’явілася не без удзелу Мілінкевіча, які такім чынам пакідаў за сабой права быць самым аўтарытэтным праеўрапейскім палітыкам Беларусі і праз гэты панятак падзяляў электарат і пакідаў за сабой яго частку. Кастусёў жа паняткам “прарасійскі” перыядычна абзываў найбольш рэйтынгавых апазіцыйных кандыдатаў. Тым не менш рэйтынг Кастусёва не здолеў узняцца вышэй за ўжо згаданыя 5%. Гэта абумоўлівалася недастаковымі рэсурсамі, адсутнасцю лідарскіх якасцяў і мэсаджам, які быў цікавы невялікай аўдыторыі.
Электарат, паводле даследванняў незалежнага сацыёлага прафесара Манаева, пры галасаванні аддаваў перавагу Някляеву і Саннікаву. Паводле Манаева, тыя, хто галасавалі за Мілінкевіча і Казуліна ў 2006 годдзе, на гэтых выбарах у пераважнай большасці аддавалі свае галасы менавіта за Някляева, які быў найбольш блізкі ў сваіх перадвыбарчых пасылах для народа. Таму Мілінкевіч, не ўдзельнічаючы ў гэтых выбарах, істотна згубіў свой рэйтынг у незаангажаваных у палітыку людзей.
Дзе ж яна, “прарасійская” сіла ў Беларусі?
За ўвесь перыяд існавання незалежнай Беларусі самай прарасійскай сілай, ды і то на пэўным этапе, быў Аляксандр Лукашэнка, які імкнуўся да эканамічнай і палітычнай інтэграцыі Беларусі з Расіяй і квапіўся сесці ў Крамлі. Пасля таго, як гэты план не склаўся (у сілу перадачы ўлады Ельцына Пуціну), пачалася дзяржаўная палітыка ўмацавання суверэнітэту, і ў выказваннях Лукашэнкі пачалася антырасійскай рыторыка. Дагэтуль, Расія рабіла ўсё дзеля таго, каб Лукашэнка быў лепшым саюзнікам і сябрам, укладаючы сродкі менавіта ў яго, а не ў нейкую іншую палітычную сілу.
Беларуская наменклатура і бюракратыя гэтаксама ў сваіх поглядах застаецца на пазіцыях незалежнасці, але цесных стасункаў з Расіяй у сілу эканамічнай залежнасці ад апошняй. Гэта тлумачыцца ў першую чаргу нежаданнем губляць свае пасады і паўнату ўлады над пэўнай тэрыторыяй, альбо структурамі.
У Беларусі дзейнічае паўпадпольная арганізацыя “Русское Народное Единство” (РНЕ), аднак яна не вядзе актыўнай дзейнасці і за апошнія гады вельмі істотна здала свае пазіцыі. Уся яе дзейнасць зводзіцца да надпісаў на сценах і ўлётак з пагрозамі на адрас апазіцыянераў, якія час ад часу з’яўляюцца на сценах. Ёсць падазрэнне, што сучаснае РНЕ можа быць параджэннем беларускіх спецслужбаў і выкарыстоўваецца для цкавання і запалохвання апазіцыянераў праз трэція рукі.
Апошнім часам у Беларусі пачалі праяўляць актыўнасць нацыянал-бальшавікі, якія выступаюць за саюз Беларусі з Расіяй і дамінаванне камуністычнай ідэі, але яны нешматлікія і не карыстаюцца хоць якой падтрымкай у беларусаў.
Нельга назваць прарасійскімі як і левую апазіцыю ў выглядзе партыі левых “Справядлівы свет”, якая ўсё ж такі стаіць на пазіцыях незалежнасці, а ў апошні час яшчэ і на пазіцыях свабоды Беларусі.
Была спроба некалькіх беларускіх палітыкаў прадаць сябе як прарасійскіх (як беларусам, так і расіянам), каб заручыцца фінансавай падтрымкай апошніх і такім чынам заняць неіснуючую на палітычным полі Беларусі нішу “прарасійскай” сілы. Сярод тых, хто ішоў на тое, каб знішчыць з палітычнай мапы свету Беларусь альбо зрабіць расійскім прыдаткам былі былы паплечнік Аляксандра Лукашэнкі Леанід Сініцын і былы дэпутат Палаты Прадстаўнікоў Уладзімір Парфяновіч, якія ініцыявалі “Мінскі маніфест беларуска-расійскага адзінства”, мэтай якога быў аншлюс Беларусі Расіяй. Аднак гэты маніфест увайшоў у сучасную гісторыю як толькі як маніфест.
Як адзначае генерал-маёр Валеры Фралоў, якога час ад часу таксама запісваюць у прарасійскія палітыкі, расіяне не ўкладваюць у прарасійскую сілу хоць бы нейкія рэсурсы, і вынікам гэтага з’яўляецца адсутнасць такой сілы ў Беларусі.
Думаецца, што генерал Фралоў не зусім мае рацыю. Прычыны адсутнасці моцнай прарасійскай сілы ў Беларусі значна глыбейшыя.
Плошча 2010
Плошча 2010 па закліках дэмакратычных кандыдатаў у Прэзідэнты мусіла быць мірнай акцыяй. Гэтым разам на вуліцы Менска выйшла (паводле розных падлікаў) да 60 тысяч чалавек, якія пратэставалі супраць фальсіфікацый на выбарах і не верылі ў тое, што кандыдат Лукашэнка змог перамагчы ў першым туры. Людзі выйшлі патрабаваць справядлівых выбараў.
Як гэта часта бывае падчас масавых акцый, 19 студзеня таксама не абыйшлося без правакатараў і правакацый, якія сталі зачэпкай для “зачысткі” сілавымі структурамі тэрыторыі не толькі плошчы Незалежнаці, але і такіх адлеглых ад яе пунктаў, як Няміга, плошча Свабоды і г. д. Вынікам “зачысткі” сталася затрыманне каля 700 чалавек, якія былі асуджаны тэрмінам да 15 сутак. Сямёра кандыдатаў на пасаду Прэзідэнта аказалася за кратамі. З іх чацвёра дагэтуль застаюцца там. Сярод іх апынуліся і “прарасійскія” кандыдаты Ўладзімір Някляеў і Андрэй Саннікаў. Першы з іх нават не меў магчымасці трапіць на Плошчу, бо быў збіты разам са сваёй калонай актывістаў яшчэ на падыходзе да яе. Без прытомнасці актывісты кампаніі аднеслі Някляева на свой офіс, адкуль кандыдат у Прэзідэнты быў дастаўлены ў карэце хуткай дапамогі ў бальніцу, адкуль яго ноччу агенты ўлады вывезлі ў славутую “амерыканку”. Другі кандыдат таксама пацярпеў пры затрыманні – быў моцна збіты.
Як адзначаюць розныя эксперты і аналітыкі, на Плошчы-2010 у Менску сваіх мэтаў дабіліся як спецслужбы Беларусі, так і Расіі. Але якая ж роля ва ўсім гэтым так званых “прарасійскіх” кандыдатаў?
З моманту затрымання ў іх падтрымку выказваліся хіба што еўрапейскія і амерыканскія палітыкі, а афіцыйныя асобы расійскага ўраду ўстрымаліся ад гучных заяваў і патрабаванняў вызваліць сваіх (“прарасійскіх”) кандыдатаў.
Фактаў атрымання сродкаў з боку Расіі кандыдатамі і іх давераным асобам не было выяўлена.
У беспарадках, якія адбываліся каля Дома ўраду, была задзенічана толькі невялікая група правакатaраў. Астатнія дзясяткі тысяч народу не мелі да іх дачынення, што чарговы раз сведчыць пра мірны ход акцыі пратэсту. Ужо тое, што праваахоўныя органы не затрымалі ўдзельнікаў беспарадкаў, не прымаюць мер да іх выяўлення і не абяцаюць нам пасадзіць іх на лаву падсудных, паказвае, што дзеянні правакатараў былі інспіраваныя ўладай.
Калі браць да прыкладу “каляровую рэвалюцыю” у Кыргыстане, то у пагромах прымала удзел арганізаваная грамада колькасцю парадку 10 тысяч чалавек, якія былі ўзброены і фактычна разнеслі горад. Да іх дзеянняў далучаліся таксама і мінакі. Дык вось, калі б у Менску, як і ў Бішкеку, усе, хто прыйшоў на Плошчу, выйшлі на вуліцу з арматурай, дубінкамі, камянямі, траўматычнымі пісталетамі, дымавымі і гукавымі гранатамі, то гэты 60-тысячны натоўп змёў бы ўсё на сваім шляху. Не дапамаглі б і сканцэнтраваныя сілы міліцыі і вайскоўцаў у агульнай колькасці каля сямі тысяч чалавек.
Гэтак званыя “прарасійскія” кандыдаты Някляеў і Саннікаў ніколі не выказваліся за ўваходжанне Беларусі ў Расію, як не выказваліся і за прыход у Беларусь стыхійнага расійскага капіталу, прыватызацыю прадпрыемстваў і продаж іх расійскім уласнікам. Гэтаксама ніхто з іх не выказваўся супраць культуры і мовы беларусаў, а, наадварот, размаўлялі на ёй і выступалі за пашырэнне сфераў ўжывання мовы.
У святле ўсяго гэтага спадарам Мілінкевічу і Кастусёву трэба папрасіць прабачэння за навязванне панятку “прарасійскі” ў дачыненні да Някляева і Саннікава. Тым больш, што першыя з іх знаходзяцца на свабодзе, а другія пакутуюць у незвычайна цяжкіх ўмовах за кратамі за сваю, як выяўляцца, “прабеларускасць”.
Ігар Барысаў - сябра Прэзідыума і ЦК БСДП, старшыня партыйнай камісіі па асноўных каштоўнасцях, магістр палітычных навук
11 студзеня 2011
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме
25 декабря 2024
« | Декабрь 2024 |
Пн | Вт | Ср | Чт | Пт | Сб | Вс |
1 | ||||||
2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 |
9 | 10 | 11 | 12 | 13 | 14 | 15 |
16 | 17 | 18 | 19 | 20 | 21 | 22 |
23 | 24 | 25 | 26 | 27 | 28 | 29 |
30 | 31 |