09:31 26.02.2010 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
ПАРТЫЙНЫЯ ЛІДЭРЫ Ў ДЭПУТАТЫ НЕ ІДУЦЬ
Выбарчая кампанія для дэпутатаў мясцовых Саветаў набірае ход. Зараз зарэгістраваны ініцыятыўныя групы магчымых кандыдатаў у дэпутаты. Ідзе збор подпісаў за іх вылучэнне.
Не так даўно “Народная Воля” высвятляла ў лідэраў апазіцыйных партый, ці збіраюцца яны ўдзельнічаць у гэтай кампаніі. Адзіным, хто сумняваўся на той момант, быў старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Анатоль Ляўковіч. Дык што ж ён вырашыў у рэшце рэшт?
Наша газета вырашыла вярнуцца да той размовы з Анатолем Іосіфавічам. Высветлілася, што Ляўковіч, як і ўсе астатнія партыйныя лідэры, у дэпутаты не ідзе. Сваё рашэнне палітык патлумачыў так: “Ад нашай партыі ісці на выбары і так ёсць каму. Я як старшыня партыі буду каардынаваць дзеянні нашых кандыдатаў і сачыць за ходам выбарчай кампаніі па ўсёй краіне. Разумееце, у выбарах рознага ўзроўню я ўдзельнічаю з 1985 года, а гэта ўжо чвэрць стагоддзя.... А вось у гэтай кампаніі ўсё ж такі вырашыў не ўдзельнічаць...”
Калі паразважаць над шанцамі кандыдатаў ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады), то яны прыкладна такія ж, як і ў астатніх прадстаўнікоў апазіцыі... Але так склалася, што самая моцная партыйная арганізацыя БСДП — у Брэсце (па крайняй меры пра гэта не аднойчы заяўлялі кіраўнікі партыі). Ці азначае гэта, што менавіта ў горадзе над Бугам прадстаўнікі БСДП возьмуць уладу на мясцовым узроўні?
Анатоль Ляўковіч, аднак, не здолеў назваць нават колькасць патэнцыяльных партыйных кандыдатаў, якія збіраюцца змагацца за ўладу ў Брэсце, параіўшы звярнуцца да свайго намесніка Ігара Маслоўскага: “Я ведаю толькі прыкладныя лічбы, а вось Маслоўскі, брэстаўчанін, сам ідзе ў дэпутаты. Дарэчы, я згодны з вамі, што менавіта ў Брэсце ў нас самая моцная партыйная арганізацыя. Я сам пэўны час яе ўзначальваў...”
У сваю чаргу Ігар Маслоўскі паведаміў “Народнай Волі”: “У Брэсце ад нашай партыі ў дэпутаты збіраецца ісці сем чалавек. Менавіта столькі ініцыятыўных груп зарэгістравана. Шанцы? Шанцы ёсць заўжды. Праўда, пры ўмове сумленнага падліку галасоў...”
Што ні кажыце, а цікавы факт: лідэры партый, грамадскіх рухаў, аб’яднанняў ухіліліся ад барацьбы за месцы ў мясцовых “парламентах”. А што, дрэнна было б, калі б Мілінкевіч узначаліў Гродзенскі абласны Савет дэпутатаў, а Ляўковіч — Брэсцкі, Калякін, напрыклад, Мінскі гарадскі? З такіх пляцовак лягчэй было б стартаваць падчас прэзідэнцкіх выбараў. Ці ніхто з пералічаных і не пералічаных асоб не марыць пра рэальную перамогу? Калі так, то навошта людзям галаву тлуміць?
Антон ВІТАЛЬЕЎИсточник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме