15:02 05.02.2009 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

ПАРАДОКС ЛУЦКЕВIЧА

Сёння спаўняецца 125 гадоў з нараджэння слыннага беларускага дзеяча

Антон Луцкевiч па сутнасцi стаяў ля вытокаў самой беларускасцi. Адзiн з пачынальнiкаў нацыянальнага руху, вiдны дзеяч БНР, ён адначасова быў i адным з заснавальнiкаў беларускай лiтаратурнай крытыкi. Здаецца, i даследчыкамi яго ўнёсак ацэнены, аднак пра шырокае прызнанне казаць усё яшчэ не даводзiцца. На яго месца ў лiтаратуразнаўстве мы паспрабуем пралiць крыху святла. А дапаможа нам Таццяна Вабiшчэвiч, навуковы супрацоўнiк аддзела беларускай лiтаратуры ХХ—ХХІ ст. Iнстытута мовы i лiтаратуры iмя Якуба Коласа i Янкi Купалы Нацыянальнай акадэмii навук Беларусi, кандыдат фiлалагiчных навук. Сфера яе навуковых iнтарэсаў — нашанiўскi перыяд i найперш мастацкiя тэксты таго часу. "Аснова, рэчышча закладзена менавiта ў той час. Станаўленне мадэрнай беларускасцi, яе iдэалагiчнай платформы — тое, на чым мы стаiм цяпер, — усё гэта нашанiўскi перыяд. Па сутнасцi мы цяпер жывiмся сокамi, якiя тады пачалi буяць у нашым дрэве беларускасцi. Без разумення таго перыяду, мы не маглi б разумець i сябе сённяшнiх", — упэўнена даследчыца. I паколькi Антон Луцкевiч непасрэдна рэагаваў на тэксты Купалы, Коласа, Багдановiча, Гарэцкага, то абмiнуць гэту асобу падчас даследаванняў было проста немажлiва.

Антон Луцкевiч быў прыкметнай фiгурай у самых розных сферах — палiтыцы, лiтаратуры, публiцыстыцы. I чым бы ён нi займаўся, ён быў у авангардзе. Як дзеяч грамадскi, культурны, як палiтык i лiтаратуразнаўца. Разам са старэйшым братам Iванам Луцкевiчам ён быў заснавальнiкам газеты "Наша нiва". "Гэта калыска i беларускай прэсы, i беларускай мадэрнай культуры. Тое, што выгадавала нас як нацыю", — запэўнiвае суразмоўца. "Гэта нацыянальная легенда, нацыянальны эпас, тая "кнiга", якую мы сёння перачытваем з вялiкiм захапленнем i вялiкiм натхненнем. Менавiта дзякуючы таму, што браты Луцкевiчы праявiлi сябе ў самых розных сферах, арганiзавалi iдэйнае iнтэлектуальнае поле беларускасцi падчас выдання газеты "Наша доля", а потым i "Наша нiва", стварылася прастора, дзе можна было трансляваць беларускiя iдэi, дзе можна было дыскутаваць. Гэта былi дыскусii аднадумцаў, гэта была размова пра беларуса ў свеце. I тое, што гучала на пачатку ХХ стагоддзя, шмат для каго было адкрыццём, бо беларусы тады яшчэ не сцвердзiлiся як суб’екты гiсторыi. I менавiта дзякуючы "Нашай нiве", таму, што яна аб’яднала чытачоў i аўтараў, стаўся магчымым лiтаратурны працэс, а значыць сталiся магчымымi такiя iмёны, як Янка Купала, Якуб Колас, Максiм Багдановiч, Максiм Гарэцкi, Алесь Гарун, Змiтрок Бядуля i iншыя. I дзякуючы таму, што з’явiлася нашанiўская iнтэлектуальная прастора, стала магчымай i сама па сабе лiтаратурная крытыка, лiтаратуразнаўства. Бо ў прынцыпе першыя сталыя, выразныя крокi беларускай лiтаратурнай крытыкi былi зроблены менавiта на старонках гэтага выдання. Гэта публiкацыi Альгерда Бульбы, Максiма Багдановiча, Лявон Гмырака, Сяргея Палуяна". I ўжо на пачатку другога дзесяцiгоддзя да iмёнаў лiтаратурных крытыкаў дадаецца i iмя Антона Луцкевiча. Больш вядомага як Антона Навiна — так ён звычайна падпiсваўся. Адзiн са шматлiкiх яго псеўданiмаў i крыптонiмаў адпавядае назве гербу роду Луцкевiчаў. Так што паходжанне ў яго шляхетнае. Асяродак, у якiм раслi браты, можна назваць багемным, бацька быў знаёмы нават з Вiнцэнтам Дунiным-Марцiнкевiчам. Таты нестала, калi Антону было 11 гадоў. I мацi апекавала iх з братам (у тыя часы пасля смерцi бацькi для мацi афармлялася апека на родных дзяцей). Яны выхоўвалiся ў Мiнску, а на вучобу выправiлiся ў Пецярбург. Першая атрыманая Антонам Луцкевiчам адукацыя была прыродазнаўчая, а пасля — у латвiйскiм унiверсiтэце — ён вывучаў яшчэ i права. "Гэта, вiдаць, i абумовiла адметнасцi яго стылю, надало яго тэкстам дакладнасцi, матэматычнай выверанасцi", — адзначае Таццяна Вабiшчэвiч. "Луцкевiч-публiцыст ставiў вельмi надзённыя пытаннi беларускага нацыянальнага будаўнiцтва. Пастулаты пра неабходнасць супольнай працы, развiцця нацыянальнай культуры i асветы праходзяць чырвонай нiткай праз многiя яго публiкацыi. У абсягу пытанняў, якiя закранае Антон Луцкевiч, — беларусы ў еўрапейскiм полi, нацыянальная мова, яе сцвярджэнне ў адукацыйных установах, эканамiчная палiтыка царскай Расii. I ўсё гэта ў заўжды трапных, запамiнальных фармулёўках".

Аўтар шматлiкiх перадавiцаў, артыкулаў, прысвечаных сацыяльна-культурнаму, палiтычнаму i эканамiчнаму жыццю праз пэўны час — у пачатку 1910-х гадоў — праявiў сябе i як лiтаратурны крытык. "Тут можна казаць пра парадокс Луцкевiча: з’яўляючыся яскравым палiтыкам, ён не пайшоў тэндэнцыйным шляхам, не стаў разглядаць творы як выразнiкi iдэалагiчных пастулатаў. У яго найперш эстэтычны падыход да твору. Тонкi аналiз, вылучэнне на першы шэраг пытанняў красы, пытанняў уласнаэстэтычных — тое, што стварае сутнасць лiтаратуры як мастацтва, — пытанняў агульначалавечай ролi нацыянальнага. Даследчык Уладзiмiр Конан казаў пра тое, што паводле прызвання гэты чалавек найперш быў публiцыстам, лiтаратурным крытыкам, эстэтыкам, а ў жыццi яму даводзiлася быць i палiтыкам, практычным творцам беларускай iдэалогii". Шматграннасць талентаў не заканчваецца i на гэтым — Антон Луцкевiч стаў аўтарам многiх перакладаў, у тым лiку i бiблiйных тэкстаў, якiмi карыстаюцца i сёння. "Ён, таксама апекаваўся i беларускiм музеем у Вiльнi, якi збiраў яго старэйшы брат Iван, што памёр раней — у 1919 годзе ад сухотаў. А ў 1921 годзе Антон Луцкевiч на аснове калекцыi брата адкрыў для грамадскасцi гэты музей, упарадкаваў фонды i па сутнасцi да канца 30-х гадоў збiраў новыя матэрыялы. Ён падтрымлiваў сувязi з мастакамi, якiя працавалi ў Заходняй Беларусi ў 1920—1930-я гады. Гэта быў сапраўдны iнтэлектуальны, творчы асяродак, у цэнтры якога заўжды знаходзiўся Антон Луцкевiч. Безумоўна, лiдар, чалавек, якога паважаюць, на якога спасылаюцца. Хоць былi ў яго i супярэчаннi. Вось ужо напрыканцы 1930-х гадоў яны пачалi разыходзiцца ў поглядах з заходнебеларускiмi бальшавiкамi. Луцкевiчу давялося пакiнуць некаторыя свае пасады i палiтычную дзейнасць, ён заняўся выключна вузкiм колам пытанняў, звязаных з музеем, мастацтвам. Пачалi яго ачарняць i ў БССР... I ў 1939 годзе — пасля аб’яднання Усходняй i Заходняй Беларусi, на жаль, ён быў арыштаваны бальшавiцкiмi ўладамi i скончыў сваё жыццё ў лагерах. Прычым доўгi час была невядомая дата яго смерцi. Ды i сёння застаецца некалькi версiй, аднак найбольш пэўна кажуць пра 1942 год... У любым разе слынны дзеяч памёр нявольнiкам, i, магчыма, не сваёй смерцю".

Iмя Антона Луцкевiча надоўга было забытае, а калi i згадвалася, то толькi ў негатыўным кантэксце... "Напрыканцы 1980 — пачатку 1990-х гадоў, калi адбыўся злом сацыяльна-культурнай сiтуацыi, гэты паварот у гiсторыi Беларусi, пачалi вяртаць творы Луцкевiча. Яго тэксты загучалi тады вельмi свежа i надзённа. I настолькi гэта было трапнае, настолькi жывое, — даследчыкi проста здзiўлялiся. Луцкевiчавы палажэннi пра Янку Купалу як iдэолага адраджэння, пра Максiма Багдановiча як паэта чыстай красы, а Максiма Гарэцкага як iдэолага народнай iнтэлiгенцыi, былi ўспрынятыя "на ўра". I развiтыя, удакладненыя, яны i цяпер актыўна цыркулююць у навуковым дыскурсе. Напэўна, калi б зараз адсочвалi нейкi iндэкс цытавання, то паверце мне, iмя Антона Луцкевiча, нягледзячы на тое, што многiя яго тэксты напiсаны 80 гадоў таму, было б там не на апошнiм месцы. Па сутнасцi нi адна даследчыцкая праца, прысвечаная перыяду першай трацiны ХХ стагоддзя, не абыходзiцца без цытавання Луцкевiча як крытыка. I гэты патэнцыял яшчэ нявычарпаны. I адна з задач, мабыць, для Iнстытута мовы i лiтаратуры — гэта збор твораў Антона Луцкевiча". На думку Таццяны Вабiшчэвiч, гэта постаць цiкавая i для гiсторыкаў, яна можа прыцягваць увагу даследчыкаў i ў Iнстытуце фiласофii, i ў Iнстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфii i фальклору. "Шматгранны талент патрабуе цяпер шматграннага даследавання. Ну i, вядома ж, архiўнай працы".

Мы нiбыта i аддаём належнае заслугам асобы, аднак iмя яе ўсё яшчэ не вымаўляем публiчна... Вось вам яшчэ адзiн парадокс Луцкевiча. На думку Таццяны Вабiшчэвiч, "варта было б больш падрабязна вывучаць спадчыну Антона Луцкевiча яшчэ ў школе. Трэба, вiдаць, пераглядаць навучальныя праграмы, каб усё ж такi быў паварот да ўласнабеларускага. Такiя iмёны павiнны быць закладзены ў розумы беларусаў з маленства. Былi некалi i iнiцыятывы назваць вулiцу ў гонар Луцкевiча... У Мiнску, дзе рос слынны дзеяч, сапраўды варта было б гэта зрабiць. Сёння трэба было б i запачаткаваць нейкi фонд цi прэмiю братоў Луцкевiчаў. I вядома ж уласныя навуковыя даследаваннi — дагэтуль няма манаграфiй, дысертацый па дзейнасцi Антона Луцкевiча як крытыка лiтаратуразнаўства. Будзем спадзявацца, што ўсё стане на свае месцы, бо такiя асобы варта памятаць. I я вельмi рада, што "Звязда" нагадвае беларусам пра такiя слынныя iмёны i такiя важныя даты".

         .    

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме