11:15 30.06.2011 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

ПАНЫЛЫЯ ТАНЦЫ ПРАВАСЛАЎНЫХ АТЭІСТАЎ

Гудуць мае ногі. З 17:20 пачаў я паход па перыметры: вуліцы Энгельса (Белтэлекамунікацыі) -- праспект – вул. Леніна – вул. Маркса – вул. Энгельса – праспект – вул. Купалы – вул. Інтэрнацыянальная – пляц Волі, вул. Леніна – праспект – вул. Купалы – вул. Багдановіча.

Тройчы трапіў пад залеву: дзве вялікія і адну малую. І тройчы ўдалося схавацца ў надзейным месцы. Стаю ў такім месцейку і бачу, як насупраць – на рагу вул. Леніна і Карла Маркса, каля Чырвонага Крыжа – мокнуць “міліцанеры”, у тым ліку адна дзявуля ў “міліцанерскім” убранні. Хоць у іх накідкі, але ж залева прост жахлівая. Стаяць. І няхай стаяць. Такі іхні хлеб, такая служба ім падабаецца.

Хацеў зазірнуць у букіністычны аддзел кнігарні “Веды”: а раптам на прыстойны том Апалона Майкава нарвуся? Зачынена кнігарня з 18 гадзін “па тэхнічных прычынах”.

На вуліцы Купалы сталяі перад светлафорам апарожненыя гомельскі, віцебскі і берасцейскі аўтобусы... Каля контрразведкі на Інтэрнацыянальнай машыны з “міліцанерамі” і спецназаўцамі... Ля Дома прафасюзаў на пляцы Свабоды аўтазак...

Сёння ў каталікоў дзень апосталаў Пятра і Паўла. Зайшоў у катэдру, паслухаў Апостала, Евангелле і казанне.  

Тым часам там, на плошчы, пачыналіся танцулькі. Ну, думаю, дадуць жару!..

Гэтулькі ўлады маючы і на загнаць на плошчу тысяч сорак народу? Гэтулькі дэфіцытнага паліва спаліць, гэтулькі грошай угробіць і арганізаваць такія панылыя танцы?!.

Адале падумаў: а якія ж могуць быць танцы, калі галоўны праваслаўны атэіст арганізаваў іх у Пятроўскі пост і да таго ж у сераду? Бацюшкі праваслаўныя, уладыкі шаноўныя, як гэта вам падабаецца? Ухваляеце? Ці чарговы раз уцерліся?

Патэлефанаваў Зміцеру Панкаўцу ў “Нашу Ніву”: напішы, што на плошчы зборышча праваслаўных атэістаў і палітычная акцыя, бо махаюць сцягамі.

Цікава: ці падавалі БРСМ і “Белая Русь” заяўку на правядзенне гэтае акцыі? Ці ім закон не пісаны?

Сустрэў толькі чатыры знаёмыя твары, у тым ліку аднаго дэпутата Вярхоўна Савета ХІІ склікання. Сто год не бачыліся. Дэпутат у аўтобусе прачытаў народу лекцыю пра хама і хамства. Перада мною стаяў маладзён, адразу відаць: ціхар. Ён раз-пораз кідаў непрыязныя позіркі на дэпутата, але маўчаў, як рыба. Пасмеў бы ён нешта вякнуць!..

Анатоль Сідарэвіч

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме